Кар'ер
Шрифт:
Калі ўжо цалкам сцямнелася і над мястэчкам усталявалася ноч, ён паблукаў па двары ў цемры, паслухаў і маркотна патупаў у свой застаронак.
Раздзел чацверты
З самага ранку Агееў сядзеў ля палаткі і чакаў.
Учора ўвечары яго ўсё ж даняло сэрца, і, як толькі трошкі палегчала, ён схадзіў у пасёлак і даў тэлеграму сыну, каб той прыехаў. Ён даўно ўжо не званіў у Мінск і не ведаў, ці застане тэлеграма сына, які часта адлучаўся ў камандзіроўкі — у Маскву, на Ўрал, у Закаўказзе;
З раніцы ён чакаў ля палаткі, але калі ў поўдзень стала прыпякаць сонца, узяўшы вядро, перайшоў у цень пад агароджай могілак. Тут было не так горача, уздоўж невысокай, па грудзі чалавеку, каменнай сцяны часам павяваў ветрык, ціхенька шумела лісце таполяў угары, і наогул было добра ў спакоі, калі б толькі лепш працавала сэрца. Але сэрца працавала па-ранейшаму кепска. Прыступы арытміі з невялікімі прамежкамі адбіралі сілу, часам выклікаючы страх смерці, і ён палохаўся ад думкі, што можа не дачакацца сына і наогул нічога не дачакацца. Так мінула багата часу, сонца павярнула на захад, шырокі з раніцы цень ад дрэў звузіўся да няроўнай паласы пад сцяной, і ён ужо думаў, што прыйдзецца перабірацца адсюль, калі на дарогу з-за могілак выскачыў «жыгулёнак» — чырвоны, нібы вугольчык з жару, трэцяй мадэлі выпуску. Агееў адразу пазнаў машыну і, спалохаўшыся, што яна праскочыць далей, замахаў рукой. Машына прытармазіла, быццам нават спынілася, а затым крута павярнула на пагорак і падкаціла да ягонай палаткі.
— Баця!
Сын быў вялікі, барадаты, як і належыць сучасным маладым мужчынам, ён далікатна абняў паўнаватае, неяк ненетуральна абмяклае цела бацькі, паляпаў яго па плячах.
— Ну, што ты? Ну, як? Прыціснула, ага?
— Нічога, нічога, — сказаў Агееў. — Знаеш, так вось… Дзякуй, Аркадзь, што прыехаў.
— Атрымаў тэлеграму, якраз з Худзяковым сядзелі. Ну, кажа, едзь. Два дні назад квартальную справаздачу здалі, так што…
— Ну, дзякуй…
— А я думаў, што ты ў гасцініцы. Прыехаў, кажуць: не значыцца, — ажыўлена расказваў сын, памахваючы ланцужком ад ключа. — А ты, значыць, на свежае паветра перабраўся? Ці выселілі?
— Не, чаму? Проста бліжэй… — сказаў Агееў і змоўк: пра сваю працу ў гэтам пасёлку ён нічога не расказваў сыну, проста сказаў неяк па тэлефоне, што затрымліваецца, ёсць старыя, з вайны, справы. Сын ведаў, што ў сорак першым ён нядоўга жыў тут, удзельнічаў у падполлі.
— Хіба адсюль бліжэй? — здзівіўся Аркадзь і павярнуўся да бацькі — рослы, шыракаплечы, у імпартнай, на кнопках, кашулі з кішанямі на грудзях і выцертых да белых плям джынсах, якія туга сядзелі на яго худым задзе. — Можа, кіламетр ад цэнтра.
— Ну, каму як, — няпэўна сказаў Агееў. Сэрца яго білася трохі часцей, па-ранейшаму, аднак, са збоем рытму, але цяпер ён не зважаў на сэрца, не прыслухоўваўся да сябе. Ён думаў, чым частаваць сына, які, напэўна, згаладнеў у дарозе, ды той адразу ступіў да машыны.
— Я тут табе адно лякарства дастаў. Імпартнае. Выдатна памагае пры сардэчнай недастатковасці.
Выхапіўшы з салона маленькую скураную сумачку з пятлёй-ручкай, ён расшпіліў маланку.
— Вось: дзі-гак-сін. Учора ў Ермалаева дастаў. Спецыяльна для цябе.
— Ну, дзякуй, — сказаў Агееў, беручы невялікую каробачку з сінім лацінскім надпісам. — Калі паможа.
— Паможа, паможа! Наш дырэктар толькі ім і ратуецца. Выдатнае лякарства. І яшчэ што-нішто паесці. Думаю, ты тут не галадаеш, канечне, не сельскіх харчах, ды ўсё ж…
Ён расчыніў багажнік і пачаў вымаць з яго глыбіні акуратныя магазінныя скруткі, кулькі і пакеты, бохан чорнага барадзінскага хлеба; падкінуў угару і спрытна падхапіў бутэльку грузінскага каньяку з сіняй наклейкай.
— Гэта не трэба, — сказаў Агееў.
— Нічога, спатрэбіцца. Я пытаўся, сказалі, каньячок табе можна. Для расшырэння сасудаў.
Што ж, мабыць, самая пара была перакусіць, і, каб не сядзець на сонцы, яны перайшлі пад сцяну — у засень. Праўда, сын неўпрыкмет паморшчыўся, мабыць, ад такога суседства, але перанёс туды два невялікія складаныя крэслы з машыны, хутка раскінуў дзюралевыя ножкі партатыўнага століка, які на такі выпадак вазіў у машыне. Агееў прынёс з палаткі свой паляўнічы нож, тэрмас, у якім яшчэ штосьці пляскалася, і яны прыселі па абодва бакі століка, адзін перад адным.
— Ну, дык вып'ем трохі? — запытаўся сын, выкалупваючы пальцамі капронавы корак.
— Не, не буду.
— А я, знаеш, вып'ю. Сёння за руль болей не сяду. Уездзіўся.
— Выпі, што ж, — сказаў бацька.
— Для расслабкі нерваў. Дык за цябе, баця! — падняў ён да паловы наліты пластмасавы каўпачок, і Агееў кіўнуў галавой. Сын асабліва не захапляўся алкаголем, і ў гэтым сэнсе бацька мог быць спакойны.
Відаць, згаладаўшыся за доўгую дарогу, ён выпіў і з зайздросным апетытам закусваў вэнджанай грудзінкай і сырам, накладваючы вось такі, з дзіцячых гадоў звыклы для сябе бутэрброд, і Агееў прыпомніў, што яны з маці не мелі вялікага клопату з кармленнем сына — той еў усё і заўжды, будучы, як і бацька, зусім непатрабавальным да ежы. Наогул, пакуль жыў з бацькамі, клопату з ім было няшмат: добра скончыў школу і з першай спробы паступіў у інстытут — не спатрэбілася ніякай падстрахоўкі, някепска вучыўся, цяпер працуе над кандыдацкай — разумны, энергічны спецыяліст, някепскі знаўца сваёй справы. Хіба што ў сямейным жыцці не пашэнціла адразу, год таму развёўся, пакінуўшы малое дзіця ў жонкі.
— Як унучак? — успомніўшы аб тым, запытаўся Агееў.
— Расце, што яму. На тым тыдні бачыў… У двары. Праўда, усяго хвіліну, не было часу.
— А Света?
— Што Света? Якая мая справа, — паўзіраўся ўбок Аркадзь і перавёў размову на іншае: — Ну, а як ты? Дабіў свае справы?
— Не, не дабіў, — сказаў Агееў, уздыхнуўшы, і паглядзеў удалячынь на патанулыя ў садках дамы за дарогай. У адным з двароў былі расчынены веснічкі, і таўстая жанчына заганяла ў іх гагаткую чараду гусей з велічным гусаком наперадзе. У гэтай жанчыне ён лёгка пазнаў Казлову.
— Слухай, во не разумею, — сказаў сын. — Якая тут у цябе справа? Расследаванне якое? Што ў цябе тут здарылася, у вайну?
— Ды штосьці здарылася, — няпэўна сказаў Агееў.
— Помніцца, ты нешта расказваў. Маці казала, быццам цябе расстрэльвалі. Гэта тут хіба?
— Тут, — сказаў ён, зірнуўшы ў ажыўлены ад выпітага ці, можа, ад цікаўнасці сынаў твар, і сціх, чакаючы новых пытанняў, адказаць на якія не быў гатовы. Сын, аднак, кінуўшы вакол хуткім позіркам, спыніў яго на стале.
— Я сабе яшчэ трошкі пляснэ. Калі ты не супраць?