Лісце забытых алеяў
Шрифт:
Эдуард Іванавіч паказаў мне, дзе былі «пакоі», спальня, калідор, лесвіца на вышкі, дзверы і, нарэшце, пакой, дзе звычайна спыняўся Янка Купала. Два акны Купалавага пакоя — ён быў вуглавы — выходзілі ў сад: адно, здаецца, на поўдзень, другое — на захад. Перад самымі вокнамі цвілі на клумбах кветкі, раскашавалі кусты руж. З акон відаць былі дубы, клёны, ясені, хвоі недалёкага лесу, прасвечвалася шырокімі прагаламі поле. Не дзіва, што так добра пісалася тут паэту.
Цяпер пасярэдзіне пакоя Янкі Купалы гаманіла з ветрам выгоністая бяроза. На месцы ж кветнікаў разрасліся суцэльнай сцяной здзічэлыя кусты руж — тыя самыя, што бачыліся з акна паэту. Вакол хаты
Недалёка ад хаты мы знайшлі рэшткі калодзежа, які даўно аб'ехаў — цяпер гэта была неглыбокая яміна, з камянямі. З яміны цягнуліся ўвысь два тонкія маладыя дубкі. Эдуард Іванавіч падводзіў мяне туды, дзе былі раней гаспадарчыя пабудовы — ад іх заставаліся цяпер толькі камяні падмуркаў ці невысокія, амаль зроўненыя з зямлёй травяністыя валкі. Во тут стаяла «высакаватая будачка» — капцільня («раней яна называлася вяндлярня»). Тут — хлявы («і коні ў адным стаялі»). Тут — пуня. Тут — гумно, у якім была конная малацілка. Тут стаялі два свірны: у адным — «ссыпалі дабро», у другім, добра помніцца Эдуарду Іванавічу, віселі хамуты, сядзёлкі і ўсякія іншыя рэчы («нейкі склад быў»).
Мы абышлі ўсю, яшчэ даволі вялікую паляну. Якая разнастайнасць парод дрэў у Акопах, вакол былога двара Бянігны Іванаўны! Тут і светлыя беразняку і задуменныя хвойнікі, і пахмурныя рады елак, і — уперамешку з іншымі дрэвамі — клёны, дубы, ясені, арабіны, вербы, ліпы, дзікія яблыні і ігрушы... І ўсё гэта ў вясёлым асеннім убранні. Чароўны, поўны цішыні і сонца куточак!
Мы доўга тупалі па свежаапалым лісці, па сіўцовым куп'і, сачылі, як над лесам, высока ў небе плаваў, амаль не махаючы крыламі, нейкі ястрабок, і нам проста не хацелася вяртацца назад, пакідаць гэты першародны спакой, гэту амаль што некранутую красу ціхай прыроды.
Водзячы мяне па сцежках паэта, Эдуард Іванавіч расказваў аб колішнім тут жыцці, аб сваіх сустрэчах з Янкам Купалам. Праўда, пра першыя гады, калі АўлачынсКія жылі разам з Бянігнай Іванаўнай у Акопах, а потым — самастойна — на суседнім хутары Айчызна, Эдуард Іванавіч нічога не помніць, бо тады яшчэ быў зусім малы. Затое добра запомніўся яму «дзядзька Янка», калі Аўлачынскія сядзелі на недалёкім хутары Ляўшова, які сёння зліўся з вёскай Харужанцы. Янка Купала, прыязджаючы ў Акопы, не мінаў хаты сваёй сястры ў Ляўшове — Марыі Дамінікаўны Аўлачынскай. Тым больш што з яе чалавекам — Янкам Аўлачынскім, бацькам Эдуарда Іванавіча, ён шчыра сябраваў, яшчэ з юнацтва вучыўся з ім у Беларуцкім вучылішчы, хадзіў разам на паляванне. Помніцца Эдуарду Іванавічу, як паляўнічыя падсмейваліся з Янкі Купалы, які прыходзіў з лесу з пустымі рукамі: у яго рука не падымалася стрэліць у звера, асабліва ў такога прыгожага і бяскрыўднага звярка, як вавёрка. «Хай жыве сабе ды дзяцей пацяшае», — казаў Янка Купала. Не раз сустракаўся з паэтам Эдуард Іванавіч і ў саміх Акопах, куды бегаў з Ляўшова да сваёй «бабкі» — Бянігны Іванаўны.
У памяці застаўся адзін выпадак. Аднойчы Янка Купала пайшоў у грыбы. Раптоўна ўсчалася небывалая бура, хлынуў лівень. З хаты і з гаспадарчых будынкаў ледзь не пазносіла дахі. Некалькі гадзін шалеў гэты смерч. Бянігна Іванаўна не знаходзіла сабе месца, хадзіла па хаце, плакала, узіраючыся ў вокны: прападзе Ясь — гэта ж пайшоў амаль што голы і столькі часу няма. Толькі калі мінавала бура, Янка Купала вярнуўся дадому. Ён быў мокры да ніткі, але вясёлы, з усмешкай на твары: перачакаў непагадзь, схаваўшыся пад нейкі выварацень...
