Кар'ер
Шрифт:
Стоячы насупраць і прыціскаючы да грудзей адрамантаваныя туфлі, Марыя ціха сказала з прыкметным жалем у голасе:
— Напэўна, пакуль загоіцца рана?
— Іменна, — сказаў ён з націскам. — Пакуль загоіцца.
— А пасля?
— А пасля будзе відаць.
З нечаканым сумам у вачах яна перавяла позірк на вуліцу.
— Зайздрошчу вам. Калі б я ведала, куды… Ні дня б тут не засталася. Я б на фронт пайшла, я б іх забівала…
Гэта было ўжо сур'ёзна, і ён прамаўчаў. Штось зразумеўшы, яна змоўкла таксама, аднак не ідучы з падворка і ўсё прыціскаючы адрамантаваныя туфлі да маленькіх, ледзьве прыкметных пад тоўстым жакетам грудзей.
— На фронце ёсць каму біць. А для вас і тут знойдзецца справа…
— Якая? —
— А гэта трэба падумаць. Адпаведна абставінам.
Яна яшчэ нядоўга пастаяла моўчкі, пра нешта думаючы ці, можа, чакаючы пачуць што ад яго. Але Агееў падумаў, што і так выдаў занадта, што яму трэба цяпер сцерагчыся, хто ведае, ці не значыцца і яе подпіс у блакноце начальніка паліцыі Драздзенкі?
Напэўна, яна зразумела яго маўчанне па-свойму.
— Як вам заплаціць?
— А як хочаце. Можна хлебам ці бульбай. Ці яблыкамі.
— Ну, яблык у вас сваіх — вунь колькі!
— Тады пацалункам.
— Ну, скажаце!..
Трохі падумаўшы, яна без развітання павярнулася і выбегла на вуліцу. Ён яшчэ пасядзеў, яўна чакаючы яе. Вельмі хацелася яе бачыць, чуць яе то радасны, то сумны голас: чымсьці яна зачапіла яго панылую душу, нейкая душэўная еднасць стала паволі ды яўна збліжаць іх, гэтых дваіх розных людзей, воляю выпадку зведзеных разам. Калі праз чвэрць гадзіны Марыя вярнулася з туга накладзенай сеткай, твар яе ўжо без ценю нядаўняй заклапочанасці свяціўся лёгкай прыязнасцю, яна таропка стала класці на стол нейкія кавалкі і скруткі, загорнутыя ў клочча старых газет.
— Во, гэта вам за працу. Гэта — каб зажывалі раны… Гэта варэнне, грыбы сушаныя…
— Нашто столькі! — запратэставаў ён. — Вы што на самай справе! За адзін лапік?..
— Во гэта масла. У цёткі ж каровы няма, дык спатрэбіцца…
— За адзін лапік! — ледзь не стагнаў Агееў.
— Не за лапік. За тое, што вы… Што вы ёсць такі…
Яна выклала ўсё на стол, на яго інструменты, і кінулася прэч, радасна азадачыўшы яго сваёй мілай удзячнасцю за дробязную, па сутнасці, паслугу. Але, мабыць, у гэтай паслузе яна бачыла штосьці большае, чым залаплены туфель, і гэтая яе абачлівасць міжволі адгукнулася ў ім зачаткам ціхай удзячнасці.
Нядоўга пасядзеўшы ў альтанцы, ён пашкандыбаў у застаронак і заняўся ранай, якая тупым болем увесь час непакоіла яго з ночы. Асабліва калі ён пачынаў хадзіць. Агееў разматаў абмяклую, са слядамі гнойных плям павязку, канец якой, аднак, надта прысох да раны, і ён аж спатнеў, пакуль з болем аддзіраў яго. На здзіўленне, аднак, пухліна пад каленам паменшала, балючыя тканкі абапал раны страцілі пухлаватую набрыняласць. Агееў выкінуў азызлыя лусты сала, падумаў, што цяпер, можа, абыдзецца і так, туга абкруціў нагу старой павязкай, падклаўшы пад яе кавалак чыстай анучы. Далей трэба было перакусіць, ён даўно ўжо адчуваў згаладнеласць і выйшаў з хлява.
Каля ягонай альтанкі на лаўцы сядзела бабка ў цёмнай таўстой хусціне, з такім жа, як і ў яго, кійком у руках. Яна яўна чакала некага, і Агееў дашкандыбаў да яе ззаду.
— Вам каго, бабка?
Бабка нетаропка павярнулася, паўзіралася ў яго пільным позіркам старэчых, глыбока запалых вачэй.
— Мне во чаравічкі ўнучцы… Каб пачыніць… Адна ўнучка засталася, ні бацькі, ні маткі. Дык сказалі, тут чыняць, у папоўскай хаце.
— Чыняць, ага. А што, чаравічкі дужа разбітыя?
— Ды разбітыя… Во! Новых жа няма, дзе я вазьму. Цяпер жа не купіш.
— Цяпер не купіш.
Ён узяў з яе рук звязаныя вузлаватымі шнуркамі дзіцячыя чаравічкі, надта разбітыя, з дзіравымі падэшвамі і скрыўленымі заднікамі, з дзіркамі ў насках, і яму зрабілася сумна: як адрамантаваць іх? Але бабка, нібы прысуду, поўная ўвагі, чакала ягонага слова, і ён, уздыхнуўшы, не знайшоў сілы адмовіць.
