«…Міласці Вашай просім»
![](https://style.bubooker.vip/templ/izobr/18_pl.png)
Шрифт:
Уводзіны
Калі скончылася вайна, шмат каму падавалася, што жыццё пойдзе па-іншаму. Яно сапраўды пайшло па-іншаму ў параўнанні з ваеннымі гадамі, калі перад краінай і асобнымі людзьмі паўстала задача выжыць, вытрымаць у барацьбе з нацызмам.
За першае пасляваеннае пяцігоддзе ў БССР было шмат чаго дасягнута. Высокімі тэмпамі ішло ўзнаўленне прамысловасці — у 1950 г. аб’ём прамысловай прадукцыі павялічыўся ў параўнанні з 1946 г. у тры з паловай разы. Былі створаны новыя галіны прамысловасці — аўтамабільная, трактарная, веласіпедная, лакамабільная, цукровая. Гордасцю рэспублікі сталі гіганты беларускай індустрыі — аўтамабільны і трактарны заводы. Значна пашырыліся станкабудаўнічая, паліўная, тэкстыльная, харчовая галіны прамысловасці. Ішло актыўнае стварэнне энэргетычнай базы — будаўніцтва электрастанцый. Калі да вайны галоўнай крыніцай эканамічнага росту было прыцягненне ў вытворчасць новых мас людзей, дык пасля таго, як рэспубліка згубіла найбольш працаздольных і таленавітых грамадзян, трэба было
Разам з тым, у савецкім грамадстве назіраўся працэс вяртання да старых, даваенных каштоўнасцей. У міжнародным плане гэта праявілася ў рэзкай канфрантацыі з былымі саюзнікамі, а ва ўнутранай палітыцы — ва ўзнаўленні стратэгіі камуністычнага будаўніцтва і жорсткай сацыяльнай рэгламентацыі. Да «спадчыны» 1930-х гг. вайна дадала яшчэ шэраг пунктаў, якія былі зачэпкай да праследавання грамадзян з боку ўлад, абмежавання іх правоў і магчымасцей. Першымі сярод падазроных сталі тыя, хто пабываў у нямецкім палоне альбо пражываў на акупіраванай тэрыторыі, а такіх налічвалася мільёны. Сваякі, якія апынуліся ў акупацыі, таксама сталі крыніцай праблем для многіх, асабліва для тых, хто прасоўваўся па службовай лесвіцы. Нягледзячы на тое, што пасля вайны рэпрэсіі не афішыраваліся, спецправеркі, якія праводзіліся міністэрствам дзяржаўнай бяспекі СССР на працягу доўгага часу, часта прыводзілі да пераследу, асабістых трагедый і буйных непрыемнасцей.
Важным для разумення пасляваеннай палітычнай і грамадскай сітуацыі з’яўляецца аналіз сацыяльнай іерархіі грамадства. Афіцыйная дактрына падзяляла савецкае грамадства на сяброўскія классы і групы, якія яшчэ шчыльней з'ядналіся пасля вайны. З 178,5 млн. чалавек насельніцтва СССР у 1950 г. рабочыя складалі 36,2 %, калгаснікі і члены кааператываў (у гарадах) — 41,9 %, некалектывізаваныя сяляне і рамеснікі — 2,3 %, інтэлігенцыя і служачыя — 19,6 %. Аднак гэтая афіцыйная класіфікацыя савецкага грамадства патрабуе сур’ёзных карэктыў. Полюсамі сацыяльнага складу грамадства з’яўляліся шматлікія вязні ГУЛАГу, з аднаго боку, і разнастайныя эліты — з другога. Найбольш моцнай і ўплывовай элітарнай групай былі наменклатурныя работнікі, колькасць якіх толькі ў рамках партыйнай наменклатуры перавышала 100 тыс. чалавек. Але і на гэтых полюсах меліся істотныя варыяцыі{1}.
