Лісце забытых алеяў
Шрифт:
Аўтар нідзе не дае тлумачэння, што ж гэта быў за Антосік. Як паказваюць польскія даследчыкі, Ян Чачот упамінае тут рэальную асобу — непісьменнага пастуха з вёскі Дарава пад Баранавічамі Антося Голеца, які з пятнаццаці гадоў стаў вядомы як знахар, што лячыў у 1814-1816 гадах самыя розныя хваробы. Цікава, што да яго трапіла была і маці Адама Міцкевіча са старэйшым сынам Аляксандрам, пра што ён успамінае сам у адным з пісем.
Многа пісалася тады пра цудадзействы Антосіка ў віленскім друку. Наслухаўшыся пра незвычайныя здольнасці Антосіка,
Пра Антосіка Ян Чачот, вядома ж, чытаў у газетах. Але ведаў ён пра незвычайнага лекара яшчэ, як зноў сцвярджаюць польскія даследчыкі, да шуміхі вакол яго імя ў друку: Антосік жа быў з родных мясцін паэта...
І такіх прыкладаў «жыццёвасці» балад Яна Чачота можна б было даць тут нямала.
Інакш кажучы, калі добра прыгледзецца да творчасці Яна Чачота, то няцяжка ўбачыць, што якраз тут, у Рэпіхаве, у ваколіцах Новай Мышы і Баранавіч, яе самыя глыбінныя карані.
Чыстая і звонкая раніца, ужо добра выстуджаная здаровым перадзімнім холадам. Барвовае, зусім няцёплае сонца, якое колькі хвілін назад неяк незаўважна ўсплыло над узгорыстым полем, толькі там-сям прабіваецца на цемнаваты асфальт скрозь даволі густую яшчэ тут лістоту пасвятлелых ясеняў і заўсёды зялёных таполяў, што дзвюма роўнымі сценкамі выструніліся ўздоўж дарогі. Кроны іх так перапляліся ўверсе, што здаецца, быццам мы едзем доўгім зялёна-залатым тунелем.
Ён, гэты тунель, толькі зрэдку перарываецца невялікімі прагаламі, поўнымі такога вабнага ўвосень сонца.
Пераначаваўшы ў Валеўцы, у гасціннага гаспадара добра дагледжанага вясковага дома, вядомага краязнаўца, аўтара даволі змястоўных кніг пра паходы школьнікаў па шляхах паэтаў і герояў роднага краю настаўніка Уладзіміра Аляксандравіча Урбановіча, мы прастуем у старажытны, слаўны многімі падзеямі свайго вельмі цікавага гістарычнага мінулага горад Наваградак.
І вось яны — дзе брукаваныя каменем, дзе заасфальтаваныя, а дзе і проста «без пакрыцця» — вулачкі і вуліцы вечна новага, хоць і старога горада.
Спачатку мы спрабуем коламі машыны брукаванкі садовай ускраіны. Тут можна пачуць яшчэ голас пеўня, убачыць у глыбіні цеснага ад розных прыбудовак і дрэў двара, як жанчына, закасаўшы па локаць рукавы кофты, мые ў цынкавых ночвах, пастаўленых на старым услоне, бялізну, улавіць вухам глухі шоргат рыдлёўкі, якой перакопваюць — відаць, ужо на зіму — агарод...
Тут гэтак жа, як і было у Ягоную пору: таксама пахне мятай, той самы вецер ад бору... Тут тая ж мова і песні, тыя ў садку незабудкі, толькі болей галасу ў сённяшнім Навагрудку.Гэта ўсплылі ў памяці перакладзеныя мною раней радкі верша польскага паэта Станіслава Рышарда Дабравольнага, які хацеў у ім выказваць сваё ўражанне ад наведання радзімы Адама Міцкевіча.
Брукаванка прывяла нас на цэнтральную плошчу горада, дарожны знак падказаў месца аўтастаянкі, куды мы і павярнулі. Стаянка была ў двары напалову разбуранага, з грудамі бітай цэглы і друзу ўсярэдзіне даўняга дамініканскага касцёла Святога Міхала, да якога, як сказаў мне Леў Паўлавіч, і прымыкала тая школа, дзе вучыліся ў пачатку XIX стагоддзя Адам Міцкевіч з Янам Чачотам. Гэта тут пачыналася дружба вялікага польскага паэта з пачынальнікам новай беларускай літаратуры, дружба, якую абодва яны пранеслі праз усё жыццё.
