Нічые
Шрифт:
– Эў, баец!
– вывеў яго з задумы Мішка, хуткім крокам падыходзячы да падводы. У руцэ ён трымаў за гіч невялікую ношку.
– Заснуў? На вайне не спі - дома на бабе паспіш!..
– Так точна, таварыш нам... пам...
– Мікіцін збіўся і пачырванеў, бо за тры месяцы службы так і не навучыўся вымаўляць гэтае «пам-кам-нач-узвода». Каб выправіць промах, ён кінуўся да падводы і паслужліва адгарнуў з задка край брызенту.
Мішка па-гаспадарску акінуў вокам дабро, як бы зрабіў у думках рэвізію яму, акуратна ўладкаваў ношку сярод вялікіх і малых мяхоў, такіх жа рознакаліберных кашоў і кошыкаў... Ляпнуў даланёю па верхнім мяшку, аж жоўты
– Вось так, таварыш баец Мікіцін, - загарнуў брызент.
– А казалі, аўса няма... Шукаць трэба ўмець! На вайне, таварыш баец, галоўнае што? Соплі не жуй.
– Так точна, таварыш пам... зам...
– Ладна, не можаш сказаць - не тужся. Усё адно не народзіш!
– І засмяяўся, і падміргнуў Мікіціну, як роўнаму.
І Мікіцін у адказ таксама засмяяўся. Ён любіў Мішку, ды што Мікіцін, усе ў палку, можа, нават у дывізіі, ведалі і любілі яго. Не так даўно, у Слуцку ўжо, сам камдыў Путна ўзнагародзіў яго маўзерам - імянным, за мужнасць пры вызваленні гарадоў Калінкавічы і Мазыр ад балахоўскіх бандаў. Ён, гэты маўзер, заўсёды пры ім, і цяпер вунь вісіць збоку на партупеі даўжэзная, амаль да каленяў, драўляная кабура.
Падышлі астатнія: чатыры чырвонаармейцы з аховы і адзін у цывільным - вызнянскі, а гэта, лічы, тое самае, што мясцовы, рэўкамавец таварыш Кецка, які вадзіў іх, паказваў, дзе жывуць самыя багатыры, або, прасцей, звычайнае кулаччо. У скураным палітоне, у галіфэ і ў ботах, у афіцэрскай фуражцы з пунсовай зорачкай замест цэшкі-кукарды быў ён больш падобны на якогась важнага камісара, чым на звычайнага валаснога рэўкамаўца - былога эсэра і былога дэзерціра, прычым яшчэ з тых, першых, якіх празвалі «германцамі».
– Ну што, байцы, перакурым - і ўпярод на міны, - сказаў Мішка.
– Як жартаваў колісь наш прапаршчык, светлай памяці Матылёў Іван. На міне, дарэчы, ён і падарваўся...
Усе, акрамя Кецкі, пачалі скручваць цыгаркі, надзіва спрытна варочаючы чырвонымі ад стылай пагоды пальцамі. Кецка, хоць і сам быў заядлы курэц, пабаяўся зняць рукавіцы. Ніхто не ведаў у сапраўднасці, а сам ён адмоўчваўся, не казаў, дзе і калі адмарозіў рукі - ды яшчэ так, што на правай засталося ўсяго два пальцы, вялікі і маленькі, а левая, хоць і ацалела, пачынала свярбець без рукавіцы нават на невялікім марозіку, не кажучы пра вецер - тады зусім не было спасу. Ведалі толькі, што здарылася гэта марозна-сіверным лютым дзевятнаццатага года, пры «першых паляках», і што ампутацыю рабіў вядомы ўсёй Случчыне доктар Арцень Паўлюкевіч - той самы, які пасля без дай, здавалася б, прычыны з паважанага чалавека зрабіўся контрыкам, круцялём-блазнам, з такімі ж, як сам, кінуўся праводзіць розныя антысавецкія зборкі, сходкі, ствараць нейкія «рады», а цяпер, калі прыйшлі яны, чырвоныя, замест таго каб ціхамірна працаваць сабе пры законнай уладзе, знік - ці то з палякамі ўцёк, ці то разам з сям'ёю падаўся ў лес, у банду; словам, скончыў тым, чым павінен быў скончыць, чаго шукаў на сваю галаву, тое й знайшоў... «Цяпер бы ён табе не пальцы, а штосьці іншае адхапіў бы!» - падколвалі часам Кецку таварышы-рэўкамаўцы, на што ён спакойна адказваў: «Ці я б яму».
– Не хочаце дакурыць, таварыш Кецка?
– Мікіцін адарваў мокрае з цыгаркі, паднёс рэўкамаўцу недакурак да самага рота.
