Нічые
Шрифт:
Дзянісу раптам прыйшло ў галаву: а мо ён і праўда герой, як дзядзька Ладусь з дачкою думаюць? Згадаў Чуба - як той піў і закусваў салам без хлеба, калі на двары трупы яшчэ не астылі. Тады яго ледзь не зблажыла... А цяпер тое самае робіць, што й Чуб, адно мерцвякі ўжо не стаяць у вачах... Усё, аказваецца, прасцей, да ўсяго можна прывыкнуць. Хто і як даведаецца, што «геройства» ягонага на тое хапіла, каб вяроўку з каморы вынесці, а потым спужаўся, у атрад не паехаў, урэшце, збег да суседзяў, абы дома не заставацца?.. Гэта гледзячы як расказваць... Адны й тыя словы, па-рознаму сказаныя, могуць выставіць яго як за сцыкуна,
– падкруціць вусы Чуб.
– Дык ён, гад, проста паддурыў нас, не паспелі мы з хаты, як ён да дзеўкі! Спрытнюга!»
– Дзяніс! О Дзяніс!
– крануў яго за руку дзядзька Ладусь.
– Ты чуеш?
– О?
– Я гэтае, кажу, - а бацька ведае, што ты ў нас?..
Добра і прыемна таксама, што яго, Дзянісаў, бацька багаты, а гэты Ладусь - бедны. Таму і цягнецца да заможнікаў, аж карціць яму парадніцца з якім-небудзь; таму і спытаў, ці ведае Карпа, што яго сын да Лізкі ходзіць, - раз бацька ведацьме, то гэта ўжо сур'ёзна, гэта ўжо спадзеўкі на штось; таму і падстройваецца пад багатыроў - не ўступае ні ў якія камбеды, Саветы лае, «лясных хлопцаў» хваліць, на апошнія грошы выпісвае «Беларускае Слова» - маўляў, і ён не так сабе: пры патрэбе і пра палітыку ўставіць, і ў эканамічных навінах разбярэцца, і нават курсы валют (якія рэгулярна змяшчала газета) яго цікавяць - і ўсё не як Піліп з канапель, а талкова, спаважна, да месца...
– Дзяніс, чуеш?..
– Што?
– у які ўжо раз ускінуўся Дзяніс.
– Я гэта... Пытаю - хіба нашы ўрад пераехаў цяпер? Я чуў, што ўжо ў гэтым... аж у Парызе?
– Дзе-дзе?
– Ну, горад такі ёсць... Парыж называецца...
– Можа, у Рызе, вы хацелі сказаць? Парыж - у Францыі, Рыга - у Латвіі.
Ліза на поліку аж зайшлася смехам - яшчэ й газеты чытае!
Збянтэжаны, сам з сябе смеючыся, чухаючы патыліцу, дзядзька Ладусь вінавата апраўдваўся:
– Гэта ж галава трэба конская, каб разабрацца... Таму ж і пытаю, бо во - хлопец вучоны, гімназію канчаў... Пытаць жа не грэх. Дый то: хіба ж у нас адзін ён, гэты ўрад? Я хацеў неяк падлічыць - чорта з два, ніяк...
– Што ёсць, тое ёсць, - пасміхаючыся, рады нагодзе паказаць сваю дасведчанасць, сказаў Дзяніс.
– Кіраваць намі хочуць усе, хто не лянуецца, - паўтарыў ён словы Чуба, але не заўважаў гэтага, бо звыкся з імі, як з уласнымі.
– Ну-ну, - праявіў дзядзька цікавасць, - і колькі? Хоць прымерна?
– Значыць, так.
– Дзяніс пачаў загінаць пальцы.
– Урад БНР Ластоўскага ў Рызе - раз, Найвышэйшая Рада Луцкевіча-Тарэшчанкі ў Варшаве - два, Беларускі Нацыянальны Камітэт у Лодзі - тры, Беларускі Нацыянальны Камітэт Ярэміча ў Вільні - чатыры, Беларускі Палітычны Камітэт недзе пры Балаховічу - пяць, так?
– Левая рука згарнулася ў кулак.
– Урад Кнорына - Чарвякова ў Менску - шэсць?
– Праўда што: у Мінску ўсё па-свінску, - уставіў да месца дзядзька Ладусь.
– Урад Літоўска-Беларускай рэспублікі недзе ў Бабруйску, ці дзе ён там - сем? Гэта не лічачы нашай Рады Случчыны, якая, праўда, Найвышэйшую Раду прызнае, не лічачы Беларускай Вайсковай Камісіі ў Горадні...
