Лісце забытых алеяў
Шрифт:
Тамашу Зану запомніліся таксама многія настаўнікі-прадметнікі. Польскую літаратуру, напрыклад, вёў экс-езуіт Феліцыян Міхалоўскі, які сам любіў свой прадмет і перадаваў гэтую любоў вучням. Гісторыю права выкладаў памочнік дырэктара гімназіі Ян Лапінкевіч, фізіку — Ігнат Абламовіч, латынь і грэчаскую мову — Кароль Тгыль, матэматыку — Ян Сухецкі, маляванне — Ігнат Брушкевіч. Гімназійным капелянам быў Ян Жылінскі, які імкнуўся абуджаць у дзяцей польскі патрыятызм. Нямецкую мову і літаратуру выкладаў вельмі дасведчаны і паважаны ўсімі настаўнік Готліб Стэнзлер, але нават яго лекцыі з усёй гімназіі наведвала, напрыклад, у 1808 годзе ўсяго 13 чалавек. Французскай мове ў гімназіі не пашанцавала, бо яе выкладаў зусім не падрыхтаваны стары француз Джон Підо. Што ж да рускай мовы, то яе вёў да 1809 года былы вайсковец Андрэй Захарэўскі з Магілёўшчыны, на лекцыі якога збіраліся хіба што пасваволіць
Важным момантам навучання ў Мінскай гімназіі было тое, што яна імкнулася даць выхаванцам як мага болей практычных ведаў, асабліва звязаных з гаспадараннем на зямлі.
Тамаш Зан вучыўся добра, ён належаў да найбольш здатных вучняў. Вось яго адзнакі, пастаўленыя, відавочна, настаўнікам аднаго з першых класаў: «Тамаш, сын Кароля, Зань з Вілейскага павета, католік, гадоў Ю. Здароўе — добра, уважлівасць — добра, латынь — добра, маральнасць — добра, геаграфія — добра, арыфметыка — добра, фармаванне характару — добра». У старэйшых класах Тамаша Зана асабліва адзначалі за добрае веданне матэматыкі, фізікі, за поспехі ў маляванні.
Актыўны ўдзел браў Тамаш Зан і ва ўсіх студэнцкіх зборах і забавах. З трэцяга класа навучэнцы ўтваралі сваё вучнёўскае кіраўніцтва, свае суды. Як відаць, у Мінскай гімназіі і набыў Тамаш Зан першы вопыт самастойных студэнцкіх згуртаванняў.
Вядома ж, шмат дало Тамашу Зану для агульнага развіцця і тагачаснае грамадскае жыццё Мінска. Перш за ўсё студэнты не маглі не наведваць прадстаўленні Мінскага тэатра, які месціўся ў тым жа будынку, што і гімназія. А па-за сценамі гімназіі, тут жа, на Высокім рынку, які з XVII стагоддзя зрабіўся адміністрацыйным, гандлёвым і культурным цэнтрам Мінска, можна было ўбачыць прадстаўленні батлейкі, вандроўных скамарохаў, дрэсіраваных смаргонскіх мядзведзяў, розныя шэсці, абходзіны рэлігійных свят. Асобныя вобразы з тагачаснага побыту мінчан запомніліся Зану назаўсёды: «Яўрэйка з абаранкамі, немец з грэцкімі піражкамі, званар-езуіт, вар'ят Янка, смаргонскія мядзведзі, гукі царкоўнага звона, сад Карнеева, Залатая Горка і Кальварыя, архірэй Пацёмкін — вакол усяго гэтага і круціліся думкі мінскіх дзяцей да 1812 года».
Як бачым, тут згадваецца і немец з грэцкімі піражкамі, вобраз якога вывеў потым Тамаш Зан у сваёй камедыі «Грэцкія піражкі».
