Лісце забытых алеяў
Шрифт:
У Рэпіхаве, куды пераехала сям'я Чачотаў недзе на сумежжы двух стагоддзяў — XVIII і XIX, і праходзілі дзіцячыя гады паэта. Але, мусіць, не толькі ў самім Рэпіхаве, а яшчэ недзе паблізу — на рацэ Мышанка, як відаць з твораў Яна Чачота: што ж, беззямельнаму Тадэвушу Чачогу, бацьку паэта, даводзілася не раз мяняць месца службы. Як бы там ні было, да ад'езду на вучобу ў Наваградак Ян Чачот быў з бацькамі ў Навамышанскай каталіцкай парафіі, у якую ўваходзіла і Рэпіхава. Усё ж нездарма Адам Міцкевіч называў Чачота — «Ян з Мышы».
Тут, у ваколіцах Новай Мышы, Ян Чачот і пазнаў жыццё беларускага селяніна, яго мову, назаўсёды палюбіў і запомніў яго песні, казкі, паданні. Пра зацікаўленасць Яна Чачота, яшчэ ў дзіцячыя гады беларускім фальклорам сведчаць яго балады «Калдычэўскі шчупак», «Мышанка»,
У баладзе «Калдычэўскі шчупак» Ян Чачот скарыстаў паданне пра шчупака, які пераплыў нейкай падземнай ракой з Калдычэўскае возера (яно было непадалёк ад селішча Чачотаў, у цяперашнім Баранавіцкім раёне) у возера Свіцязь. У аснову балады «Мышанка» леглі аж два пачутыя ў маленстве паданні. Першае — пра дачку нейкага Мышкі, вельмі гожую дзяўчыну, якая, уцякаючы ад рыцара з княжацкага замка, кінулася ў раку — толькі б не трапіць у рукі гвалтаўніка; ён жа, гэты рыцар, на месцы гібелі дзяўчыны загадаў закласці горад, даўшы яму назву Мыш. Другое паданне, якое скарыстаў у сваёй баладзе Ян Чачот, таксама было пра паходжанне назвы гэтага мястэчка: чалавек, які яго залажыў, быццам бы сказаў, што назаве яго той істотай, якую першай убачыць, устаўшы раніцай; першай жа ўбачыў ён мыш...
У баладзе «Мышанка» Ян Чачот прапеў сапраўдную песню замілаванасці рацэ свайго маленства:
О, мілы ўспамінак! Рачулка Мышанка! Ізноў цябе бачу я ў бляску заранак. Ты першая ў свеце мая каханка, Праплыў тут жыцця майго ранак*.Недзе тут, у сваёй Навамышанскай парафіі, пачуў Ян Чачот і праўдзівае, вельмі жудаснае паданне (што ўзнікла з сапраўднага факта) пра ліхога пана-прыгонніка з маёнтка Узногі, паданне, якое вылілася потым у адну з найцікавейшых балад паэта. Паколькі балада вельмі многа дае нам для разумення Яна Чачота, паколькі яна зусім недвухсэнсоўна паказвае яго ярка выражаны дэмакратызм, яго адносіны да прыгнечанага беларускага люду і стаўленне да жорсткіх і хцівых прыгоннікаў, урэшце, да самога прыгону, трэба спыніцца на гэтым даволі вялікім і важным у многіх адносінах творы больш падрабязна.
Пачынаецца балада Яна Чачота грозным папярэджваннем пана, уладальніка маёнтка Узногі сваім падданым:
Гэй, хамы нягодныя! Я вам дазволіў У лесе маім браць — і то па білету — Падгнілую леж усяго, і каб болей Не ссеклі і розгі — запомніце гэта! Гэй, хамкі нікчэмныя! Красці — даволі! Каб болей ні ягадкі з лесу, ні грыба! Ну, хіба ж вы сеялі іх тут, палолі? Маё усё гэта, мая тут сядзіба! І вашыя душы, як гэтыя дрэвы, Належаць мне толькі па праву. Каб зналі: не будзеце слухаць мяне вы, Знайду на вас хутка я ўправу! І ты будзь жа пільны заўсёды, ляснічы, Ды пушчу вартуй адмыслова. У тых, хто залезе сюды па здабычу, Здзірай кажухі з плеч без слова! Ніводны звярок і ніводны арэшак Прапасці ў мяне не павінен! Запомняць хай добра: не любіць пан смешак. Усіх пакарае, хто вінен!..*Раскрыўшы перад чытачом хцівае, нікчэмнае нутро самазадаволенага прыгонніка, Ян Чачот са спагадай паказвае бязвыхаднае становішча бяспраўнага беларускага мужыка, які не можа выконваць поўныя самых страшных пагроз загады свайго пана:
