Чтение онлайн

на главную

Жанры

Ордэн Белай Мышы

Уладзімір Арлоў

Шрифт:

На ўзлётным полі і вакол яго дацвітаў малачай, пасвіліся каровы і ніхто не спускаў нікому юхі. Трывожную ноту ў гэтую пастараль унёс пастух, што падпіраў браму, пяшчотна пазіраючы на пастаўлены ў нагах зялёны «фаўст» з партвейнам невядомае ў Беларусі маркі «777». Пастух паважна адсмактаў з рыльца колькі глыткоў пітва, прыкладна столькі ж наліў у чарапок свайму сабачку, якога любасна называў Алкашом, і папярэдзіў, што па дарозе з аэрадрома ў цэнтр Верхнякецкага раёна лютуе беглы калгасны бык-вытворца з неардынарным для парнакапытнага мяном - Юдзеніч.

На шчасце, адмахаўшы па тайзе пару кіламетраў, я спаткаўся не з Юдзенічам, а з маім найлепшым сябрам Генікам, які вёз на «казле» скрынку маргарыну, што павінны былі з'есці байцы СБА, і скрынку дагестанскага каньяку «Абрау

Дюрсо», што павінны былі выпіць з мясцовым начальствам будатрадаўскія важакі. Генік займаў адказную пасаду нашага загадчыка гаспадаркі. Ён ужо добра засвоіў, што ўсушка, утруска і асабліва шклабой на сібірскіх дарогах - рэч непазбежная, а таму праз паўгадзіны сібірская рэчаіснасць набыла дагестанскую стэрэаскапічнасць, а камарыныя ўкусы толькі аздаблялі гэтае жыццё.

«Казёл» загамаваў на цэнтральнай плошчы Бл. Яра, і Генік - меў ён такую жарсць да партыйных і дзяржаўных устаноў - прапанаваў схадзіць за райкам партыі да ветру. Я прагна насычаўся сібірскім каларытам, да якога апрача камар'я належалі старадаўнія каржакаватыя дамы, што, несумнеўна, даўно пусцілі ў зямлю карані, а таксама вусцішная гайня ці то свойскіх, ці то здзічэлых сабак усіх магчымых масцяў, што гойсала вакол, не дазваляючы нам з Генікам ажыццявіць за райкамам свой антыпартыйны намер.

Мы загрузіліся ў аўто, і Генік зноў задуменна паглядзеў на залацістыя плады «Абрау Дюрсо». У вакне мільгануўся глухі й высачэзны, на тры чалавечыя росты, плот з калючым дротам. «Зона», - лапідарна патлумачыў загадчык гаспадаркі, і я паспеў заўважыць яшчэ адзін лозунг - «Запомни сам, скажи другому, что честный труд - дорога к дому».

Даніну тутэйшаму захапленню лозунгамі аддаў і наш будатрад. «Колькі спраў цудоўных намі здзейсніцца!» - было напісана на нацягнутым паміж дзвюма лістоўніцамі кумачовым пасе. Пад ім стаяў з алюмініевай міскаю ў руках яшчэ адзін мой сябрук Мішка Чарнавец, вядомы чытачам нашага гістфакаўскага самвыдавецкага альманаха «Мілавіца» як паэт Міхась Чарніловіч. Міхась то пільна, як варажбітка ў люстэрка, углядаўся ў міску, то кідаў хуткі позірк на гадзіннік. Гэткім самым няўцямным клопатам былі занятыя яшчэ колькі байцоў СБА. «Сорак сем!» - выгукнуў Чарніловіч і выплюнуў змесціва міскі ў хмызняк. «Пяцьдзесят!» - азваўся нехта, таксама апрастаўшы міску. Як хутка высветлілася, хлопцы лічылі, колькі камароў уваб'ецца ў іхняе едзіва за хвіліну. Рэшта байцоў эксперыментамі не займалася, а проста бегала з міскамі і лыжкамі вакол недабудаванай сталоўкі, спрабуючы абагнаць даўгія камарыныя шлейфы, што цягнуліся за кожным, і затаптаць у страўнікі порцыю слізкіх гумовых макаронаў. Той, хто быў з намі летась у казахстанскім будатрадзе, відаць, тужліва прыгадваў нашага кухара карэйца Кіма, які на Дзень будаўніка згатаваў нам фірмовую тушонку з суслікаў, па буднях жа штодня рэзаў барана, а калі барана не прывезлі, дык зарэзаў на гуляш аднаго са сваіх мясных карэйскіх сабакаў, і той гуляш атрымаўся найсмачнейшым за ўвесь сезон, вось толькі дарма Кім адкрыў нам потым кулінарную таямніцу ды яшчэ і тады, як увесь атрад сядзеў за сталом.

