Кар'ер
Шрифт:
— Ты мне глядзі! Я цябе магу і сілай. У парадку мабілізацыі. Але мне сілай не трэба. Ты ж не дзеўка. Мне каб дабраахвотна. Каб работа была. А ты ж мужык дзелавы. І з галавой. Ты павінен разумець, што можна спазніцца. Вайна ж канчаецца…
— Няўжо канчаецца? — холадна перапытаў Агееў.
— Усё! Асталося нямнога, немцы акружаюць Маскву, хутка прыдушаць. Глядзі, спознішся.
— А я нікуды і не спяшаюся.
— І дарма. Як бы не давялося трымаць адказ перад немцамі пасля перамогі: чым займаўся? Калі што — па галаве яны не пагладзяць. Яны наогул па галаве не гладзяць. Строгая нацыя!
— Гэта я ведаю.
— Во і добра, што ведаеш. Дык падумай. Болей я гаварыць не буду. Сам прыйдзеш. Паняў?
— Што не паняць, —
Драздзенка рэзка адхіснуўся ад стала, кінуў пад ногі недакурак і павярнуўся да Агеева ўсім тулавам.
— Ну во! А цяпер твая галоўная задача — Бараноўская. Як толькі паявіцца, стукні. Зараз жа. Удзень ці ўначы. Упусціш — пяняй на сябе. Ёю СД цікавіцца. Тут ужо я цябе не прыкрыю.
— І чым яна так зацікавіла СД? — не стрываў Агееў.
— А гэтага не ведаю. Чымсьці насаліла, значыць. Паліцыя тут ні пры чым.
— Што ж, панятна, — сказаў Агееў, падумаўшы, што таго ўжо ад яго не дачакаюцца. Але як бы не празяваць, папярэдзіць гаспадыню адразу, як толькі тая вернецца дадому.
Як і мінулыя разы, Драздзенка, не развітаўшыся і раптам спыніўшы размову, сігануў да дзвярэй і выскачыў на двор. Агееў з палёгкай праводзіў яго да вуліцы, і трое паліцаяў, не азіраючыся, пакрочылі ў мястэчка. Трохі пастаяўшы ля дзвярэй і пераканаўшыся, што небяспека мінулася, Агееў пайшоў у кладоўку. Марыя чакала яго на гарышчы, забіўшыся за куфар з кніжкамі, і, як толькі ён ускарабкаўся па драбіне, падхапілася насустрач. Ён расчулена абняў дзяўчыну за плечы.
— Ну што ты! Не бойся. Я ж цябе не пакіну…
— Я ўсё чула, — сказала яна, дрыготка скаланаючыся ў ягоных абдымках, і запыталася: — У цябе зброя ёсць?
— Зброя? Якая зброя?
— Ну рэвальвер, ці вінтоўка, ці яшчэ што-небудзь…
— Нашто табе?
— Ты не знаеш нашто? — яна зірнула на яго з дакорам, вачмі, поўнымі слёз.
— Не, не, — сказаў ён таропка. — Да гэтага не дойдзе. Думаю, што не дойдзе. Нам галоўнае — каб перабіцца… А там…
— А што там?
— А там… Перамога будзе за намі! — сказаў ён, натужна ўсміхаючыся.
— Ой, баюся, не будзе, Алежка! Баюся, не будзе за намі. За кімсьці, можа, і будзе, але не за намі. Як бы нам хутка не прыйшлося легчы ў сырую зямельку…
— Ну што ты! Ну што ты!.. Нашто так страшна? Ты супакойся… Яшчэ ж нічога не здарылася.
Па мяккай засыпцы гарышча ён прывёў яе да ўлежанай пасцелі, пасадзіў на ватную коўдру. Сам апусціўся побач і абняў яе дрыготкія худыя плечы.
— Ну, нічога, нічога. Пакуль што мы жывыя і разам — гэта галоўнае. Яшчэ мы пазмагаемся з імі. Яшчэ паваюем…
Марыя, моўчкі і ціхенька хліпаючы, патроху спакайнела, паддаючыся яго ласкавым абдымкам, усё цясней прыпадаючы да яго, нібы аддаючы яму свой боль і набіраючыся ягонай рашучасці. І ён сабраў у сабе ўсю рэшту тае рашучасці, слабой упэўненасці ў шчаслівым зыходзе іх задоўжаных выпрабаванняў, каб толькі пабольшыць яе сілы. Сам ён гатовы быў да ўсяго. Але з ёю ўсё рабілася болей складаным, заблытаным, і ён яўна адчуваў, што павінен патроіць свае сілы і сваю вытрымку.
Выдаўся слотны, сцюдзёны дзень, зранку церусіў дробны дожджык — нудна шапацеў па набрынялым вільгаццю даху. Марыя драмала — ціхенька ляжала пад кажушком на гарышчы. Агееў сядзеў побач на ражку коўдры і пры святле з дахавага акна гартаў зжаўцелыя старонкі «Нивы», кіпу якой прынёс з куфра. У кожным нумары гэтага густа ілюстраванага часопіса была вайна — даўняя вайна 1916 года, фатаграфіі яе ахвяр і яе герояў, генералаў і царскіх саноўнікаў, апавяданні пра вайну, вершы, агляды ваенных падзей, падрабязныя малюнкі акадэміка Самокіша — коні, казакі з пікамі, кавалерыйскія атакі на разгубленых, у паніцы немцаў, што шалёна ўцякалі, губляючы дзіўныя вастраверхія каскі. Агееў, аднак, шукаў іншае — шукаў што-небудзь пра здраднікаў, пра тагачасных прадажнікаў тыпу цяперашніх паліцаяў, перабежчыкаў, такіх, як Драздзенка. Тады ж таксама ў гэтах самых мясцінах праходзіла лінія фронту, ішлі баі, палавіна Беларусі была пад немцамі — мабыць жа, былі і тады нямецкія прыслужнікі, пра якіх напісала б ці хоць бы памянула «Нива». Але «Нива» пра тое маўчала, нібы іх не было зусім.
