Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць)
Шрифт:
Уважаючы на сённяшні настрой Леановіча, ад гэтай "моцы божай" можна было чакаць чагось цікавага. I таму Гораў бадай не здзівіўся, калі Пора-Леановіч раптам адсунуў чарку.
— Вайна называецца, — з лютай весялосцю сказаў ён. — Сумна, Юрачка. Мне б тады ваяваць, калі рабавалі, за косы валілі пад сябе дзяўчат. А тут замест усяго гэтага — капеечны віст і бацькоўскае пасячэнне пейзанаў. Абас… мы з расійскай гісторыяй.
Проста перад сабою, на фоне акна, Гораў бачыў яго сілуэт, рэзкі, прыгожы профіль з прамым носам і ссунутымі бровамі.
— Ты кажаш "людзі", —
За акном — Юрый з трывогай сачыў за гэтым — хмары пачалі наплываць аднекуль і зацягваць неба. Яны накіпалі з амаль неверагоднай хуткасцю, грувасціліся адна на адну, пасоўваючыся туды, да Дняпра, у бок горада, дзе вісела яшчэ бялёсая смуга на невялічкім лапіку блакітнага неба.
Задуха стала нясцерпнай. I нясцерпным стала чаканне.
Толькі Леановіч, здавалася, не адчуваў нічога. Яго нахабныя і страшныя вочы гарэлі вясёлым шаленствам. I Гораў, успомніўшы яго сённяшнюю забаўку, зразумеў, што чалавек, які сядзіць насупраць яго, — страшны чалавек, вельмі небяспечны чалавек, драпежнік, у якога, пэўна, зусім няма ў душы месца для так званых пакут сумлення.
Леановіч торкнуў пальцам у адзін з лубкоў.
— Мы вось… як гэтыя тры татарыны. Адзін татарын — Філька (так ён зваў генерала Фікельмонта), другі татарын — я, а трэці — вы, вельмі шаноўны Юрый Аляксандравіч… Дзелім цноту прыдняпроўскай зямлі. Занятак з сэнсам. Таму што яна пад каго толькі не клалася. I выяўляецца, што ўсё гэта па меншай меры непатрэбна-с.
I тут пачалося. За акном раптам сцямнела. Шалёная віхура праляцела дваром, задзёрла шынель на галаву вартавому, схіліла на страху стайні чорную вольху, і тая затрапятала, сагнуўшыся ў дугу.
Шаленства пераднавальнічнага ветру не скончылася на гэтым. Ён вырашыў, відаць, наведацца ў госці да людзей у хаце. Раптоўна грукнулі. дзверы, страшэнная пройма пацягнула да печы, дзьмухнула ў чалеснікі, задзёрла па дарозе абрус, ледзь не сарвала яго са стала разам з наедкам і вылецела ў комін, сказаўшы выразным фальцэтам:
— Аоў.
Гораў убачыў у акно, як гэты парыў проймы выкінуў з напаўразбуранага коміна галчынае гняздо і пагнаў яго, як кола, па пыльнай траве.
— Сымон, чортаў сын, — крыкнуў Гораў, - каглу забыў зачыніць.
I сам кінуўся да печы, зачыніў каглу, падторкнуў яе анучай.
Сымон скочыў у хату як апантаны, паправіў абрус, зачыніў дзверы, шуснуў у бакоўку і борздзенька выскачыў адтуль з запаленай свечкай.
Гораў убачыў, што Леановiч сядзiць, успёршыся скронню на кулак, вельмi бледны, з заплюшчанымi вачыма. Вусны яго варухнулiся:
Стаiць певень над кручаю, -
Заторкнута с… анучаю.
I растлумачыў:
— Разгадка
— Iдзiце, Сымон, — сказаў ён, гледзячы ў акно.
Сымон выйшаў. Гораў павярнуўся да субяседніка і з дакорам сказаў:
— Як вам не сорамна. Пры салдаце паказалі сябе дурнейшым за яго. Аблаялі народ. Вы ж беларус. Старога роду.
Па шчоках Леановіча папаўзлі чырвоныя плямы. I раптам ён зацікаўлена спытаў у Горава:
— Што мне, есці гэта? I што такое, наогул, беларус? Каго тут не было? Немцы былі, палякі былі, літва была. I раптам… бе-ла-рус. Сеў сабе з дурной мордай і — сікась-накась — пальцам у носе калупае…
Пры апошнiх словах зрэнкi Леановiча папаўзлi да пераносся. Твар стаў такi дурны, што Гораў са сваiм легкаважным i вясёлым характарам не вытрымаў, засмяяўся.
— Няма нічога смешнага, — вызверыўся Леановіч. — I ў вас і ў нас адна хвароба. Усю сваю гісторыю мы задніцай думалі. I наконт будучага ў гэтым сэнсе я аптымістам быць не магу… Чаго ад нас чакаць? Святаслаў забі Яраслава, Яраслаў забі Ізяслава, Ізяслаў забі Святаполка, а Святаполк коцнуў Барыса ды яшчэ і Глеба… туды ж яго матары. А тыя да пакутніцкай канчыны ўходалі двух братоў і трох сватоў і за гэта хрысталюбівай праваслаўнай царквою прылічаны да хеўры святых…
Вераб'іная ноч за акном ужо ўступіла ў свае правы. Неяк вельмі хутка. Дождж сцябаў так, што, здавалася, паветра было менш, чым вады. Маланкі крэслілі неба. Так часта, што жоўты агеньчык свечкі стаў зусім непатрэбным. У сінім агні бліскавіц Гораў бачыў мярцвяны твар, пакрыты кропелькамі поту.
— I заўсёды на наш вялікі народ палка знойдзецца, часцей за ўсё чужая. Цар, псар — гэта нам усё адно, абы кумпякі магутныя былі, ды барада венікам, ды вусы пажахлівей. I ўжо тут мы ў вернападданасці сваёй усяго яго абліжам, аж да цяжкага гузна. Іх вялікасць у ложы сядзяць, гімн, створаны вялікім паэтам, яму спяваюць, а бараны ў лікаванні да яго ўсім натоўпам кідаюцца… А блакітныя мундзіры іх — па мордзе, па мордзе: "Сядзіце на нумарных месцах. Чорт вас ведае, а раптам у вас гармата ў каго ў кішэні…" А ў тых па мордах і юшка цячэ, і слёзы замілавання. I не разбярэш, чаго яны галосяць — ці ад болю, ці ад захаплення… А назаўтра — "За цара, за веру, з намі бог! Бязбожныя французішкі караля свайго да смерці забілі. Бі іх, пакуль смяротнай ікаўкай не загікаюць". Патрыятызм.
Юрыю і шкада было гэтага чалавека, і абурэнне разбірала. I ўсё ж згадзіцца з ім было нельга. Гэта азначала, што ўвесь ягоны свет: універсітэт, дзе прафесары чыталі пра мікракосм, Nadine, якая захапляецца Тургеневым, чынны, велічны, дзяржаўны спакой Неўскай набярэжнай, маці, якая просіць аб веры для сына і хрысціцца з любоўю на крыж Міколы на Курыных ножках, — усё мана, усё міраж.
Казаць Леановічу аб гэтых няўлоўных прыкметах, бадай што, і няварта было. Ён, просталінейны, мог і не зразумець. Таму Гораў даволі бездапаможна — ён і сам адчуў гэта і пачырванеў — сказаў яму: