Сэрца на далонi (на белорусском языке)
Шрифт:
– Гэта запiшам, - сказаў Сербаноўскi, сапраўды старанна занатоўваючы ўсю размову, яго проста-такi прафесiйна ўзрадавала, што Яраш ведае здраднiка i на працэсе будзе такi аўтарытэтны сведка.
– Ад каго вы, Дымар, атрымалi заданне шпiёнiць за Кляшчом?
– Усё ад таго ж Швагерава.
– А Лотке вы ведалi?
– спытаў Шыковiч.
– Лотке? Немец? Першы раз чую.
– У той час, калi вы шпiёнiлi за Ярашам, Лотке быў механiкам у пажарнай.
– Я пажараў не тушыў, - нахабна i нечакана дзёрзка адказаў здраднiк.
–
Нечаканыя адкрыццi далi новы матэрыял, новых сведкаў.
У Шыковiча цудоўная памяць. У падполле ён улез грунтоўна. Але ён, Сербаноўскi, ведае, што больш за ўсё зараз цiкавiць пiсьменнiка. Дзеля гэтага i паклiкаў яго сюды.
Узяўшы з папкi пажоўклы аркуш з вучнёўскага сшытка, Сербаноўскi паказаў яго арыштаванаму.
– Вы пiсалi?
– Ну я. Я. Я!
– зноў раздражнёна, перакасiўшы твар i прыцiснуўшы дзвюма рукамi кепку да грудзей, праскрыпеў Дымар.
Маёр падсунуў аркуш да Шыковiча. Кiрыла ўбачыў тую ж запiску начальнiку следчага адзела палiцыi пра Савiча, якую ўжо аднойчы Сербаноўскi паказваў яму.
– Ён?
– Ён. Паўмесяца адмаўляўся. Не хацеў прызнаваць нiякiх экспертыз. Пакуль не выклiкалi з далёкiх краёў таго, каму адрасавана запiска.
Здраднiк сядзеў, панурыўшы галаву, быццам i не слухаў, не чуў, пра што гавораць следчы i гэты, другi, незнаёмы.
– Грамадзянiн Дымар, што вы можаце сказаць пра доктара Савiча?
– Што я магу сказаць пра Сцяпана Андрэевiча Савiча?
– Ён па-жаночы гаротна схiлiў сваю маленькую сiвую галаву набок, пакiваў ёй.
– Я магу толькi сказаць, што гэта быў залаты чалавек. Я пятнаццаць гадоў шыў яму касцюмы i палiто. Прымяраў на даму. I заўсёды выходзiў з гэтага дома начаставаны вось так. Дымар правёў далоняй па шыi; дзiўна мянялiся iнтанацыi яго голасу: то ён скрыпеў, як старая асiна, то сыпаў, як гарохам, то цягнуў павольна, з амаль лiрычнай задумлiвасцю.
– I вы гатак аддзякавалi яму?
– не вытрымаў Кiрыла.
Здраднiк закацiў вочы пад лоб, быццам намерваўся прачытаць пакаянную малiтву.
– Усё зло ў свеце ад грошай. Хацеў выбiцца ў людзi...
– Ён цяжка ўздыхнуў.
– На смерцi другiх?
Спачатку Кiрыла слухаў спакойна. Больш было прафесiйнай цiкаўнасцi да гэтай быццам выкапанай пачвары, да таго, як ён паводзiць сябе, i наогул да ўсяго працэсу допыту, чым абурэння, гневу. Але калi дайшло да Савiча, калi здраднiк з цынiчным прытворствам пахвалiў нябожчыка, у Кiрылы перавярнула ўсю душу. У яго не было выпрацаванага гадамi спакою Сербаноўскага. Яго прафесiя дазваляла яму даваць волю сваiм пачуццям. Ён адчуваў, як усё мацней i мацней грукае сэрца, аж пачало звiнець у вушах. Ён зняў са стала рукi свае, каб яны былi далей ад цяжкага чарнiльнага прыбора. Мабыць, маёр адчуў, што робiцца з iм, бо сурова сказаў арыштаванаму:
– Давайце, грамадзянiн Дымар, без фiласофii. Што дало вам падставы
– Чуццё. Я ды каб не ведаў Савiча! Хе. Як аблупленага. Я нiколi не верыў, што ён шчыра служыць немцам. Ён заказаў у мяне касцюм. Я на прымерках пачаў "мацаць", чым жа ён дыша. Даверлiва расказаў яму пра зверствы гiтлераўцаў. А ён кажа: мы самi вiнаваты. I супраць партызан нешта сказаў. Хе, Савiч супраць партызан! Я падумаў тады: "Каго ты хочаш правесцi, доктар Савiч? Хе".
