Літоўскі воўк
Шрифт:
Потым высветлілася — да Палюховічаў. Як расказвалі потым дваровыя, казакі наскочылі на сядзібу нядаўняга «генерала» з усіх бакоў, каб стварыць уражанне шматлікасці, з дзікім гіканнем уварваліся на двор, сагналі мужчын у адрыну, Палюховічу падставілі пад нос рэвальвер і аб'явілі, што будуць праводзіць рэвізію-вобыск. Шукалі зброю. Перакапалі гной у хлявах, паднімалі падлогі і ў чаляднях, і ў панскіх пакоях. Грабліся ва ўсіх шуфлядах, пабілі ў буфетах посуд, расшкуматалі кнігі ў бібліятэцы. Нічога не знайшлі, ад злосці адлупцавалі нагайкамі Едруся, які рыпаўся ці то бараніцца, ці то проста рот раскрыў. Пад канец налавілі курэй, набралі гарэлкі, згвалцілі
Людзі бачылі, што недалёка ад сядзібы хаваўся ў карчах прыстаў Вусаціха. Пэўна, спадзяваўся, што казакі знойдуць зброю. Калі б у Палюховічаў знайшлі хоць адзін вайсковы карабін, ён, пэўна б, вылез з карчоў, каб без страху, з доказам на руках — зброя! — абвінаваціць Палюховічаў.
У тыя ж дні сядзіба Палюховічаў апусцела. Палюховічы выкапалі зброю, распусцілі людзей, паселі на коні і падаліся на захад. Старая пані Палюховіч не змагла стрымаць свайго Лявона, адной было страшна заставацца, і яна ў вазку з невялікім скарбам падалася на Гарадзеншчыну да замужняй дачкі.
Ці ведала яна, што едзе ў сапраўднае пекла?
5. Апошні шанец каханню
А неўзабаве ваколіцу абляцела першая ашаламляльная вестка — сын Бароўскага Людовік, гімназісты яшчэ, узяты пад арышт. Арыштавалі яго нейкія наезджыя жандары. Наляцелі на сядзібу, ператрэслі пакоі — усё шукалі зброю. Шляхта пагаворвала, што без падказкі капітана Фогеля, які гойсаў недзе па Піншчыне, не абышлося.
Малога Бароўскага правялі па мястэчку са звязанымі спераду рукамі, у парваным пад пашкамі студэнцкім кіцелі з абарванымі «з мясам» гузікамі. Правялі наўмысна, каб усе бачылі, што чакае кожнага, хто адважыцца выступіць супраць уладаў. Жандары нешта мелі ў галаве сваё. Немінучасць пакарання, на іхнюю думку, мусіла застрашыць абываталяў, прымусіць іх сядзець ціха. Надзіва, здзек, больш маральны, чым фізічны, зрабіў адваротнае.
Імгненна ўзніклі купкі людзей, якія пазірквалі на жандараў не сказаць, каб варожа, але смела. Запужаць можна селяніна, знуджанага работай, які сядзіць у пазыках, часам галодны, галодны сам і яшчэ горай — з галоднымі дзецьмі. А местачкоўцаў, ды яшчэ — шляхту, ды яшчэ шарачковую шляхту, застрашыць немагчыма. Небагаты шляхцюк-местачковец і не галодны, і губляць няма чаго, як магнату якому. Сёння ўхапілі Людовіка — ні за што, паводле даносу, заўтра брэхне які Дзяркач (памяталі, не забылі) — і цябе ж гэтак павядуць, як злачынцу. Не, тут нешта не так. Тут падсушвай порах ды гастры шаблі і сякеры.
У эканоміі пра арышт маладога Бароўскага даведаліся ад Мондрыка, які нечага хадзіў у мястэчка. Ён і расказаў пра ўбачанае. Жандары паехалі на Пінск, а Людовіка пакінулі пад вартай унутранай аховы, якая з'явілася нядаўна, з сярэдзіны красавіка, пасля нечаканага выступлення Палюховічаў і такога недарэчнага арышту Вусаціхай. Ахова складалася з дзесятка жаўнераў, якія большай часткай бязмэтна бадзяліся па мястэчку. Яны ўсе на жыццё не наракалі — у мястэчку цішыня, жывуць амаль адныя жыды, якія заняты сваімі справамі: у падбухторшчыкі не лезуць і да іх ніхто не прыстае з падбухторшчыкаў. Іншая справа памешчыкі, тутэйшая шляхта. Асабліва з бедных, з маладых, з ганарыстых. Але апошнія з'яўляліся ў мястэчку рэдка.
