Меч князя Вячкі
Шрифт:
Бервяно з лёгкім сухім шоргатам уткнулася ў прыбярэжны пясок, і чалавек нецярпліва і радасна зняў руку са слізкай мяккай кары — яму ўвесь час чамусьці здавалася, што ён трымае ў руцэ слізкую мяккую жабу. Ён нават намацаў дно і, растапырыўшы пальцы, пачаў ярасна церці рукою аб пясок, нібы змываў са скуры богведама які бруд. Потым нерухома, як вялізная знясіленая рыбіна, ляжаў на самай мяжы вады і берага, супакойваў дыханне, даваў адпачыць целу, чакаў свайго спадарожніка. Той выплыў з цемры, таксама трымаючыся за бервяно.
Нейкі час яны моўчкі ляжалі побач, і толькі шумела чорная, як дзёгаць, рачная вада. А можа, гэта шумела кроў у вушах ад вялікай
Проста перад імі, у некалькіх сажнях ад берага Дзвіны, шчацініліся на высокім пагорку дубовыя забаролы грознага замка. Быў час другой варты. Воі на забаролах свяцілі паходнямі, сонна, млява крычалі, перагукваліся між сабою: «Полацк!.. Менск!.. Друцеск!.. Рша!..»
Той, што прыплыў пазней, паправіў на поясе меч, прыжмурыўся, сказаў нібы сам сабе:
— Вось ён — Кукейнос, гняздо мярзотнага Вячкі. Мы раструшчым гэты пракляты горад, як курынае яйка. Мы знішчым князя і княжых слуг. Птушкі балотныя і гады паўзучыя звіюць гнёзды ў іхніх чарапах. І ты дапаможаш святому божаму войску, Браціла.
У словах, якія ён вымавіў, была такая злосць, такая пякучая нянавісць, што Браціла міжволі ўздрыгнуў. Кожнае слова здавалася кропляй атруты. Упадзі такое слова на прыбярэжны пясок, і пясок (Браціла не сумняваўся) зашыпіць, расплавіцца.
Увесь той час, калі яны, чакаючы наступлення цемры, хаваліся, адлежваліся ў зарасніках на супрацьлеглым беразе Дзвіны, Браціла баяўся зірнуць у твар свайму спадарожніку. Нейкая невядомая сіла адводзіла ўбок позірк. Браціла ўжо даўно, амаль з маленства, ведаў за сабой такое — хоць забі, а не мог паглядзець прама ў вочы чалавеку. Быццам у глыбіні, на дне тых вачэй, быў яму, Брацілу, смяротны прысуд.
Зараз жа, карыстаючыся цемрай, асмялеўшы пры набліжэнні небяспекі (а небяспека заўсёды гарачыла яго, растаплівала льдзінкі ў крыві), Браціла краем вока глянуў на таварыша па рызыцы і, магчыма, па смерці. Тэўтон 3 з Рыгі (Браціла не ведаў ягонае імя) быў высокі, танклявы ў поясе, але шыракагруды. Сонцаваротаў 4 дваццаць, магчыма, трохі меней, жыў ён на зямлі. Доўгія льняныя валасы буйна кучаравіліся і, каб не закрывалі вочы, былі перахоплены на лбе і на патыліцы тонкім скураным раменьчыкам. Кроплі рачной вады, як зорачкі, густа ззялі на аголеных смуглых руках і нагах. У руцэ тэўтон трымаў сталёвы нож з жоўтай касцяной ручкай. У адрозненне ад Брацілы ён не ўзяў з сабой шчыт і кап'ё, але цяжкі шырокі меч, з тых, што куюць на Гоцкім беразе, вісеў у тэўтона каля левага сцягна.
3
Тэўтон — так называлі ў той час немцаў.
4
Сонцаварот — год.
Тонка звінела рачная вада. Рака была сплецена, скручана з вялізнага мноства танюсенькіх струменьчыкаў, і кожны, нават самы малы, стараўся падаць свой голас. Густа, як гэта заўсёды бывае ў серпені, падалі ў небе зоркі. «Душы грэшнікаў ляцяць у пекла», — халадзеючы спінай, думаў Браціла. Няўмольна бег час, неўзабаве на забаролы Кукейноса павінна была выйсці трэцяя варта, а ў яе (добра ведаў Браціла, бо сам быў калісьці кукейноскім муралём) адбіраліся самыя пільныя, самыя адважныя воі з баявымі сабакамі-ваўкадавамі.
