Літоўскі воўк
Шрифт:
— Міцкевіч, уласна, і наш класік. Толькі мы яшчэ яго не забралі… Прыйдзе час — забяром. Пра што пісаў Міцкевіч? Пра Польшчу і палякаў? Ці пра Літву… «О, Litwo, ojczyzna moja…» — патэтычна прадэкламаваў Артур. — Ды не бегайце вы… Сядзьце, супакойцеся…
Пан Урбановіч паслухмяна сеў.
— Але гэта нейкі… сепаратызм.
— Сепаратызм? Ну вось так заўсёды, — развёў рукамі Артур. — Расейцы таксама абвінавачваюць палякаў у сепаратызме… Потым, узяць ваш… бацька? Хіба не за родны край ён аддаў жыццё? Як вы не разумееце?!
— Я ўвогуле нічога не разумею… —
— Усе мы людзі, усе мы чалавекі… Слабасці ёсць у кожнага. Калі б не Расея, мы з году ў год заможнелі…
— …Прагуляўся ў карты дашчэнту, разумееш? Улез у тысячныя даўгі… Ратуючыся ад крэдытораў, пайшоў за Напалеонам… Куды падзецца, вось што. Вось карані ягонага патрыятызму.
— Не ўсе такія…
— Кінуліся ў авантуру, згубілі ўсё, што можна было згубіць…
Пан аканом, адольваючы стомленасць, прыходзіў да розуму. Д'ябал ведае гэтую сучасную моладзь. Тут як ні круці, а належна падлабуньвацца да ўлады. Тады будзе ўсё добра. Гаспадарка стане мацнець. А паспрабуй бунтаваць, агітаваць супраць цара… Адразу прыпомняць польскі патрыятызм бацькі. Пан Ежы выдатна памятаў, як гадоў дзесяць назад на месцы разбуранага маёнтка на так званым Гарадзішчы сяляне знайшлі скарб — куфар з залатымі місамі, кубкамі, каштоўнымі камянямі. Паліцыя трасянула сялян, тыя аддалі знойдзенае. Як мог пан Ежы даказаць, што знойдзены скарб — ягоны? Належала даказаць, што Гарадзішчы — родавы маёнтак. Вунь Вабішчэвічы дзесяткі гадоў даказваюць, што яны шляхта, дваране, а ніякай з гэтага карысці не выходзіць, адныя выдаткі. Што ж, скарб забралі ў расейскую казну, яго спакавалі і павезлі ў паўночную сталіцу.
— Ведаеш, Арцю, давай класціся спаць, — сказаў Урбановіч. — Як кажуць хлопы, пераначуем, болей пачуем. Можаш легчы тут, у кабінеце…
— А вы?
— Я сабе месца знайду — пайду да жонкі.
Аканом сказаў гэтую фразу і ўважліва паглядзеў на Артура. Малады, прыгожы, натхнёны, хоць і моцна стомлены твар арганізатара інсурэкцыі заставаўся нерухомы. Гэта заспакоіла аканома.
— Спіс давай сюды, я схаваю ў надзейнае месца.
Артур аддаў спіс. Аканом яшчэ раз уважліва прагледзеў спіс магчымых паўстанцаў, прачытаў некалькі фразаў, зморшчыўся.
— Што пану не зразумела? — зіркнуў воўкам Артур.
— Грамада… — прачытаў аканом. — Або яшчэ: грамаднік…
— Ну, — патлумачыў Артур, — гэта грамадзянін, а грамада — панства, усе людзі…
— А Дома — гэта радзіма?
— Радзіма… — прашаптаў Артур. Вочы ў яго зліпаліся.
Пан Урбановіч прынёс падушку, коўдру. Малады Буевіч заснуў адразу, як ягоная галава дакранулася да падушкі. Аканом падаткнуў коўдру, падышоў да акна, адхінуў куртыну. За цяжкімі аксамітнымі плашчаніцамі даўно ззяла бліскучая раніца.