Жаўнеры, каб меней мець клопату з арыштаваным, і запраторылі яго ў вязніцу — саляны склеп з вечна вільготнымі сценамі. Добра, што
Аксана, як даведалася пра арышт, стала збірацца пагаварыць з жаўнерамі, урэшце — з прыставам. Яна не траціла спадзявання, што можа паўздзейнічаць на прадстаўнікоў улады, каб яны адпусцілі няшчаснага юнака хоць бы пад дамашні арышт.
Маладая жанчына апранула лепшае, што мела, нават прыпудрылася, што рабіла рэдка. Аканом хацеў ехаць з жонкай, але яна папрасіла яго застацца. Адной ёй будзе зручней угаворваць прыстава і жаўнераў унутранай аховы.
У свой час, каб жонка так клапацілася пра якога-небудзь арыштанта, Урбановіч абрадаваўся б. Нават і цяпер, калі глядзеў, як ягоная жонка Аксана перажывае за арыштаванага Людовіка, адчуў нешта падобнае на радасць. Бо гэтае перажыванне яскрава сведчыла — каханка ў жонкі няма, яна клапоціцца так, з любоўю, з мілатой, пра кожнага. Але прыйшоў час, калі гэткія і любоў, і мілата маглі саслужыць кепскую службу.
У той дзень, як Аксана паехала ў мястэчка, аканом стаў чытаць, але нічога ад узрушанасці не лезла ў галаву. Чакаў-чакаў жонку і, не дачакаўшыся, не ўцярпеў. Тое, чаго так баяўся манкевіцкі аканом, надышло. І ад гэтага нельга схавацца нідзе: ні ў Вільні, ні ў Маскве. Арыштаваць маглі ў любы дзень. І было ж за што! Ён муж жанчыны, якая трымала страшныя, забароненыя паперы!
Выйшаў на вуліцу, сеў у брычку і пакалываўся ў мястэчка. Першае, што ён убачыў на пад'ездзе да мястэчка, непрыемна яго ўразіла.
Шыльда з царскім двухгаловым арлом была збіта, а на яе месцы нейкія няўрымснікі пачапілі іншую, на якой харашыўся польскі белы арол і… старая літоўская Пагоня.
Мурашы забегалі па спіне ў аканома. Што за свавольствы? Добра, калі наедуць казакі і ўсыплюць катораму нягодніку бізуна. А калі румнуць у эканомію з вобыскам? Тут пабітым посудам, як у Палюховічаў, не абыдзешся.
Пад'ехаў да ўправы і… вачам не паверыў. Каля прысутнага месца стаяла некалькі аседланых коней, на лавачцы сядзеў зняможаны Людовік Бароўскі, а каля яго… Буевічаў Артур. Адкуль узяўся?! Побач з ім стаяла і ягоная жонка Аксана.
«Забяру з сабой. Скажу, каб ехала дахаты…» — мільганула ў галаве. Але ні забраць, ні загадаць жонцы ехаць дахаты Ўрбановіч не адважыўся. Ужо потым аканом даведаўся, што ні да якіх жаўнераў, ні да прыстава Аксана і не ездзіла. Ці сама выклікала, ці паслала ганца да Артура, а той прывёў недзе з лесу паўстанцаў. Па дарозе да іх далучыліся сяляне з віламі і косамі. Жаўнеры, якія вартавалі Бароўскага, не аказалі ніякага супраціву. Убачылі такую процьму людзей, узброеных дубальтоўкамі, косамі, віламі, а шляхта яшчэ пры шаблях — самі аддалі ружжы. З рук нават не вырывалі. Словам, абышлося без крыві. Іх нават не сталі арыштоўваць — разышліся па хатах, у каго жылі.
Аканом пад'ехаў да кампаніі. У галаве круцілася: «Мураўёў, Вільня…» Ён, манкевіцкі гаспадар, мусіў выбіраць: або застацца ў цяні — і тады назаўжды страціць Аксану, або падтрымаць паўстанцаў — і тады ў яго застанецца нейкі шанец.
6. Сваё войска!
— Во хто зоймецца матэрыяльным забеспячэннем войска! — бадзёра, весела праказаў заміж прывітання Артур Буевіч. Адзеты ў зялёную суконную куртку, шытую чорнымі шнурамі, і падшытыя скурай кавалерыйскія рэйтузы, якія аканом бачыў на конных жандарах, выгляд меў самы ваяўнічы. А з-за паса яшчэ тырчэлі і рэвальверы.