Дні, адведзеныя нам на здзяйсненне цудоўных спраў, былі цікавейшыя, чым ночы пад накамарнікамі, якія слаба ратавалі ад машкары, павутоў і іншае заедзі, што прагла ўзяць у нас аналіз крыві. Удзень мы заводзілі знаёмствы з істотамі больш адметнымі. На будаўніцтве цагельні разам з намі рабілі зэкі з зоны і вольныя пасяленцы, або папросту хімікі. Зэкі былі падканвойныя, і даступіцца да іх мы не маглі, затое з хімікамі без цырымоній перакурвалі, а то і выцэджвалі пляшку «777-га», што ў белаярскім абыходку з любасцю зваўся «трыма сямёрачкамі».

У выніку супольных перакураў, па-першае, выявілася, што аэрадромны жывапісец з казлінаю бародкай у мінулым быў дацэнтам (тут яго звалі Рэпіным) Ленінградскай акадэміі мастацтваў і дацягваў на вольным пасяленні тэрмін за небескарыслівую дапамогу будучым майстрам пэндзля ў выкананні дыпломных прац. Апроч ленінаў і брэжневых (Леаніда Ільіча ён дужа не любіў і называў казлом, расцягваючы гэтае слова, як жавальную гумку), дацэнт маляваў парадныя партрэты спецкамендатураўскіх чыноў, прычым кожнаму замоўцу неадменна

«прышпільваў» на пагоны лішнюю зорачку. Ён быў страшэнны мацюкальнік; нягледзячы на несамавітую знешнасць, меў поспех у далёкіх ад мастацтва белаярскіх жанчын і збіраў, а можа, і сам выдумляў анекдоты пра «ментоў». Адна з ягоных показак, пра юнага скульптара, памятаецца мне да сёння. Міліцыянт пытаецца ў хлопчыка, што ён лепіць. «Дзядзю міліцыянера», - адказвае з пясочніцы юны скульптар. «А з чаго?» - «З пясочку, з вадзічкі і з гаўняшкі». Дзядзька ў форме, натуральна, дзярэ малому вушы, але назаўтра зноў заспявае таго ў пясочніцы. На пагрозлівае пытанне хлопчык адказвае, што лепіць дзядзю пажарніка. Палагаднелы міліцыянт удакладняе - з чаго? «З вадзічкі і з пясочку».
– «А гаўняшка?» Тут юны скульптар хітравата прымружвае вочы: «Э не, тады дзядзя міліцыянер атрымаецца».

З Рэпіным хадзіў, быццам злыганы, гэткі самы дробненькі, як і ягоны патрон, хімік Вася з вострымі блуклівымі вачыма і з мянушкаю Іншапланецянін. У вольным жыцці ён круціў абаранку «МАЗа» і паціху гандляваў руберойдам, цэментам ды іншымі дзяржаўнымі грузамі. Іншапланецянін, што аддана цягаў за Рэпіным фарбы й пэндзлі, пакідаў уражанне чалавека цалкам ураўнаважанага, пакуль не пранікаўся да цябе даверам. Калі так здаралася, ён прапаноўваў адысціся ўбок і, пачынаючы хвалявацца й бліскаць вачыма, тлумачыў, што ўсе непамыслоты накшталт гандлю руберойдам пасыпаліся на яго пасля сустрэчы на трасе з іншапланецянінам.

Пасланец чужой цывілізацыі паўстаў перад спагадлівым Васем у абліччы адубелай істоты, што галасавала ў марозную ноч на глухой таежнай паваротцы. У кабіне пасажыр хутаўся ў дзіўнаваты серабрысты балахон і трымаўся таксама дзіўна: сам маўчаў, а слухаючы анекдоты, не смяяўся. Прыгледзеўшыся да спадарожніка, Вася з жахам убачыў у таго на месцы носа чорную дзірку, адкуль штосьці свяцілася. Далей аповед рабіўся блытаным і няўцямным. У ім фігуравалі нейкія велічэзныя срэбныя цыліндры, канцэнтрычныя кругі чыстай зямлі сярод сумётаў, украдзены цэмент і чамусьці - падобны да старога стамлёнага габрэя сівы дзядуля з вялікімі, шэрымі, як у начной мятлушкі, крыламі, што, палохаючы мантажнікаў, лётаў у тайзе ўсцяж ліній электраперадач. (Самае неверагоднае, што пра гэтага дзеда з семіцкімі рысамі я пачуў гадоў праз дзесяць ад аднаго зусім нармальнага полацкага хлопца-вахтавіка, якога штомесяц на два тыдні закідвалі самалётам кудысьці пад Нафтаюганск.)

