Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве
Шрифт:
— Гэта ён мне? А кодэкс? — спытаў Загорскі.
— Ён перадаў гэта Іллі Хаданскаму, той мне, а я вам. Відаць, хацеў яшчэ мацней уразіць, — сказаў Мсціслаў.
— Усё адно гэта нiкуды не варта, — пацiснуў плячыма Алесь. — Зносiны, няхай i цераз секундантаў, з другiм бокам.
Пан Адам крэкнуў:
— А мне здаецца, тут дваістасць ягонага стану. I адчуванне правіны, і жаданне не мірыцца.
— Хто яго секунданты? — спытаў Алесь.
— Ілля Хаданскі і Міхал Якубовіч, — сказаў Выбіцкі.
Ніхто не рашаўся перайсці да ўмоў двабою. Маўчалі.
— Ну, — сказаў урэшце Алесь.
— Без лекара, — сказаў жорстка
— Міла, — сказаў Алесь.
— Ты не пратэстуеш? — спытаў пан Адам.
— Нашто, — паціснуў плячыма Алесь.
— Мы нічога не маглі зрабіць, Алесь, — сказаў Маеўскі. — Жэрабя — гэта па-роўнаму. Яны аднолькава патрабуюць смерці як для цябе, так і для сябе.
Адам з'едліва і сумна ўсміхнуўся:
— Вядома, да таго часу, пакуль жэрабя не кінулі. А потым пачынаецца забойства.
Тыя пайшлі. Вечар быў вельмі цёплы і ціхі. Загоршчынскі парк драмаў пад светлымі зорамі.
Заўтра будуць страляцца. На поплаве. Недалёка ад таго месца, дзе сустрэлі на начлезе Войну… Тады яму, Алесю, было адзінаццаць. Цяпер — дваццаць адзін.
Дзіўна, ён ні аб чым не шкадаваў. Што ж, бывае і так…
Ён сеў і напісаў караценькі ліст дзеду, што помніць яго (перашкаджаць дуэлянтам забаранялася, і дзед, відаць, хоць і пакутаваў, вымушаны быў сядзець дома), дзякуе за ўсё.
Другі ліст быў запавет. Палову ўсёй рухомай і нерухомай маёмасці — панам Маеўскаму і Каліноўскаму "на заснаванне той прамыслова-гандлёвай кампаніі, аб якой яны ўтрох марылі". Адну шостую ўсяго — брату Вацлаву Загорскаму. Другую шостую — Юрыю і Антанідзе Раткевічам, прыпісаным да малодшага роду праз маці, з тым, каб яны карысталіся гэтым роўна і без крыўды. Палову астачы — на стыпендыі студэнтам з Загорскага наваколля, далейшае ўтрыманне школы і багадзельні ў Загоршчыне і дапамогу бедным. Астатняе — Кагутам, Кірдуну і іншым слугам, каб была кампенсацыя за страту службы і забеспячэнне на астатнія гады жыцця… Замежны капітал, тую частку, што належыць асабіста яму, — на дапамогу паэтам, што пішуць на мясцовай мове, стварэнне музея, куды перадае ўсе свае калекцыі, і заахвочванне лінгвістычных, гістарычных, археалагічных і этнаграфічных прац, што датычацца Беларусі.
Вось і ўсё. Душапрыказчыкі — Вежа, Маеўскі і Раткевіч. Кастусю не напісаў. Не зразумее і не ўхваліць.
Кастусю нельга было ўсяго тлумачыць. Ці зразумее Кастусь, як ён, Алесь, заеўся з усім наваколлем, як, не робячы асабістага зла, усё ж стаў ворагам для ўсіх, бо ягоная ідэя была для многіх варожай. Алесь разумеў, гэта не Франс Раўбіч ударыў яго, а падвышанае, хваравітае пачуццё гонару. Напалову мужык па выхаванню, ён міжвольна паўстаў супраць усяго гэтага, супраць стогадовых прымхаў і забабонаў, і гэта яны цяпер забіваюць яго. А ён хоць і мужык, але таксама і князь, і сам аддаваў даніну традыцыям і не можа канчаткова паступіцца дваранінам у сабе: адмовіцца ад дуэлі, выклікаць да сябе агульную пагарду, каб жыць і рабіць далей сваю справу.