– Ну i гнiда!
– кiнуў Шыковiч з агiдай.
Здраднiк уздрыгнуў, але тут жа натапырыўся, як певень, вiскнуў:
– Прашу не абражаць! Я чалавек...
– Якi ты чалавек! Ты горш вошы тыфуснай!..
– Кiрыла Васiльевiч!
– дакорлiва пакiваў галавой Сербаноўскi.
– Калi да мяне будуць вось так, я не скажу больш нi слова.
– I Дымар надзьмуўся, ужо з iнакшым выразам адвесiўшы скiвiцу.
Шыковiч толькi цяпер убачыў, што ўсе зубы ў яго ўстаўныя. Ад гэтага зрабiлася так брыдка, што Кiрыла баяўся, каб не званiтавала.
– Гэта вы засвоiлi, - сказаў Сербаноўскi, набiраючы нумар тэлефона.
– Ало. Швагерава да мяне.
– Паклаўшы слухаўку, паўтарыў: - Свае правы вы засвоiлi, i сказаў Шыковiчу: - Аднойчы, калi ён вывеў мяне з цярпення вось так, як вас, i я павысiў голас, ведаеце, што сказаў гэты "законнiк"? "Можа, ударыць хочаце? Ага, баiцеся! Не той час". Нiколi, нi ў якi час, я не стаў бы пэцкаць рукi аб вас, Дымар. Брыдка.
Шыковiч спытаў ужо амаль спакойна?
– Усё ж цiкава, што вас прымусiла прадаваць людзей фашыстам? Лепшых людзей.
Дымар заплюшчыў адно вока, быццам крыўляўся, як блазен, i не адказваў.
– Раскажыце, як вы сталi Беразоўскiм, - загадаў маёр.
Здраднiк заплюшчыў другое вока i звесiў сiвую галаву на грудзi.
Расказаў сам Сербаноўскi:
– Вам гэта павiнна быць цiкава, Кiрыла Васiльевiч. Знiшчыўшы дакументы на Дымара, ён сiмуляваў прыступ эпiлепсii. Упаў на вулiцы ўвечары. У Куйбышаве гэта было. Так, Дымар? Натуральна, трапiў у бальнiцу. Апрытомнеў - цап-мац, пуста ў кiшэнях. Усё нiбыта вычысцiлi: дакументы, грошы, гадзiннiк. Прозвiшча? Беразоўскi, Сяргей Пятровiч. Па даведцы з бальнiцы атрымаў новы пашпарт. Хутка асталяваўся ў Вольску. Лепшым краўцом лiчыўся ў рабочых цэментавых заводаў.
Дымар на мiг падняў галаву, i дзiўная ўсмешка скрывiла яго бяскроўныя вусны.
У пакой, атрымаўшы дазвол, увайшоў каранасты барадач у ватоўцы, у высокiх юхтовых ботах. Постаць яго, хада, рукi выдавалi чалавека фiзiчнай працы. Можа, таму недарэчнымi i непатрэбнымi здавалiся акуляры на яго барадатым шырокiм твары.
Шыковiч угледзеў, з якой нянавiсцю зiрнуў на дзябёлага барадача мiзэрненькi Дымар.
Швагераў - былы следчы палiцыi - прывiтаўся i дысцыплiнавана пачакаў каля парога, пакуль Сербаноўскi не паказаў яму, куды сядаць.