– Цягніце, я патрымаю!
– Хай ужо, - адмахнуўся Кецка.
– Не дакурыў - што з дзеўкаю не даляжаў. Потым, у цяпле, накуруся...
Мішка скоса зірнуў на яго, тады, відаць, па аналогіі: скалечаныя рукі - антысаветчык-доктар - банда, спытаў, паказваючы
– Адсюль таксама?
Кецка як бы задумаўся, адказаў не адразу:
– Мабыць... Тут два хлопцы вялікія, старэйшы жанаты, меншы - гімназіст, у Слуцку вучыўся...
– А цяпер у лесе вучыцца?
Кецка паціснуў плячыма:
– Разбярэш тут, хто ў лесе, хто дзе...
– Разбярэмся.
– Бацька іхні стары ўжо... І баба хворая, на печы ляжыць, год не ўстае... Нявестка з дзіцям малым таксама...
– Што таксама? З печы не ўстае?
– Ды не, проста жыве з імі...
– Разбярэмся!
– паўтарыў Мішка. Ён растаптаў недакурак. Раптам выцягнуў у Мікіціна заціснутую пад пахай пугу, размахнуўся і гучна «стрэліў».
Шарахнуліся спужаныя коні, Мікіцін ледзь утрымаў нацягнутыя лейцы. У двары глуха і як бы здалёк адкуль забрахаў сабака. Чакаюць, значыць, раз сабаку схавалі, ведаюць, што з кім, з кім, а з сабакамі ў іх размова кароткая - расстрэл без суда і следства. Таму і ціха так - і на гэтай вуліцы, і на ўсім сяле.
Мішка каленам піхнуў незашчэпленыя веснічкі, пайшоў на двор. За ім пацягнуліся астатнія, пакінуўшы каля падводы аднаго Мікіціна.
У двары, акружаным хлявамі і хлеўчыкамі, дрывотняй і пуняю, не было ні душы. Толькі сабака, не зразумець дзе, скавытаў і шкробся лапамі аб дошку - прасіўся на волю.
Ідучы паўз вокны, Мішка па чарзе пастукаў пугаўём у шыбіны, крыкнуў знарок, як часта любіў, ламаючыся пад паляка:
– Матка, яйкі, млека нясі!
Ён узбег на ганак і ўжо працягнуў руку, каб націснуць на клямку, як нечакана дзверы расчыніліся самі.
– Далёка сабраўся?
– спытаў чыйсьці ціхі, страшначужы голас.
З цёмных сенцаў на Мішку глянула круглая, як вока, дзірка рулі абрэза.
– Стой!!!
– хапаючыся за кабуру імяннога маўзера, адзінае, што паспеў крыкнуць Мішка, ці то чалавеку з абрэзам, ці каб папярэдзіць сваіх.
Лопнуў стрэл, у адначассе з сянец выбліснуў да сляпучага яркі агеньчык, які навылёт прабіў Мішку грудзі, і ён адразу асеў, дзе й стаяў, на ганку, а тады скаціўся долу, пад сцяну, затрымцеў у сутаргах, заграбаючы рукамі гразкі снег. І апошняе, што ўхапілі рэшткі яго свядомасці, было адчуванне гэтага снегу пад шчакою і млявы, прыкры пах уласнае крыві.
II
У першы міг ашаломленыя чырвонаармейцы апамяталіся і чамусьці не ўрассыпную, а што тыя куры - усе разам - замітусіліся па двары, шчэрачыся вінтоўкамі ва ўсе пабудовы, адкуль маглі прагучаць новыя стрэлы. Толькі вопытны Кецка рвануўся быў назад, на вуліцу, але напярэймы яму з-за сцяны дрывотні выскачылі двое, у світках і са стрэльбамі, равучы ў дзве глоткі нямым крыкам, ад якога закладала вушы: «Вінты ўсім пад ногі!!! Быстра!!!» - і навялі зброю адзін на Кецку, другі - на чырвонаармейцаў, нібы сабраўшыся «зрэзаць» іх усіх адным стрэлам.
З сянец, трымаючы руляю ўніз абрэз, абачліва прыгнуўшыся ў дзвярах, вынырнуў метры пад два ростам велікан - у накінутым на шырозныя плечы і сцягнутым на грудзях двума гузікамі шынялі, у ссунутай на патыліцу папасе з жоўтым верхам, на якім выпукляўся самаробны знак конніка з шабляю, а за веліканам высунулася з дзвярэй перш руля вінтоўкі з прымкнутым штыком, а затым паказаўся малады зусім хлапчына, у гімназісцкім шыняльку, без шапкі, белагаловы і з палахлівай, узбуджанай цікаўнасцю ў сініх вачах.