Тэўтон, затаіўшы дыханне, як скамянеў побач. У цемры ён здаваўся Брацілу драўляным ідалам-балванам,
— Час ісці,— нарэшце выдыхнуў тэўтон, пераклаў нож з правай рукі ў левую і шырока перахрысціўся. — З намі бог і святая дзева Марыя.
Потым наблізіў свой твар да Брацілы, амаль крануўся Брацілавай шчакі, прашаптаў:
— Ты помніш клятву, якую мы далі епіскапу Альберту?
Тэўтон быў белатвары і драбнавокі. Вочы маленькія, як недаспелыя лясныя арэшкі.
— Помню, — сказаў Браціла.
— Паўтары нашу клятву.
— Імем апостальскай рымскай царквы, імем яе малодшай дачкі — царквы рыжскай клянемся пайсці ў Кукейнос, узяць душу нягоднага Вячкі, дзе б ён ад нас ні хаваўся, і ўручыць гэтую сляпую і дзікую душу ў найсправядлівейшыя богавы рукі.
— Добра, — аднымі вуснамі ўсміхнуўся тэўтон. — Вячка павінен загінуць. Такая воля ўсявышняга. Амен.
Браціла згодна хітнуў галавой, моўчкі глядзеў перад сабой у цемень. У яго быў вельмі востры зрок, зрок рысі, што водзіцца ў лясах ля стольнага Полацка, і за некалькі сажняў уперадзе, там, дзе пачынаўся абарончы роў, ён убачыў кусцікі нейкай дзіўнай травы. Гэтая трава, доўгая, прамая, з калючымі пругкімі мяцёлкамі на самым версе, вельмі нагадвала стрэлы з лука, што ўпіліся ў зямлю. «Дрэнны знак», — падумаў Браціла.
Тэўтон між тым страсна, як малітву, шаптаў побач:
— Нас нельга спыніць, бо нельга спыніць марскі прыбой і ўзыход сонца. Мы нясем святло веры, нятленны крыж гасподні.
«Баіцца», — падумаў Браціла. Ён, Браціла, не баяўся. Страх застаўся ззаду, за плячамі, у Рызе, куды ён мінулым летам прыбег з Кукейноса, ратуючыся ад дружыннікаў князя Вячкі. У Кукейносе ён быў муралём — з шэрага цвёрдага каменя-плітняка, які здабывалі ў ваколіцах горада, будаваў разам са сваім бацькам і дзедам царкву. Але рабіць не хацелася. Цяжкі камень адрываў рукі, а маладое здаровае цела прагла любошчаў-уцех. Ён уцёк са скамарохамі, вадзіў мядзведзя, іграў на гудку, мілаваўся з бессаромнымі маладзіцамі, піў мёд, а потым разам з сябрукамі забіў багатага латгала з-за грыўняў.
Галаўнік 5 , пракляты сваёй сям'ёй і горадам, стаяў ён каля забаролаў Кукейноса і слухаў, як перагукваюцца воі, як звіняць іхнія мячы. Ён даўно не чуў родную гаворку. Гэта была адзіная радасць, што засталася ў яго, — стаяць каля гарадскога вала, у цемры, і слухаць знаёмыя з дзяцінства словы.
— Полацк! Менск! Друцеск! — даносілася зверху.
А яму здавалася — гэта плача ягоная маці, распусціла сівыя ад гора валасы, пасыпала іх пяском-жарсцвяком і кліча: «Браціла! Браціла!»
5
Галаўнік — забойца.
Тэўтон лёгенька таўхануў яго пад бок, падаў нешта круглае, невялікае.
— Пі,— сказаў тэўтон.
Гэта была бронзавая карчажка, выкаваная ў форме гусінага яйка. Браціла ўзяў карчажку.
— Пі,— зноў сказаў тэўтон. — Мы вып'ем гэты святы эліксір і зробімся празрыстымі, як начны туман. І нас не заўважыць варта на гарадскім вале. Пі.
Браціла недаверліва трымаў у руках карчажку. На ёй былі выкаваны кветкі, зоры, птушкі. Яна была цёплая.
— Мы зробімся як туман. Мы праплывем над валам. Гэты эліксір даў мне абат цыстэрцыянскага манастыра ў Рызе Тэадорых, брат епіскапа Альберта, — страсна блішчэлі ў змроку вочы тэўтона.