Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве
Шрифт:
— За што ж стаіш ты, Зыгмунт?
Серакоўскі глядзеў яму ў вочы спакойна і шчыра.
— Не за калонію.
— А аб'ектыўна?
Віктара ўсё яшчэ біў кашаль.
— За канфедэратыўную дзяржаву. За непадзельную Польшчу, у якую на роўных правах з палякамі ўвайшлі б беларусы, літоўцы і ўкраінцы… Мы не маем права паслабляць паўстанне, Кастусь.
— А ўсё ж робіце гэта.
— Чым?
— Словам "непадзельная", — цяжка варухнуў сківіцамі Кастусь. — Чым ты тыды адрозніваешся ад белых?
— Ну, ведаеш…
— Што "ведаеш"? —
Зыгмунт сцепануўся.
— Чым ты адрозніваешся ад белых з гнюснай ідэяй "адзінай і непадзельнай"? Чым ты адрозніваешся ад…
— Кастусь…
— Я даўно Кастусь. І я ведаю, што пры словах "непарушны", "непадзельны", "адзіны", калі іх гаворыць мацнейшы, сапраўдных людзей цягне разбіць непадзельнасць, разбурыць непарушнасць. Бо гэта замаскаваны ланцуг рабства.
Вочы ў Кастуся былі ўтрапёныя. Аблічча палала.
— Гэта не нож у спіну. Проста лепей загадзя дамовіцца аб усім, каб цвёрда ведаць, на што спадзявацца. Бо калі вам другараднае становішча — гэта большая ці меншая непрыемнасць, то ў нас пытанне стаіць іначай. Або воля, або не жыць.
— Я не пратэставаў, — сказаў Серакоўскі, — я ўстрымаўся. На маю думку, павінна быць так, але я нікому не навязваю гэтага. Я нават нікому не буду гаварыць пра яе. — Госас Зыгмунта гучаў суха: — Згода. Значыць, мы павінны пашырыць гэты погляд, прыняты цяпер большасцю рады, сярод памяркоўных і весці за яго спрэчку з белымі.
— Сорам! — выгукнуў Ямант. — Гэта падрыў агульнай моцы, грамадзянін Серакоўскі.
— Узаемадапамога! — сказаў Мілевіч.
— Сепаратызм! — сказаў Звяждоўскі.
Алесь зразумеў: нервовасць Кастуся можа сапсаваць справу. Прыйшоў час умяшацца:
— Большасць люзей не разумее, што прымусовасць, другараднае становішча, ланцуг — гэта вечная міна пад еднасцю, што ў такім стане нават між братамі расце пачуццё варожасці, а часам і нянавісці. Самастойнасць і магчымасць распараджацца сабою як хочаш — вось найлепшы грунт для братэрства.
— Чую, чым тут пахне, — сказаў Ямант пасля паўзы. — Рабесп'ераўшчынай, Дэмбоўскім, галіцыйскімі хлопамі, што пілавалі паноў піламі, Чарнышэўскім… Вось адкуль яны і ідуць, вашы крайнія, пачварныя погляды. З дому на Ліцейным.
— Якога? — спытаў Баброўскі.
— Што насупраць міністра дзяржаўных маёмасцяў. З дому гэтага карцёжніка, што піша вершыкі аб народзе, а сам нажыў маёнткі, і нават міністр унутраных спраў кажа, што ён не рэвалюцыянер, бо мае грошы.
Кастусь устаў. У яго пасмыкваліся вусны і шчака, дрыжала левае павека:
— Юзаф, маўчы, Юзаф, не даводзь. Чалавек, які… усё жыццё… Чалавек, які… напалову паляк і спачувае вам. Як табе не сорамна?
І сеў, дзіўна, як не сваімі рукамі, заграбаючы паветра. Запанавала цяжкае
— Прашу слова, — сказаў у цішыні Алесь.
Серакоўскі зрабіў запрашальны жэст.
— Я прапаную выключыць студэнта Яманта з рады і "Агула", — кінуў Алесь. — Я прапаную таксама папярэдзіць усе нізавыя арганізацыі, каб яны не ўздумалі выказваць Юзафу Яманту давер, калі не хочуць варожасці і, магчыма, правакацый…
— Ты што? — усміхнуў Кастусь.
— Раю не ўмашвацца.
— Я вас удару, Загорскi, — сказаў Юзаф.
— Не раю. Прапаную выключэнне.
— Падстава? — спытаў Звяждоўскі.
— Яднанне.
— Ясней.
— Наш трыумф у яднанні. Яднанні з левымі элементамі, якой бы нацыі яны ні былі: палякі, украінцы, рускія, літоўцы, курляндцы… — Ён гаварыў як адсякаючы кожнае слова. — І таму мы павінны з павагай ставіцца да кожнай нацыі, не абражаць яе старой варожасцю, недаверам, сумненнем у яе рэвалюцыйных сілах. Іначай — пагібель. Усе паўстанні грашылі гэтым і гінулі. Відаць, шляхецкіх нацыяналаў гэта нічаму не навучыла… Ты паставіш, урэшце, маю прапанову на галасаванне, грамадзянін Серакоўскі?
— Стаўлю…
Ямант абводзіў усіх вачыма і ўрэшце зразумеў: вочы большасці не абяцалі літасцівага рашэння.
— Хлопцы… — сказаў ён, — хлопцы, як вы можаце? — Голас яго дрыжаў. — Хлопцы, я аддам за паўстанне жыццё!
Усе маўчалі. І тады Юзаф усхліпнуў ад хвалявання.
— Хлопцы, я ніколі не думаў…
— Думай, — сказаў Валеры.
— Я абавязкова буду думаць. Не адбірайце ў мяне права загінуць за радзіму… Я хачу гэтага… Я не магу без вас… Хлопцы, што я, Юда?.. Хлопцы, даруйце мне!!!
Цяпер усе глядзелі на Алеся.
— Выключэнне, — кінуў Алесь.
— Алесь, ты нялітасцівы, — азваўся Віктар.
— Як ты можаш? — спытаў Вярыга.
Маўчанне.
— Ты што, не бачыш? — сказаў Кастусь. — Ён малады, ён дурань.
У хваравітых вачах Яманта стаялі слёзы.
— Я не буду страляцца, хлопцы, — сказаў Ямант. — Мне нельга без гэтай справы, але я не застрэлюся. Гэта нізка для сына радзімы. Але я клянуся вам, я пайду і высачу кагосьці з сатрапаў і стрэлю, а потым дам сябе схапіць… Вазьмі сваю прапанову назад, Алесь… Даруй мне, чуеш?
Загорскі глядзеў у вочы Віктару. Ён ведаў: хлопцы дзеля пачуцця еднасці падтрымаюць яго, але Віктар будзе потым пакутаваць. І хаця ён не лічыў правільным папускаць Яманту, Алесь уздыхнуў.
— Добра, — глуха буркнуў ён. — Я не буду ставіць гэтага пытання. — Не таму, што змяніў сваю думку, а таму, што…
— Мы лічым, што ты маеш рацыю, грамадзянін, — сказаў Валеры.
— Вы лічыце. Але яны унь не лічаць, — Алесь паказаў на крайніх "левых". — Няхай будзе так.
— Добра, — сказаў Серакоўскі. — Значыць, так і запішам: "Аўтаномія, федэрацыя ці поўная самастойнасць — вырашаць пасля перамогі самі народы, у прыватнасці беларускі народ". — І раптам дадаў: — А гулянне ў Пецергофе было сёлета дрэнь.