Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць)
Шрифт:
Яша тупаў на месцы, відавочна вагаючыся.
— Вы… не скажаце ёй?
— Абавязкова скажу. Бо іначай у вас, пры недахопе смеласці, няскора атрымаецца…
— А вы думаеце?
— Я не думаю. Я знаю. Вы ніколі не задумваліся, чаму яна не глядзіць вам у вочы?
— Гм, — пачухаў патыліцу Яша.
Нарэшце ён пайшоў, відавочна ўзрадаваны. Яны засталіся адны.
— Якія харошыя людзі, - сказала Ірына. — Якія ўсе — людзі. Дзіўна, але я тут, у палаце, пачала так аджываць душой, што мне страшна.
— Цвіцеш, як букет бэзу.
— Угу. I
З таго часу ён усе ночы сядзеў поруч з ёй, гледзячы на яе твар. Яму ставала балюча ў горле, так ён яе кахаў.
Аднойчы, зусім ужо збіраючыся засынаць, яна трымала сябе так неспакойна, што ён спытаў, ці не баліць у яе што.
— Не, — сказала яна, — але я павінна прызнацца табе яшчэ ў адной маёй хлусні.
— Споведзь на сон градучы? А можа, не трэба?
— Трэба, — рашуча сказала яна. — Ты не спіш трэцюю ноч. Ты занадта, аж да неразумнасці, сочыш за мной. Я скажу, мне будзе лёгка, і я засну. Тады заснеш і ты. Баюся, але скажу.
— Добра, любая мая, — сказаў ён. — Ты толькі не хвалюйся.
— Сядай бліжэй, — сказала яна. — Пацалуй мяне.
Ён перасеў і пацалаваў яе ў вусны, а потым, прыпаўшы тварам да яе чыста прамытых, дзівосна мяккіх валасоў на падушцы, падрыхтаваўся слухаць.
Маўчанне было такім доўгім, што ён падумаў, а ці не заснула яна?
— Я ведала гісторыю на пароме, — раптоўна і хутка сказала яна. — Гэта і сапраўды быў мой прадзед. Толькі ніхто ў нас не ведаў прозвішча расстралянага.
Ён прыўзняўся, прыгаломшаны, але здолеў усё ж спытаць:
— Ну і што?
— Апусці зноў галаву, — папрасіла яна, і ён зноў пакорліва апусціўся шчакою на пахучыя валасы.
— I што? — шэптам, дакорліва спытаў ён.
— Але я… я пабаялася прызнацца табе ў гэтым.
— Чаму ж?
— Гэта быў бы тады канец. Як наканаванне. Звароту назад тады ўжо не магло быць… А я так баялася. Баялася жыцця з такім, як ты, бо трэба было стаць зусім-зусім іншай… Баялася цяжкасцей, баялася пасля столькіх год пакут пайсці з гэтага абрыдлага гнязда, баялася быць цяжарам для цябе.
За вокнамі лёгкі подых начнога ветру прабег па цьмяных верхавінах дрэў і зашалахцеў далей, каб прапасці недзе ў замрэяных дрэвах над Масквой-ракой. Слухаючы гэты заміраючы шолах, яна казала:
— Мне шкада было цябе. Шкада. Ох, як я цябе мучыла.
— Пакінь. Гэта было ўсё адно шчасце.
— Усё адно?
— Досыць, усё яшчэ наперадзе…
— Вядома. Даруй мне за ўсё. Я добрай буду да цябе. Я ўсё-ўсё выкуплю. Буду ласкавай і пяшчотнай да канца свайго…
Ён узяў яе разам з падушкай за плечы, быццам збіраўся люляць дзіцёнка. Яна прыстроіла твар на яго грудзях, паварочалася, каб было зручней, уздыхнула некалькі разоў па-дзіцячаму і заснула, бы ў гняздзе.
Трымаючы яе на руках, ён толькі тут адчуў раптам, што гэта не жанчына, роўная яму вопытам, а безабаронны дзіцёнак, адданы ў абарону яму, мацнейшаму. Лухтой было зведанне страшных дзён апалчэння, нястачы, крыўд і штодзённай барацьбы. Лухтой было тое, што не сёння-заўтра
Быццам не год нясцерпнага кахання звязаў іх, не месячныя іскры, не тая подлая ноч з люміналам, а гэтыя дні яе пакут, калі яна дзеля яго трымалася за жыццё. Гэты давер нельга было падмануць.
Быццам з глыбіні мінулага веку працягнулася моцная ніць і наканавана звязала праўнука расстралянага, праўнука жанчыны з цёмнымі азёрамі вачэй, і праўнучку чалавека, сэрца якога адкрылася насустрач дабрыні ў паромную, вераб'іную ноч. З веку подласці і здрады працягнулася яна ў век навальніц і надзеі, каб цягнуцца далей у нейкі новы век нязмернага шчасця, які прыйдзе, не можа не прыйсці, і да якога яны, напэўна, не дажывуць. Працягнулася і звязала повяззю неадрыўна-моцнай, амаль не жаночай ужо і не мужчынскай, а нейкай таварыскай, нейкай братняй любві.
…З гэтай хвіліны ён стаў па-мацярынску ўтрапёным у сваіх клопатах аб ёй. Шчасце было ў недасыпанні, у выдаткаванні ўсіх нервовых і фізічных сіл дзеля яе, у змардаванні, у вычарпанні ўсіх запасаў дасціпнасці і весялосці, у тым, што ён, нават заснуўшы, прачынаўся — ледзь толькі яе дыханне ставала няроўным, ледзь толькі яна паварочвалася на бок. Угаварыць яго хоць на дзень адмовіцца ад гэтага не мог нават Глінскі, і ён здаўся, пабачыўшы, якую асалоду знаходзіць Андрэй у гэтым адмаўленні ад сябе, загадаў, каб увесь цяжар пераклалі на плечы Грынкевіча, загадаў, каб сёстры заходзілі ў палату толькі па яго выкліку ды яшчэ падчас двух штодзённых абходаў.
— Ён робіць усё лепей за вас, вар'ят чортаў.
Пасля гэтага дзён не было. Было свядомае спусташэнне ў імя таго дня, калі яна ачуняе, вышэйшы нервовы пад'ём, які часам дазваляе чалавеку тыднямі амаль не спаць, сочачы за здароўем другога… Здавалася, давалі ежу; здавалася, заходзілі ўрачы; здавалася, рабілі аналізы.
Толькі часам, уначы, калі яна спакойна спала, ён, седзячы ў глыбокім крэсле, паглыбляўся ў дрымоту з адкрытымі вачыма. Гэта была дрымота, калі сон мяжуецца з явай, калі бязладныя малюнкі і сказы ніколі не прымушаюць забыць, што за акном ноч і дрыжачыя таполі, што Я н а кожную хвіліну можа прачнуцца, калі нават крэслы здаюцца нечым пачварным, тыграмі, што прыселі ад залішняй злосці на нізкія лапы.
Такое ж было і ў апошнюю ноч перад аперацыяй. Ён драмаў, і твар яго быў прасветлены, знясілены, змарнелы. Удзень ні яна, ні другія ніколі не маглі гэтага заўважыць. Уначы ён заўсёды нараджаўся з дрымоты для явы, не бясхмарна-трывожнай явы, явы замгленнай і чорнай.
На гэты раз яго заспелі.
Калі ён адкрыў вочы — яна глядзела на яго з-пад доўгіх вей. Глядзела сур'ёзна і ўважліва. На белым і ў белай хусцінцы, спакойны і вызвалены ад усяго, яе твар здаваўся тварам манахіні-царыцы з гістарычных фільмаў.