Лісце забытых алеяў
Шрифт:
Задума гэтага незвычайнага помніка належыць якраз яму, Генадзю Каханоўскаму. Узнікла яна ў час, калі ён працаваў у краязнаўчым музеі ў Маладзечне. Са сваёй ідэяй ён пайшоў у Маладзечанскі райком партыі. Усе мы добра ведаем, як «рашаліся» такія «пытанні» ў падобных кіраўнічых установах. Усё, што не ўкладвалася ў даўно заезджаныя схемы, што не працавала на марксісцка-ленінскую догму, сустракалася тут з насцярогай. Выкладзеная на паперы ідэя ўзгаднялася, абмяркоўвалася, высвятлялася, абкатвалася і ўрэшце... клалася пад сукно, дзе беззваротна і гінула: хаця б чаго не выйшла! Вырашаць станоўча — азначала браць кіраўніку адказнасць на сябе. А што, калі больш высокі чын «узрит» тут што-небудзь «не тое», не «наши
Але ўсё ж і ў гэтых амярцвелых кабінетах сустракаліся людзі, якія і ў жалезных рамках Сістэмы імкнуліся рабіць нешта для свайго народа. Такім чалавекам быў сакратар Маладзечанскага райкома партыі (па ідэалогіі) Вячаслаў Антонавіч Ляшковіч, які клапаціўся пра беларускую культуру. Да яго якраз і падышоў Генадзь са сваёй прапановай.
Спачатку Вячаслаў Антонавіч засумняваўся, ці варта рабіць такі памятны знак: дагэтуль жа ён не чуў, каб былі дзе-небудзь помнікі дарогам.
— А мы зробім, дык ужо й будзе, — пераконваў Генадзь сакратара.
Але другое сумненне ў Ляшковіча было больш сур'ёзнае:
— А ці не абвінавацяць нас у якім нацыяналізме?
Тут Генадзь заспакоіў Вячаслава Антонавіча тым, што на камені ж будуць выбіты імёны не толькі беларускіх славутасцяў, але і рускіх, украінскіх, літоўскіх... Так што наадварот: помнік будзе «выхоўваць інтэрнацыяналізм».
Застрахаваўшыся такімі довадамі, ідэалагічны сакратар даў «дабро».
Камень для помніка Генадзь знайшоў сам. Яшчэ перад гаворкай з Ляшковічам. Калі вандраваў з сынам Алесем па роднай Маладзечаншчыне. Тры дні ішлі яны ад вёскі да вёскі берагам пакручастай Ушы — ад самых яе вытокаў да вусця. Генадзь расказаў мне, якія багатыя былі ў яго і ў школьніка-сына ўражанні ад сустрэч з прыродай, з людзьмі, ад начлегаў — ці то ў стозе сена, ці ў сялянскай хаце. Генадзь са сваім Алесем адшуквалі па дарозе гістарычныя памяткі, знаёміліся з цікавымі мясцінамі, звязанымі з нейкімі падзеямі мінуўшчыны і славутымі людзьмі. Дарэчы, адной з мэтаў падарожжа было для Генадзя — зацікавіць сына краязнаўствам, нязмушана скіраваць яго на тую ж дарогу, якой ішоў і сам. Такія вось тонкія «педагагічныя прыёмы» далі свой вынік: Генадзеў сын па-сапраўднаму зацікавіўся гісторыяй роднага краю, пайшоў вучыцца на гістарычны факультэт універсітэта, стаў, як і бацька, кандыдатам гістарычных навук. Выдатны прыклад разумнага ненавязлівага выхавання!
Але вернемся да тэмы нашай гаворкі. Камень, пра які мова, Генадзь з сынам знайшлі якраз у ваколіцы Мясаты, недалёка ад Ушы-ракі. Асабліва прывабіў ён Генадзя тым, што сваім пярэднім бокам нагадваў у контуры карту Беларусі.
Калі помнік быў устаноўлены, пра яго загаварыла прэса. Нават «Правда» і «Известия» яго заўважылі. І недарэмна: сэнс каменя-знака, думаю, не толькі ў тым, каб увекавечыць памяць пра выдатных людзей, якія сюдой праязджалі. Гэта ж у першую чаргу — помнік Дарозе, па якой з Еўропы на Беларусь, а з Беларусі далей — у Масковію — ішла культура. Ну, а ўсё лепшае, мусіць, і ў адваротным кірунку.
Месца нараджэння Тамаша Зана шукаць нам доўга не трэба было. У цэнтры Мясаты кожнаму кідаецца ў вочы стары, абшарпаны, з аблезлай атынкоўкай даволі вялікі будынак. Гэта — дом паноў Тышынскіх, якія жылі тут аж да 1939 года. Яшчэ нядаўна тут была школа, пакуль пабудавалі новую, амаль побач. Дом, як піша ў «Зборы помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» Анатоль Кулагін, пабудаваны ў пачатку нашага стагоддзя. Пабудаваны, вядома ж, на месцы, дзе некалі, яшчэ ў канцы XVIII стагоддзя, стаяў іншы дом, у якім і прыйшоў у свет Тамаш Зан і ад якога цяпер не засталося і следу.
