Чтение онлайн

на главную

Жанры

Пайсці і не вярнуцца

Быкаў Васіль

Шрифт:

Авось не застрэляць.

Пасля непралазнага гушчару хвойніку крочыць па полі была адна асалода. Заняты сваімі думкамі, ён адмахаў кіламетры са тры, калі не болей, як раптам адчуў, што перамяніўся вецер. Спярша дзьмуў злева, а пасля стаў заходзіць ззаду. Ці, можа, ён сам, а не вецер змяніў кірунак? Антон спыніўся, прыслухаўся. Але ў полі нічога не было чуваць, апроч звыклых парываў ветру і шорхату снегу. Тады ён угледзеўся ў снегавыя прыцемкі, у якіх знікаў раўнінны палявы прастор, і таксама не мог там убачыць нічога пэўнага. Усё ж ён узяў трохі ўправа, здалося, штосьці там высілася над краявідам, хаця гэта мог быць змрочны край неба, і хутка, на яго здзіўленне, з паўзмроку выплыла цёмная сцяна лесу. Але тут не павінна было быць ніякага лесу, падобна, што ён заблудзіўся.

Трохі азадачаны, ён спыніўся

ў некалькіх кроках ад лесу, абапёрся на знятую з натруджанага пляча вінтоўку. Позіркам ён спрабаваў пранікнуць далей у ветраны змрок начы, але позірк меў сілы на якіх-небудзь сто метраў, не больш. На працягу гэтых ста метраў наперадзе і столькі жа ззаду была прыкметна толькі плаўная крывуляка ўзлеску, які чамусьці здаўся яму знаёмы. Ды яны ж сёння пляліся тут з Зоськай! Яна яшчэ тут ванітавала, і ён, не ў стане нічым памагчы, стаяў і глядзеў на скалечаную агнём сасну на ўзлеску. Вунь, здаецца, і пагарэліца, голае сучча якой чорнымі рагулямі тырчыць у прыцьмелае поле. Чорт ведае куды яго занесла!

Трэба было павяртаць назад, абысці хвойнік і выходзіцьда Нёмана, але Антон, яшчэ не разумеючы навошта, пайшоў да ўзлеску. Каля дрэў было зацішней ад настырнага ветру ў полі, ён падышоў да сасны і прысланіўся да яе чорнага шархоткага боку. Усё ж адчувалася стома, трохі кружылася ў галаве, цягучы ветраны гул не спыняўся ў вушах. Даўшы сабе кароценькі адпачынак, Антон чамусьці перастаў думаць пра тое, як выйсці да Нёмана і дзе перабрацца на яго левы бераг. Яго думкі пайшлі іншым кірункам, і перад вачмі паўстала знаёмая крывуляка ўзлеску, за ёй — тое самае поле з шушай, дзе, напаўзавеянае снегам, ляжыць цяпер цела Зоські. Пад раніцу яго, мабыць, зусім замяце снегам..

Дзіўна, але ён ужо не адчуваў да яе нядаўняй варожасці, у глыбіні ягоных пачуццяў нарадзіліся новыя адносіны да яе, падобныя болей на шкадаванне і ціхі, невыразны сум. Ён гаротна ўздыхнуў, падумаўшы, што ўсё магло скончыцца інакш, калі б… Але надта шмат рознага ўключала ў сябе гэтае калі б, каб тут пра яго думаць. Адно несумненна: вайна парушыла спрадвечныя адносіны паміж людзьмі, паставіла чалавека ва ўмовы, калі не падпарадкавацца яе злой волі не было ніякай магчымасці. Во і тут: хіба ён хацеў яе забіваць? Проста ён сам хацеў выжыць, а выжыць удваіх зрабілася немагчыма.

Ноч няспынна адмервала свае хвіліны, яму трэба было ісці, а ён усё стаяў пад сасной, хаваючыся ад сцюдзёных парываў ветру, які самотна шархацеў па кары дробным снегам. Штосьці не давала яму павярнуць у другі бок і пакінуць гэту мясціну. Трошкі прыплюшчыўшы вочы, ён усё бачыў у ветраным змроку знаёмую грушу з крушняй камення ў снезе… Гэта было зусім недалёка адсюль, адразу за хвойнікам. Калі ісці хуткім крокам, уся дарога туды зойме дваццаць хвілін. Нясмела напомніўшы аб сабе, дзіўнае гэта жаданне стала хутка набіраць сілу і ахапіла яго ўсяго. Ён разумеў усю недарэчнасць гэтай задумы і пытаўся: навошта туды ісці? Але нясмелы голас сумнення неўзабаве прымоўк, капітуліраваўшы перад уладай жадання. Антон яшчэ вагаўся, але ўжо ведаў, што доўга не вытрывае. Яму стала патрэбна яшчэ раз пабачыць мёртвае цела Зоські, пераканацца, што яна не пакутавала доўга, што наўкола ціха-спакойна, яго ніхто не шукае, і пасля з палягчэлай душой адпраўляцца за Нёман.

