Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве
Шрифт:
А ён не быў варты ні таго, ні другога. Гэта быў проста кар'ерыст, што на старасці год выжыў з розуму. I інтрыгаваць супраць яго таксама было марна. Інтрыгаваць можна супраць асобы, а ён даўно ўжо не быў ні асоба, ні дзяржаўны муж. Толькі верны да нізкапаклонства слуга.
Ён ніколі не быў анёлам міру. Згодніцтва было ўласціва яму нават менш, чым яго спадчынніку на пасадзе Валуеву. I не ад розуму, як у таго, а ад мазгавой невыстарчальнасці і вернападданасці.
Гэты чалавек заўсёды быў прыхільнікам ужывання самых крайніх захадаў да Польшчы, ужо столькі год распятай на крыжы пакуты, абылганай, залітай крывёю сыноў.
Становішча Польшчы, Літвы, Беларусі было такое
Ланской "усепаддана" асмельваўся пярэчыць ёй, патрабуючы жорсткасці і жорсткасці. Адзін з нямногіх. Ашалелы манархіст, ён змагаўся за абсалют улады больш утрапёна, чым самі ўладары.
Гэта быў чалавек, які мог разгубіцца ад самых нечаканых прычын. На вядомым пасяджэнні савета міністраў 1З сакавіка 1861 года, на якім ставілася пытанне аб варшаўскіх маніфестацыях і праекце Веляпольскага наконт частковай аўтаноміі Польшчы, ён маўчаў і асмеліўся выступіць толькі пасля барона Меендорфа, які казаў аб небяспечнасці існавання польскага вярхоўнага савета і наогул нацыянальнага прадстаўніцтва.
Толькі тады ён адчапіўся ад астатніх некалькімі monosyllabes d'adhesions — аднаскладовымі выклічнікамі, што выяўлялі згоду, афарбаваную лёгкім ценем сумнення.
I такому далі сфармуляваць асновы будучага вызвалення!
Няма чаго здзіўляцца, што з гэтага не атрымалася нічога людскага. Ён проста не мог разважаць па-новаму. Усё, што ён мог выседзець, — гэта некалькі няпэўных ісцін, падобных на трызненне мозгу, размякчанага старэчай фліксенай. Яго самога трэба было калыхаць на старасці год у калысцы, а ён замест таго закалыхваў у ёй Расійскую імперыю, каб не прасіла малака і кашы.
"Запіска" была горш, чым проста рабунак. Гэта быў нават не разбой.
Гэта быў старэчы маразм.
I, аднак, гэты чалавек служыў свайму "прынцыпу", які ён дрэнна зразумеў і яшчэ горш прыстасаваў, аддана і да канца. Трэба аддаць яму належнае: там, дзе ён бачыў частковае і часовае супадзенне інтарэсаў мужыка і дзяржавы, — ён служыў гэтаму выпадковаму яднанню, нават калі інтарэсы дваранства цярпелі страту.
Урад! Урад! Урад! Яго сіла. Усё, што супраць гэтага, — ад д'ябла.
За гэта яму аддзячылі. Сам не жадаючы таго, ён сваёй запіскай наклікаў нездавальненне крайніх абскурантыстаў і кансерватараў. Інтрыгі асабліва расцвілі пасля 19 лютага. Цар, як заўсёды, трымаўся за "исполнителя его мысли" да таго часу, пакуль асоба выканаўцы была неабходна для давядзення сялянскай справы да куртатага канца, а потым выдаў яго галавою. Цар сам сказаў яму, qu'il desirait que Lanskoi se retirat, што ён хоча, каб Ланской пайшоў у адстаўку. I гэта ў той час, калі міністр не прасіў звальнення.
Так скончылася праца на палітычнай ніве чалавека, што выпусціў "першую ластаўку вызвалення".
З0 студзеня 1862 года "добрага генія вялікай рэформы" хавалі. Але гэтая сумная і звычайная падзея адбылася значна пазней. А пакуль што ўсе ламалі мазгі над сакрэтнай запіскай Ланскога. Вырашыўшы, відаць, што ўсё адно дарогі назад няма, першы бабухнуў у звон віленскі губернатар, генерал-ад'ютант Назімаў. Чалавек бязвольны, які болыш за ўсё на свеце прагнуў спакою (і чыноў), ён першы прыпячатаў сваё прозвішча пад гісторыяй вызвалення, падаўшы цару адрас аб неабходнасці адмены прыгону. Гэтаму здзіўляліся ўсе, хто яго ведаў. Ніхто не чакаў ад яго такога спрыту. Зваліўся ў "вялікую рэформу", як п'яны ў стаў, выскачыў раптоўна як Піліп з канапель.
