Сэрца на далонi (на белорусском языке)
Шрифт:
– Ну, чым вы займаецеся?
– спытаў маёр.
– Аглядаю горад. Якi горад вырас! Якi горад!
– i ўздыхнуў на поўныя грудзi не то ад захаплення, не то шкадуючы, што горад збудаваны без яго.
– Горад - песня, - згадзiўся Сербаноўскi.
– Песня?! Гэта вы добра сказалi.
– Швагераў, не здымаючы акуляраў, выцер чыстай хусцiнкай вочы.
– Скажыце, Швагераў, што даносiў вам Дымар пра Кузьму Кляшча?
Падследчы насцярожана павярнуў галаву да сведкi. Швагераў задумаўся.
– Я вам напомню. Пра таго хлопца, якi пакараў Лучынскага.
– Ах, пра Яраша?
– Скажыце, адкуль вы ведаеце яго сапраўднае прозвiшча?
– Пасля таго здарэння хутка ўстанавiлi, што
– Хочаце ведаць, у каго ён хаваўся? У доктара Савiча.
Кашлатыя бровы Швагерава варухнулiся ад здзiўлення. А Дымар каўзануўся на крэсле i праскрыпеў:
– Пра Кляшча я нiкому слова не сказаў.
Швагераў пакiваў галавою:
– Мне пра Яраша ён не гаварыў.
– Швагераў, я не хачу вам лiшнi раз напамiнаць, што значыць для вас шчырасць i сумленнасць.
– Таварыш маёр! За сваю вiну я пятнаццаць год меў. Нядаўна пачаў жыць нанова. Адчуў сябе чалавекам. Вы чыталi мае характарыстыкi... Дык няўжо вы думаеце, што я буду цяпер выблытваць гэтага... павука?
– Сам ты павук!
– злосна агрызнуўся Дымар.
– Быў, - спакойна згадзiўся Швагераў.
– Але цяпер стаў чалавекам.
– Вы ведалi, - Сербаноўскi глянуў у паперы, - Лотке? Механiк у пажарнай быў перад здарэннем з Лучынскiм.
– Лотке?
– Швагераў хмыкнуў.
– Якiх толькi прозвiшчаў у яго не было. Гэта Ганс Крафт. Каланiст з Украiны. Шпiён.
– Агент СД?
– Безумоўна.
– Дымар быў знаёмы з Крафтам?
– Не, не быў! Не ведаю нiякага Крафта!
– паспяшаўся адмовiцца стары правакатар.
– А па-мойму, быў, - сказаў Швагераў.
– Нешта мне прыпамiнаецца, што, калi ты шыў мне касцюм, Крафт таксама прыйшоў на прымерку. Тады ён быў у форме чыгуначнiка.
– Мала каму я шыў! Усiх...
– Ясна!
– перапынiў Сербаноўскi.
– А цяпер паўтарыце коратка свае паказаннi па справе Савiча.
Швагераў зразумеў, што паўтарыць трэба для гэтага, другога, незнаёмага яму чалавека ў цывiльным, i павярнуўся да Шыковiча, пачаў расказваць яму:
– Ну, Савiча мы лiчылi надзейным. Вядома, для "новага парадку". Многiя дзеячы выклiкалi падазрэнне. Ён - не. I раптам яго запiска, - кiўнуў на Дымара, потым на стол, - тая, што ў справе. Я ведаў яго манеру, - зноў кiўнуў на свайго былога сябра.
– Там, дзе няпэўна, ён гаварыў вусна, дзе пэўна, заўсёды пiсаў, каб пакiнуць дакуменцiк, вiдаць.
– Хлусiш!
– праскрыпеў Дымар.
– Навошта ж мне хлусiць? Я нават разгубiўся. Прызнаюся, было жаданне самому злавiць такога сама, як доктар Савiч. Падзяка, грошы, кар'ера, няхай яны спрахнуць... Мы ж там адзiн аднаму не верылi, адзiн аднаго хавалiся, каб перахiтраваць, вырвацца ўперад. Але пабаяўся я сам... Вялiкая адказнасць. Куды мне! Начальнiку сказаў. Той, помню, таксама разгубiўся. Калi, кажа, Савiч з iмi, з нашымi, значыцца, з партызанамi, нiкому, кажа, з нас не будзе веры ад СД. Уцячэ Савiч - труба будзе нам. Узяць яго без доказаў - таксама не лягчэй. Адным словам, ламаў галаву начальнiк. Мне нiчога не даручыў, хоць справай з медыкаментамi займаўся я. Але мы яшчэ раней дамовiлiся весцi яе, як звычайную крымiнальную. Гэта, ведаеце, куды прасцей: крымiнальнымi справамi менш цiкавiлiся. Хто з iх данёс у гестапа, - ён, - зноў кiвок у бок Дымара, - цi начальнiк палiцыi - гэтага я не ведаю.
– Сам ты!.. Сам данёс!
– раптам закрычаў Дымар.
– А цяпер хочаш звалiць на мяне? Хочаш быць чысценькiм? Не выйдзе!