Нервова скалануўшыся ад нецярпення, ён зразумеў марнасць супраціўлення гэтаму жаданню і закінуў за плячо вінтоўку.

Далей увесь шлях па полі да грушы быў яму добра знаёмы, ды і лінія ўзлеску не дала згубіць напрамак, ён абышоў хвойнік і апынуўся на княжаводскім полі. Тут трэба было прайсці па прамой не болей як адзін кіламетр. Цёмная, без зорак, ноч, здаецца, і яшчэ пацямнела, няспынна сыпаўся снег, калючыя ягоныя крупінкі балюча сцябалі па настылых руках і твары. Мароз, мабыць, стаў болыны, Антон пільна ўгледзеўся ў паўзмрок і яшчэ зводдаль пазнаў раскідзістае сучча грушы, якім непрытульна пагойдваў вецер. На ранейшым месцы пад грушай грувасцілася знаёмая крушня. Але ён толькі зірнуў на грушу, камяні крушні і прабег каля іх у поле, дзе, аднак, чамусьці не ўбачыў таго, што хацеў убачыць. Вельмі добра памятаў, як Зоська ўпала, раскінуўшы на снезе чорныя рукі, і ляжала так, бачная здалёку. Цяпер жа прыблізна на тым самым месцы нічога не было відаць, і ён падумаў: як хутка яе замяло снегам. Але снег з самага вечара сыпаўся дробны, нават у ямках яго

намяло не шмат, ля мяжы і крушні ён быў толькі па костачкі. Трохі занепакоены, Антон прабег далей, чым трэба было, павярнуў назад. Дзіўна, падумаў ён, няўжо ж ён так памыліўся ў адлегласці. Але ён памятаў добра, што Зоська адышлася перад яго стрэлам метраў на пяцьдзесят ад грушы, інакш у паўзмроку ён бы ў яе не пацэліў. Дык дзе ж яна магла быць? Шырокай васьмёркай Антон абабег поле, зноў зайшоўшы ад грушы, дакладней прыкінуў напрамак стрэлу.

Але на тым месцы, дзе яна ўпала, забітая яго куляй, цяпер яе не было.

Адчуўшы нядобрае, ён прыгнуўся, каб убачыць на снезе сляды, і ўбачыў невялічкую цёмную плямку, згроб яе ў жмені разам са снегам — несумненна, гэта была кроў. Але дзе ж тады сама Зоська?

Ён упаў на калені і аберуч пачаў мацаць снег, адразу наткнуўшыся пальцамі на ледзьве прыкметную для вока шырокую баразну ў снезе з ямінамі ад калень, і зразумеў, што яна папаўзла. Гэтае адкрыццё збянтэжыла яго. З мешаным пачуццём спалоху і недаўмення ён ускочыў на ногі, пакінуўшы на ранейшым месцы вінтоўку, і пабег па няроўнай баразне — цераз быльнёг, міма паўзасыпанага палявога куста ў напрамку нябачнай адсюль, але недалёкай вёскі. Калі ж усё стала зразумела, Антон вяла выпрастаўся, сцішыў крок, спыніўся зусім і самотным разгубленым позіркам уставіўся ў змрок. Ён яе не забіў, толькі параніў, і яна папаўзла ў вёску, дзе ў яе знаёмыя, сувязныя, сяброўкі. Яму ж падацца туды было нельга. Спрабуючы як-колечы асэнсаваць новы паварот у сваім становішчы, ён вярнуўся назад, падабраў вінтоўку. Называецца, пашкадаваў патрон і — загубіў жыццё. Праклятая Зоська! Колькі ж гэта можа яшчэ цягнуцца? Палічыўшы яе забітай, ён хутка страціў свой гаеў супраць яе, ён нават гатовы быў палюбіць яе мёртвую, якая сваёй смерцю, несумненна, саслужыла б яму добрую службу. Але цяпер ён яе ненавідзеў як ніколі раней. Яна з’явілася пачварна непераадольнай перашкодай на яго і без таго заблытанай пуцявіне жыцця. Як яму вызваліцца ад яе?

Але вызваліцца, напэўна, было ўжо немагчыма: упусціўшы яе, ён траціў над ёю сваю ўладу. I наадварот, дабраўшыся да Княжаводцаў, яна займела грозную ўладу над ім і цяпер можа зрабіць з ім усё, што захоча. Напэўна, у гэты час, калі ён кідаецца па начным полі, яна ўжо расказвае некаму пра яго злачынства. Праз некалькі дзён аб гэтым стане вядома ў атрадзе.