Перакуры звялі нас і з двума ціхімі хлапцамі-блізнятамі, якіх ніхто ўсё адно не мог адрозніць і таму мянушку яны мелі ў множным ліку - Зваршчыкі. На «хіміі» зварачных апаратаў у іх у руках ніколі не бачылі, але на волі браты сапраўды працавалі зваршчыкамі і недзе пад Цюменню пасадзілі ў трубаправод і акуратна заварылі начальніка ўчастка. Уперад галавою ён, разважаючы над праблемай справядлівага закрыцця нарадаў, мог паўзці да самай эўрапейскай часткі СССР, а ўперад нагамі - усяго нейкіх кіламетраў дваццаць. Начальнік здолеў абраць правільны маршрут і, нібы прарок Іёна з чэрава левіяфана, выбраўся з трубаправода на свежы ветрык за дзень да таго, як у трубу пусцілі газ. Дзякуючы гэтаму блізняты атрымалі на судзе няшмат. Зрэшты, калі б начальнік папоўз у Эўропу, мо не атрымалі б нічога, бо сведкаў у тундры не было.

Пару дзён нашая брыгада працавала на белаярскай прыстані докерамі. Поплеч з намі варочалі скрынкі з «777-м» і з няспелымі яблыкамі трое бічоў - два грывастыя нямытыя і няголеныя хлопцы і дзяўчына з русай касой, якую - каб не пракураныя жоўтыя зубы і не прыцьмелыя вочы колеру мешкавіны - можна было б назваць «русской красавицей». Дзяўчына, праўда, скрынкі не цягала, а асядлаўшы адну з іх, бясконца курыла, запіваючы цыгарэтны дым дагестанскімі «трыма сямёркамі». За ўвесь дзень яна адкрыла рот, здаецца, толькі раз - дзеля таго, каб, схапіўшы мяне за рукаво штармоўкі, прамовіць: «Запомни, мальчишечка: когда идешь к женщине, не забывай захватить плетку». Уражаны тым, што бічоўка чытала Ніцшэ, я ледзьве не выпусціў з рук скрынку з батарэяю бутэлек. Прыгажуня дапамагла мне справіцца з цяжарам, каралеўскім рухам пераправіўшы са скрынкі да сваіх ног яшчэ адну пляшку, і зноў патанула ў філасафічным маўчанні.

Поделиться:
Популярные книги

На границе империй. Том 3

INDIGO
3. Фортуна дама переменчивая
Фантастика:
космическая фантастика
5.63
рейтинг книги
На границе империй. Том 3

Держать удар

Иванов Дмитрий
11. Девяностые
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Держать удар

Эффект Фостера

Аллен Селина
Любовные романы:
современные любовные романы
5.00
рейтинг книги
Эффект Фостера

Не грози Дубровскому! Том VIII

Панарин Антон
8. РОС: Не грози Дубровскому!
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Не грози Дубровскому! Том VIII

СД. Том 17

Клеванский Кирилл Сергеевич
17. Сердце дракона
Фантастика:
боевая фантастика
6.70
рейтинг книги
СД. Том 17

Темный Патриарх Светлого Рода 3

Лисицин Евгений
3. Темный Патриарх Светлого Рода
Фантастика:
юмористическое фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Темный Патриарх Светлого Рода 3

Сумеречный Стрелок 3

Карелин Сергей Витальевич
3. Сумеречный стрелок
Фантастика:
городское фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Сумеречный Стрелок 3

Пипец Котенку!

Майерс Александр
1. РОС: Пипец Котенку!
Фантастика:
фэнтези
юмористическое фэнтези
аниме
5.00
рейтинг книги
Пипец Котенку!

Неудержимый. Книга IV

Боярский Андрей
4. Неудержимый
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Неудержимый. Книга IV

Дурная жена неверного дракона

Ганова Алиса
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
Дурная жена неверного дракона

Я не князь. Книга XIII

Дрейк Сириус
13. Дорогой барон!
Фантастика:
юмористическое фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Я не князь. Книга XIII

Я – Орк. Том 6

Лисицин Евгений
6. Я — Орк
Фантастика:
городское фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Я – Орк. Том 6

Отмороженный

Гарцевич Евгений Александрович
1. Отмороженный
Фантастика:
боевая фантастика
рпг
5.00
рейтинг книги
Отмороженный

Безродный

Коган Мстислав Константинович
1. Игра не для слабых
Фантастика:
боевая фантастика
альтернативная история
6.67
рейтинг книги
Безродный