Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць)
Шрифт:
— I няўжо нашы медыкі нічога не могуць зрабіць?
— А што яны могуць? Зараз усё запушчана. У сумцы стварыўся рубец. Чым гэта можа скончыцца, вы ведаеце.
Андрэй маўчаў. Потым сказаў амаль бязгучна:
— Можа, мне варта было б маўчаць. Але маўчаць я не магу. Я кахаю вас. Нават больш чым гадзіну таму.
— Ды няўжо вы не разумееце, — успыхнула яна, — няўжо вы не разумееце, што праз год… заўтра… сёння можа быць канец? Няўжо вы не разумееце, што я не хачу гэтага для вас, што я не хачу для вас яшчэ і гэтага гора?
Ох,
— Кіньце курыць, — жорстка сказаў Андрэй. — Я не дазволю гэтага больш.
— Усё адно, — яна ўдарыла сябе далонню ў грудзі. — Зразумейце, цень нада мною. Я не хачу, каб вы двойчы перажылі тое, што перажылі аднойчы…
Мужчына нахіліўся да яе ў цемры, паклаў пальцы на яе руку.
— Ведаючы, што няшмат мне дадзена год, што ўсё адно мне не жыццё без вас, — як бы я вас кахаў.
Яна сумна ўсміхнулася, трохі заспакоеная яго словамі:
— Гэтага мала. Я нават і як жанчына старая для вас.
— Вы — дзяўчынка. Божа, каб толькі ў гэтым была справа. Я б вас пераканаў.
— Андруша, мілы, не трэба. Вы паэт, і будучыня ў вас вялікая. Нашто гібець вашаму жыццю з-за паміраючай?
— Гэта даўно ў мяне, — быццам не пачуўшы яе слоў, сказаў Андрэй. — Я імкнуўся адужаць гэта, але забыць не мог, не магу, не хачу. Што мне да ўсіх гэтых слоў і прычын, калі мне нельга… без вас.
— Пачакайце, — сказала яна i задумалася.
У мёртвай цішыні кватэры чуўся толькі мяккі стук гадзінніка.
Сабака лашчыўся да ног Андрэя. I мужчына закрыў яму вочы калматымi вушамi, каб ён нават позiркам не парушыў цiшынi.
— Я не скажу вам "не", — сказала нарэшце жанчына. — Пачакайце. Я павінна многа думаць. А як я да вас стаўлюся — пра гэта няма чаго і казаць.
Яна ўстала, даючы зразумець, што ёй трэба застацца адной. Андрэй устаў таксама. Яна ўзяла далонямі яго галаву і з дзіўным, нейкім пакутліва-лікуючым, засмучаным выразам пацалавала яго ў лоб. А ён узняў рукі і абняў яе, пяшчотна і амаль бязважка, адчуваючы пад далонямі ласкавую мяккасць тканіны і пад ёй нясмелую цеплыню спіны.
— Я не думаў, што змагу, як хлапчына, насіць вершы, мерзнуць на тратуарах, з трапятаннем чакаць серады і суботы, паміраць у астатнія дні. Не думаў, што ў мяне будзе падаць сэрца, калі ўбачу на вуліцы кагосьці падобнага, убачу падобнае паліто, падобны вузел валасоў. О-ох!
Нахіліўшыся, ён цалаваў яе вочы, адчуваючы, як уздрыгваюць веі пад яго губамі. А яго вялікія далоні трымалі і лашчылі яе кволыя і моцныя плечы, рукі, запясці рук.
— Будзьце лепшай са мной, — прасіў ён. — Кожны дзень — першая думка мая пра тое, што жыццё гожае, таму што ёсць вы.
Нясмела адрываючыся ад яго, яна нарэшце сказала перарывістым голасам:
— Iдзiце, iдзiце адсюль… Вашым каханнем прашу.
З цяжкім уздыхам ён апусціў рукі, зняў паліто з вешалкі, апрануў яго і раптам цалкам лагічна сказаў:
— Чорт, забыў… Гэта вам.
I, засунуўшы руку ў кiшэнь, дастаў
— Сімвал?
— Н-не ведаю… Які?
— Мадонна на старых карцінах заўжды трымала гранат у руцэ. Сімвал улады.
— Трымайце, — сказаў ён. — Як сімвал улады нада мной.
Р а з д з е л XV
Яніса амаль цэлы месяц не было ў Маскве. Быў у Рызе. Сам зняволіў сябе ў Доме творчасці і пісаў там новую паэму. Яму лепей за ўсё пісалася позняй восенню, у лістападзе, калі над зямлёю нізкае шэрае неба, туман ляжыць на верхавінах дрэў і нават апалая лістота паспела згубіць свой залаты колер і стаць грыфельна-шэрай.
Ён проста быў моцны і жыццярадасны чалавек. А такія любяць восень. I любяць працаваць увосень, таму што ў астатнія поры года жыць хочацца больш, чым пісаць.
I вось у гэты дзень ён уварваўся ў пакой Андрэя, не пастукаўшы, і яшчэ з парога загарлаў:
— Здароў, самотны рымлянiн.
Андрэй скочыў, як бы яго шылам парнулі. Так яны і стаялі, абняўшыся: Яніс у мокрым ад лістападаўскага дажджу плашчы, а Андрэй — у трусах і майцы.
— Дружа мой. Сядай. Як пісалася?
— Геніяльна.
— Што напісаў?
— Напiсаў, брат, сумную рэч. Паэму аб мацi.
Яніс сеў:
— Быццам зноў прайшоў шлях. Уся гэтая гарота, нястача, слёзы… I тут яшчэ яе смерць… Цяжка было… I ў тон настрою Дзінтара юра [Янтарнае мора] за акном шуміць-шуміць. Кожную ноч.
Ён выцягнуў руку з кішэыі, расціснуў пальцы. I ў пакоі быццам адразу стала святлей.
На далоні ляжала некалькі янтарных кавалкаў: іржава-карычневых, шакаладных, празрыста-залатых — быццам ззяючых цеплынёй.
— Поўзаў, брат, па беразе для цябе. Хацеў табе Балтыку прывезці.
— А я што табе прывязу?
— Прывязi кавалачак Нарачы, — Янiс пачынаў дурэць. — Прывязi Белавеж або лепей бутэльку «Белавежскай».
— Зубра нованароджанага табе не прывезцi?
— Прывязі зубрыху… Буду вадзіць яе на пашу ў Астанкіна. Выпушчу на партэр і — "гуцю-гуцю, падласая!".
Андрэй палез у шафку.
— Белавеж самому патрэбна… А «Белавежскай» бутэльку разап'ём. Прыслалі.
— Братка ты мой. Ашчаслівіў ты мяне, ашчаслівіў. Цяпер я і ад тэрытарыяльных дамаганняў адмаўляюся. Месяц у рот не браў. Вось так працуеш, як дурань, а п'янка запушчаная.
Андрэй, сабіраючы на стол, усміхнуўся.
— Дрэнны з цябе патрыёт. Во Баранаўскас патрыёт дык патрыёт. Надоечы напіўся і раптам успомніў, што ён літовец. Спрадвеку з ім такога дзіва не было. Пачаў да мяне тэрытарыяльныя прэтэнзіі прад'яўляць. Кажа: аддавайце нам Гродна, Ліду, Ашмяны і Навагрудак. Я кажу: родненькі, бяры, бяры, калі ласка. Мне што, мяне не абыходзіць. Бачыць: вайны не будзе. Дзе, крычыць, Вайвадс? Давайце яго сюды. Чаму забраў у нас Даўгаўпілс?.. Тут я з лёту эпіграму: