Літоўскі воўк
Шрифт:
— Запалі свечку.
Мондрык паднёс запаленую свечку. Аканом заўважыў, што на старонцы тоненька, пазногцем, падкрэслены радок. Што гэта значыць? Ага… l'amur… Гэта ясна, што лямур… Але канкрэтна што? Ага… De bien fermer la porte. Першы абавязак жанчыны… Што? Porte? Дзверы… Добра зачыніць дзверы?!
Фраза як варам абдала аканома.
«Хм. Першы абавязак жанчыны — добра зачыніць дзверы… Ага, вось чаму французы паганыя вучаць…»
Горла схапіла сутарга.
«Усё, ужо ж гэта — канец, — падумаў аканом. — Калі яна гэткі сказ падкрэслівае — гэта ўжо пэўны канец…»
— Што далей, васпане? — гучна прашаптаў Мондрык.
— Задзьмухні
Мондрык вылез.
— Цяпер… ідзі сабе, — загадаў пан. — Туды ідзі, да лазні… Стой!
Мондрык спыніўся. Твар пана, бледны, як месяц, што выплыў са смугі загарынскага балота, скамянеў.
— Кажаш, пайшла ў парк, так?
— Ге, васпане.
— Яна што-небудзь казала?
— Не… Хіба што… — Мондрык наморшчыў лоб. — Сказала, праходку зробіць, каля старога палаца.
Калі Мондрык зайшоў за вугал, пан Урбановіч, толькі знешне суровы аканом Манкевіцкай эканоміі, ледзь чутна заенчыў і знясілена прыхіліўся да сцяны — ну не моцны ён, як здаваўся і сабе і іншым.
3. Месца сустрэчы
Парк, колісь разбіты на высокім беразе Гарыні, быў дзівоснай мясцінай. Рака абягала бераг шырокай лукой, а на гары, на самай кручы стаяў магнацкі палац, які раней можна было бачыць за дзесяткі вёрст. Вакол палаца буялі самыя экзатычныя, заморскія пасадкі, што магла прыдумаць панская фанабэрыя і сялянскія дармавыя грошы. Цяпер ад палаца мала што засталося, а дзікая расліннасць глушыла здзічэлыя ружы, піхты, кедры, рададэндраны, Веймутавы сосны, глог і карчы бэзу. Усё гэта вясной зіхацела і стракацілася рознакалёрным кветам, напаўняла паветра чароўнымі пахамі.
Аканома мала цікавіла прыгажосць кутка. Ён вызіраў жонку. Аксаны не было відаць. На адкрытым месцы аканом стараўся трымацца за тоўстымі, у абхват, дубамі, заходзіў за купы язміну, прыгінаўся, перабягаў ад дрэва да дрэва — зусім як спрытнае дзіця, якое мяняе дыслакацыю, каб украсці цурпалку, калі гуляюць у хованкі.
«Дзе яна, дзе?» — змрочнай, шалёнай птушкай білася ў галаве думка.
Між кустамі на самай кручы мільганула прывідам нешта белае.
«Ага, дурніца… Вунь дзе ты… Каля палаца…»
Пан Ежы праз густы маладняк стаў прабірацца да палацавых парэшткаў. Па ўсім было відаць, што сустрэча каханкаў была прызначана менавіта тут, каля крушні. Чым бліжэй падыходзіў пан Ежы да руінаў, тым гучней тахкала сэрца. Яму здавалася, што гэты гук выдасць яго, таму спыняўся, стойваўся, пераводзіў дух.
Вось і палац. Дакладней, тое, што ад яго пакінуў час. Драўляныя сцены зеўралі дзіркамі пустых вокнаў, дах месцамі праваліўся. За будынкам, вышэй, на самым высокім месцы паўатокі, стаяла аброслая крушынай і воўчымі ягадамі капліца. Там была фамільная графская ўсыпальня. Ужо даўно, гадоў з пяцьдзесят, у склепе нікога не хавалі. Падходы ўраслі малінамі, ажынамі… Зямля паправальвалася над пустымі, незапоўненымі нішамі, дажджы павымывалі равы… Летась беспрытульная карова зламала нагу, праваліўшыся ў склеп, за што пастуху далі добрага дубца. Здаецца, тады ў апошні раз пан Ежы ўжыў такое пакаранне. Дубцы і бізуны не ў модзе. Яшчэ самых разбэшчаных можна лупцаваць, але тут бі і бойся… І ў газеце прапішуць, і самому брыдка… Хлапаманаў развялося, песенькі збіраюць… Ды што ў газеце, у Лондане
Навокал нікога. «Дзе яна?» — мільганула думка. «Яна? Не — яны?!» — Пан Ежы сціснуў пісталет.