Тут, у Мінскай гімназіі, робіць Тамаш Зан і свае першыя спробы ў паэзіі. Як прыгадвае ён сам, настаўнік Брадоўскі, навучаючы дзяцей правільна выкладаць свае думкі, загадваў ім перарабляць вершы Нарушэвіча і Красіцкага на прозу, а прозу, казкі — на вершы. Тамаш Зан на аснове пачутай ад бабкі Далеўскай беларускай народнай казкі пра курку і знесенае ёю залатое яйка напісаў даволі вялікі верш, здзівіўшы ім і вучняў, і настаўнікаў.
Самымі блізкімі сябрамі Тамаша Зана ў Мінскай гімназіі былі браты Верашчакі з Наваградчыны — Міхал і Юзаф. Асабліва моцна падружыўся ён з дабрадушным і таварыскім Міхалам. Іхняя дружба цягнулася ўсё жыццё. Дзякуючы ёй Тамаш Зан пазнаёміўся і пасябраваў потым з сястрой Верашчакаў Марыляй: у час навучання ў Віленскім універсітэце ён быў частым госцем у іх маёнтках — у Туганавічах і Плужынах. Якраз праз Тамаша Зана ўведаў Марылю і Адам Міцкевіч. Цікавая ўзнікае тут думка: гэта ж калі б не было Мінскай гімназіі, якая звяла Верашчакаў і Зана, Адам Міцкевіч, пэўне ж, ніколі не ведаў бы нават пра існаванне Марылі, а значыць, не было б якраз гэтага яго вялікага кахання да яе, а тады, у сваю чаргу, не было б ні «Дзядоў», ні «Пана Тадэвуша», ні мноства выдатных міцкевічаўскіх балад, санетаў, вершаў, на якія натхніла паэта яго каханая, інакш кажучы, не было б вялікага паэта сусветнага значэння, не было б Адама Міцкевіча! Вось што такое яго вялікасць Выпадак! Ці, можа, — Збег Акалічнасцей? А мо ўсё гэта называецца проста — Наканаванне?
І на завяршэнне — думкі, на якія наводзіць знаёмства з навучаннем у Мінскай гімназіі. Гэта была тыповая на Беларусі навучальная ўстанова. На яе прыкладзе можна бачыць наогул характар асветы на беларускіх землях у пачатку XIX стагоддзя. Як Мінская гімназія, так гімназіі і іншыя навучальныя ўстановы ў беларускіх гарадах, мястэчках, сёлах былі польскія. Выкладанне ўсіх прадметаў вялося на польскай мове, усе настаўнікі павінны былі выхоўваць у дзяцей польскі патрыятызм, даводзіць, што яны — палякі, а ўсе беларускія правінцыі — неад'емная частка Польшчы.
Гэта была сапраўдная польская экспансія на Беларусі, яе «ціхая» заваёва, пра якую нашы гісторыкі гавораць чамусьці — мо з нашай традыцыйнай беларускай далікатнасці? — напаўголасу. Пачалася яна, зрэшты, многа стагоддзяў назад, з аб'яднання Вялікага княства Літоўскага і Польшчы ў 1385 годзе, калі палякі ў выніку Крэўскай уніі пасадзілі на свой трон вялікага князя літоўскага Ягайлу. З гэтага часу пры дапамозе каталіцызму польскія феадалы павялі паступовую, але няўхільную паланізацыю Беларусі, вынікам якой стала амаль поўнае апалячванне к XIX стагоддзю верхніх, найбольш адукаваных слаёў беларускага грамадства. Гэтая вялікая нацыяналь ная трагедыя павяла за сабой такія страты ў культуры, якія нам ніколі не ўдасца нават падлічыць.
