На імперыялістычнай вайне
Шрифт:
— Ты, прахвост, прыкідаешся! Ты ўсё гэта выдумаў! Падлечым табе грудзі і ўсё роўна паедзеш ізноў на фронт.
Другі доктар, старшы, на прозвішча Квяткоўскі, а родам, як кажуць, з-пад Баранавіч, старанна лечыць яму грудзі рознымі ўдыханнямі і паветранымі ваннамі, а на яго нервы зважае мала і быццам не чуе, калі таго пачынае забіраць хвароба:
— Я рускі! Я рускі! Рускі, рускі!..
— Ну-ну-ну, гэта не столь важна, — гаворыць старшы доктар Рускаму, пераходзячы да другіх хворых і раненых.
«Не
Я на свае вушы чуў ад Рускага аб тым, як ён забіў беднага аўстрыяка, і спярша таксама не паверыў: ці мала хітрых бестый бывае паміж салдат. Аднак, я на свае вочы бачыў, у першую ж яго ноч у нашым шпіталі, як ён горка плакаў і жаліўся, што яму ўсё нешта здаецца. Няшчасны, нягледзячы на бром і падскурнае ўпырсківанне, заліваўся слязьмі так шчыра і жалосна і так доўга, што ніяк не можна было яму не верыць…
Пабыўка
Дробны снег марудна сыплецца, а я стаю ля пуні і гляджу на снег і на ўсё ў задуме.
Яшчэ і месяца няма, як вярнуўся дамоў, і вось ізноў такое звычайнае, нуднае жыццё, як быццам не было ані тых акопаў, ані той аперацыі. Ізноў нудна і нецікава…
Прахапіўся ад задумы, агледзеўся пад белым снегавым смуткам і паціху пайшоў на вуліцу.
Благі вецер з убогім скогатам ціснецца скрозь шчэлкі ў надворных будынках. Ціхім мычэннем жаляцца каровы, цягаючы сувалку з тых шчэлак. I болей — ніякіх гукаў. Бесперастанку круцяцца дробныя сняжынкі ў памутнеўшым ад вечару паветры. З-за рогу хаты прэцца гусцейшая замятуха.
Няма чаго рабіць і няма куды ісці… «Ну што? Ну куды?» Узыходжу назад на падворак. Ля павеці ўзяў сякеру, пакруціў у руках і паклаў назад. Буян раптам падхапіўся з належанага месца на санях, заківаў хвастом і з буйнаю ласкаю скакнўў на грудзі.
— А, ццябе ваўкі!
З усяго маху даў яму выспяткам пад бруха. Бедны сабака заекатаў каротка і сціх. Гледзячы на яго, зрабілася сорамна, але не хацеў паддавацца.
— А, ццябе ваўкі… Усцешыўся!
З сенцаў паказалася маці, прыстоіла ў дзвярах, гукнула:
— Ча ты ўсё на сцюжы калееш? А ішоў бы ў хату пагрэўся.
— А што табе? Прыйду…
I здалося, што і яна паглядзела такімі ж скрыўджанымі вачмі, як Буян. I яна зараз маўкліва схавалася за дзвярмі.
Пайду да Самусёвых, дзе зазвычай гуляюць у карты і так збіраюцца пасядзець.
Па дарозе разганяю сваю прыкрую злосць, але ніякай цвёрдасці не маю. Думаю, што злосць такая таму, што маці стаіць уваччу пакорная і няшчасная, а люблю яе, і шкода, што яна ў такіх растоптаных, калматых лапцях.
I так трэба жыць усё жыццё, і мучыцца — няведама на што…
У Самусёвых плавае шызы дым ад махоркі. У застоллі, у жупанах і хто ў шапцы, сядзіць колькі чалавек гульцоў, заняўшыся картамі, а на палу і на лаўках — за
— Рэдка, рэдка залучаеш да нас, галубок! — вітае з-за печку вечна добрая і супакойная Самусіха.
— Хоць бы зманіў нам што пра вайну, — ласкава пажартаваў і Самусь, запрашаючы бліжэй да столу.
— А то і не ведаем, як там нашы хлопчыкі ваююцца з проклятым германцам.
— Што ж я вам скажу: вайна, ну і вайна… — стараюся быць ласкавым і звычайным. Прыхінуўся к лаўцы — і не маю ніякай ахвоты гаманіць пра тое, што так далёка засталося ад мяне, як бы і не было ў памяці зусім.
— Ці праўда гэта, кажуць, што яны вочы нашым выкалваюць? — нібы безуважна, але з пахаванаю трывогаю па мужу, пытаецца Самусёва нявестка, хоць яе мужык і не на фронце яшчэ, а стаіць дзесь у Сібіры.
— Сам не бачыў, а бывае ўсяго.
— Так.
— Ат, мала што плятуць бабы! — адгукаецца за картамі Панаська Арцямёнкаў, што заўсёды цэлае лета служыць дзе-небудзь падпаскам ці батраком, прыходзячы да бацькі толькі перад калядамі. I дзіўна мне, калі ён паспеў так вырасці, што і гаворыць ужо як вялікі.
— Пажджы, пажджы, Панаська! — ківае старою галавою Самусіха. — Пажджы… казалі, што і на цябе рыхтуе пісар абротку.
— Дык што? Нячым я тут буду лаіцца штодня з братаваю ды бульбу есці нішчымную… Гы! Там два разы на дні ялавічыны салдатам даюць.
Сказаў дзёрзка і адважна, ды неяк пачулася ў голасе, быццам збянтэжыўся хлапец, што гэтак гаворыць.
— Пад'ясі, дзеткі… Ць! Без ялавічыны, ды на сваёй печы, то лепей, мой ты Панаська.
Але яе словы толькі болей раздражнілі яго.
— Дык што?!
I з злосцю хлэпнуў, гэткі яшчэ блазнючок, карцінай. А чые карты, Трахім Цішчанок, бурчыць на яго:
— Ну, ты не дужа… не сваімі…
— Дык што?! Гаршы не будзе… Праваліся яна тут наскрозьдоння, свая печ!
Нецікава ў Самусёвых. Выходжу на вуліцу… Зімовая ціша, замятуха, завеяныя, маўклівыя, з замёрзлымі малымі акенцамі хаткі… Непрытульнасць і нуда… А-ах!
I тады ўздумаў на тых, што там, на пазіцыі, засталіся яшчэ, калі я паехаў, і вось цяпер, у гэты самы момант, сядзяць у сцюдзёных ямах, чакаючы з нецярплівасцю то раніцы, то вечара, то калі прыедзе кухня, то калі прывязуць хлеба. Шкода іх, шкода… Бедныя, любыя!
Але з самага споду душы вылязае тое, што мучыць тут, удаму. Так, думкі іхныя лятуць у гэты момант сюды, пад родныя стрэхі, на сваю цёплую печ, да гэтых шчаслівых ціхамірных дзён, дзе есць святло і цяпло ў хаце. Лятуць з поля смерці, з тых сцюдзёных ям, з бясконцага няшчасця дзён. Лятуць… Яны там цяпер толькі і думаюць аб гэтым, болей ні аб чым…