Хісткім няроўным крокам Антон ішоў супраць ветру, не адчуваючы яго марозных парываў, панура апусціўшы галаву, засунуўшы ў кішэні рукі. Пляваць яму было на сцюжу, на гэты пракляты вецер у голым прамёрзлым полі. Вайна заганяла яго ў тупік, з якога не было выйсця. Куды ён цяпер мог падацца, дзе шукаць прытулак? Ён нават не меў дзе пераспаць, пад’есці, пагрэцца; небяспека пагражала яму з двух бакоў. Ён звыкла прадаўжаў баяцца паліцыі і немцаў, але і партызаны з сённяшняй ночы рабіліся яму ворагамі. Цяпер не было сэнсу шукаць пераправу за Нёман — у Ліпічанку яму шлях закрыты.

Але куды ж тады не закрыты?

Усё выразней асэнсоўваючы безвыходнасць свайго становішча, ён бачыў нямала віноўнікаў сваіх няўдач, сярод каторых, аднак, не было яго самога. За трыццаць без малога гадоў свайго жыцця ён не прывык прызнавацца сабе ва ўласных грахах, і калі здараліся якія канфлікты, любую віну гатовы быў перакласці на іншых. Сам жа ён ва ўласных вачах заўжды заставаўся бязгрэшны, бо, маючы строгасць да іншых, быў велікадушны да сябе самога. Сябе ён любіў і песціў, хацеў толькі дабра, якое, здаралася, у яго адбіралі іншыя. У даным выпадку насуперак яму недарэчным чынам стала партызанская разведчыца Зося Нарэйка, віноўніца ўсіх яго бед.

Антон слепа брыў у начным полі, пазбаўлены мэты, душэўна спусцелы, раззлаваны на свае няўдачы і, ведама, перш за ўсё на Зоську. Праўда, цяпер ён дакараў сябе за памылку, за тое, што пашкадаваў патрон і не стрэліў другі раз. Нашто цяпер яму гэты патрон, нашто гэта вінтоўка? Хіба для таго, каб забіць сябе? Але дудкі — забіваць сябе ён не будзе. Ён яшчэ малады і яшчэ амаль што не жыў. Нягледзячы на вайну, хацеў пачаць жыць, як спрадвеку прынята ў людзей, але не ўдалося. Мабыць, нельга так усё адразу — жыць, ваяваць, кахаць і мець шчасце. Шкада, што позна ён пераканаўся ў гэтым. На крывавым уласным вопыце, за які ці не прыйдзецца яшчэ заплаціць усё тым жа ўласным жыццём. Але жыццё ў яго адно, чаму ён павінны ў маладыя гады з ім расставацца?

Поделиться:
Популярные книги

Метаморфозы Катрин

Ром Полина
Фантастика:
фэнтези
8.26
рейтинг книги
Метаморфозы Катрин

Вечная Война. Книга V

Винокуров Юрий
5. Вечная Война
Фантастика:
юмористическая фантастика
космическая фантастика
7.29
рейтинг книги
Вечная Война. Книга V

Генерал Скала и сиротка

Суббота Светлана
1. Генерал Скала и Лидия
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
6.40
рейтинг книги
Генерал Скала и сиротка

Сумеречный Стрелок 3

Карелин Сергей Витальевич
3. Сумеречный стрелок
Фантастика:
городское фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Сумеречный Стрелок 3

Студент

Гуров Валерий Александрович
1. Студент
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Студент

Наизнанку

Юнина Наталья
Любовные романы:
современные любовные романы
5.00
рейтинг книги
Наизнанку

Кодекс Охотника. Книга XVII

Винокуров Юрий
17. Кодекс Охотника
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Кодекс Охотника. Книга XVII

Кукловод

Злобин Михаил
2. О чем молчат могилы
Фантастика:
боевая фантастика
8.50
рейтинг книги
Кукловод

Наследник с Меткой Охотника

Тарс Элиан
1. Десять Принцев Российской Империи
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
аниме
5.00
рейтинг книги
Наследник с Меткой Охотника

Восход. Солнцев. Книга IV

Скабер Артемий
4. Голос Бога
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Восход. Солнцев. Книга IV

Я снова граф. Книга XI

Дрейк Сириус
11. Дорогой барон!
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Я снова граф. Книга XI

Егерь

Астахов Евгений Евгеньевич
1. Сопряжение
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
рпг
7.00
рейтинг книги
Егерь

Кодекс Охотника. Книга ХХ

Винокуров Юрий
20. Кодекс Охотника
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
аниме
5.00
рейтинг книги
Кодекс Охотника. Книга ХХ

Возвышение Меркурия. Книга 16

Кронос Александр
16. Меркурий
Фантастика:
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Возвышение Меркурия. Книга 16