Вяртаючыся з Акопаў у Мінск, мы заскочылі «на хвілінку» яшчэ ў Янушкавічы, да сябра дзяцінства Эдуарда Іванавіча — былога настаўніка, выкладчыка хіміі Мечыслава Іосіфавіча Несцяровіча, які некалі жыў побач з Акопамі — на хутары Моцеўшчына. Ён вельмі часта сустракаў тут Янку Купалу — то ў лесе ў грыбах, то на кірмашы ў Харужанцах, куды паэт любіў хадзіць, гутарыць там з людзьмі, то на сенажаці, на полі... Запомнілася, напрыклад, Мечыславу Іосіфавічу, як аднойчы ён убачыў Янку Купалу на сенакосе каля вёскі Карпілаўка, у гурце касцоў і жанчын — зграбальшчыцсена, што расселіся на грудку папалуднаваць. Частуючыся разам з усімі, Янка Купала размаўляў аб чымсьці са сваімі землякамі, смяяўся, а потым пачаў чытаць ім паэму Якуба Коласа «Новая зямля». Якраз з таго часу ўрэзаліся ў памяць Мечыславу Іосіфавічу, тады яшчэ малому хлапчуку, упершыню пачутыя з вуснаў Янкі Купалы радкі цудоўнай коласаўскай паэмы: «А збоку чмыша бык Мікіта, хвастом матаючы сярдзіта...» І, вядома ж, ніколі не забудзе Мечыслаў Іосіфавіч, як паэт аднойчы падараваў яму дзве кніжкі — «Тараса Бульбу» Гогаля на беларускай мове і фальклорны зборнік (на жаль, абедзве кніжкі згарэлі ў час вайны): Янка Купала заўсёды, прыязджаючы ў Акопы, прывозіў дзецям такія гасцінцы...
І яшчэ была ў мяне на радзіме Янкі Купалы — праўда, трохі пазней, на другое лета — адна сустрэча. Сустрэча з ураджэнцам гэтых мясцін, нядаўнім выкладчыкам біялогіі Гродзенскага універсітэта Францам Віктаравічам Гінтаўтам.
Пра яго расказаў мне Максім Лужанін, які ведаў з публікацыі ў газеце «Літаратура і мастацтва» аб маіх росшуках крыніц купалаўскай паэзіі. Аляксандр Амвросьевіч сказаў мне ў той размове, што Франц
Віктаравіч, яго таварыш яшчэ па Белпедтэхнікўму, таксама займаецца тым жа, што і я, і што ён шмат цікавага можа расказаць пра купалаўскія мясціны.
Каб распытаць, як звязацца з Францам Віктаравічам, я набраў нумар тэлефона яго сваякоў, што жывуць у Мінску, — гэты тэлефон таксама дапамог мне знайсці Максім Лужанін. Прыветлівы жаночы голас адказаў, што Франц Віктаравіч якраз гасцюе цяпер у іх, у сваякоў, але ўчора паехаў на дні два-тры ў Вялікія Бясяды — на радзіму. Ён намерыўся пабыць там у свайго стрыечнага брата, таксама Гінтаўта.
Была якраз субота, выхадны дзень, а пад акном — бо не займеў гаража — стаяла, заўсёды напагатове, машына. Доўга не думаючы, я ўвапхнуў у партфель блакнот, мацнуў па кішэні, ці на месцы ключы, і патупацеў прыступкамі лесвіцы ўніз.
Праз якую гадзіну я ўжо стаяў у Вялікіх Бясядах на ўтравелым грудку перад варотцамі дагледжанага двара з вясёлкамі кветак пад вокнамі хаты.
Убачыўшы машыну, з варотцаў выйшла маладая жанчына з малым на руках.
— Ага, у нас Франц Віктаравіч, — адказала яна на маё запытанне. — Толькі ён цяпер не дома — пайшоў фатаграфаваць панскі двор. Гэта кіламетры паўтара-два адсюль.
— А як туды пад'ехаць?
— Туды не пад'едзеце — няма дарогі.
— То, можа, я пеша прайду?..
— Вы не знойдзеце... Хіба папрасіць бабу Стасю... Вунь яна ідзе...
Але бабка Стася, жывая, вельмі рухавая жанчына, адгаварыла:
— Правесці-то я правяла б, але мы можам размінуцца... Ды ён вот-вот павінен быць...
І праўда, не паспеў я як след разгледзецца, пахадзіць да вуліцы пасёлка (гэты пасёлак, хоць і аддзяляе яго ад Вялікіх Бясяд гравейка, усё роўна адносіцца да іх), як тая ж маладая жанчынка гукнула мне:
— Франц Віктаравіч прыйшоў ужо!..
Франц Віктаравіч, прыемны з твару, нетаропкі ў рухах чалавек, вельмі інтэлігентны, сустрэў мяне як знаёмага, аднадумца.