Здавалася б, з канца XVIII стагоддзя, калі Беларусь была адарвана ад Польшчы і далучана да Расіі, працэс паланізацыі будзе спынены. Але атрымалася якраз наадварот. Цар Аляксандр І, імкнучыся задобрыць польскую грамадскасць, даў палякам самыя шырокія правы ў Беларусі, на якую ў Расіі глядзелі як на частку Польшчы. Палякі ж са стратай сваёй дзяржаўнасці прыкладалі ў гэты час усе намаганні для згуртавання гвалтоўна падзеленай на часткі нацыі. Важнейшым сродкам такога згуртавання была асвета. У Беларусі кіраваць ёю цар даручыў свайму прыбліжанаму, польскаму магнату Адаму Чартарыйскаму. «Няма чаго казаць, — успамінаў потым А. Чартарыйскі, — што я выкарыстаў добрыя да мяне адносіны цара і скіраваў галоўную ўвагу на грамадскую адукацыю, якой з гэтага часу надаў нацыянальны характар... Віленскі універсітэт цалкам зрабіўся польскім; я запрасіў туды лепшых вучоных з маіх суайчыннікаў і некаторых вядомых вучоных з іншаземцаў... На працягу далейшых гадоў уся паверхня Польшчы (тут перш за ўсё маецца на ўвазе Беларусь, Літва, частка Украіны, дзе распаўсюджвалася яго «папячыцельства») пакрылася школамі, у якіх дадзена была поўная свабода развівацца польскасці». Ян Снядэцкі, рэктар Віленскага універсітэта ў 1807-1815 гадах, навучальнай установы, на якую была ўскладзена арганізацыя асветы на Беларусі, загадваючы інспектарам школ звяртаць галоўную ўвагу на вывучэнне там польскай мовы, даводзіў ім, што «гэта неабходна для таго, каб вучні перасталі быць чужаземцамі на сваёй зямлі і каб пры дапамозе вывучэння польскай мовы станавіліся сапраўднымі сынамі айчыны». Інакш кажучы, каб беларусы на сваёй, беларускай зямлі станавіліся палякамі — усё шыварат-навыварат! Трэба з сумам канстатаваць, што паланізатарам Беларусі ўдалося зрабіць тут шмат.
Вучыцца далей у Мінскай гімназіі перашкодзіла Тамашу Зану хвароба. Таму бацькі вырашылі забраць яго разам з братам Ігнасем дамоў. А «домам» іхнім стаў цяпер фальварак Выверы, які бацькі ўзялі ў арэнду.
Выверы былі селішчам Заняў аж да 1819 года, пакуль уладальнікі фальварка Юшынскія не прадалі' яго Міхалу Агінскаму. Тут прайшлі самыя яркія дзіцячыя і юнацкія гады Тамаша Зана. У зборніку «Перапіска філаматаў» у пяці тамах вельмі часта мільгае гэтая назва, праўда, трохі перайначаная — Іверы: сюды, да бацькоў, ляцелі з Вільні многія лісты Тамаша Зана, сюды прыяздлсаў ён сам на канікулы, тут любіў блукаць па ваколіцах.
І вось мы ідзём з Генадзем Каханоўскім у Выверы. Чорнае, нядаўна ўзаранае поле непадалёк ад дарогі, вясёлы гурт маладых фарсух-бярозак у вабнай зялёнай даліне, сіняя палоска лесу каля небакраю. Занавы ваколіцы.
Спачатку мы завіталі ў школу. Там даведаліся, што на месцы былога фальварка жыве цяпер сама завуч школы Соф'я Васільеўна Галюк з сям'ёй. Доўга не думаючы, пайшлі шукаць яе двор.
У агародзе перад домам адразу ўбачылі пажылую жанчыну. Гэта была маці Соф'і Васільеўны Марыя Іванаўна Акуліцкая. Сустрэла яна нас з насцярожанасцю. Але калі расказалі ёй, хто мы і чаго завіталі, яна з ахвотай пачала ўспамінаць пра былую панскую сядзібу. Убачыўшы нас, падышоў к плоту з суседняга двара немалады, са здаровым сялянскім загарам чалавек, які назваўся Уладзімірам Захаравічам Акуліцкім.