— Ладна, як-небудзь зробім. Сёння пад вечар.
— Дзякуй жа табе, сынок, дзякуй. Я ж ў даўгу не застануся, аддзячу. Хай цябе бог ратуе…
Ён правёў бабку і вярнуўся ў альтанку. Трэба было брацца за працу, але хацелася есці і было агідна і боязна ў душы — усё ад таго ранішняга прыходу паліцыі. Што яна рыхтуе яму, тая подлая яго падпіска? Канечне ж, працаваць на іх ён не меў намеру, але балюча адчуваў, у якое ярмо трапіў і як трудна будзе выкручвацца ў ім, у гэтам фашысцкім ярме. Абавязкова трэба будзе папярэдзіць пра тое Волкава ці хоць бы Кіслякова, расказаць, у якую справу ўцягвае яго паліцыя, і сумесна рашыць, як яму быць. Таму што… Таму што гэты фальшывы сэнс ягонага становішча можа хутка вылезці бокам для гэтых людзей ды і ці мала яшчэ для каго, але перш — для яго самога. Ён выразна ўсведамляў усю складанасць свайго становішча, але што ён мог зрабіць? Хіба праклінаць вайну ці гэтага нягодніка Драздзенку. Але і праклінаючы яго, вайну і сваю злашчасную долю, мабыць, прыйдзецца жыць і нешта рабіць у адпаведнасці з сваім сумленнем, абавязкамі камандзіра арміі, каторая цяпер сплывае крывёю на вялізным фронце ад поўначы да поўдня. Напэўна, тым, што цяпер пад Масквой ці Смаленскам, куды цяжэй, тысячамі кладуцца яны ў брацкія магілы — ці гожа яму наракаць на свой лёс? Трэба трываць і, пакуль ёсць магчымасць, рабіць нейкую справу. Але толькі б не пашкодзіць сваім.
Таропка перакусіўшы на кухні, ён успомніў Бараноўскую і пашкадаваў, што ў такі час яе не было дома. Ён пачаў ужо прывыкаць да гэтай своеасаблівай жанчыны — сваёй гаспадыні, напэўна, у такой справе яна б яму штосьці параіла ці хоць бы паведаміла штось. Яна ж, як мясцовая жыхарка, ведала тут усіх і, здаецца, умела разбірацца ў людзях. А людзі яму, мабыць, хутка спатрэбяцца. Без людзей у ягонай справе — пагібель.
Рэшту таго дня ён патраціў на бабчыны чаравічкі і трохі прывёў іх да ладу. Для больш грунтоўнага рамонту патрэбны былі матэрыялы — скура, падэшвы, якіх ён не меў, і думаў, што з такім мізэрным запасам ягоная рамонтная справа хутка ўвапрэцца ў тупік. Чым тады ён будзе карміцца? Сядзець на ўтрыманні гаспадыні? Дажыўся бравы начбой Агееў, ці інжынер Бараноўскі Алег Кірылавіч. Ён зусім ужо стаў блытацца ў сваіх імёнах і не ведаў, якое з іх будзе для яго шчаслівейшым.
Бабка прыйшла надвячоркам, калі ён, паставіўшы на краі стала чаравічкі, сукаў на запас дратву — для новага рамонту. Але больш заказаў у яго не было, ніхто да яго не ішоў, і ён, назапасіўшы дратвы, збіраўся вылазіць з-за стала. Мацаючы кіёчкам дарогу, бабка, нібы сляпая, збочыла з вуліцы і спынілася перад альтанкай.
— Во, бабка, гатовы.
— Гатовы? Дзякуй табе, галубок, дзякуй божаньку. Во за труды твае з беднай бабы.
Яна беражна паклала на ражок стала складзены амаль да памеру паштовае маркі рубель і ўзяла чаравічкі.
— Хай носіць на здароўе, — сказаў Агееў.
— Ой дзякуй жа табе! Хай бог дасць здароўечка…
Усё мармычучы словы падзякі яму і богу, яна выйшла на вуліцу, і Агееў узяў са стала рубель, разгарнуў яго. Во і яго першы грашовы заробак, падумаў ён іранічна. Калі так справа пойдзе і далей, прыйдзецца трымаць зубы на паліцы. Яму наўрад ці яны спатрэбяцца.
Той дзень ён нічога не рабіў болей, нават не паеў у полудзень, хаця перад ім на стале ляжалі прынесеныя Марыяй гасцінцы, да якіх ён зрэдзьчасу вяртаўся ў думках. Ён прасядзеў на кухні да вечара, усё пазіраючы ў акно — ці не завітае хто ў двор. Сам ён не хацеў лішні раз без патрэбы вытыркацца на людзі: заказчыкі яго не надта цікавілі — будуць дык будуць, а не, дык, можа, і лепей. У яго быў клопат больш пільны — ён чакаў каго-небудзь з лесу, ад Волкава ці Кіслякова, яму трэба было паведаміць пра новы паварот у ягоным лёсе. Але, як назло, да вечара ў двары ніхто не з'явіўся, не з'явіўся і ўвечары.