І Чачот, і Міцкевіч пра сваё сяброўства ў Наваградскай школе заўсёды ўспаміналі з цеплынёй, даражылі і ганарыліся гэтым сяброўствам. Калі ў 1818 годзе філаматы святкавалі дзень нараджэння Адама Міцкевіча, Ян Чачот, як бы парушаючы загадзя падрыхтаваны сцэнарый урачыстасці, весела, па-сяброўску перапыніў Тамаша Зана, які першы выйшаў вітаць імянінніка, і сам узяўся «зачынаць» гэту ўрачыстасць, кажучы вершам так: «Мы склалі з Занам сцэнарый: ён павінен быў пачынаць свята, а я меўся заканчваць яго і прынесці вершы «на дэсерт». Але даруй мне, Тамаш, што... мушу разбурыць наша тварэнне. Бо якім вокам глянуў бы на мяне Адамэк, калі б ты пачаў весці рэй, а я сядзеў у кутку, як дурачына (я, нашай супольнасці частачка!), нічога не кажучы, хоць мне столькі можна расказаць пра нашу дружбу. Ён сказаў бы тады: «А дзе ж мой сябрук, з якім у адной школе лёталі па калідорах, лазілі па брамках і брамах, ловячы аднаго з папоўскіх прыслужнікаў і даючы яму добрага чосу, а калі той усчынаў дзікі піск, мы, брыдзячыся, са смехам адпускалі яго і на голас званка хутчэй беглі ў клас... А хто лепей, чым я з Янам, карыстаючыся шыфраванай мовай, абдурваў прафесараў?..» Думаў бы яшчэ Адам, што я забыўся пра нашы клятвы на Псей-горцы памагаць адзін аднаму, стаяць гарой адзін за аднаго... Хоць мы ў сваволі трацілі маладыя гады, заўсёды на чале класа стоячы ў мілай згодзе, перамагаючы ўсіх адвагай, часцей балбатнёй, былі мы першыя ў нікчэмным вучэнні... Хаця нас пераўзыходзілі іншыя сваім выглядам: былі высокія, як чаплі, а мы, як сарокі, малыя, усё ж святыя дамініканцы, якім мы смела і горда, са з'едлівай насмешкай выказвалі сваю агіду, міжволі адводзілі ад нас узброеную бізуном руку...»
У сваю чаргу Адам Міцкевіч склаў да дня нараджэння Яна Чачота 24 чэрвеня 1819 года свае прывітальныя «ямбы», у якіх таксама ўспомніў школьныя часы ў Наваградку:
Яне! Музы наперабой бляск твайго верша ўслаўляюць, Мне ж памагчы не хочуць — я сам заспяваю. Са мной ты заўсёды — дома я ці ў прыволлі: Каго ж больш люблю я, хто ж мілейшы мне болей? Яшчэ на парозе жыццёвым, у галасе вуліц, Адны ў нас навукі былі, перапалкі і гулі. Хто ж, апроч нас з табой, Яне, гэтак сваволіў, Што аж трэсліся сцены, бывала, у школе? Хто ж да нас белакаптурным так смела пярэчыў, Пад палкі іх горда падстаўляючы плечы?.. Хаця гіра чарцей мы спрачаліся да пасінення, Хаця, пра душу маю дбаючы, на богамаленні Мяне ты з аблок, куды я ўсё лётаў у марах, Зноў да Бога вяртаў, таўхануўшы мне ў карак, Думка адна ўсё ж была ў нас, адна да навукі рахуба, Пакуль не ўзяў цябе ў лапы свае Людвік Дзюба2. Пачаў ты тады ад стоіцкіх цнот ухіляцца І жыць не так набожна, жыццём захапляцца. Тады, сіл паднабраўшы, нібы з крыніцы чароўнай, Ты перамог Адама фізічна й духоўна...*Як відаць з гэтых сяброўскіх прызнанняў, ні Адама Міцкевіча, ні Яна Чачота ўжо не задавальнялі казённыя, часта схаластычныя «навукі», якія ім убівалі ў галовы з дапамогаю бізуноў «белакаптурныя» (ад адзення — белы каптур) — святыя ксяндзы-дамініканцы, каго яны не раз «абдурвалі» сваёй «шыфраванай мовай». З затхлых цемнаватых калідораў дамініканскай школы іх неадольна цягнула на волю, на прастор, дзе віравала сапраўднае жыццё, з усімі яго бедамі і радасцямі, з яго здзіўляючымі кантрастамі і супярэчнасцямі, і дзе людзі рупіліся зусім іншымі, чым у школе, вельмі далёкімі ад кніжных, турботамі. Неадрыўныя ад жыцця, ад свайго мінулага і сучаснасці, гэтыя людзі часта ў саміх сабе неслі гісторыю: напрыклад, бацька Адама Мікалай Міцкевіч быў удзельнікам паўстання пад кіраўніцтвам славутага, ужо авеянага легендамі мяцежнага генерала Тадэвуша Касцюшкі і мог нямала цікавага расказаць сыну, як і яго сябру, Яну Чачоту.