Нічые
Шрифт:
У парозе ўзбуджаны, акрылены хоць такой невялічкай перамогай - усё ж паказаў сілу - айчым забурчэў на развітанне:
– Ён паваюе - я табе паваюю!..
– Ідзі, ідзі, ваяка, - сказаў Мікола, - бо зараз самому як дам у плечы...
Як толькі за імі зачыніліся дзверы, «негадзяшчы» не мог ужо стрымлівацца - захліпаў уголас і руку Чуба, якая легла яму на плячо, адкінуў у злобе. Не трэба ніякіх суцяшэнняў! Хіба тут хто зразумее? Хіба ён з-за таго раўці гатовы, што аперазалі яго, ці з-за гэтага каня, век бы яму яго не бачыць? Не было Беларусі, якую ён так любіў, за якую разганяў ворагаў з каранём вырваным дубам. За якую не ў фантазіях, а на
Вось ад чаго ён плакаў.
– Ну, ну, годзе.
– Здагадлівы Чуб абняў яго, моцна на гэты раз ашчаперыў, не вырвацца.
– Было б чаго румзаць... Вунь Дзяніс - ведаеш колькі чырвоных пабіў? А ты тут...
– Ага, пабіў... Такі ваш Дзяніс... герой, - глыбака ўсхліпнуў апошні раз Валодзька.
– Я табе кажу! Сам у яго папытаеш.
– А дзе ён?
– Дома, бацьку памагае. Прыйдзе сёння.
– Чуб прыпадняў яго, як шчанюка, занёс і паставіў на ляжанку.
– А то стаіш тут босы... Ану, выцірай смаркачы, абувайся! Хадзем са мною, пакажу нешта!
– Нікуды я не пайду...
– Ну і дурны будзеш. Мы табе каня прывялі, трафейнага. Не тое што твая здыхляка. Не хочаш, дык Дзяніс забярэ...
– Дзе?! Дзе той конь?!
– спярша ні на хвілю не ўсумніўся, адразу паверыў Валодзька: калі і Чуб паддурвае, пацыкаецца - гэта было б зусім жорстка. Гэтага б ён проста не вытрымаў...
Усунуў ногі ў халодныя боты, без ануч, накінуў на плечы мятую, потам прапахлую світку. Чуб чакаў каля дзвярэй. Выйшлі разам на двор. Світала, стаяў звонкі, амаль ужо зімні марозік. Мікола, пацепваючы плячыма, мачыўся пад сцяну, айчым выводзіў з двара каня, акурат адчыняў скрыпучыя веснічкі. Толькі цяпер чыстымі пасля сну і слёз вачыма пасынак як след пабачыў яго; заўважыў і тое, як ён апрануты - у самую рваніну, адно вуха ў шапцы апушчана, другое паднята, і ўсё гэта знарок, знарок!
– каб «беднасць» сваю паказаць, каб не чапалі!..
Айчым азірнуўся, таксама ўбачыў пасынка і забурчэў па інерцыі:
– Наваюе ён мне... Я табе наваюю...
Апярэджваючы Чуба, Валодзька пабег да хлява. Расчыніў цяжкія дзверы, уварваўся ў цёмны, аўсом, сенам, гноем прапахлы вялікі катух, дзе стаялі коні і адкуль айчым свайго вывеў...
Пуста! Няма!
– Не там глядзіш, - пачуўся ззаду голас Чуба.
– Ідзі сюды...
Ужо амаль не верачы, Валодзька паплёўся на другую палавіну хлява, дзе быў ток. Конь стаяў у кутку і, апусціўшы ў вядро галаву, спаў стоячы.
Усё жыццё Валодзьку толькі падманвалі і ніхто ніколі нічога не даў яму проста за так. Азірнуўшыся на Чуба, ён перапытаў ціха, недаверліва:
– Праўда, мой?
– А то чый жа?
І тут, у гэтым цёмным хляве, дзе не маглі іх бачыць, Валодзька кінуўся да Чуба, аберуч схапіў яго вялізную, тытунём і мужчынскім духам прапахлую далонь і прыпаў да яе мокрымі губамі.
Чуб толькі ўздыхнуў чамусьці. Адняў руку.
– Годзе, годзе... Ты лепш вось што: ідзі мыйся, брыйся, прыбірайся!
– А што такое? Куды пойдзем?
– радасна абміраючы (няўжо камандзір палка будзе ўрачыста аб'яўляць яму падзяку?!
– не, так многа шчасця не бывае, лепш напярод не цешыцца...), спытаў Валодзька, за гэтым чалавекам ісці гатовы на край свету.
– Пабачыш, - загадкава адказаў Чуб.
А раніца ўдалася як на заказ! За ноч усё ўстыла, падмерзла - абяцаўся быць
Плошча была поўная народу. Сцякаліся сюды і ваенныя, і местачкоўцы - старыя, малыя, кабеты, усе, бы на Паску, чыста прыбраныя, на тварах - урачыстасць, супакой, лагода... Калі Чуб з Валодзькам таксама падышлі і пачалі прабівацца бліжэй да цвінтара, ім саступалі дарогу. Кожны ўжо ведаў пра ўчарашнюю гісторыю з пастралянымі і палоненымі чырвонаармейцамі, многія бачылі ўчора падводу, якую цягнулі бальшавікі. «Малайчына, Чуб!» - чулася ззаду і з бакоў. «Так іх і трэба!» Хтосьці перадаў Чубу трохметровы, на тоўстым, што дзяржак лапаты, дрэўку сцяг.
Роўна ў дзесяць гадзін ударылі ў званы на камяніцы.
– Шапкі, шапкі далоў!
– раздалося з розных куткоў плошчы.
Выйшаў з царквы і марудна, бокам спусціўся па прыступках да народа бацюшка, з добрымі, наіўна-сінімі вачыма старэнькі попік, славуты на ўсю акругу тым, што вёў казані толькі па-беларуску, ён і не ведаў ніякай іншай мовы.
Стала ціха. Пастроеныя ў шыхты і шарэнгі вайскоўцы схілілі непакрытыя галовы...
Святар выпрастаўся.
– Дарагія мае сынкі!
– пачаў. У марозным паветры голас яго чуваць быў у самым дальнім кутку пляца.
– Бацькаўшчына нашая, дарагая наша Беларусь, зруйнаваная войнамі і акупацыямі, стогне й цяпер пад цяжкай пятой ворагаў! Праца над адбудовай Бацькаўшчыны нашай надта трудная, змаганне з магутным ворагам патрабуе вялікіх высілкаў! Але не будзем забывацца, што не ў сіле Бог, а ў праўдзе! А нашая беларуская справа - святая! Пачынаем вялікую акцыю, дык па-а-молімся!
– завёў-заспяваў, асяняючы сябе крыжам, і ўсе як адзін на плошчы, на якой былі і католікі, і татары-мусульмане, і жыды (апошнія, праўда, не жагнаючыся), таксама ўслед падхапілі:
– Па-а-амолімся!
– ...Перад пачаткам святой пра-а-ацы!
– і далей рэчытатывам, хутка: - Каб Бог памог беларускаму воінству выгнаць ворагаў з нашай многапакутнай зямелькі маці-Белару-у-усі!.. Беларускаму слаўнаму воінству і аружжу яго...
– не выцягнуў, спыніўся перадыхнуць, але ўжо апярэджвалі яго:
– Многая-я ле-э-эта!..
Дзяк вынес вядзерца з вадою і панікадзіла; святар пачаў абыходзіць шыхты, шчодра кропячы кожную роту, кожнае аддзяленне. Не забыў папырскаць і коней, і два брыгадныя кулямёты, якія знарок дзеля такога выпадку знялі са штабнога гарышча. Некаторыя падстаўлялі пад пырскі перш зброю - вінтоўку, стрэльбу ці карабін, а тады толькі галаву...
Камандзір палка Чайка прыпазніўся і стаяў цяпер ззаду, сярод самых нізкарослых, трымаючы ў левай, у локці сагнутай руцэ фуражку, а тры пальцы правай звыкла склаўшы ў шчопаць... Пабудзілі яго сёння чуць свет. Адзін з дазораў перахапіў аўтамабіль, у якім аказаліся два савецкія «паслы» і польскі афіцэр: ехалі ў Польшчу на перамовы. Былі б гэтыя «паслы» адныя, самі па сабе, дык не было б, вядома, з імі і клопату, разабраліся б, што рабіць і з імі, і з трафейным аўтамабілем. Але ж палякі! Наўрад ці спадабаецца «саюзнікам» умешванне ў іхнія справы... «Вось і гэты эпізод, - думаў Чайка, па якога тэрмінова паслалі, едучы марозным, прыцемным яшчэ ранкам да затрыманых, - які паказальны! Вось і цвердзяцца словы ўчарашняга Лебедзева! Дык што ў нас тут і з кім за змаганне такое?! Ёсць у нас нейкая самастойнасць, гаспадары мы тут, чорт нас вазьмі, хоць бы ў гэтай нейтральнай, нічыйнай зоне, ці вечныя парабкі кагосьці?..»