Чтение онлайн

на главную

Жанры

Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Не любіў Мураўёва, але не падаваў выгляду. Мураўёў пакуль што быў моцны, Мураўёў мог яшчэ дапамагчы Валуеву і лічыў выхаванага і адданага чалавека, які ўсім, многім, быў яму абавязаны, сваёй крэатурай.

Мураўёў рабіў глупства. Не ведаў сапраўдных адносін крэатуры. Крэатура лічыла, што чалавеку, якому шэсцьдзесят пяць год, даўно трэба саступіць сваё месца.

І амаль з радасцю Валуеў адчуў, што за апошні час зорка Мураўёва цьмянее. Гасудар быў халодны з ім. Пры нядаўнім дакладзе не падаў яму рукі. А ці даўно лісіца Клейнміхель называў Мураўёва "агульным збавіцелем"?

Вось яно! Амаль з прагай ён лавіў гэтыя адзнакі няміласці. Нават для гасудара Мураўёў стаў ці не занадта правы. Гнуткасці палітычнай

няма. Дык ідзі ж у адстаўку. І ўсё ж, нават калі пойдзе ў адстаўку адносін занадта не псаваць. Такія часам прыдаюцца ўладам. Калі ўлады пачынаюць забываць аб лібералізме. Тады якраз і патрэбны людзі са стальнымі сківіцамі.

…Конi мясiлi брудны снег на Лiцейным. Дворнiкi ледзь паспявалi зграбаць яго ў кучы, але на бруку ўсё адно была каша. Валуеў глядзеў у акно. Iшлi мадысткi, хаваючы кардонкi пад плашчамi. Стаяў сокры, вiдаць сухотны, iтальянец, прадаваў з латка гiпсавых напалеонаў i бiсквiтных голых жанчын. Па статуэтках кроплямi сцякала вада. Дырэктар успомнiў, што на Беласточчыне ўзнiкла дзiўная секта пад назвай "напалеонаўшчына". Людзi патаемна збiралiся i малiлiся перад бюстам Напалеона. Тое самае перакiнулася i на Пскоўшчыну. Iдыёцкая краiна! У што б нi верыць, абы не ў добрыя намеры iмператара. Сектантаў Валуеў ненавiдзеў. Таксама ён цярпець не мог раскольнiкаў. Уся гэтая публiка хай сабе i руская паходжаннем не была рускай. Назву "рускi" маглi з поўным правам насiць толькi тыя людзi, што моляцца ў Iсакii (хаця ён i змрочны, як склеп), у дварцовай i Канюшаннай царквах. Трохi падазроныя былi нават людзi, што малiлiся ў Петрапаўлаўцы. Вядома, гэта магiльня iмператараў, але Валуеў не ўхваляў гэтых чужых па стылю збудаванняў, гэтых галандска-нямецкiх штучак вялiкага Пятра.

Рускімі ён таксама трохі пагарджаў. І асабліва не любіў славянафілаў, накшталт Пагодзіна, з іхнім "родным квасам". Гэта называецца краіна! Ні Таквіляў, ні Гізо, ні Бокляў нічога. Апошнія дні обер-паліцмайстар сталіцы Паткуль хвастаў дворнікаў і аднаму адваліў шчырай рукою дзвесце пяцьдзесят лозаў за тое, што ён нібыта сказаў, што калі аб'явяць волю, то ён закрычыць "ура". Так вось мы і ў еўрапейцаў ператвараемся.

Жорсткія вусны саноўніка сціснуліся. Праязджалі паўз адзін з самых ненавісных у Пецярбургу дамоў. Тут розныя Някрасавы і Дабралюбавы, дваране не з лепшых ды семінарысты, практыкуюцца ў нігілізме і "падкопах пад карэнне".

Някрасава ён трохі ведаў. Досыць непрыемная асоба, але асабіста ён не змоўшчык. У яго ёсць грошы. І ўсё адно ён чужы.

Вось нядаўна яны шумелі аб "Заходнім краі". Услед за Герцэнам. Філія рэдакцыі "Колокола". Узрадаваліся магчымасці стварыць яшчэ асобную, беларускую нацыянальнасць. Мала ім цяганіны з украінафіламі. Ніякай асаблівай маларасійскай, ніякай беларускай мовы не было, няма і быць не можа.

