Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць)
Шрифт:
— Слухай, такімі словамі не кідаюцца. Гэта ўсё адно як гноем кідаць.
— Я кахаю, таму і кідаю, — плечы яе затрэсліся.
Андрэй, як заўжды, не вытрымаў. Шкадаванне да гэтай жанчыны рабіла яго вельмі слабым, і яна гэта ведала.
— Марыя, — сказаў ён, — гэтак жа ж нельга. Нельга так крыўдзіць людзей. Мяне і яе. Я вельмі яе паважаю. Але гэта ўсё.
— Няпраўда, — строга сказала яна, — ты закахаўся, ты, магчыма, нават недзе сустракаешся з ёю. Іначай адкуль такі тон у сённяшняй вашай размове?
— Табе мала майго слова гонару?
— Мала.
— Калі з чалавекам здараецца такое, ён набывае гонар, — сказаў Андрэй, — проста ты вельмі дрэнна думаеш аб каханні, Маша. А я думаю аб ім высока. I таму слова табе даю, што я ні разу і не думаў ні аб чым іншым. Ані…
— Важнасць, — тарганула яна плячом.
— Слухай, — сказаў ён, — я слова даў.
I прыбавiў глуха:
— Бадай, і не варта было.
— Не варта? — разгублена спытала яна.
— Не варта. Таму што, калi я даю слова, я яго даю.
Але яна ўжо зноў не слухала:
— I яна. Яна на цябе якiмi вачыма глядзiць?
Андрэй збялеў.
— Не руш, — глуха сказаў ён, — не руш чалавека. Пра мяне можаш казаць, што хочаш. Іншых — не чапай. Колькі ж гэта вас развялося — майстроў чапаць чалавека за жывое?
— Бачыце вы, які рыцар.
Андрэй маўчаў, адвярнуўшыся ад яе і гледзячы ў акно, бо ў горле хадзіў нейкі камяк. Потым ён глынуў яго і сціснутым голасам сказаў:
— Я, здаецца, пачну цябе ненавідзець. Каб я так псаваў камусьці жыццё, я не спадзяваўся б ні на што, акрамя гэтага.
Адразу ўстрывожаная, яна пасунулася была да яго, але ён адступіў на крок.
— Не падыходзь. Не падыходзь, пакуль я не звыкну да цябе — новай. Я думаў, тут толькі рэўнасць, толькі злосць да мяне. А тут з'явілася незычлівасць і да другіх людзей… Мне раптам стала брыдка з табою.
Ён рэзка павярнуўся і пайшоў ад яе прэч. Размовы, здаецца, ніхто не чуў. Бог ты мой, як брыдка. Не, з гэтым, мабыць, трэба канчаць.
Яніс усё яшчэ стаяў на ранейшым месцы і нервова паглядваў туды, адкуль павінен быў з'явіцца друг. Убачыў. Усміхнуўся.
— Яніс, — сказаў Грынкевіч, — за што?
— А за тое, — змрочна сказаў Яніс, — за тое, што істэрычка. Як што не па іх, дык адразу сімпаты-ычны такі скандальчык… Кінь, Андрэйка, што зробіш, калі ў іх мухі ў носе.
Памаўчаў.
— Ах выдра. Я ж памятаю, як яна да цябе першыя два месяцы ставілася. Проста анёл, з блакітнымі крыльцамі. Я яшчэ, грэшны чалавек, зайздросціў. Не, брат, горшыя за іх толькі дактары.
Грынкевіч закурыў, адчуў, як дымок пякуча пацягнуўся ў лёгкія, і раптам сказаў:
— Продкі ў такіх выпадках дапіваліся да божай плешы.
— Нельга дапівацца, — сур'ёзна сказаў Яніс, — Галіна Іванаўна толькі што аб'яву давала, што заўтра нас павязуць маляваных угоднікаў глядзець.
— Куды?
— Ну, быццам па розных там Уладзімірах ды Суздалях. У мэтах набліжэння да жыцця.
— Гэта добра, — сказаў Андрэй, — я ўсё адно заўтра ў гэты калідор не змог бы прыйсці. Агідна… Хто хаця павязе?
— Кажуць,
— Што ж, і тое добра. Будзем аптымістамі.
Р а з д з е л VIII
Аўтобус імпэтна вырваўся з гарадскіх муроў, пакінуў за сабою прадмесці і рынуў у мора блакітнага святла. I яно, разам з зелянеючымі палямі, паглынула яго, зрабіла маленькай кропкай на бязмежным улонні зямлі.
Андрэю нішто не перашкаджала: ні анекдоты на задняй лаўцы, ні гульня вясёлай кампаніі ў карты, ні нават казлятон Баранаўскаса, які нейкім назнарок брыдкім, наўмысна «блатным» голасам спяваў пра "сталіцу калымскай старонкі". Спяваў па-беларуску.
Ён ведаў: усё гэтае блазноцтва было таму, што людзі ап'янелі ад вясновага паветра, ад палёў, ад бязмежных зялёных абшараў, што ляжалі вакол.
Непакоіў трошкі толькі суровы і адчужаны твар Марыі, што сядзела ў самым хвасце аўтобуса і, адвярнуўшыся, глядзела ў акно: вусны сціснутыя ў нітачку, вочы прыжмураныя і халодныя.
Яніс штурхнуў Андрэя ў бок.
— Кінь глядзець, кажу. Замнога гонару. Падумаеш мне яшчэ: каралева Пятра Вялікага.
Яніс быў такі легкаважна-вясёлы, што Андрэй таксама ўсміхнуўся яму ў адказ. Тым больш што жыць было сапраўды добра: такія стаялі вакол празрыстыя і халаднаватыя дні канца мая, з размытымі хмаркамі, з рэдкім сонейкам, што прыгравала там-сям паўночную зямлю, яе бедныя кветкі і спакойныя рэкі.
Вялiкi горад застаўся далёка за спiной. Там былi правiльныя ўстаноўкi, любоў да блiжняга з пажаданнем дабра яму, змястоўныя i ўдумлiвыя даследаваннi. А тут была проста палявая купель, дзе халодныя ветры звiняць маладой травою.
Акуніся, акуніся ў мяне.
I ад жыцця амаль нічога не трэба было, хіба што толькі вылезці з аўтобуса і ісці пехатою, трымацца за руку друга пры пераходах цераз ручаіны ды піць прыгажосць весняй зямлі, разлітую вакол.
Аўтобус быў усё ж часткай гарадскіх вуліц. А хацелася, каб травы цалавалі ногі, каб вакол ляжала зямля, каб яна сінела медуніцай, звінела званочкамі белазорыка, цямнела лясамі, крычала па начах таемным крыкам звяроў і адбівалася ў валавокіх, трывожных вачах мудрага леляка.
Горава сядзела насупраць, поруч з Галінай Іванаўнай, размаўляла аб нейкіх сваіх жаночых справах, і на яе таксама добра было глядзець.
Проста глядзець.
Адарвала вочы ад суседкі, сустрэла позірк Андрэя і ўсміхнулася яму:
— Добра, Андруша, праўда?
— Надзвычай добра жыць, Ірына Сяргееўна, — сказаў Андрэй.
Раптам яна злёгку спахмурнела.
— Так, — і пасля паўзы дадала: — Жыць надзвычай добра. Напэўна, ніхто гэтага не разумее так, як я.
Ад гэтай лёгкай зморшчынкі між броваў, ад суму ў голасе Андрэй яшчэ больш адчуў, што моцная сувязь дружбы звязвае іх, яшчэ нядаўна зусім незнаёмых. Дружбы спакойнай, дружбы, якая гарыць роўным і цёплым агнём.