Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве
Шрифт:
— Ну і чорт з вамі. Ну і злуйцеся. А я ўсё адно буду там бываць. Мне прыемна.
Цёплыя вочы хлопца аглядалі з-пад белай чупрыны Дняпро, маладую зеляніну на яго берагах, само Азярышча, якое прыгожа раскінулася над ракой. Не ведаў, што рабіць. Збіраўся быў разам з Кастусём паступаць у нейкую ваенную ўстанову. Скарыстаць ільготы для студэнтаў, што скончылі універсітэт, і дваран. Нешта і ў Кастуся не ладзіцца. Дысертацыі яшчэ не падаў, у кандыдаты, значыцца, залічаны ўмоўна. Са штаба ўстаноў адказу няма. Дый сапраўды. Недавер да мясцовых людзей вялікі, а тут чалавек, які ведае права, фінансы, статыстыку,
Мсціслаў засмяяўся. Кастусю не шанцавала, а яму, Мсціславу, і пагатоў. Генералаў з іх не выйдзе. Што ж, адзін будзе ўладкоўваць агульную сістэму мяцяжу, а другі зробіцца неблагім паручнікам. Паручнікі паўстанню таксама спатрэбяцца. А кім, цікава, будзе Алесь?
3 прыдарожнай карчмы, за якую сядала сонца, ляцела жаласная песня:
I чарка мала, і гарэлкі няма, Міла, міла не цячэ, каля сэрца пячэ.Сядзіць, відаць, нейкі закаханы бедалага ды плачацца на горкі лёс, ашчаперыўшы рукамі калматую галаву.
Мсціслаў зноў задумаўся ад гэтай песні. Пойдзе ў бунт, магчыма, галаву складзе, або схопяць ды расстраляюць, ці інвалідам зробяць. Што тады рабіць дзеўцы? Ах, божа ты, божа. Як бы добра, каб усё ўжо мінулася, каб перамога. А тут ворагаў — гурт. Брэшуць на сумленных людзей. Ды не дадуць так адразу цераз кроў пераскочыць…
Ён папраставаў па задворках да курганнай магільні за Азярышчам.
Янька была ўжо там. Мсціслаў саскочыў з каня.
— Вечар добры!
— Стафану кепска, — свежы тварык Янькі зморшчыўся, задрыжалі гаротна бровы.
Стафану сапраўды не памагалі ні лекары, ні лекі. I зразумела рабілася, што тут хіба ўжо натура возьме сваё, і ўсё ж усе спадзяваліся, рабілі для яго ўсё, назнарок пакідалі з ім кагосьці з братоў ці Марту з Рагнедай, каб не быў самотны.
— Пасядзім трохі, дый я пайду да яго, — сказаў Мсціслаў.
— Сядзець не трэба. Паходзім.
Яны ішлі берагам. Яня ішла побач, апусціўшы вочы, абшморгвала маладую галінку вярбы.
— Мне маладой лістоты шкада. Глядзі, якая зялёная.
— I праўда. Я не буду больш.
Падышла да ўрвішча, кінула галінку ў плынь.
— Ты не думай, — Яньчыны вочы глядзелі трохі нават спалохана. — Яна ў вадзе аджыве, выплыве недзе ў бераг ды ўкараніцца. Вярба жывучая.
— Вядома, укаранiцца.
I раптам Янька хліпнула.
— Вярбе можна. Чалавеку вось нельга. Як зрэжуць яго — гэта ўжо ўсё.
Мсціслаў разгубіўся.
— Нічога. Абыдзецца ўсё.
— Не… Не ўжо, відаць… Не скардзіцца Стафан, не… Памятаеш, як на вяселлі ягоным добра было?
— Заспявай тую, што тады для Марты спявала, — папрасіў ён. — Заспявай. Вось убачыш, я веру, адразу яму лягчэй стане.
— Праўда?
Янька з даверам зірнула на яго, глыбока ўздыхнула і завяла ціхенькім дрыготкім галаском:
Прыданачкі [54] — няўданачкі Шапчыце, ВыМсціслаў ішоў і ўспамінаў радасць тых дзён: і як ездзілі па рыбу перад вяселлем, і як жартавалі з Галінкай Кахно, і як было весела. Не, нічога не магло здарыцца са Стафанам.
Няхай яна ранюсенька ўстаець, Няхай яна хатку, сенькi падмяцець, Няхай яна на вулку шумку не нясець, Няхай яна на шуметнiчку пасыпе, Няхай яна i ножкамi прытопча, Няхай яна і слёзкамі прымоча.54
Старыя, што прыязджаюць па маладую.
Яны ішлі насустрач барвянаму вялізнаму сонцу, што напалову села ў затоку Дняпра. Мякка ступаў за імі стомлены конь.
Нашы курачкi трапятлiвыя разграбуць, Нашы жоначкі лепятлівыя разнясуць. — Няхай вашых курэй каршун дзярэ, Няхай вашых жонак смерць пабярэ.Янька раптоўна ўсхліпнула і села ў траву, нібыта ў яе падсекліся ногі. Ён сеў ля яе, нясмела пагладзіў па залатых валасах.
— Ну што ты, што?
Ён узяў яе за плечы і сілком адвёў далоні ад вачэй. У вачах былі слёзы. Мсціслаў адчуў — апусцілася некуды сэрца.
— Як жа гэта нехта мог, — праз слёзы сказала яна. — Як узнялася рука на такога. Ціхі ж, рахманы. Дзіця астанецца. Ну, нічога. "Сіроцкія слёзы дарма не мінаюць. Пападуць на белы камень — камень прабіваюць".
Мсціслаў паставіў яе на ногі. Павагаўся хвіліну і раптам асцярожна пацалаваў у распухлы, салёны ад слёз раток.
— Не трэба, — глуха сказаў ён. — Калi нават нешта i здарыцца — я цябе не кiну. Бацькам буду. Братам буду. Мужам, калi хочаш, буду.
"Не", — моўчкi кiўнула яна галавой.
"Так", — моўчкi схiлiў ён галаву.
Стафан сядзеў на прызбе, зябка хутаўся ў чугу і праваленымі вачыма глядзеў на заліты барваю сад і на сонца, што сядала за ім. Падышоў Кандрат, але старэйшы яго нібы не заўважыў. Твар жоўты і ў плямах, позірк адсутны.
Кандрат асцярожна паклаў яму на тую руку, што ляжала на каленях (другая сціскала на грудзях адвароты чугі), двух забітых дупеляў.
Стафан памацаў рукою ржавае мяккае пер'е і скрывіў вусны ўсмешкаю.
— Шкада-а.
— Табе сёння зварым. Нічога. Ежа, браце, панская.
— Усё адно шкада.
Кандрат прысеў да старэйшага.
— Дай стрэльбу, — сказаў Стафан.
Узяў дубальтоўку сухімі, як курыныя лапы, пальцамі.
— Цяжка. Пры жыцці і страляць не любіў. Вось і сам дзічынаю зрабіўся.
I зноў Кандрата, другі ўжо раз, уразіў гнеўны выраз у вачах Стафана. Сонца ўжо ледзь круцілася, пералівалася сваім краёчкам над вадой.
— Кандратка, — сказаў Стафан, — я сёння памру.
Брат зрабіў рух пратэсту.