Ды хто ж гэта жыць мужыку забароніць! Ці ж можна уседзець у цёмнай хаціне, Дзе ў місе крупіна крупы не дагоніць, А скваркі, малой хоць, няма і ў паміне? А прыйдзе вясна — скрозь падчысціць падполлі, Не знойдзеш нідзе і з мякінаю хлеба. Адна крапіва. Ды і тая без солі. За нешта ж купіць яшчэ соль гэту трэба. Таму вось мужык красці дрэва і лезе, На рынак вязе — хоць на грошык разжыцца. Дармо, што бізун панскі бачыцца ў лесе — Ну, хіба ж жывому ў магілу лажыцца?*Растлумачыўшы такім вось чынам, што да чаго, Ян Чачот прыступае да канкрэтнага апавядання пра беднага селяніна, які, запрогшы схудалыя валы і заткнуўшы за пояс сякеру, глухім часам выпраўляецца ў панскі лес у дровы. Але толькі пачаў ён класці тыя дровы на воз, як падскочыў ляснічы. Назаўтра па загаду жорсткага пана слугі хапаюць селяніна, прывязваюць да азярода і б'юць розгамі і вяроўкай. Скатаваны селянін ледзь даходзіць да сваёй хаты, дзе і памірае. Разам з ім памірае ад голаду і знясілення і яго хворая жонка. У хаце засталіся толькі малыя дзеці і стары дзядок. Старшая дачка памерлых, каб неяк накарміць сваіх меншых брацікаў і сястрычак, крадком ідзе ў лес —сабраць ягад. Але і яе заспяе там ляснічы, які цягне дзяўчыну ў двор да пана. Пан загадвае прынесці розгаў, агаліць бедную дзяўчыну і, не зважаючы на просьбы дамашніх, лупцаваць тымі розгамі.
Расказваючы пра гэтыя дзікія катаванні, Ян Чачот бескампрамісна становіцца тут на бок пакрыўджаных, на бок запрыгоненага селяніна, якога хоча абараніць ад разбэшчаных «уладароў падданых душ», ад прыгону наогул:
Дачка дарагая! Унучка мая ты! Каб быў там я ў гэту часіну, Я ганьбіць цябе не дазволіў бы катам, Лепш сам пры табе я загінуў!..* Дзяўчына, расказвае далей Ян Чачот, не вытрымала катаванняў: Памерла ад голаду, болю і сораму, Адпомсціць за ўсё даручаючы Богу*.З дарослых у сям'і застаўся цяпер стары дзядуля. Каб пакарміць унукаў, дзядок падаўся ў бліжэйшае мястэчка — выжабраваць хлеба. Па дарозе ён зайшоў у лес і пачаў выламваць сабе падарожны кій. Гэта ўбачыў той жа ляснічы, які і прывёў старога да панскага палаца. Пан размахваецца і б'е дзядка, які падае долу і тут жа памірае, «за ўсё сваё загубленае племя помсту даручаючы Богу».
Пасля гэтага малыя дзеці пайшлі самі жабраваць, а гаспадарку пан перадаў другому селяніну. Так жорстка была загублена панам сялянская сям'я.
Але на гэтым балада не заканчваецца.
Калі надышоў час збору арэхаў, апавядае далей Ян Чачот, гаспадар Узногаў едзе з сям'ёй і слугамі ў лес. Тут усім гуртам збіраюць арэхі, якіх багата ўрадзіла ў той год. Але нечакана грыміць сярод яснага неба гром, што запальвае лес. Аўтар падрабязна апісвае лясны пажар, у якім гіне панскае дабро.
Каб узмацніць эфект кары пану за ўсе яго злачынствы, паэт уводзіць у канву апавядання казачныя матывы. Лясныя птушкі, замест таго каб уцякаць ад пажару, ператвараюцца раптам у прывіды закатаваных панам мужыкоў, кідаюцца на свайго прыгнятальніка і яго сям'ю і раздзіраюць усіх на кавалкі...
Сваю баладу Ян Чачот заканчвае разважаннем пра сялянскую нядолю, заклікае да вызвалення селяніна ад прыгону — так, як гэта зроблена за мяжой, у «чужых краінах», дзе сяляне цяпер быццам бы сталі самі «як паны».
Пра тое, як дапамагалі Яну Чачоту ў яго паэтычнай практыцы пачутыя ў маленстве беларускія народныя казкі, паданні, песні, прыказкі і прымаўкі, а таксама захаваныя ў памяці звычаі, павер'і селяніна, можна б было гаварыць яшчэ вельмі многа.
Прывабліваюць балады Яна Чачота і тым, што ў іх даюцца апісанні рэальных, а не выдуманых мясцін, паказваюцца часта рэальныя людзі, якіх аўтар ведаў сам, сапраўдныя жыццёвыя факты. Адзін толькі цікавы момант. У баладзе «Звон на горцы ў Пазяневічах» сустракаецца імя нейкага Антосіка, якому прысвячаецца цэлая страфа: