Нічые
Шрифт:
Даніла ўжо шчыраваў у двары - адкідваў драўлянай лапатаю снег, робячы сцежку ад ганка да веснічак. Пад павеццю стаялі побач, накрытыя папонамі, коні, елі з ясляў. Пад нагамі ў іх круціліся куры, падбіралі авёс. Калі паказаліся ля веснічак Чайка разам з бальшавіцкім камандзірам, кемлівы ардынарац ані не здзівіўся такой кампаніі. Ён адразу змікіціў, як паводзіць сябе пры чужаку. Хай ведае, што ў нас за «банда»... Утыркнуў у снег лапату, абшморгнуў жупан, страявым, чаканячы па ўледзянелай дарожцы крокі, наблізіўся, талкова далажыў: так і так, пан камандзір, загад ваш выкананы (ніякага загаду Чайка яму не даваў), а што да кабылы, ветэрынар ужо ведае і...
– Добра, добра, - абарваў Чайка, у якога зусім не было ахвоты падтрымліваць гэтую
– Паесці гатова?
– Так точна, усё на стале, пан камандзір!
У гэты момант выйшла з сянец на ганак рослая скуластая цемнавокая красуня семежаўка, на выгляд гадоў пад трыццаць (аб такой Чайка марыў некалі, закопваючы кіцель), у белым паўрасшпіленым кажушку, з-пад якога пунсавела атласная шнуроўка, у цыганскай квятастай хустцы; цёмныя вочы ўважліва, прыязна зірнулі на Чайку - на яго аднаго. Яна схіліла галаву, як бы пакланілася яму. У адказ Чайка, пачырванеўшы чамусьці, буркнуў «дзяньдобры». Яна пайшла расчышчанай сцежкай на вуліцу.
Лебедзеў азірнуўся ёй услед.
Увайшлі ў прасторную, чыстую, з вымытай падлогаю хату. Пасярод хаты стаяў стары белагаловы дзед, апрануты ў зрэб'е, абуты ў лапці. Ён абапіраўся на палку і, выставіўшы ўперад бараду, глядзеў не на прышлых, а прама ў столь. Вусны яго пасміхаліся.
– Павал?
– дрогкім, як чамусьці гавораць усе сляпыя, голасам спытаў ён.
– Угу, - азваўся Чайка і да Лебедзева: - Выцірайце ногі і стойце тут. (Лебедзеў паслухмяна зашоргаў чаравікамі аб палавічок.) Даніла, будзь пры ім, я пазаву.
– Ёсць!
– А гэта яшчэ з табою?
– бляяў цікаўны дзед.
– Камісар вось бальшавіцкі ў госці...
Лебедзеў сцягнуў з галавы будзёнаўку і сказаў з годнасцю:
– Драссе.
– Гэта было першае слова за ўвесь нядоўгі яго палон.
– А, дык ты расейца прывёў?
– узрадаваўся невядома чаму дзед.
Чайка, не адказаўшы, знік за дзвярыма, што вялі ў светлыя палавіны вялікай хаты. Лебедзеў так і стаяў у парозе. Адно прысланіўся плячом да вушака. Пастукваючы палкаю ў падлогу, дзед пратэпаў у закутак паміж печчу і прысценкам, дзе быў тапчанчык, засланы латуннем. Перш абмацаў, тады апусціўся на яго.
– Мо і яго пасадзі, Даніло?
– прапанаваў нясмела; ён жа гаспадар як-ніяк, а тут чужы чалавек.
– Гэтага? Пастаіць... Ён табе сам яшчэ каго хочаш пасадзіць, падажджы-но... І не на табурэтку, а на ножку табурэткі, - выдаў Даніла. Наколькі абыходліва-ветлівы быў ён са сваім камандзірам, настолькі цяпер стараўся паказаць камандзіру чужому, як пагарджае ім.
Ён прысеў на тапчан побач з дзедам. Паклаў побач шаблю, выдаўжыў ногі. Ладна абхоплівалі лыткі боты, блішчэлі доўгія наваксаваныя халявы. Яшчэ да прыходу Чайкі паспеў ён перакусіць, перакурыць, тыя ж боты ў парадак прывесці; цяпер быў у гуморы і вольны - самы быў час пагаварыць з дзядком, гэта яны абодва любілі.
Дзед расказваў пра Семежава. Гісторыі гэтыя былі да таго неверагодныя, што Даніла, сам мясцовы, не ведаў, верыць ім ці не. Яму здавалася - здзяцінеў стары і выдумляе розныя дзівосы, як выдумляюць дзецям казкі на сон.