Ён насілу прызнаваў нават права палякаў на мову. Ва ўсякім разе, яму не хацелася гэтага. Існаванне Польшчы, Літвы, Беларусі азначала, што так ці іначай давядзецца ступіць на шлях рэформ, шлях абрыдлівы, шлях, магчыма, гібельны, але неабходны. Бо, вядома, Расіі трэба толькі існаваць, каб ніколі не было незалежнай Польшчы [61] і іншага такога; але для таго, каб Польшча канчаткова ўлілася ў Расію і з ёю зраднілася, неабходна, каб імператар дараваў рускаму народу палітычнае жыццё. Народ, палітычныя правы якога абмяжоўваюцца правам плаціць падаткі, правам ставіць у армію рэкрутаў і крычаць "ура", яшчэ не мае асіміляцыйных сіл.

61

П. А. Валуеў. "Отрывки из дневника".

Паціраючы халодныя вузкія рукі, вельмі зграбныя, хоць і кастлявыя, ён думаў пра карысць Расіі. Ён любіў падумаць пра карысць Расіі.

Ён любіў пагаварыць пра карысць Расіі, асабліва калі слухаюць санавітыя людзі. Ён, урэшце, быў упэўнены, што ён дбае пра карысць Расіі.

Карысць Расіі, на яго думку, была ў тым, каб інародцы не смелі і падумаць, што яны не рускія, каб яны паступова і сапраўды пераставалі думаць пра гэта. Паны Някрасавы, Чарнышэўскія і Герцэны, нягледзячы на тое, што яны рускія, думаюць іначай і крычаць аб фікцыі братэрства народаў тым горш для іх.

Пакуль яны яшчэ не павешаныя, яны думаюць. Якая лухта! Нібы справа тут у самадзяржаўі! Дарослыя людзі займаюцца тым, што гуляюць у цацкі!

Яму дастаўляла асалоду думаць, што яны з іхнім сацыялізмам не больш як сляпыя шчанюкі, што сутнасць няўхільнага гістарычнага працэсу зразумеў толькі ён, Валуеў. Гэта ўзвышала яго ў сваіх вачах амаль да ўсяведнага бога, а іх рабіла цацачнай справы людцамі, якім пакуль што дазваляюць чыніць сёе-тое з таго, што яны хочуць.

Ён здзівіўся б, калі б яму сказалі, што на самай справе любяць Расію яны. Так, ён пагарджаў ёю, але ж ён узвышаў яе і намерваўся ўзвышаць усю астачу свайго жыцця.

Узвышэнне, на яго думку, заключалася ў тым, каб усе баяліся. Яму ніколі не прыходзіла ў галаву, што сапраўднае ўзвышэнне любові, што сувязь любові мацнейшая за сувязь ланцуга, што неад'емныя правы нацый, іх вольнасць і свабоднае развіццё іхняй культуры і мовы ёсць найлепшы сродак для братэрства. Ён ніколі не думаў, што боязь, уціск мовы і культуры і вечнае выстаўленне перад усімі свайго аўтарытэту і сілы можа прывесці толькі да нянавісці і, значыцца, рана ці позна — да паўстання і адкрытай разні. Калі ён двума гадамі пазней пачаў разумець гэта, было позна.

Не разумеў ён і таго, што максімальная свабода кожнай асобы не развальвае грамадства, а вядзе да яго ўзмацнення, што гэта прымушае кожную асобу не шукаць сродкаў для таго, каб узарваць дзяржаву, а, наадварот, прыкладаць усе сілы, каб узмацніць сваю грамаду, сваю айчыну. Ён, Валуеў, знішчаў нават некаторыя дакументы, якія "падлягалі забыццю ў інтарэсах Расіі".

Якую такую Расiю ён меў на ўвазе, вядома было аднаму толькi богу.

Калі гонар краіны не залежыць ад дзеянняў асобных людзей, то што можа яго знішчыць? А калі залежыць, то вінавата ў гэтым не краіна, а людзі.

