Лісце забытых алеяў
Шрифт:
Колькі гадоў назад «Литературная газета» змясціла артыкул П. Вайнштэйна «Болдзінскі ўрок» з вельмі яскравым падзагалоўкам: «На памылках вучацца... але ці не лепш пазбягаць іх». У артыкуле ішла гаворка аб недапушчальнай безадказнасці да зберажэння пушкінскага запаведніка ў Болдзіне, што прыводзіла да яго разбурэння. Толькі дзякуючы ўмя шанню Дзяржкамітэта па грамадзянскаму будаўніцтву і архітэктуры пры Дзяржбудзе СССР пачалося ўзнаўленне пушкінскай святыні. Савет Міністраў РСФСР зацвердзіў цэлы шэраг помнікаў музея-за наведніка, якія павінны быць узноўлены і рэстаўрыраваны на працягу 1982-1990 гадоў. Згодна з новым праектам, развіццё раённага цэнтра Вялікае Болдзіна прадугледжана за межамі гістарычнай часткі сяла, звязанага са знаходжаннем у ім Пушкіна. Пабудовы, якія перашкаджаюць запаведніку, намечана знесці, а зруйнаваную па непаразуменню
Вось якая грандыёзная работа распачата па адной толькі памятнай мясціне, звязанай з імем вялікага рускага паэта.
Думаецца, «.болдзінскі ўрок» і нас павінен нечаму навучыць. Навучыць, як па-сапраўднаму, па-дзяржаўнаму ставіцца да ўшанавання славутых людзей радзімы. Што датычыцца Акопаў, то на добры толк тут неабходна б было аднавіць усю сядзібу Луцэвічаў — з калодзежам, лазняй, гаспадарчымі пабудовамі. Дарэчы, некаторыя з гэтых пабудоў як тыповыя для тутэйшых мясцін можна б было перанесці з навакольных вёсак: усё ж шмат якія з іх яшчэ захаваліся. Трэба ўлічыць, што яны, апрача ўсяго, маюць вялікую каштоўнасць і як этнаграфічныя помнікі. У мемарыяльны купалаўскі комплекс трэба б было ўключыць і ўпарадкаваць астравок сядзібы Луцэвічаў у Селішчы, рэшткі іх сядзібы ў Прудзішчах, а таксама нейкім чынам адзначыць дом у Малых Бясядах удзельніка паўстання 1863 г. С. Чаховіча, які ўпер шыню пазнаёміў Янку Купалу з рэвалюцыйнай літаратурай, сядзібу Аўлачынскіх у Айчызне і Харужанцах і іншыя выяўленыя і не выяўленыя яшчэ пакуль помнікі, звязаныя з біяграфіяй вялікага паэта.
І, вядома ж, у гэты комплекс вельмі натуральна ўвайшла б і сядзіба літаратурнага настаўніка і сябра Я. Купалы, аднаго з пачынальнікаў беларускай прозы Ядвігіна Ш. (Антона Лявіцкага) у вёсцы Карпілаўка, да якой ад Акопаў нейкіх паўтара кіламетра. Янка Купала лічыў яе сваёй вёскай, ведаў усіх яе людзей, пісаў пра яе (гэта аб ёй, напрыклад, радкі: «Хаты тыя, хаты, дзіркі на страсе, з печы дым не ў комін, а пад столь нясе...» і г. д.). У Карпілаўцы поўнай мерай браў Я. Купала матэрыял для сваёй творчасці. Мясцовая калгасніца Грыпіна Гаеўская расказвала (яе расказ запісаў Алесь Матусевіч; гэтыя запісы захоўваюцца ў Літаратурным музеі Янкі Купалы): «Колькі я яму ў полі жніўных песень наспявала. Бывала, сядзе на камень, услухаецца, як мы спяваем, і ўсё нешта з Антонам Лявіцкім гаворыць і запісвае...» Калі казаць пра Ядвігіна Ш., то гэта якраз ён дапамог Янку Купалу выйсці на шлях літаратуры, вызначыць яму месца ў жыцці. Аб гэтым сведчыць сам паэт: «У 1904-1906 гг., не помню ў якім годзе канкрэтна, я пазнаёміўся з Ядвігіным Ш. (жылі мы па суседству). Гэта было для мяне вялікай падзеяй, таму што я ўпершыню сутыкнуўся з чалавекам, які не толькі пісьменнік, якога друкуюць, але і піша па-беларуску. З Ядвігіным Ш. я вельмі зблізіўся. Ён многа расказваў пра незнаёмыя мне тады пісьменніцкія справы і т. п. ...» У Карпілаўцы, у гасцях у Ядвігіна Ш. бывалі Змітрок Бядуля, бацькі якога жылі зусім недалёка, у мястэчку Пасадзец зноў жа цяперашняга Лагойскага раёна, і Максім Багдановіч.
Відаць, адной са складанасцей стварэння купалаўскага мемарыяльнага комплексу можа быць тое, што Акопы — цяпер бязлюдная паляна, закінутая сярод лясоў і ўзгоркаў. Але ж такая акалічнасць адначасова можа і аблегчыць справу: як-ніяк, у гэтым цудоўным, зацішным куточку Лагойшчыны з яе маляўнічымі лясамі і пералескамі, далінамі і ўзгоркамі (дарэчы, побач з Акопамі — адна з дзвюх самых высокіх кропак Беларусі Лысая Гара) можна б пабудаваць, напрыклад, які-небудзь дом адпачынку ці піянерскі лагер. Словам, захацеўшы, нейкае рашэнне праблемы можна знайсці абавязкова.
