Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць)
Шрифт:
Ён памаўчаў.
— Але ты забываеш, што гітлеры сякуць галовы адзінкам, а астатніх прыдушваюць жахам і пагардай. I мне, чалавеку не зусім дробнаму, шкада тых, хто не можа заступіцца за сябе. Я шкадую і тых і другіх. Усе людзі.
— Нявартыя такія людзі шкадавання! — страсна кінуў Толька. — Страшна ім, баяцца яны зброі — ну і д'ябал з імі!
— Навучацца з часам, — сказаў Андрэй. — А ты, Толька, накшталт Авакума. Ніякай памяркоўнасці. Дай табе волю — ты б сам усіх нязгодных у Пустазерск загнаў і спаліў… I ўсё ж я люблю і цябе, Толька… Ты непадкупны. I ты з часам зразумееш.
Харунжы стаяў увесь чырвоны і гнеўны:
— Шкадава-аць, —
Аўдыторыя абурана загудзела. Тыя гады былі ўрадлівыя на нервовых людзей, ніхто асабліва й не здзіўляўся. Палоны, войньі, блакады, лагеры, пажары — усё гэта капілася ў сэрцах і нервах людзей, каб часам выбухнуць.
— Дзякуй, Толенька, — з'едліва сказаў Андрэй. — Дзякуй, родны.
Яго пачалі ўмаўляць, каб ён не крыўдзіўся.
— Крыўдаваць на ўсіх людзей — лепей ужо з каменем на шыі ў вір, — сказаў ён.
I толькі тут ён, забыўшыся на ўсё ў запале спрэчкі, успомніў пра Ірыну і зірнуў на яе. Яе вочы, звернутыя на яго, ззялі нейкім асаблівым, цёплым агнём. Потым яна апусціла павекі.
— Вы не зразумелі яго, Толя, — сказала яна. — Ён укладваў у слова «шкадаваць» зусім другі сэнс. Вы ж ведаеце, слова "любіць" трапіла ў літаратуру памылкова. У кандовых вёсках і дагэтуль "любіць" азначае "любіць па гумнах". А калі чалавек з такой вёскі вельмі кахае жанчыну, ён яе «шкадуе». I чалавека таксама «шкадуе». Нічога ганебнага для жанчыны і чалавека тут няма… Напэўна, і на Беларусі так.
— Так, — сказаў Андрэй.
I тут Толька, быццам атрымаўшы падмацаванне ад адной назвы «Беларусь», зноў рынуў у казацкую атаку:
— Гуманіст! Маленькія людзі! Шынялі! Сорам стагнаць аб шынялях. Ты пра сваю Беларусь успомні! Два мільёны дзвесце тысяч з нечым людзей загінула.
I тут Андрэй упершыню ўзвысіў голас. Крыўда агнём разлілася па шчоках:
— Так. Бухгалтэрыя досыць дакладная. Два мільёны і дзвесце тысяч з нечым. I тое "з нечым" — гэта, прыблізна, насельніцтва майго горада. I сярод гэтых мільёнаў не ўсе былі вялікімі людзьмі. Былі і маленькія, што навучыліся. Быў сярод іх і мой брат. Ён не пісаў апавяданняў, як ты. Ён ніколі не думаў пра палітыку. Пра шынель ён, праўда, таксама не думаў. Але я памятаю, як ён збіраў на матацыкл. Шынель — даведзены да абсурду сімвал… Брат мой збіраў на матацыкл… Нічога больш. Потым, пэўна, узбіўся б і на машыну. Ён любіў. машыны. Цяпер ён ляжыць недзе там… Ён, ці бачыш, гнаў праз зону абстрэлу машыну з цяжка параненымі. Многія з іх выжылі. А ў кабіне знайшлі дзесяць прабоін… I жонка ў яго была недалёкая жанчына: праца, ды кіно, ды зрэдку госці. Прыгонных, як у прадзедаў, у нас не вялося. Заводаў — таксама. I вось гэтай жанчыне соллю пасыпалі ў гестапа раны на спіне. Той соллю, што яна несла партызанам у лес. Яна толькі і здатная была, што насіць соль, бо яна да смерці баялася стрэлаў… Там яна маўчала… Яна вельмі баялася стрэлаў і вельмі любіла кіно…
Вусны яго — ён ніяк не мог авалодаць імі — дрыжалі.
