Кар'ер
Шрифт:
Агееў доўга не мог заснуць, занепакоены блытанымі паваротамі свайго лёсу, пошумам начной непагадзі, няспыннымі парывалі ветру. Здаецца, вецер часам мяняў накірунак і пачаў ужо бубніць дажджом на тарцовай сцяне яго застаронка, ля якой было складзена сена. Ён падумаў, што трэба б устаць, адкінуць сена ад сцяны. Але ўставаць не хацелася, так добра і ўтульна было пад кажушком, і ён супакоена думаў: а можа і не залье? Ён ужо збіраўся заснуць, невясёлыя яго думкі пачалі блытацца ў галаве, і раптам спалохана прахапіўся — у дзверы пастукалі. Агееў скінуў з сябе кажушок, стук паўтарыўся — нясмелы, ціхенькі стук быццам бы дзіцячай рукі, — і ён, ступіўшы да дзвярэй, ціха запытаў:
— Хто там?
— Гэта я, адчыніце.
Ён здагадаўся адразу, што гэта Марыя, скінуў з прабоя
— Ну, што?.. Асцярожна, тут парог высокі… Што-небудзь здарылася?
Яна перабралася цераз парог і замерла ў цемры, уся дрыжучы ад сцюжы ці, можа, ад спалоху.
— Я баюся…
Голас яе таксама дрыжаў, уся яна, сцяўшыся, стаяла каля парога, не ведаючы, куды ступіць. Агееў зачыніў за ёй дзверы.
— Чаго… баішся?
— Вецер!.. Так вые. У коміне і… Ходзіць нехта… па даху.
— Ходзіць? Па даху?
— Ну, здаецца, ходзіць, — сказада яна, ледзьве не хліпаючы, і ён ціха вылаяўся: «Ну і ну! Здаецца!»
— Калі здаецца, трэба хрысціцца, — сказаў ён раздражнёна, і яна змоўкла.
— Я тут пасяджу… да ранку. Можна? — запыталася яна, памаўчаўшы.
— Што ж, сядзі…
«Дзіўна!» — падумаў Агееў, не пазнаючы дзяўчыну. Быццам гэта была не тая Марыя, якую ён бачыў удзень за абедам на кухні, калі яна храбра адмахвалася ад небяспекі, пра якую папярэджваў ён; якая так ліха адвадзіла Драздзенку, уцякла ад паліцыі. Там яна здавалася такой баявой дзяўчынай, што гэтая яе баявітасць выклікала ў яго страх за яе бяспеку. Тут жа была зусім іншая — азяблая, напалоханая страхам ночы і таго, што… здаецца, хтосьці ходзіць па даху. Звычайныя дзіцячыя страхі… А ён думаў, што яна зусім ужо дарослая і ў чымсь нават мацнейшая за яго.
— Сядай во на парог. Ці во на сена. Сена там. Сухое.
— Дзякуй.
Ён змоўк, услухоўваючыся, як яна ў цемры месцілася на шархоткім сене і неўзабаве сцішылася, быццам яе і не было тут зусім. Знадворку ад дошкі сцяны ўсё біўся дождж, ірваў страху вецер. Агееў пачаў грэцца пад кажушком, як пачуў яе неспакойнае дыханне на сене — мабыць, яна скаланалася ад сцюжы.
— Што — холадна? — запытаўся ён.
— Холадна, — ціхенька адказала яна.
— А ватоўка?
— Мокрая…
Агееў паляжаў трохі, у думках злым словам памінаючы гэтую дзяўчыну, і нарэшце падняўся на тапчане.
— Ану, ідзі сюды!
— Не, не, — спалохана азвалася яна з цемры.
— Ідзі во на тапчан, пад кажушок сагрэешся… Ну!! Хуценька…
— Не, не…
— Прасіць цябе трэба, у канцы канцоў? — раззлаваўся Агееў.
Рашуча ўстаўшы з тапчана, ён намацаў у цемры яе плячо і, схапіўшы за руку, падняў з сена.
— Кладзіся там. Я — на сене.
Яна пакорліва сцішылася на тапчане, і ён накінуў на яе кажушок. Сам падумаўшы, узяў пласт зляжалага сена, падлез пад яго, пасля закапаў у сена ногі. Тут ён хутка стаў грэцца і, калі побач сціхла шархаценне сена, запытаўся ў Марыі:
— Ну як — сагрэлася?
— Грэюся. Дзякуй табе. Вялікі дзякуй…
— Ладна. Спі. Ранкам падніму. Удзень тут заставацца нельга.
— Добра. Я ўстану. Ты прабач мяне, Алег.
— Ладна ўжо… Прабачу.
Раздзел пяты
Праз два-тры дні пасля ліўню зямля ў кар'еры падсохла. Лужыны яшчэ заставаліся на сваіх месцах, але вады ў іх прыкметна паменшала, на гліністых берагах засталіся крывулястыя паралельныя рысы — сутачныя адмеціны ўзроўняў. Дажджу больш не было, стаяла сухое і ветранае надвор'е, аднак на поўнае высыханне лужын можна было разлічваць хіба ў канцы месяца, што было, вядома, занадта. Агееў не мог затрымлівацца тут да канца лета, хаця пачуванне яго пасля сынавага прыезду патроху выраўнялася — усё ж, мабыць, імпартныя таблеткі яму памаглі. Наступным днём, праводзіўшы Аркадзя, ён нядоўга пасядзеў на абрыве і спусціўся ў кар'ер — трэба было неяк скапаць гэты чортаў абвал.