– Ой, мнагавата, ой, мнагавата, - круціў галавою дзядзька Ладусь.
– А мо яно і лепш, што мнагавата? Больш паляўнічых - ваўка лягчэй абкласці...
–
– Ото-то, добра ты сказаў, Дзяніско!..
Дзядзька Ладусь яшчэ распытваў - «ці многа вас? і хто вам памагае? і ці пераможаце вы?» - і ўсё нахвальваў Дзяніса, усё ліслівіў; але як ні прыемна было, рассеўшыся па-гаспадарску на лаве, слухаць гэтыя словы і лена на іх адказваць, як ні соладка было лавіць на сабе пагляды дзявочых бліскучых вочак, Дзяніс адчуваў, што даўно час развітвацца і йсці. Усё было выпіта, усё з'едзена, і прасніца перастала ўжо татахкаць, а цётка Ёўга знікла ў большай хаце - пасцелі слаць, ужо і сам дзядзька Ладусь крадком паціраў чырвоныя нос і шчокі і пазяхаў, з ветлівасці не разяўляючы рота. Адна Лізка сядзела, як і сядзела, на поліку, папраўляла лучыны і хістала ножкамі.
Ён рабіў выгляд, што збіраецца ўстаць, чакаючы, што і дзяўчынка ўстане і правядзе яго, але тая нібы нічога не бачыла і ні аб чым не здагадвалася. Выручаў дзядзька Ладусь - «мо яшчэ трохі пасядзі», і Дзяніс пакорліва і з палёгкаю плюхаўся на лаву.
Калі дзядзька Ладусь адкрыта пазяхнуў і перахрысціўся, ён усё ж устаў - ужо ў апошні раз; цярэбячы аколыш фуражкі, з нямой мальбою зіркаючы то на дзяўчынку, то на бацьку яе: «Здагадайцеся, затрымайце як-небудзь, няўжо вы не разумееце, што мне жудка ісці ў двор, па якім цені мерцвякоў матыляюцца!..» І ў той самы момант, пакуль уставаў, радасна бліснула ў галаве: «Вось яна, прыдумка!» Лазня! Іхняя маленькая лазнечка ў канцы агародаў, ля рачулкі, акурат паміж надзеламі дзядзькі Ладуся і іхнім.
Цяпер трэба было толькі выманіць з хаты Лізку, і тады ўсё склалася б так, што думай - лепш не прыдумаеш.
– Ну што - пайду памалу, - сказаў ён, надзяваючы фуражку.
– А мо пагуляй, - у каторы раз без асаблівай ахвоты прапанаваў дзядзька Ладусь.
– Вунь і Лізка яшчэ спаць не хоча...
– Няхай ідзе, калі сабраўся.
(«Ну, сучка малая, усё яна бачыць, усё ведае, проста пацыкаецца!..»)
– Ты ж хоць правядзі хлопца, гэта самае...
(«Вось малайчына дзядзька Ладусь, як да месца ўспомніў, што будучы, можа, зяць перад ім!..»)
Лізка прытворна ўздыхнула: была, маўляў, ахвота, каб не бацька, выпраўляцца ў гэтыя провады. Спаўзла з поліка, выкалупнула ззаду і спераду складкі спаднічкі спаміж ног, накінула світачку на плечы, закруцілася па вочы ў тую самую «канаплянку», што рабіла яе падобнай на дарослую маладзіцу.
Дзядзька Ладусь таксама ўлез у кажух.
– У борню заадно выйду, - сказаў.
– Фу, тато, які ж вы!.. А яшчэ газеты чытаеце!
– пачырванеўшы, засмяялася Лізка, і Дзяніс засмяяўся, у якога ад гэтых збораў і ад падгледжанага папраўляння спадніцы камень з душы спаў.
На дварэ было светла, як днём. Замест сонца ў самым цэнтры неба завіс яркі бела-чырвоны месяц (на мароз), і скрозь блішчэлі буйныя блізкія зоркі.
Як толькі дзядзька Ладусь, развітаўшыся з будучым зяцем і паківаўшы дачцэ пальцам, пайшоў за хлеў, Дзяніс ступіў да дзяўчынкі і прытуліў яе да сябе. Крысо расхлістанага шыняля падвярнулася, і маўзер муляў паміж імі, як трэці лішні...
– Хадзем у нашую лазню, - зашаптаў горача.
– Не бойся, тата не будзе сварыцца, ён жа сам наказаў табе правесці...