Шырокія абагульненні аб узроўні жыцця розных груп савецкага грамадства пасляваеннага часу рабіць цяжка. Невялікая квартплата, бясплатная медыцына і адукацыя дазвалялі жыць на мяжы неабходнага. Для большасці людзей падобнае становішча было звыклым — яшчэ не сцёрліся з памяці ўспаміны пра ваенны час і голад 1946-47 гг. Вясковае насельніцтва ў большасці жыло з прысядзібных участкаў. Разлічыўшыся з дзяржаваю па абавязковых пастаўках (у адваротным выпадку калгаснік лічыўся дэзерцірам, спекулянтам і падвяргаўся штрафу альбо турэмнаму зняволенню), селянін, як правіла, нёс на рынак не лішкі сваёй вытворчасці, а прадукты, неабходныя для спажывання яго сям’і, каб на ўтаргаваныя грошы купіць які-небудзь «прамтавар». Для гараджан паказальныя лічбы ніжэйшых узроўняў заробкаў. Так, адразу пасля вайны афіцыйная сума неабкладаемых падаткамі прыбыткаў была ўзнята з 150 да 280 рублёў у месяц, што можа даць уяўленне пра мінімальныя заробкі. Студэнцкая стыпендыя складала 280 рублёў, сталінская стыпендыя — 400, аспірантам плацілі 800. Ёсць звесткі, што заробкі рабочых-будаўнікоў у 200–300 рублёў у месяц выклікалі рэзкае незадавальненне. Старшыні сельсавета плацілі 200 рублёў. Адзін з намеснікаў дырэктара МТС па палітычнай частцы скардзіўся ў Маскву, што на яго заробак у 750 рублёў жыць з сям’ёю немагчыма. Міністр дзяржбяспекі СССР В. С. Абакумаў атрымліваў у месяц 25 тыс. рублёў — сума, дастатковая для набыцця аўтамабіля і дачы. Вартасць тагачасных грошаў можа праілюстраваць выпадак, калі ў адным з калгасаў былі растрачаны грошы на набыццё старшыні калгаса касцюма (4 тыс. рублёў) і каровы (6 тыс. рублёў){2}.
Літаратура пра пасляваеннае развіццё БССР няпоўная. У аснову канцэпцыі гэтага часу, створанай беларускімі савецкімі гісторыкамі, была пакладзена героіка пасляваеннага ўзнаўлення рэспублікі{3}. Маштабы гэтых сапраўды вырашальных для далейшага лёсу рэспублікі падзей абумовілі, на наш погляд, выпадзенне са сферы аналізу і сучасных беларускіх даследчыкаў канкрэтна-гістарычных супярэчнасцей першага пасляваеннага дзесяцігоддзя. Між тым, менавіта гэты перыяд знаходжання Сталіна ва ўладзе найбольш важны для вывучэння і разумення сутнасці сталінскай сістэмы. У гэты час сфарміраваліся як палітыкі людзі, якія пазней, да сярэдзіны 1980-х гадоў, кіравалі рэспублікай. Нарэшце, менавіта ў гэты час канчаткова сфарміраваліся культ асобы Сталіна, рэжым аўтарытарнай улады, сама сістэма сталінізму,
Супярэчнасці грамадскага развіцця вельмі выразна прасочваюцца праз псіхалогію мас, маральнае усведамленне людзей, іх патрэбы, інтарэсы, светапогляд. Сучасныя даследчыкі навейшай гісторыі за невялікімі выключэннямі імкнуліся ў лепшым выпадку ажывіць свае творы кароткімі біяграфіямі «простых людзей», разглядаючы іх як давесак да гаспадарчага механізма. Такі падыход абумовіў фіксацыю пераважна знешняга боку гістарычнага працэсу, апісальніцтва і каментатарства. Пранікнуць па-за «бачную паверхню» гістарычнага працэсу дазваляюць такія цікавыя першакрыніцы, як звароты працоўных да вышэйшага партыйнага кіраўніцтва. Беларускімі гісторыкамі зроблены толькі першыя спробы выкарыстання зваротаў працоўных да ўлад у якасці самастойнай гістарычнай першакрыніцы{4}. Пры ўсёй сваёй спецыфічнасці — мы маем справу выключна з негатыўным баком жыцця — яна стварае вельмі каларытную мазаіку тагачаснага жыцця, сапраўдны калейдаскоп чалавечых лёсаў.
У дадзеным зборніку прадстаўлена менш за дзесятую частку ад агульнай колькасці зваротаў, напісаных грамадзянамі БССР вышэйшаму партыйнаму кіраўніцтву ў 1951 г. (не будзем забывацца на тое, што пісалі і ў іншыя інстанцыі — міністэрства дзяржаўнай бяспекі, савецкія органы ўлады, свайму непасрэднаму кіраўніцтву). Большасць зваротаў — гэта просьбы аб персанальных пенсіях, паляпшэнні жыллёвых умоў, лячэнні і, канешне, працаўладкаванні (заработная плата з’яўлялася адзінай крыніцай існавання людзей — астатнія віды гаспадарчай дзейнасці жорстка пераследаваліся). Другая па значнасці тэма звароту да партыйнага кіраўніцтва — даносы на начальства, таварышаў па службе, суседзяў. У большасці скаргаў адчуваецца подых нядаўняй вайны. У іх нярэдка сусракаюцца звесткі пра палітычных рэпрэсаваных, сумны лёс якіх у той ці іншай ступені закранаў таксама іх сваякоў. Звароты на беларускай мове складаюць менш за 1 %.