Канечне, у душы ён разлічваў на дапамогу сына, мабыць, для таго і выклікаў яго тэлеграмай, але ў той вечар так яму і не сказаў нічога: думаў, здагадаецца сам. Аднак сын не здагадаўся, раніцай адразу ж пачаў збірацца ў дарогу. Размова ў іх не клеілася, і хоць Агееў за лета нямала перадумаў пра сына і збіраўся пра што-колечы з ім пагутарыць, цяпер таксама не знаходзіў ні слоў, ні патрэбнага для таго настрою. І калі ён усё ж сказаў Аркадзю, што аднаму труднавата ў кар'ры, той, крута павярнуўшыся ад узнятага капота, кінуў:
— Вось што! Хопіць! Збірайся, паедзем!
У яго штосьці не ладзілася з рухавіком, зранку сын злаваўся, і ўсё ж Агееў сказаў, што не можа ўсё кінуць пасля таго, як перакапаў тут гару зямлі і засталася дробязь. Удвух бы яны за пару дзён усё скончылі. Сын з прыкрасцю сказаў, усё калупаючыся пад капотам:
— Знаеш, я не землякоп, я — электроншчык. Хочаш, дамоўлюся ў райкоме, прыгоняць бульдозер. За паўгадзіны ўсё раскапае.
— Мне не трэба бульдозер.
Больш пра кар'ер яны не размаўлялі. Пускаючы дым з глушыцеля, машына паўгадзіны трэслася ад вялікіх абаротаў рухавіка — сын рэгуляваў карбюратар. Пасля было няёмкае, паспешнае развітанне, ляснулі дзверцы, і чырвоны «жыгуль», апісаўшы па роснай траве даўгую дугу, пакаціў на дарогу. Агееў пайшоў да кар'ера.
Ён працаваў без імпэту, не спяшаючыся, імкнучыся браць неглыбока — на паўштыка, не болей, і кідаў недалёка, сочачы позіркам за кожным камяком вільготнага, яшчэ не прасохлага суглінку. Нічога, аднак, яму не траплялася — відаць па ўсім, гэты куток кар'ера быў менш за іншыя асвойтаны людзьмі — на паверхні і ў глыбіні ўсюды ляжаў некрануты, дзікі суглінак. Агееў думаў пра сына, які цяпер каціў дзесь па новай, нядаўна пракладзенай бетонцы на Мінск. Канечне, у сына хапала ўласных клопатаў і сваіх няпростых праблем, ці варта крыўдаваць на недахоп увагі або ветлівасці — у кожнага свой нораў і свой чалавечы лёс. Бацькам нярэдка здаецца, што дзеці недадаюць ім, што ім як старэйшым у родзе належаць нейкія правы ў адносінах да малодшых, якіх яны нарадзілі, выхавалі, выпусцілі ў вялікі складаны свет і таму могуць разлічваць на ўдзячнасць, што рэдка маюць у жыцці. Але па спрадвечных законах жыцця ўвесь дынамізм дзяцей скіраваны ў будучыню, туды, дзе пралягае іх нязведаны шлях, і бацькам на гэтым шляху месца ўжо няма, ён цалкам заняты ўнукамі. Што ж, усё правільна, усё ў поўнай адпаведнасці з законамі жыцця і жывой прыроды, але чаму чалавечая натура так неахвотна мірыцца з такой відавочнай данасцю? Уся яе духоўная сутнасць бунтуе супраць гэтай завядзёнкі прыроды, чаму тут такая дысгармонія — таксама ад прыроды?
Хіба таму, што мы — людзі. У жывёлы ўсё прасцей і больш гарманічна.
Незразумелая, складаная, супярэчлівая істота — чалавек!
Сын ажаніўся з харошай, любімай дзяўчынай з суседняга дома, калі тая стала студэнткай — жывой, мілавіднай, выхаванай дзяўчынкай, якая падабалася ўсім без выключэння — і родзічам, і суседзям. Жаніховы бацькі прыглядаліся да яе яшчэ з таго даўняга часу, калі яна сярод іншай дваровай дзятвы гуляла пад грыбком у пясочніцы, і яшчэ больш — калі вырасла ў бойкую, спрытную дзяўчынку, якая з заўсёднай мілай ветлівасцю на тварыку віталася з дарослымі і лёгка праскоквала насустрач у цесным пад'ездзе. Сын таксама любіў яе, гатовы быў на ўсё дзеля яе, пасля ў іх паявілася малое, што зусім ужо аб'яднала ў адно дзве ўвогуле малазнаёмыя да таго сям'і. Агееў нечакана лёгка сышоўся з яе бацькам, палкоўнікам у адстаўцы, былым ваенным лётчыкам, з якім яны ўвечары любілі гуляць у шахматы. Свацці таксама знайшлі адна ў адной сардэчных і адданых сябровак з безліччу агульнага ў характарах; суседзі, не перастаючы любавацца знойдзеным на схоне гадоў сямейным саюзам, нават нібы раўніва адасобіліся ад іх. Але вось мінуў год ці болей, і ўсё рассыпалася дашчэнту, ператварыўшыся ў поўную сваю процілегласць, і тады яны з недаўменнем убачалі, як шмат у гэтых іх адносінах трымалася на ўзаемным пачуцці двух юных сэрцаў, са знікненнем якога разбурылася і ўсё астатняе. Мабыць, занадта шмат нагрузілі яны на эфемерныя крылы гэтага кахання людзей, якія, можа, былі і някепскія паасобку, але так і не сталі сям'ёй. І хто вінават? Тых, хто пацярпелі, шмат, вінаватага ж не знайшлося нікога.