Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць)
Шрифт:
Горава адышла ўбок разам з завучам, і ўпершыню за дзень поруч з Андрэем апынулася Марыя.
Яны стаялі трохі наўздалёк ад усіх: Марыя, Андрэй і, кроках у чатырох, Яніс, расчулены Рублёвым ледзь не да ўздыханняў сардэчных.
Марыя глядзела на Грынкевіча прыжмуранымі халоднымі, як лязо брытвы, вачыма. Перавяла позірк на Яніса. Зноў на Андрэя.
Адчуваючы, што зараз адбудзецца нешта зусім недарэчнае, Андрэй усміхнуўся ёй.
— Кінь глупствы, — сказаў ён, — давай мірыцца, ці што?
Яна хмыкнула:
— Брыдка
Андрэй раптам адчуў, што нейкая гарачая хваля кінулася яму ў твар. Ён ведаў, што за гэтым прыйдзе выбух несамавітага, страшэннага гневу, такога, які ён перажыў за ўсё жыццё разы тры, і таму баяўся. Ён хацеў устрымацца, але не мог. Мора чырвонага святла ўстала ў вачах.
— Ты… ты, — глухім голасам сказаў ён і сарваўся на страшны шэпт, — не руш чалавека.
Быў ён жахлівым у гэту хвіліну. Жахлівым, як прадзед у баі пад Зверынам. Прарвалася-такі старая кроў.
— Не руш яе!!!
На іх азірнуліся, убачылі ўстрывожаны твар Яніса, збялелы ад жаху твар жанчыны.
Ускінула насцярожаныя вочы Горава.
Але Андрэй, адчуўшы, што яшчэ адна хвіліна і здарыцца непапраўнае, ужо бег да ўвахода ў царкву, за рог палаца.
Дзіўна, але ўсе, хто наглядаў за гэтай сцэнай, падумалі, што ён крычаў на Яніса.
…Знайшлі Андрэя толькі хвілін праз дзесяць. Ён сядзеў у царкве, што амаль напалову ўрасла ў зямлю, сціскаў кулакамі скроні.
Горава ўзяла яго за плячо, падвяла Вайвадса:
— Ну што за дурыкi. Адразу ж мiрыцеся.
Андрэй паспеў ужо прыйсці да свайго заўсёднага добразычлівага настрою:
— Мы не сварыліся.
Усе падумалі, што гэта гонар, але настойваць не сталі.
Андрэй агледзеў вачыма сяброў і пабачыў, што Марыі сярод іх не было.
Гэта было лепей. Ён не мог зараз бачыць яе.
Экскурсія ішла пад арку брамы, і Андрэй ішоў наперадзе, спіной адчуваючы позірк жанчыны. Ён ведаў, позірк гэты дапытлівы і пільны.
Галубінае пяро павольна, бы ў водавароце, падала перад Андрэем на высокую, густа-зялёную траву. Ён падставіў руку і злавіў яго, сціснуў у пальцах. I раптоўна яму здалося, што пяро гэтае нябачна, але моцна звязала яго з закінутай вёскай, з сумам і цішынёю белых палат.
У вузкім акне — ён зноў пачаў летуценнічаць наяву — мільгануў перад ім падазрона вялікі твар, чырвоны, наліты крывёю твар ягонага цёзкі, князя. I потым ужо ўсё, аб чым расказвала Горава, жывымі карцінамі ўставала ў яго вачах.
Ад базедавай хваробы ў Багалюбскага былі шалёныя і ярасныя вочы, ад уроджанай акасцянеласці шыйных пазванкоў — ганарлівая пасадка галавы. Ён не мог яе апусціць, а калі трэба было, — ён нахіляў яе разам з тулавам, як воўк.
Таму яго з дзяцінства лічылі ганарліўцам, і ён сам звык лічыць сябе такім, і жорсткасць ягоная стала пачэ меры цярпення чалавечага. Ад маці-палаўчанкі
Яны ішлі пераходамі палаца, і Андрэй бачыў трапяткі агонь паходні і чалавека з барвяным тварам, з папярочнай, узбухлай жылай на лобе, які з нечалавечай сілай адбіваўся ад шасцёх змоўшчыкаў, узброеных дзідамі і мячамі, раскідваў іх і рыкаў, як паранены леў. А яны зноў і зноў кідаліся на яго, шматавалі, цягнуліся за ім па падлозе.
Вось вырваўся, бяжыць, кідаюцца па скляпеннях, размаляваных травамі, калматыя цені. Сплываючы крывёй, ён бяжыць, і ногі заносяць яго ў бакі, як п'янага. Наперадзе ўратаванне, але ён страціў сілы і розум, свісцячае дыханне вырываецца з яго вуснаў, ногі яго ведаюць толькі, што ўніз бегчы лягчэй, і ён збочвае, бяжыць па вінтавых каменных сходах. Праз вузкія вокны ў шырокіх нішах, чаргуючыся з пыльнай цемрай, слізгоча па яго твары святло зорак. З інстынктам зайца, які хоча схаваць галаву, чалавек шукае нары.
Ён забіваецца ў нішу акна.
Чуюцца крокі, якія… вось-вось, здаецца пайшлі далей. Не, бліжэй.
— Тут ён!
Страшэнны крык абудзіў Андрэя.
Спусціўшыся па сцёртых прыступках, ён убачыў у пыльнай нішы, дзе дабілі князя, два цёплыя, ружаватыя галубіныя яйкі.
Калі маладыя людзі зноў выйшлі на траву, Андрэй амаль хістаўся. Нервы, напружаныя цэлы дзень, не вытрымлівалі, здавалі. Ён адчуваў сябе няздольным успрымаць, аб чымсьці думаць, нешта любіць. Адбывалася нешта падобнае на тое, як бы ты пабачыў чалавека, зарэзанага машынай, тое, што медыкі-псіхолагі называюць заразай смерці.
Нешта шчымела і варочалася ў горле.
— Што з вамі? — спагадліва спытала Горава.
— Так, Успомніў, што Хронас жор уласных дзяцей, што на месцы Кіева пасля татар трыста год раслі дрэвы.
— А жыць трэба, Андруша, — сумна сказала яна. — Сапраўднаму чалавеку заўжды трэба жыць. Каб множыць дабро.
Яны ледзьве цягнулі ногі, цягнулі толькі таму, што трэба было яшчэ пабачыць царкву Пакрава на Нерлі. I ім зусім не хацелася гэтага, але ногі ішлі аўтаматычна. Трэба ж ім было кудысьці ісці.
Заржавелыя цыстэрны ля чыгуначнага палатна, бетонныя трубы, матляецца на ветры бялізна. Нерэалістычны пейзаж.
Хто ж ты ёсць, чалавек?!
Цьмянае сонца выплывала з-за хмар. З моста над галавою падалі ржавыя кроплі. I калі людзі прайшлі яго, уздых, як у дзіцяці пасля слёз, пашырыў лёгкія Андрэя.
Бясконцыя-бясконцыя лугі з лесам на ўскраіне далягляду ляжалі перад ім. Гусцела іхняя трава, як у тыя часы, калі выязджалі сюды на паляванне з празрыстым гукам рагоў і сакаліным палётам.