Крытэрыем адбору матэрыялаў у зборнік была ступень рэпрэзентатыўнасці ў адлюстраванні ментальнасці пасляваеннага беларускага грамадства. Лісты да ўлад — тыпова масавая першакрыніца, якая дазваляе рабіць пэўныя высновы на аснове вывучэння іх вялікай савакупнасці. Дадзеная асаблівасць стварае адну з сур’ёзных крыніцазнаўчых праблем, уласцівых рабоце з масавымі дакументамі. Як правіла, найбольш яскравыя лісты ў недастатковай ступені адлюстроўваюць агульныя настроі насельніцтва, у той час як масіў тыповых скаргаў (нецікавых для чытача) дэманструе найбольш тыповыя рысы масавай свядомасці. Таму ў аснове адбору матэрыялу ў дадзены зборнік было імкненне дасягнуць збалансаванасці паміж адлюстраваннем сацыякультурнага аблічча беларускага грамадства, менталітэта чалавека таго часу і цікавым зместам лістоў.
Вялікая колькасць просьбаў і скарг — яскравая прыкмета таталітарнага грамадства, калі ў простага чалавека была адзіная і апошняя надзея знайсці паратунак — звярнуцца да вышэйшага кіраўніцтва. Зварот да ўлады ў выглядзе скаргаў, даносаў і г.д. у сталінскім СССР быў адзіным інструментам уздзеяння грамадства на палітычную рэальнасць, іншымі словамі — формай удзелу ў палітычным жыцці. Толькі такім чынам, ва ўмовах адсутнасці дэмакратычна абранага парламента і мясцовага самакіравання, можна было пазбавіцца ад злодзея — старшыні калгаса альбо самадура сакратара райкома. Таму кіраўніцтву не трэба было ініцыіраваць і стымуляваць гэтую актыўнасць грамадзян зверху. З іншага боку, звароты грамадзян былі ледзь не адзіным каналам, які дазваляў кіраўніцтву ўбачыць непрыфарбаваную рэальнасць такой, якой яна была на самой справе. Ёсць прыклады таго, што рашэнні вышэйшага партыйнага кіраўніцтва карэкціраваліся пад уплывам паступіўшых «сігналаў з месц». Колькасць жа дробных злачынстаў, махлярстваў, злоўжыванняў уладай, выкрытых дзякуючы гэтым сігналам, — незлічоная. Акрамя таго, яны дазвалялі вышэйшаму партыйнаму кіраўніцтву трымаць пад кантролем апарат чыноўніцтва. Такім чынам, аб’ектыўна звароты грамадзян, нават у выглядзе даноса, рабілі ўладу больш эфектыўнай і як вынік спрыялі яе ўмацаванню.
Але існавалі пэўныя межы ўзроўню крытычнасці заяў, пераступіўшы якія заявіцель трапляў у разрад ворагаў і антысавецкіх агітатараў. Мяжа гэта была даволі хісткай, але аўтары лістоў, напэўна, адчувалі яе, пра што сведчыць наяўнасць вялікага пласта ананімных лістоў. У некаторых выпадках па ананімных лістах, прызнаных асабліва небяспечнымі, праводзіліся спецыяльныя расследаванні з мэтаю выяўлення іх аўтараў.
Партыйныя і дзяржаўныя інстанцыі павінны былі рэагаваць на кожную скаргу альбо крытычную заўвагу. Факты падлягалі разгляду ў дакладна акрэсленыя тэрміны. Калі гутарка ішла пра камуніста, скарга разглядалася на партыйных сходах, вінаватым выносілі партыйныя спагнанні, складаўся план выпраўлення недахопаў. Заявіцель, ананімны альбо з подпісам, заявіцель меў права на адказ. Адказ павінен быў давацца той інстанцыяй, якой тычылася скарга. Звычайна ён меў даволі фармальны змест: паведамлялася, ці пацвердзіліся факты, выкладзеныя ў скарзе, потым размова ішла пра прынятыя меры. Адказ у большасці выпадкаў быў пісьмовы, але мог быць і вусным, калі існавала магчымасць выклікаць аўтара ў адпаведную інстанцыю. Калі скарга паступала ў рэдакцыю газеты, яе маглі надрукаваць у аглядзе лістоў, альбо (у большасці выпадкаў) адаслаць у адпаведную інстанцыю для прыняцця мер. У любым выпадку арганізацыя, якая падвяргалася «крытыцы працоўных», павінна была адрэагаваць.