Літоўскі воўк
Шрифт:
— Раскажыце, раскажыце, калі ласка, як яны там… Мы ж так чакалі іх… Ці хоць… цэлы ён? Як яны змагаліся?
— Ён-то цэлы… Хіба што старая хвароба разгулялася… — неахвотна стаў расказваць Бароўскі. Ён пазіркваў на гаспадара, урэшце адважыўся: — Усё адбылося так, як я і казаў. Маскалі далі залп, і нашыя хвалёныя інсургенты паўцякалі хто куды.
— Няўжо так і было? — усклікнула Аксана.
— А як яно іначай магло быць? — уступіў у размову аканом. — Няўжо табе, сэрцайка, хочацца разні, крыві, трупаў? Нейкія нялюдскія, звярыныя
— А воля, а незалежнасць? Няўжо марам нашага народа аб вяртанні да цывілізаванага, эўрапейскага шляху развіцця не дадзена ажыццявіцца?
Пан Урбановіч і пан Бароўскі перазірнуліся.
— Урэшце, як павятовы камісар я маю права на справаздачу, — суха сказала Аксана.
Твар аканома перакрывіла.
— Забудзь, ясачка, ты гэтыя словы… — прашаптаў ён. — Паслухай, што раскажа васпан Бароўскі, ды выкінь усё гэта з галавы. І каб ніхто не ўспамінаў нават, што ў нас тут было нейкае камісарства.
Бароўскі ціха, нягучна, гледзячы на вокны, пачаў расказваць:
— Нашыя не паспелі далучыцца да баяздольнага атрада паўстанцаў. Расейцы зграмаздзілі нечуваныя сілы. Цэлы вайсковы корпус падышоў з боку Менска. Тысячы вайсковых падвод, артылерыя, уланы, драгуны, некалькі тысяч пяхоты. Страшна ўявіць гэткую процьму войскаў.
— Я вам не веру, — з апушчанымі вачыма прамовіла Аксана. — Я еду да Людовіка.
У голасе Аксаны было гэтулькі рашучасці, што аканом не стаў пярэчыць. Зрэшты, у тым, што жонка з'ездзіць да Людовіка, быў і свой разлік. Няхай пачуе на ўласныя вушы, што мары не заўсёды стыкуюцца з жыццём, з жорсткімі рэаліямі, з явай.
Раздзел XVI. Акцыі і контракцыі
1. Міраж
Пані Бароўская спачатку зусім не хацела пускаць Аксану да сына нават на адну хвіліну.
— Не чапалі б вы яго. Начамі плача ў падушку, — тлумачыла сваю строгасць.
— Мілая васпані, — у сваю чаргу тлумачыла Аксана, — і я сама не свая… Дазвольце толькі прывітацца.
Старая пані не стала пярэчыць, вытурваць аканомаву жонку.
Людовік быў знуджаны, маўклівы, злосны. Ён ляжаў у сваім пакойчыку з жоўтым, нездароўчым тварам. На невысокіх вокнах віселі шчыльныя куртыны, быццам гаспадар пакоя баяўся сонечнага святла. Ён сумнымі вачамі зірнуў на Аксану і ледзь шапнуў слова прывітання. Аксана выйшла.
— Пракоп раскажа, — падказала Бароўская. — Ён быў з Людовікам, з Людовікам і вярнуўся. Прывёз ледзь жывога.
Пракоп хадзіў за Людовікам з маленства і, вядома, не без клопату старога Бароўскага паехаў з ім. Аксана не стала чакаць, калі дзядзьку паклічуць, знайшла яго ў клуні, у каморцы, дзе сядзеў на зэдліку з кавалкам дратвы за губой.
— О, пані Гурбановіч! — з робленай павагай прамовіў стары. — Маё шанаванне
Ён падхапіўся і нізка пакланіўся. Хоць служыў у Бароўскіх, хата ягоная была недалёка ад мястэчка, ад тых хутароў, дзе жылі Вабішчэвічы. Заўсёды сябраваў з Аксанай, Ганнай, бо дочкі ягоныя раслі разам з шляхцянкамі, пераймалі добрае. Перастаў калегаваць з Аксанай пасля таго, як пайшла за аканома.
— Ну, расказвай, — выдыхнула Аксана.
— А што расказваць? — развёў рукамі Пракоп. — Як скваркі елі па лясох? Мы елі скваркі, а жамяра ела нас.
— Расказвай усё па парадку. З самага пачатку…
— Ну, як выехалі мы з мястэчка?
— Як выехалі, я і сама ведаю… Што было пасля?
— А нічога. Абышлі Пінск лясамі, бо ў Пінску, жыды перадалі, поўна расейцаў было. Лясамі падаліся на Слонім. Тады і сустрэліся з казачым раз'ездам, — пасур'ёзнела вымавіў Пракоп, — мы… кінуліся на іх, усе разам, без каманды. Думалі, казакі пачнуць уцякаць. Ну, так яно і выйшла напачатку. А яны нашых смелякоў, у каго коні лепшыя, адцягнулі ад асноўных сілаў ды як далі залп з кавалерыйскіх карабінаў…
— Колькі іх было?
— Казакаў? Ды чалавек дзесяць, не болей. Але вайсковыя людзі, спрактыкаваныя, на сапраўдных кавалерыйскіх конях…
— А вы… стралялі?
— Я ж кажу, павярнулі ды як далі залп!
— Маю на ўвазе: нашыя стралялі? — Аксана ад нецярплівасці аж прытупнула нагой.
— У Людовіка хвалёны ангельскі штуцэр заела, не стрэльнуў… А хто стрэльнуў з пістонаўкі, потым доўга шкадаваў, бо казакі на тых, хто страляў, наляцелі з шаблямі…
— Пасеклі? — з жахам спыталася Аксана.
— Пытаешся… — адказаў Пракоп.
Ён перасмыкнуў дратву з аднаго кутка рота ў другі. Гэта выглядала на тое, што ён цягне час, разважае: ці варта гаварыць пані аканомавай праўду. Аксана зразумела, што нешта тут не тое.
— Далей што?
— Далей? А што далей? — скрывіўся Пракоп, быццам у яго была рана ад тых шабельных удараў. — Як убачылі, што імчаць на нас… на іх… цэлая гурма вышкаленых казакаў, — пікі тырчаць, шаблі блішчаць, — дык сталі заварочваць сваіх коней… Я ж кажу, без каманды. Зрэшты, каманда мо і была, ды хто яе слухаў. А дарога вузкая. Заднія напіралі на пярэдніх… Выйшла сумятня…
— А колькі ж вас было? Я маю на ўвазе конных.
— Колькі? Шабляў дзесяць… Нашых дзесяць, ды з дзесятак вершнікаў да нас прысталі па дарозе…
— Дзесяць? А куды падзеліся астатнія?
— Якія астатнія? Нашых конных і было з дзесятак.
— Як з дзесятак? — здзівілася і раззлавалася Аксана. — З мястэчка выехала конных сорак чалавек.
— Правільна, сорак. Але ўжо да Пінска з дзесяткаў два коней адсеялася…
— Што значыць — адсеялася? Яны што, паўцякалі?
— Паўцякалі. Самі коні паўцякалі… Можа, хто і не путаў. Сумысля, — пажаваўшы дратву, сказаў Пракоп. — Хто яго ведае… Прачынаюцца рана, ідуць шукаць каня, а каня няма.