…Будучы міністр праязджаў паўз нігілістычнае кубло, жарсткавата звузіўшы вочы. Яны не любілі Расіі, не "споспешествовали" яе велічы. Расію любіў ён.

…Карэта спынілася ля пад'езда міністра дзяржаўных маёмасцяў. На прыступках ганка чыста. Добра, што не прамочыць ногі. І яшчэ лепей было б, каб не давялося сустрэць міністрэсу, Пелагею Васільеўну. Рэдка даводзіцца сустракаць больш з'едлівых і злосных жанчын. Валуеў быў амаль упэўнены, што гэта шматгадовае жыццё з ёю сапсавала міністру характар, які і без таго быў не цукар. І яшчэ міністрэса была кар'ерысткай, больш нават, чым муж.

Ён падымаўся па сходах той асаблівай, выхаванай хадою царадворца і саноўніка, злёгку спружынячы на кожным кроку. Той хадою, калі здаецца, што на нагах цывільнага ўздрыгваюць, пазвоньваюць нябачныя шпоры. Ітут яму стала зноў непрыемна. Ішоў яго двайнік па становішчу, таварыш міністра, генерал-ад'ютант Зеляной. Спускаўся па сходах, відаць, з ранняга прыёму.

"Людзі валуеўскага складу не любяць падобных на іх, як адзін еўнух не любіць другога", успомніў Валуеў словы кагосьці з гуртка Замятніна. Замятнін мог бы сказаць тое самая і пра сябе, але ўнутрана Валуеў не мог не згадзіцца са справядлівасцю ягоных слоў. Насцярожанасць супраць Зелянога трывала яшчэ і таму, што той часам кідаў з вока на вока надта ліберальныя думкі, нібы запісваў да сябе ў аўгуры: мы, маўляў, людзі свае і можам пагаварыць пра ўсё "не чинясь". Няхай сабе іншыя гавораць што хочуць мы занадта добра ведаем сапраўдную вартасць гэтых слоў.

Поделиться:
Популярные книги

Ваше Сиятельство

Моури Эрли
1. Ваше Сиятельство
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Ваше Сиятельство

Неудержимый. Книга XIV

Боярский Андрей
14. Неудержимый
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Неудержимый. Книга XIV

Идеальный мир для Лекаря

Сапфир Олег
1. Лекарь
Фантастика:
фэнтези
юмористическое фэнтези
аниме
5.00
рейтинг книги
Идеальный мир для Лекаря

Подаренная чёрному дракону

Лунёва Мария
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
7.07
рейтинг книги
Подаренная чёрному дракону

Я Гордый часть 2

Машуков Тимур
2. Стальные яйца
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Я Гордый часть 2

Бальмануг. Невеста

Лашина Полина
5. Мир Десяти
Фантастика:
юмористическое фэнтези
5.00
рейтинг книги
Бальмануг. Невеста

Пограничная река. (Тетралогия)

Каменистый Артем
Пограничная река
Фантастика:
фэнтези
боевая фантастика
9.13
рейтинг книги
Пограничная река. (Тетралогия)

Сонный лекарь 6

Голд Джон
6. Сонный лекарь
Фантастика:
альтернативная история
аниме
5.00
рейтинг книги
Сонный лекарь 6

Тринадцатый

NikL
1. Видящий смерть
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
6.80
рейтинг книги
Тринадцатый

Ночь со зверем

Владимирова Анна
3. Оборотни-медведи
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.25
рейтинг книги
Ночь со зверем

Страж. Тетралогия

Пехов Алексей Юрьевич
Страж
Фантастика:
фэнтези
9.11
рейтинг книги
Страж. Тетралогия

Кодекс Охотника. Книга XIV

Винокуров Юрий
14. Кодекс Охотника
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Кодекс Охотника. Книга XIV

Не грози Дубровскому! Том VIII

Панарин Антон
8. РОС: Не грози Дубровскому!
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Не грози Дубровскому! Том VIII

Барон устанавливает правила

Ренгач Евгений
6. Закон сильного
Старинная литература:
прочая старинная литература
5.00
рейтинг книги
Барон устанавливает правила