Не відаць…
І раптам жаночы смех паласнуў, як лязом, па сэрцы. Ёсць, ёсць яны тут. Аканом падышоў да самай сцяны палаца, прыслухаўся і пачуў невыразны шэпт. Ага, шэпчуцца! Калі ціхенька падысці да акна, то можна што-небудзь разабраць.
Пан Урбановіч пайшоў уздоўж сцяны. Моцна смярдзела крапівой і вужамі. Шэпт стаў выразнейшы. Вось ягоная жонка ўвогуле загаварыла ўголас. Праўда, разабраць, што яна гаворыць, усё роўна цяжкавата. Але ж як шчабеча, жаўручком заліваецца, нягодніца… А другі голас грубы, мужчынскі… Хто ж гэта, хто?!
Шкада, што прапусціў момант, як яны сустрэліся… Пэўна ж, кідаліся ў абдымкі.
«Твой першы абавязак, жанчына, — добра зачыні дзверы!» — усплыло ў галаве. Пану аканому хацелася бачыць парушальнікаў і звычаёвага, і святарнага права шлюбу на ўласныя вочы. Але жада падслухаць была большая…
Не, з акна не чуваць. Яны недзе ў глыбіні палаца. Як улезці ўсярэдзіну?
Пад нагамі храбуснула галінка. Палюбоўнікі змоўклі. Замёр і аканом. Пастаяў і толькі хацеў учапіцца рукамі ў падаконне, каб лезці ў палац, ледзь не ўскрыкнуў ад нечаканасці — на адлегласці працягнутай рукі на цаглінах падаконня ляжала клубком, цэлаю гурбаю тоўстых завіткоў нешта жывое. Здаравенны вужака! Гад калі не бачыў чалавека, дык добра адчуваў. Пакуль аканом не варушыўся, вуж спакойна ляжаў. Пан аканом пастаяў хвіліну, пачуў, як у пакоі зашамацелі абарваныя шпалеры. Вуж крутануў галоўкай і споўз з падаконня проста пад ногі аканому. Спаўзаў ён бясконца доўга, але аканом нават і не варухнуўся.
Нехта з-за сцяны нягучна спытаўся:
— Хто тут?
Аканом расслабіў пашчэнкі, каб не скіргітнуць зубамі. Такі знаёмы голас… Каб гэты чалавек высунуўся вонкі, вызірнуў з акна, то заўважыў бы аканома. Але той нехта пастаяў, пачакаў і выйшаў з пакоя. Кавалкі шыбаў трашчалі пад ягонымі нагамі, як стрэлы.
«Не хапала, каб мяне ўбачылі, — прадыхнуў аканом. — Во сарамоцце было б. Стаю, затоены… Цьху ты!»
Зрэшты, чаго баяцца? Сустрэну лёс у твар. Божа, ён жа яшчэ і з пісталетамі! Няўжо азвацца…
Але цікаўнасць проста раз'ядала аканома. Што яны гаварыцьмуць? Што між імі, зразумела, але вось як гэты момант падлавіць, каб не было ніякіх пярэчанняў, хлусні…
— Тут нікога не бывае… — данёсся голас Аксаны. — Сюды ніхто не ходзіць… Тут столькі вужакаў…
— Я думаю… Ступіць нельга… Хацеў з акна вызірнуць, а там такі ляжыць, тоўсты, як каўбаса…
Па прыглушаным голасе таго, хто гаварыў, цяжка было пазнаць, хто ж гэта быў.
— Страшна? Эх ты, баяка. А яшчэ ваяваць збіраешся. Маскалі як стрэльнуць, вы і пабяжыце…
— Вельмі ты смелая.
— Гэта вужы, не гадзюкі, — патлумачыла Аксана. — Я дзеўчынай у рукі вужак брала, не баялася. Іх тут шмат. Кажу, ніхто не ходзіць, яны і развяліся. Увечары на паляванне выпаўзаюць. Бачыш, вунь яшчэ адзін, з-пад падлогі папоўз. Ды не бойся ты, стой. Інсургент, называецца. А там, глянь, каля грубкі кахлянай, яшчэ адзін… Маленькі…
— Гэта кіёчак проста…
— Чаго ж ён скручваецца?
Аксанін голас таксама прыглушаны, але яго Ўрбановіч пазнаваў без цяжкасці.