Паколькі помнікі, якія б маглі ўвайсці ў мемарыяльны комплекс «Акопы», не захоўваюцца, разбураюцца і далей, трэба ўжо цяпер, відаць, прыступіць да першапачатковай работы над арганізацыяй гэтага комплексу. Ініцыятарам тут мог бы стаць Літаратурны музей Янкі Купалы. Думаецца, ужо сёння, не чакаючы якой-небудзь арганізацыйнай пастановы, музею варта б было выявіць і апісаць купалаўскія помнікі родных мясцін паэта, зрабіць як мага падрабязнейшае апісанне дома Бянігны Іванаўны ў Акопах, гаспадарчых будынкаў — дзеля гэтага трэба паспяшацца распытаць усіх тых, хто добра ведаў сядзібу.
У сваёй кнізе нарысаў «Время собирать камни» вядомы рускі пісьменнік Уладзімір Салаухін, горача выступаючы за аднаўленне на беразе Волхава «безнадзейна знішчанай, сцёртай з твару зямлі» сядзібы Г. Р. Дзяржавіна Званкі, ад якой не засталося нават планіроўкі, пераканаўча паказаў, што ўсё ж затраты на яе адбудову не толькі хутка акупяцца матэрыяльна (калі там будзе адкрыты турысцкі маршрут), але — што яшчэ больш важна — акупяцца таксама «ў іншых, нематэрыяльных адносінах», намнога ўзбагаціўшы ўсіх нас духоўна; прычым затраты ў такім сэнсе «будуць акупляцца на працягу стагоддзяў». Усё гэта можна сказаць і ў дачыненні да Акопаў. Аднаўленне гэтай купалаўскай святыні дапаможа ўсім нам ва ўсёй яснасці ўбачыць глыбінныя карані вызваленчай барацьбы нашага народа, сапраўдным голасам якога, магутным і непадкупным, быў Янка Купала, дапаможа зразумець вытокі неўміручай паэзіі вялікага песняра Беларусі.
Ужо недзе пасля паездак у купалаўскія мясціны я даведаўся, што на камені Янкі Купалы ў Акопах Міністэрствам культуры БССР устаноўлены мемарыяльны знак. На вялікай мармуровай пліце золатам ззяюць вельмі характэрныя словы з верша Янкі Купалы:
Песню стварыці лену, як неба, У кожнай з ёй хаце быць мілым гасцём... Гэтакіх толькі скарбаў мне трэба, Гэткім я толькі жыву пачуццём.Хай жа будзе гэты знак першым каменем у падмурак вялікага мемарыяльнага комплексу на радзіме Янкі Купалы.
У сваім падарожжы па купалаўскіх мясцінах я выпадкова натрапіў на зусім новую, невядомую дасюль назву, звязаную з юнацтвам песняра. Гэта — Ра дзькаўшчына.
У лісце да Л. М. Клейнбарта ад 23 лістапада 1927 года Янка Купала, расказваючы пра сваё жыццё, не мінае, вядома, і гадоў юнацтва, вучобы. На жаль, звесткі пра гэты надзвычай важны перыяд яго біяграфіі вельмі скупыя, тут ёсць шмат няяснага, так і не высветленага да сённяшняга дня. Ёсць у лісце такія радкі: «...З таго ж Прудзішча бацька аддаў мяне да яго сваякоў на хут. Мачаны, які межаваў з фальв. Казімірава Самойлы (дырэктара Мінск, рэальн. вучылішча). Сын Самойлы Уладзімір Іванавіч рыхтаваў мяне ў рэальнае вучылішча...»
Што ж гэта быў за хутар? Да якіх канкрэтна сваякоў аддалі тады бацькі маладога Купалу?
Нідзе ў друку я пра гэта не чытаў. Нават у кнізе Янкі Шарахоўскага «Пясняр народных дум» (1970) — самай поўнай пакуль што і, як гаворыцца ў анатацыі да яе, «першай навуковай» біяграфіі паэта.
Я вырашыў наведацца ў тыя мясціны.
Памянёныя паэтам Мачаны аказаліся не хутарам, а даволі ладнай вёскай Бяларуцкага сельсавета Лагойскага раёна. Вёскай яны былі і ў часы юнацтва Купалы. Хутар жа, дзе жылі яго сваякі, быў за кіламетр адсюль і называўся Радзькаўшчына.
Чаму ж Купала пісаў «хутар Мачаны»? Хутчэй за ўсё таму, што ён адміністрацыйна адносіўся да гэтай вёскі.
Хутар Радзькаўшчына быў у маляўнічым куточку Міншчыны. Каля самых пабудоў пятляла крынічная Вяча, зелянелі травяністыя лугавіны рачной поймы.
З другога боку да сядзібы падступаў хвойнік. Сёння ад хутара нічога не засталося. Цяпер гэта бераг вадасховішча Вяча — улюбёнае месца адпачынку мінчан.
Гаспадаром хутара быў Януары Дамашэвіч, які ажаніўся з Садаліяй — роднай сястрой Дамініка Луцэвіча, бацькі паэта. Якраз у яе, цёткі, і жыў нейкі час малады Купала, цярэбячы нялёгкі шлях у навуку.