— I гуманізм вось для такіх. Каб і яны, каб усе сталі вялікімі, бо кожны аднолькава дарагі для зямлі і для мяне. Нават той, хто любіць кіно, баіцца стрэлаў і пакуль што не трапляў у гестапа.
Андрэй сеў, адвярнуўшыся да акна. У цішыні, што гнятуча навісла над аўдыторыяй, ён пачуў голас Горавай:
— Хопіць. Даспрачаецеся потым. Дык вось…
I потым ён ужо нічога не
Раптам вельмі захацелася туды. З асаблівай пяшчотай ён пачаў уяўляць лілаватыя зарасці зімніх хмызнякоў на круглых узгорках, пахучую ваду ў палонцы, ваўчыны след па загуменні.
…Ад успамінаў яго адарваў толькі зменены тон Ірыны. Пэўна, адказвала камусьці на нейкае пытанне "аб жыцці". Хлопцы любілі такое.
— Ну, гэта як для каго, — казала яна. — Вось я, напрыклад, чытала нядаўна раман. Ён — амерыканскі мастак. Яна — псіхіятр з Парыжа. Пакахалі. Так, як рэдка бывае. Што рабіць яму без скалістых гор, без узараных прэрый, без мамантавых дрэў? I што рабіць ёй без Парыжа, без клінікі, без справы свайго жыцця? І, як ні стараюцца, каханне гіне, бо кожны не можа дараваць другому нежадання ахвяраваць сабой.
Яна не глядзела на яго, алё Андрэй разумеў. Адзін з усіх. I сэрца яго ўпала.
— Як гэта? — неўразумела абурыўся Баранаўскас.
Ірына ўзняла на яго вочы:
— Так. Уявіце сабе, што… я пакахала. Упершыню. Магло ж здарыцца, што раней не давялося, Але ён далёка адсюль вядзе сваю працу. А я таксама не магу жыць без працы, і яна магчымая толькі тут. Тут саборы і фрэскі, пра якія я пішу. Тут мая работа выкладчыка. Тут мае бібліятэкі і музеі.
— А ён дзе? — не зразумеў Харунжы.
Андрэй, гледзячы на Ірыну, дапамог ёй:
— Скажам, на Чукотцы.
Жэстам падзякаваўшы яму, яна сказала:
— I я не магу ехаць з ім. I крах спасціг маё каханне. Каханне маленькага чалавека.
"Ага, яны зноў гаварылі пра тое ж, — падумаў Андрэй. — Так, пра тое ж і не пра тое ж… Недарэчныя разважанні!"
I менавіта таму ён дачакаўся, пакуль усе пойдуць. Менавіта таму ўпарта сядзеў і слухаў яе бясконцыя размовы з завучам. Менавіта таму падаў ёй зялёную літоўскую хустку і футрачку, а потым выйшаў з ёю на сляпуча белы снег, які яшчэ не паспелі запляміць сятчатымі слядамі галёш.
— А на мне гэтая хустка. Я не хацела сёння ісці з вамі.
— А што хустка?
— Ды я ў ёй на матрошку падобная.
— Вы ва ўсіх уборах добрая.
Чысты, бязмерна добры стаяў вакол снег. Сляпучы. Нявінны. I нават пахнуў ён вадкім водарам свежаразламанага сланечнікавага сцябла.
— Хачу кудысьці на снег, дзе дрэвы.
— У Сакольнiкi?
— Далёка.
— Ну, тады на выстаўку. Там ёсць цудоўныя далёкія алеі. Па іх зараз ніхто не ходзіць.
— Згода, — кіўнула яна.
Ён махнуў рукою зялёнаму вочку, што бегла вуліцай. У таксі яна маўчала. Потым сказала, маючы на ўвазе Харунжага:
— Як Рэмарк. Толькі сябе шкадуе.
— Так, — сказаў Андрэй. — Гэта не Дастаеўскі: "прыйдзіце, п'яненькія…"
Глянуўшы на яго пушыстымі вачыма, яна сказала:
— Я думала, вы мяккі і добры.
Бачыла яго цёмны профiль. Потым доўгiя вочы, што цяжка зiрнулi на яе. Потым рот, што вымавiў:
— Добрыя i бываюць заўсёды цвёрдымi.
Сам ён у гэты час думаў аб тым, што жыццё — радасць. Як раптоўнае азарэнне, як цёплае залатое святло, пралілася на яго гэта думка. Была яна, тая, што поруч, а паратунку не было, ды ён і не хацеў яго. Ад шчасця, хай нават пакутнага, не ратуецца ніхто.