А можа, і сапраўды не было?
Але чаму тады іх развялося столькі ў гэтую вайну, чыя ў тым віна ці якая ў тым прычына? У саміх гэтых людзях ці, можа, у немцах-фашыстах з іх лютай палітыкай татальнага запалохвання ці татальнага знішчэння? Ці таго і другога разам?
Пачало змяркацца. Агееў усё ніжэй схіляўся над старонкамі часопіса, ледзьве чытаючы шрыфт тэксту і асабліва дробныя радкі подпісаў, калі яго слых злавіў ціхі, перарывісты стук унізе, які змусіў яго трывожна напяцца. Побач трывожна падхапілася Марыя, спалохана акругліла вочы. Стук выразна паўтарыўся ў цішы пустой хаты, і ўжо не было сумнення, што стукалі ў акно на кухні. Марыя, як заўжды, нячутна шмыганула ў цёмны паддошак за куфрам, а ён таропка спусціўся ў кладоўку, старанна прычыніў за сабой дзверы. За светлаватымі шыбінамі кухоннага акна цямнелася нейчая постаць. Агееў угледзеўся — не, то была не Бараноўская і не хто-небудзь знаёмы. Тады ён ступіў да дзвярэй і выняў з прабоя крук.
Па той бок парога зважліва стаяў немалады ўжо чалавек з густым шчаціннем на шчоках, у мокрым картузе і мокрым, у плямах брызентавым плашчы, з якога сцякалі долу кроплі дажджу. У апушчанай руцэ чалавек трымаў да палавіны накладзеную чымсьці торбу.
— Вам каго? — цераз парог запытаўся Агееў.
— Я ад Волкава, — ціха сказаў мужчына і змоўк, чакаючы адказу.
Унутры ў Агеева штосьці радасна страпянулася, ён шырэй адчыніў дзверы і ўпусціў чалавека на кухню.
— Я так чакаў вас… Праходзьце… Можа, распранецеся.
— Не, — змораным голасам сказаў чалавек. — Няма калі. Тут вось вам… мыла. Перадаць на станцыю сказалі. Ведаеце — каму?
— Да? На станцыю? Мыла?..
Агееў памкнуўся сцяміць усё адразу, каб выразна зразумець сваю задачу, але, мабыць, чагосьці зразумець не мог. Можна было здагадацца, што перадаць трэба Малаковічу, але — мыла?.. Нашто таму мыла?
— Ну, я пайду, — тым часам сказаў чалавек, тупаючы ля парога ў шархоткім плашчы. — Чакаюць мяне.
— Што ж, дзякуй, — амаль расчулена сказаў Агееў, поўнячыся сваёй тайнай радасцю, што вось нарэшце ўспомнілі, даверылі, значыць, прэч падазронасць, сумненні, усё добра. А ён столькі перадумаў, перажыў, перахваляваўся…
Усё поўнячыся радасным ажыўленнем, ён праводзіў госця на двор, зірнуў на пустую вуліцу, якая патанала ўжо ў непагадзі вечаровага змроку. Госць накінуў на картуз капюшон і хутка пакрочыў па двары, цераз гарод да ўзроўка. Напэўна, недзе яго там чакалі. Агееў ні пра што не пытаўся болей (не было для таго ні часу, ні магчымасці), цяпер ён думаў, што наўрад ці мог гэты чалавек яму што сказаць. Відаць, быў ён проста сувязны, якому даручылі перадаць нешта, і ён перадаў. Пра што было гаварыць? Зрэшты, і без размовы сам факт гэтай перадачы сведчыў пра многае, і перш за ўсё пра давер да яго, Агеева. Вось толькі — мыла! Той раз дзіравы абутак, цяпер — мыла… Хаця магло так быць, што і абутак, і мыла былі ў адным ланцугу нейкай складанай залежнасці, пра якую яму не сказалі. Але, можа, так трэба. Ва ўсякім выпадку, цяпер ён быў рады, што доўгая няпэўнасць чакання засталася ззаду, яго жыццё тут зноў набывала сэнс, толькі б пашэнціла, не сарвацца на якой драбязе. Не ведаў ён і нават не думаў, што менавіта з гэтай сустрэчы і з гэтага мыла пачнецца для яго ланцуг самага цяжкога і самага страшнага, што будзе каштаваць яму крыві, здароўя, а ягоным сябрукам жыцця. Але што можа ведаць чалавек пра сваё будучае? Ён не часта задумваецца нават аб перажытым, і трэба час, каб зразумець мінулае, разабрацца, што ў ім на карысць, а што на шкоду. Усё тое нярэдка праяўляецца толькі праз гады ў сваіх няпэўных заблытаных сувязях і не заўжды зразумелых выніках.