Зрэшты, «след» ёсць — гэта сама сядзіба, «двор», як і цяпер яе называюць. Ад вуліцы і з бакоў сядзіба абсаджана раўнюткімі шэрагамі таполяў, ліп, клёнаў, ясеняў, бяроз. Адразу ж за сядзібай між аеру ды асакі шыецца ўнізе рачулка Пісараўка (некалі яна называлася Мясата), тут жа, каля вёскі, яна зліваецца з Ушой. Як расказаў нам васьмідзесяцітрохгадовы Аляксей Васільевіч Бурак, да якога мы завіталі, раней тут было чысцюткае возера, што аж кішэла рыбай. Сам Аляксей Васільевіч быў млынаром. Млын таксама стаяў тут недалёка. Добра помніць ён і пана Казіміра Тышынскага, які быццам быў міністрам шляхоў зносін Польшчы. Яго пад старасць «вазіў халуй на калясцы». Бываў Аляксей Васільевіч і ў панскіх пакоях. Усё там выглядала прыгожа, чыста, светла. Люстры, карціны, кнігі. Калі ў 1939 годзе «прыйшлі сюды бальшавікі», паны паўцякалі. Дом быў разрабаваны, кнігі парасцягвалі. У доме цяпер — нейкі склад. Зарасло, засыпалася зямлёй і тое чароўнае возера.
На гэтай сядзібе, дарэчы, нарадзіўся і жыў вядомы ў Польшчы літаратурны крытык XIX стагоддзя Аляксандр Тышынскі, які тут і памёр.
Мясата — даволі вялікая вёска: яе адзіная вуліца цягнецца, мусіць, кіламетры два. Але мы захацелі прайсці яе з канца ў канец. Кожная ж вёска нечым цікавая. Во старая, традыцыйнай пабудовы хата з патрэсканымі бярвёнамі сценаў, з маленькімі вокнамі. А як не спыніцца перад гэтымі разьбянымі ліштвамі, не паразгадваць, што ўкладваў гаспадар-разьбяр у свае малюнкі-сімвалы. Там бачым цікавы двор, зарослы зялёнай муравой, з роўненька вытаптанай, нібы ток, белаватай дарожкай паўз вокны хаты. Там нашы вочы запыняюць па-мастацку аздобленыя вароты, акуратны гожы плот, за якім раскашуе белаватае суквецце памятнай з дзяцінства шышкастай гашты...
Людзей на вуліцы сустракаем не шмат — усе ў агародах ды на сотках за хатамі: цяпер жа самая пара парадкаваць гародніну, капаць бульбу.
Зайшлі ў сельскую бібліятэку: якраз была адчынена. Стэлажы застаўлены кнігамі. Газеты, часопісы. Толькі «самаадукоўвайся»!
Маладая дзяўчына, бібліятэкарка, расказала, што чытачоў у бібліятэцы нямала. Простыя вяскоўцы.
Сама дзяўчына жыве ў Маладзечне, ездзіць сюды на работу электрычкай. Работа ёй вельмі падабаецца. І сама вёска. Тым больш што і яе бацькі родам адсюль, з Мясаты. Прозвішча іх — Сушко. Пачуўшы гэтае прозвішча, я адразу ўспомніў нататку пра Мясату ў «Геаграфічным слоўніку каралеўства Польскага і іншых краёў славянскіх» (што выдадзены ў Польшчы ў XIX стагоддзі), у якой расказваецца, што ў XVIII стагоддзі ўся вёска разам з людзьмі была спалена шведамі (гітлераўцы, значыцца, былі не першыя, хто такім жахлівым спосабам вынішчаў беларусаў). З усёй Мясаты тады выратаваўся адзін чалавек — Сушка. «Цяпер там, —пісалася ў слоўніку, адпаведны том якога выйшаў у 1885 годзе, — многа Сушкаў». Вось гэтак, усё нейкім цудам, і выжывалі мы, беларусы, у гісторыі.
Пасля Мясаты жонка паўстанца з малымі дзецьмі на руках ізноў апынулася ў Селішчы, куды неўзабаве, пачуўшы пра амністыю, вярнуўся і сам Кароль Зань. Застаўшыся цяпер без сваіх уладанняў (да яго страт, вядома ж, прычыніўся ягоны актыўны ўдзел у «касцюшкаўскай інсурганцыі»), ён мусіў шукаць работу ў заможных гаспадароў. Былы паўстанец уладкоўваецца аканомам у адстаўнога палкоўніка польскіх войск Трэмбіцкага ў недалёкім маёнтку Вязынь.
Тут, у Вязыні, і прайшло маленства Тамаша, тут браў ён «навуку жыцця», тут у дзяка Аляшкевіча пачаў вучыцца грамаце. Адсюль маці адвозіць потым малога да сваіх бацькоў у мястэчка Узду, дзе ўладкоўвае яго ў парафіяльную школу. Пасля смерці дзеда Тамаш разам з бабуляй ізноў вярнуўся да сваіх бацькоў у Вязынь. Цяпер хлапчук працягвае вучобу ў гувернёра Калантая ў суседняй Слабадзе (вучыцца разам з дзецьмі нейкіх Мікуцкіх). Праз некалькі месяцаў, у 1807 годзе, яго разам з малодшым братам Ігнасем пасылаюць у Мінск, у гімназію.