Напрыклад, распавядаў сляпы дзядок, пасміхаючыся і гледзячы ў столь, яшчэ не так даўно Семежава было сталіцаю вакольных жабракоў. Тут яны збіраліся на свае сходкі: штогадовыя і экстранныя. Хаўрус іхні называўся цэхам. Было выбарнае начальства - цэхмайстар, як правіла са сляпых, і ключнік, астатнія старцы зваліся таварышамі. Каб уступіць у таварышы, трэба было мець, па-першае, фізічны недахоп або калецтва, па-другое, шэсць (!) гадоў пабыць вучнем, а тады яшчэ вытрымаць іспыт на таварыша, «па прадметах»: жабрацкія законы, жабрацкая мова і малітвы. Пасля чаго шчаслівец-абітурыент павінен пакланіцца таварышам, пацалаваць кожнаму руку і затым наладзіць банкет - пачаставаць за свой кошт экзаменатараў; тады толькі ён мае права сесці побач з імі (папярэднія шэсць гадоў адно аціраўся, мабыць, у парозе, як чырвонаармейскі камандзір Лебедзеў цяпер)... Правінных каралі штрафамі -
– Дык ты, дзедку, мабыць, быў там самым галоўным военачальнікам?
– пытаў Даніла, паварочваючы боты і так, і сяк і любуючыся бляскам халяваў.
– Ты ж сляпы, як крот!
– Цэхмайстрам не быў, але ключнікам быў, - адказваў сляпы.
– А як ты лічыў грошы?
– А так і лічыў. Вось дай мне любыя, хоць паперкамі, хоць звонкімі - любыя: царскія, польскія, савецкія... Сам пабачыш.
Асабліва цікавіла Данілу жабрацкая мова. «Папруць бальшавікі з торбаю па свеце, дык мо згадзіцца», - казаў ён. Зрэшты, навука давалася яму туга. За колькі размоваў з дзедам запомніў ён усяго пяць слоў - два асацыятыўныя: сіверка (зіма) і сівер (мароз), і тры, якія будаваліся па прынцыпе «дзіцячай» мовы, праз прыстаўныя склады - у жабрацкай мове гэта было «ку»: заўтра - кузаўтра, часта - кучаста і рана - курана [7] .
7
Сучаснаму чытачу могуць яшчэ падацца цікавымі наступныя тэрміны з семежаўскага жабрацкага слоўніка: тавар - клевата, разумны - клёвы, сквапны - няклёвы, спаць - кімаць («ры» выпала?), піць - кераць, чалавек - лог(!).
– Пастой, пачакай - ты мне па-свойму кажы, а не панашаму!
– прасіў Даніла, абдымаючы сляпога за худыя плечы.
– А ты разбярэш?
– Я?! Я табе любую казань разбяру!
– Такі-то ты ўжо разумны... Ну, слухай. Манько епіць скір'я дзеканы хрушч царызьнік хабні ў рэпсанкі, а конто клёвот?
– Так, так... Дай падумаць... Зараз усё табе перакладзецца!
– гарачыўся Даніла.
– Пра хрушча штосьці? Не?
– Ты ж казаў, разбярэш.
– Не спяшайся, не спяшайся.
– Даніла стукаў сябе ў лоб.
– Можа, ты сказаў: «Даніла, гарэлкі хочаш?» Не?
– Гарэлкі... У мяне ёсць трыццаць царскіх грошай асігнацыямі, а што я за іх куплю?
– вось што сказаў!
– Праўда? Малайчына, дзедку!..
– пахваліў Даніла.
– Чэшаш, як па-жыдоўску, - ні хрэна не запомніць!..
У гэты момант Чайкаў голас пазваў ардынарца, той падхапіўся, падчапіў шаблю і, не звяртаючы аніякай увагі на палоннага, пабег у большую хату. Лебедзеў ціхамірна стаяў каля вушака. Праз момант ардынарац паявіўся зноў. У адной руцэ ў яго была пустая патэльня, у другой - міса. Нават ад парожніх, пахла ад іх шкваркамі і капустаю. Лебедзеў зглынуў сліну.
– Напшуд да камандзіра, - распарадзіўся Даніла, і калі Лебедзеў уваходзіў ужо ў расчыненыя дзверы, дадаў услед (як на жарабца свайго): - Ды не ўздумай мне балвацца!
XIII
Увайшоўшы, Лебедзеў хутка і не без цікавасці пачаў абзіркваць баковачку. Пабеленыя столь і чатыры голыя сцяны, калі не лічыць на адной з іх ходзікаў з гірамі ў выглядзе шышак і фрагментам малюнка «Мядзведзі ў сасновым бары» на цыферблаце, стваралі ілюзію, што баковачка большая, чым ёсць. Была яна даволі светлая, хоць на дварэ ўжо сутонела, чысценькая і ўнутраным убранствам сваім нагадвала хутчэй жытло якойсьці набожнай, ахайнай, у перастарках засядзелай дзеўкі, чым прыстанак ваеннага чалавека; да таго ж Чайка не курыў, таму нават пахла тут чымсьці прытарна-посным, як пахне засунуты пад бэльку ці за абразы пучок зверабою або перакладзеная багуном ад молі пажоўклая бялізна ў старой шафе. Высокае шырокае акно зноў-такі з нейкай дзявочай ахайнасцю завешана было празрыстым цюлем, які нават у шырыню, каб не моршчыўся, расцягнуты быў на цвічках па перыметры рамы...