Літоўскі воўк
Шрифт:
— Яшчэ ад больш дзікай малпы… — сказаў Артур, задаволены, што гутарка ўдаецца.
— А тая больш дзікая малпа ад каго?
— А тую, можа, і Бог стварыў.
— Што ты мне хочаш сказаць, не разумею? Лепш лічыць, што чалавек пайшоў ад Адама і Евы. А іх стварыў Пан Бог. Ці не прасцей, а галоўнае — прыгажэй, — зморшчыўся бацька. Не падабаліся яму такія гутаркі.
— А тое, што калі чалавек паходзіць ад малпы, то значыць, ад малпы паходзіць і расейскі цар.
— Аляксандар II паходзіць ад малпы? — весела ўскрыкнуў стары Буевіч. — Што ты вярзеш, сыне?
Выгляд
Са змоўніцкім выразам твару ён прашаптаў:
— Ці ведаў ты тую мартышку, якая жыла ў Вярэнічаў… Залезла на дуб і не злазіла. Палезлі па яе, дык яна кусаецца. Мусілі страляць. Дык, значыцца, Аляксандар II паходзіць ад сваякоў гэтай мартышкі? Ты што, у Сібір захацеў?
— Не. Прапрадзеды першых Раманавых паходзілі ад людзей, продкі-дзікуны якіх пайшлі ад першалюдзей, а ўжо іх продкі былі сапраўднымі малпамі. Даказана ж, што паміж малпамі і людзьмі ёсць сваяцтва.
— Выходзіць, што і насамрэч Раманавы паходзяць ад… малпаў? — прашаптаў здзіўлены такім ходам думкі Буевіч-бацька. Праўда, у вачах ягоных свіцілася хітрынка. — Але ж… чалавек, душа ягоная — Боскае стварэнне. Не разумею, куды ты хіліш?
— Куды хілю? — ажывіўся Артур, не хаваючы, што яго радуе тое, што ягоная задума ідзе да паспяховага канца. — Слухай, тата. Раз вучонымі даведзена, што чалавек пайшоў ад малпы, то цар не Божы памазанік.
Выраз паблажлівасці паволі сышоў з твару старога Буевіча. Знікла і хітрынка, замест яе загарэўся злы агеньчык.
— Ну-ну, гавары, гавары… — зацікаўлена праказаў ён.
— Бог выбраў некага на цараванне абсалютна выпадкова… Царом мог вырабіцца і нехта з нашых продкаў… Урэшце, тут і Бог ні пры чым.
— Што ты кажаш?! — ужо зусім спалохаўся стары Буевіч. — Не разумею…
— Дынастыя Раманавых, менавіта цар Аляксандар II не прызначаны Богам цараваць ні над расейскім мужыком, ні ў прыватнасці над намі, ліцвінамі, беларусамі, палешукамі — называй як хочаш. Бог стварыў усіх абсалютна роўнымі… Разумееш?
— Хм. Чыста пратэстанцкая думка.
— Мы — роўныя сярод роўных, бацька. Як роўныя сярод роўных палякі, германцы, фіны, туркі… А таксама — бакасы, куры, качкі, зайцы, цецерукі… Людзі самі прыдумалі цараванне… І з пункту гледжання сучаснага ўзроўню развіцця грамадства гэтая лухта — богаабранасць цара-бацюхны — павінна быць здадзена ў архіў.
Стары Буевіч задумаўся.
— Гм… Бог стварыў… малпу… Малпа вырабілася на чалавека… — мармытаў ён. — Потым… людзі прыдумалі цараванне…
— Так, тата.
— А Адам, а Ева? Яны што, таксама пайшлі ад малпаў?
— То прыдумкі старажытных людзей, тата, легенда, літаратурны твор.
— Хто даказаў, што не Бог удыхнуў душу ў чалавека, а прырода вырабіла яго з малпы?
— Чарльз Дарвін і даказаў, тата. Ангелец. Вялікі вучоны… Раней людзі думалі, што Зямля — цэнтр сусвету. Капернік давёў адваротнае. Зямля — усяго толькі звычайная планета, якая разам з прыкладна такімі ж планетамі круціцца вакол Сонца. Гэта перавярнула свядомасць мільёнаў людзей… Усяго чалавецтва. Ангельскі вучоны Дарвін зрабіў не меншае адкрыццё, чым паляк Капернік. Ён з навуковых
— Хм… — яшчэ больш задумаўся стары пан. Ход думак сына азадачыў яго. Увесь ягоны добразычлівы настрой прапаў.
Артур радаваўся, што змог задаць бацьку падобную ламаніну галавы. Лацвей дасць угаварыць сябе на інсурэкцыю.
— Дарвін, кажаш? Пачакай, — сказаў стары Буевіч. — Ангелец? Усе людзі пайшлі ад малпаў, так?! Дапусцім. І таму мы роўныя перад Богам, так?!
Артур уздыхнуў.
— Ангельская каралева чытала Дарвіна? — спытаўся стары Буевіч.
— У тым-то і справа, што пэўна чытала. І разумее, што яе статус — архаіка. Раней ці пазней адмовіцца ад гэтых недарэчных устанаўленняў.
— І Брытанія ператворыцца ў рэспубліку?
— Мяркую, яшчэ пры нашым жыцці. Да канца XIX стагоддзя несумненна. Галоўнае — самахоць, без рэвалюцыі. А вось дзікім расейскім царам варта дапамагчы зразумець, што гэта пыха, гардыня — лічыць сябе богаабранымі…
Стары Буевіч схапіўся за галаву.
— Ой, што гэта са мной, — пан ускочыў на ногі. — Я вар'яцею… Чалавек пайшоў ад мартышкі… Цар — не Божы памазанік, але малпаў… Малпы памазалі Раманавых на імператарства… Ангельская каралева здае карону ў музеюм! Ха-ха-ха! Эй, дзеўка, — закрычаў Буевіч, — нясі хутчэй гарэлку, іначай згублю апошнія глузды…
2. Разуменне роўнасці
Стары Буевіч усхадзіўся. Ён падскочыў з крэсла і шырокім сягам стаў кружляць па пакоі. Як толькі сын спрабаваў яму нешта тлумачыць ці пярэчыць, Буевіч-бацька ўскідваў руку, даючы знак сыну маўчаць.
— Ты думаеш, я — адсталы чалавек? І не ведаю, што значыць роўнасць? — пагрозліва гаварыў ён. — Ты яшчэ не нарадзіўся, а я меў у бібліятэцы кнігі, якія былі забаронены, ведаеш дзе? — Бацька насунуўся на сына. — У Парыжы! У гэтым расадніку так званых ідэй вольнасці і брацтва. А ў мяне — былі, а я — чытаў.
— Тата, мы павінны адабраць у расейскага імператара права распараджацца намі, ліцвінамі, — Артур праводзіў сваю лінію, нягледзячы на бацькавы жэсты.
— Ліцвінамі! — усклікнуў бацька. — Гэта — анахранізм.
— Ну я ж не анахранізм! Я жывы чалавек. Я веру…
— Пачакай, пачакай… У што ты верыш? Ці не ў тое, што, скажам, мой новы распарадчык Цімох, у якога ў барадзе, выбачай, вошы вядуцца, калі ад гарэлкі не падохлі, мне роўня?
— Роўня, — няўпэўнена сказаў Артур. Памаўчаў і ўжо болей жвава дадаў: — Прыйдзе час, у расейскага імператара возьмуць права на свабоду, роўнасць і самі расейцы, і ўсе народы, якія насяляюць Расею. Самыя, выбачай, брудныя і вашывыя… Годзе нам маліцца на цара, як на абраз…