Трагедыя? Магчыма. Але колькі ўжо разоў людзей лавілі на тым жа, каб расправіцца. Лавілі, бо яны былі дзецьмі свайго часу і свайго асяроддзя.
Галуа [59] , якога так любіў "матэматычны
Хто яшчэ? Ну, вядома, Пушкін. Чалавек дваццаць першага стагоддзя — і ўсё ж не палічыў за магчымае адмовіцца.
I многія яшчэ будуць так гінуць, не менш годныя, чым Лермантаў. Ёсць, аднак, у гэтым забабоне і другі бок, схаваны пакуль што для ўсіх.
59
Геніяльны французскі матэматык, забіты ў маладым узросце.
Прыйдзе час, і не будзе тады ўжо кодэкса гонару, не будзе дваран і мужыкоў, не будуць даносіць і кідаць у турмы за вальналюбства і светлыя думкі. Не будзе нават слова "воля", не будзе нават слова "праўда", таму што і тое і другое зробіцца звыклым і іншага проста не будзе.
I вось тады асабісты гонар будзе стаяць так высока, што ніхто не асмеліцца абразіць яго словам або дзеяй. Таму што грамадства не можа быць быдлячай чарадой. Не можа яно быць і зборышчам нулёў пры некалькіх адзінках, іначай будзе тое, што цяпер: народы будуць сапці і з налітымі крывёй вачыма лезці адзін на аднаго, каб стаптаць, падпарадкоўваючыся волі адзінкі ці некалькіх адзінак, або, што яшчэ горш, знішчаць свае ж нулі, каб самому стаць большым нулём за кошт іншых. Але нуль — хай ён будзе з яблыка, кола ці нават з цэлую планету — усё ж нуль.
Алесь уздыхнуў. Не можа быць, каб Каліноўскі не зразумеў гэтага.
Тым больш што і Пушкін і Галуа былі вялікія людзі, і іхняя справа заступалася за іх. А ён, Загорскі, сярэдні чалавек, якіх на Беларусі тысячы.
I калі ён, сярэдні чалавек, не абароніць свайго гонару, хто тады зробіць гэта за яго?
Ён устаў ад папер. Усё было зроблена. Засталося чакаць.
Можна было зрабіць многае ў гэтыя часы. Заснуць — але нашто?
Калі жэрабя дасць першы стрэл Франсу — ён, Алесь, засне надоўга. Калі жэрабя дасць стрэл яму — Алесь паспее выспацца. Ён не будзе літаваць Франса. Сам Франс патрабаваў смерці аднаго, і, хоць шчасця не будзе, у Алеся астанецца вайна за справядлівасць. Да канца. Вайна, у якой няма чаго шкадаваць свайго жыцця.
Можна было з'ездзіць да Вежы. Але стары не паказвае і ніколі не пакажа сваіх пачуццяў. Будзе сухавата-прыязная размова.
Алесь падышоў да краю тэрасы. Дзень і вечар былі нязвыкла гарачыя, ноч таксама дыхала сухасцю. Таму ён яшчэ ўдзень загадаў, каб ягоны ложак вынеслі на гэты вялізны, як зала без сцен і столі, балкон. Ложак астанецца непамяты.
Ён стаў і глядзеў на свет. Дрэвы замерлі. Блішчэла шырокае ўлонне Дняпра. Срэбныя выбухі італьянскіх таполяў пераліваліся. Белыя аркады спускаліся ў парк. Неба высыпала, нечакана для пачатку лета, тысячы зор.
Сямікаляровы агеньчык Капэлы. Лебедзь, распластаўшыся, ляціць у вышыні. Вунь Міцар і Алькор. А далей — туманныя струмені Шляху Продкаў. Кажуць, яны, продкі, спусціліся адтуль і туды ж ідуць пасля смерці.
Пад гэтымі зорамі сэрца раптам не вытрымала. Яно пачало стукаць мацней і мацней.
"Майка… Майка… Майка", — утрапёна клікала яно.
Было ціха і цёпла. Толькі сэрца калацілася пасярэдзіне гэтага бясконцага і спакойнага абшару. I ён раптам адчуў, што гэта сэрца стала вялікае, як тое, бязмежнае сэрца, і разумее ўсё. Усё на зямлі.