У канцы лістапада імператар адказаў Назімаву
Пасля гэтага астатнія губернатары таксама наўзахапы пачалі "праяўляць ініцыятыву". Рэскрыпт прапаноўваў стварыць усюды губернскія камітэты пад старшынствам дваранскага маршалка губерні і членаў па адным ад кожнага павета. Да іх, у якасці даважкі, меліся далучыцца два "абазнаныя" дзедзіцы, якіх прызначаў губернатар [20] . Іхняй задачай было выпрацаваць праект вызвалення на наступных асновах.
20
Губернскія камітэты ў канцы 1858 года былі ўжо ва ўсіх губернях еўрапейскай часткі Расіі. На пачатку 1858 года, у лютым, з сакрэтных камітэтаў у Пецярбургу быў створаны Галоўны камітэт па сялянскай справе, які і павінен быў падрыхтаваць рэформу.
Пану аставалася зямля, а мужыку — сядзіба, якую ён павінен быў выкупіць, і мінімум зямлі, неабходны для таго, каб жыць. За гэты кавалак ён па-ранейшаму плаціў аброк або адбываў паншчыну.
Мужыкі размяркоўваліся па сельскіх абшчынах, і вотчынная паліцыя, непасрэдна падпарадкаваная пану, сачыла за парадкам у кожнай вёсцы.
Члены камітэтаў забяспечвалі на час упарадкоўвання будучых адносін аплату дзяржаўных і земскіх падаткаў, а таксама грашовых збораў.
Тры кіты рэскрыпту: нахабны рабунак, тыранія, выкачванне грошай — як найлепш адпавядалі той вялікай ідэі, што ўсталявалася на іх. Ідэі вызвалення сялян.
Рэскрыпт, уласна кажучы, не даваў права ні на якую самадзейнасць, акрамя большых ці меншых памераў рабунку. I праз гэтыя памеры амаль адразу пачалася грызня камітэтаў між сабой.
Ліберальнічалі, галоўным чынам, нечарназёмныя губерні. Зямля каштавала мала, а рукі былі дарагія. Беззямелле, а значыць — звязанае з ім адыходніцтва, магло абязлюдзіць землі, згаліць і вёску і маёнтак, укрыць палі буянай повенню пустазелля.
Найбольшай сярод усіх левізной вызначаліся Цвярская губерня і Прыдняпроўе.
Праект цвярскога прадвадзіцеля Ункоўскага, а галоўным чынам настрой цвярскіх дваран, прывёў пазней да таго, што рэформу 19 лютага яны абвясцілі "варожнай для грамадства". Абодва члены губернскага камітэта, прызначаныя ўрадам, Мікалай Бакунін і Аляксей Талстой, падалі ў адстаўку. Трынаццаць асоб, у тым ліку два павятовыя прадвадзіцелі, Аляксей Бакунін і Сяргей Балкашын, ды іх сябра, вышэйпамянёны Мікалай Бакунін, некалькі пасрэднікаў і кандыдатаў сабраліся разам і вырашылі дзейнічаць. Яны падалі губернскай установе і разаслалі па паветах аб'явы, што "Палажэнне" 19 лютага ёсць для грамадства падман і што яны надалей будуць кіравацца ў сваіх дзеяннях толькі перакананнямі грамадства аж да склікання агульнай земскай зборні, аб якой прасіла цара дваранства.
Галоўных зачыншчыкаў вырашылі арыштаваць, пасадзіць у пецярбургскую цытадэль і аддаць пад суд сената. Схапілі і прывезлі двух: Мікалая Бакуніна і Максіма Лазарава. Губерня насцярожана маўчала. Лаяў арыштаваных толькі вышневалоцкі дваранскі з'езд, але ад гэтых зуброў, ад гэтага гнязда цемрашальства ніхто нічога іншага і не чакаў…
Пецярбург пачаў цкаваць цвярскіх. Як жа, яны патрабавалі абавязковага выкупу сялянамі зямлі, патрабавалі рэформы.
Міравыя пасрэднікі пасля пяці месяцаў Петрапаўлаўкі былі асуджаны на заключэнне ва ўціхамірвальным доме (і прынізіць хацелі як найпадлей!). Ім далі ад двух год да двух год і чатырох месяцаў "уціхаміркі" і, акрамя таго, пазбавілі правоў і прывілеяў.