– Не, я не чысценькi. Але я ў сорак чацвёртым прыйшоў з лесу. Вось я, судзiце. А ты дзе быў? Не я пачаў шпiёнiць за Савiчам. Я наогул нi за кiм не шпiёнiў. Я вёў справы як следчы.
– Па сутнасцi, - заўважыў Сербаноўскi.
Швагераў
– Натуральна, што Савiчам занялося само гестапа. Не паспелi мы агледзецца, як усё здарылася... Пасля я даведаўся, што ў дзень налёту i смерцi доктара гестапа стала вядома, што ў яго хаваецца прадстаўнiк партызанскага штаба. Ад каго, якiм чынам яны даведалiся пра гэта, нiхто мне не сказаў. Але, безумоўна, гэта паскорыла развязку. У палiцыi казалi, што Савiч адстрэльваўся. Сапраўды, былi забiты два гестапаўцы i тры цi чатыры ранены. Забiлi Савiча цi сам застрэлiўся - пра гэта маўчалi. Хто мог разявiць рот, калi афiцыйна было аб'яўлена, што доктара забiлi партызаны? Пасля нашаму начальнiку расказаў п'яны ад'ютант фельдкаменданта лейтэнант Крэйман, што ў часе аперацыi "Доктар" - яны назвалi гэта цэлай аперацыяй - машыны гестапа былi абстраляны з суседняга саду з аўтаматаў. Вiдаць, тады i былi забiты i ранены гестапаўцы. Мяркую, што гэта i навяло iх на думку аб'явiць, што Савiч забiты партызанамi. Вы пыталiся, навошта трэба была акупантам такая правакацыя? Я так думаю: баялiся прыкладу. Калi агласiць, што шасцiдзесяцiгадовы доктар, кiраўнiк аддзела гарадской управы, вёў актыўную барацьбу, як бы гэта ўзняло дух падпольшчыкаў i ўсiх патрыётаў. А так, наадварот, магло дэмаралiзаваць тых, хто быў звязаны з Савiчам. Па гэтай справе я ведаю яшчэ, што лекар iнфекцыйнай бальнiцы Акулава...
– Вакулава, - паправiў Шыковiч.
– Мне добра помнiцца, што начальнiк сказаў - Акулава. А можа, i не так... Столькi прамiнула год! Дык вось гэтая жанчына ў калiдоры гестапа, па дарозе на допыт цi з допыту, спрабавала вырваць у канваiра аўтамат. Вядома, была застрэлена на месцы. Мабыць, гэтага яна i хацела. Такi выпадак быў не адзiны. Скатаваныя людзi кiдалiся на аўтаматы.
– Швагераў, чаму ў вашых паказаннях на працэсе пра Савiча нiчога не сказана?
– Нi следчы, нi суддзi, пэўна, не надалi запiсцы ўвагi i не нацiскалi на гэты факт. А каму, грамадзянiн начальнiк, хацелася браць на сябе лiшнюю справу? Каб атрымаць "вышку"? Ваенны час. Ваенны трыбунал. Маё шчасце, што я сам з'явiўся.
Шыковiч спытаў пра другiя групы, пра правалы - хто вiнаваты, хто выдаў? Дымар маўчаў. Швагераў адказваў ахвотна i, здавалася, шчыра, але не без хiтрасцi: стараючыся так падаць усё, каб нiдзе не ўблытаць сябе. А вядома, што "палiцыя агульнага парадку" крымiнальнымi злачынствамi займалася мiж iншым i ў большасцi выпадкаў забойцаў, рабаўнiкоў, зладзеяў рабiла правакатарамi, агентамi; галоўная дзейнасць палiцыi, у тым лiку i следчага аддзела, была скiравана на выкрыццё савецкiх патрыётаў, на дапамогу гестапа i СД. Таму былы следчы з надзвычайнай асцярожнасцю абыходзiў небяспечныя мясцiны. Але Шыковiч i Сербаноўскi ведалi значна больш, чым думалася Швагераву; мелi магчымасць супаставiць факты, параўнаць яго паказаннi з iншымi крынiцамi. Што-нiшто ён усё-такi праяснiў i ўдакладнiў. Раскрыў, напрыклад, структуру i метады шпiянажу, даўшы Кiрылу новы матэрыял для кнiгi. Калi нарэшце арыштаванага адвялi, а сведка пайшоў чакаць вырашэння свайго лёсу: застанецца ён толькi сведкам цi сядзе на лаву побач з агентам, Сербаноўскi сказаў:
– Вось цяпер, я думаю, нiхто ўжо не затрымае ваш артыкул. Устаўляйце запiску, карыстайцеся пратаколам допыту - i друкуйце. Толькi назву прыйдзецца мяняць. Думаю, што больш не iснуе пытання, хто ж такi доктар Савiч?
– Асабiста для мяне яго даўно не iснавала.
– Але патрабавалiся доказы.
– Дзякую вам.
– Няма за што. Святы абавязак.
– Як вам удалося выкапаць гэтага дыназаўра?
– Няхай гэта застанецца нашай прафесiйнай тайнай.
Яны хораша, з разуменнем усмiхнулiся адзiн аднаму, як два добрыя сябры, якiя агульнымi сiламi зрабiлi карысную справу.