4. На
На другі дзень пасля абеду ў карчму пры пастаялым двары заявілася тройца: капітан жандармерыі Фогель, спраўнік і прыстаў Вусаціха. Карчмар паставіў гліняныя кубкі, наліў са жбана піва. Жандарскі афіцэр пакаштаваў напою, скрывіўся.
— Лепшага няма?
— Лепшае — гарэлка, — адгукнуўся прыстаў.
— Не, гарэлка пачакае… — зморшчыўся капітан. — Тут у мяне сякія-такія справы. Эй, гаспадар, ці смачны ў цябе расол?
Занепакоены карчмар, лісліва ўсміхаючыся, прыгладжваючы пэйсы, падышоў да важных гасцей.
— Ёсць расол, паночкі, ёсць… Усё ёсць. І расол, і гарэлка, і віно — якое толькі пан пажадае: рэйнскае, да прыкладу…
— Прынясі, жыдзе, гарэлкі… — праказаў Вусаціха.
Фогель не стаў пярэчыць. Пасля ўчарашняга ён займеў вэрхал у галаве. Гэта ж трэба — зрабіцца непасрэдным не толькі сведкам, але і ўдзельнікам страшэннай крамолы. Належала нешта рабіць, некага арыштоўваць, словам, дзейнічаць. Але каго арыштоўваць? Спраўніка? Прыстава? Мо самога сябе?
Павярнуўся да прыстава, пацікавіўся:
— А што, пан Урбановіч напраўду гэткі бязбацькавіч, як прызнаваўся?
— А то не, — матлянуў галавой прыстаў. — Маці ягоная, народжаная Буевіч, каб выгадаваць ды вывучыць яго, мусіла выдаткаваць пасажныя грошы. Згалела… Шукала па суседзях капейчыну ўзяць дзеля вучобы сына. Надакучыла сваімі просьбамі… То тады змушана была пашлюбавацца з Кавальцом.
— Халопам?! — здзівіўся жандар.
— Кавалец са збяднелых аднадворцаў. Падчас чарговага складання рэвізскіх спісаў, не помню ўжо, у якім годзе, прыпісаны да мяшчан. Гэта і вывела яго са шляхотнага стану. Ну і шляхцянка, якая пабралася з недваранінам, адпаведна пазбаўляецца дваранства.
— Выходзіць, што Ўрбановіч бязродны-беспародны? — зіркнуў на прыстава Фогель.
— Уга. Толькі якраз тады Ўрбановічыха, пані Цэцыля, аўдавела. Ад гора ці ад якой іншай прымхі ўзяла і ўсынавіла Ежы. Не, і квас дрэнь, і гарэлка дрэнь… Што яны толькі падмешваюць у яе?
— А маці, Буевічыха? — распытваў Фогель. — Так і засталася сялянкай?
Распытваў Фогель не ад цікаўнасці. Належала рабіць хоць нешта, каб і спраўнік, і прыстаў не падумалі, што ўчарашняе — ісціна і ён насамрэч гатовы замахнуцца на святыню — імператарскі прастол.
— Гэта цёмная гісторыя. Кажуць, — стаў гаварыць прыстаў, — пані Цэцыля хацела ўзяць яе ў таварышкі, каб яна ў каталіцтва перайшла. Буевічыха не згадзілася…
— Пахвальна, пахвальна, — адгукнуўся спраўнік. — Ведаеце, панове, шмат будуць гаварыць пра рэлігійную талерантнасць у нашым краі, а калі глянуць гісторыю — то яна прасякнута рэлігійнай барацьбой. Тут Захад скрыжаваў мячы з Усходам. Хрысціянства ўнутры сябе ваявала…
Спраўнік таксама не ведаў, што рабіць. Выглядаў, быццам нічога асаблівага не адбылося. Пасядзелі, пагаварылі ўчора і забыліся, бо прыйшоў новы дзень з новымі клопатамі.