Сэрца на далонi (на белорусском языке)
Шрифт:
Славiк падняў вышэй "пераноску", ад яркага святла якой слязiлiся вочы.
Генрых кiнуў на яго кароткi позiрк i рухамi штукара пачаў мацаваць маленькiя гаечкi. Недасведчанаму чалавеку, якi бачыць станок толькi звонку, можа здацца, што такая аграмадзiна складзена з адных вялiкiх i цяжкiх дэталей. Так упачатку здавалася i Славiку. А тут ёсць дэталькi не большыя за гадзiннiкавыя, асаблiва ў электраабсталяваннi. Мiж iншым, гэтая складанасць i прываблiвала няўрымслiвага хлопца. Каб усё было проста i аднастайна, як яму ўяўлялася па школьнаму знаёмству з заводамi, адно i тое з хвiлiны ў хвiлiну, з дня ў дзень,
– Што ў цябе з Нiнай?
– спытаў Генрых, працягнуўшы руку па гайкi i пракладкi.
Рабро станiны здушыла Славiку грудзi. Пракладкi прылiплi да потнай далонi.
– А-а... нiчога. Ходзiм у кiно...
– Ты ж не любiш яе.
– А хiба нельга так?
– Як "так"?
– Ну... разам працуем, разам гуляем.
– Я сам, стары, раней глядзеў на дзяўчат несур'ёзна. Нiбы яны для адных танцулек створаны. З Нiнкай нельга так, май на ўвазе. Яна не такая, як тыя... У яе ўсё сур'ёзна. I планы яе сур'ёзныя i простыя: выйсцi замуж, нараджаць дзяцей... Некаторыя моднiкi фыркаюць: мяшчанства. Ёлупы! Схiлiце галовы! Гэта жыццё ў яго натуральным выглядзе. Самi вы мяшчане!
"Чаму ён гаворыць гэта мне? Няўжо ведае? У вочы, у вочы б яму глянуць".
Але "зайчыкi" ад яго прафесарскiх акуляраў сляпiлi. I Славiк - што той трусiк перад кобрай. Толькi вушкамi варушыў. Куды знiкла дасцiпнасць, кiдкасць: ты мне слова - я табе дзесяць. Ён, акулярысты чорт, здаецца, працуе, а зiркае, усё бачыць. Разбiць пераноску, цi што? Быццам незнарок.
Нарэшце Славiк скiнуў чары. Выскалiўся:
– Думаў, хоць адзiн чалавек як чалавек. А ты - як Ходас i Тарас. Маралiсты!
– i завыў у вантробе станка: - Сумна жыць, Генрых!
Ён неаднойчы хiлiў Варэнiка на свой бок вось такiмi жартамi. У яго i Косцi найлепшае пачуццё гумару.
– Думаеш, калi сапсуеш камусь жыццё, табе стане весялей?
– А каму я псую? Пайшлi вы ўсе...
Хвiлiн праз колькi Тарас накiраваў яго ў склад па дэталi. Славiк напусцiў на сябе такую бестурботнасць i весялосць, каб нiкому i ў галаву не ўлезла, што ў яго штось нядобрае на душы.
Ён iшоў памiж станкамi, як па лесе. Насвiстваў. I раптам з-за станка яна, Нiнка. Носiк - чырвоны, вочы - злыя.
– Славiк!
Ён спалохана азiрнуўся.
– Такая цана тваiм словам? Дзе твае вочы бессаромныя? Цяпер табе нiчога не трэба? Ведай жа: або на сябе рукi налажу, або цябе станiнай прыдушу. Цяпер мне ўсё адно не жыць.
– Яна ўсхлiпнула.
А побач, за станком, - галасы. Здаецца, начальнiк цэха.
Славiк схапiў яе за руку.
– Чаго ты? Дурная, дурная... У мяне проста часу няма. Я на падрыхтоўчыя курсы ў полiтэхнiчны паступiў. Кожны вечар... Ну добра. Сёння, сёння...
Iшоў знаёмы рабочы, i Славiк, узрадаваны, пакiнуў дзяўчыну i закрочыў побач з iм. Расказваў новы анекдот. Хацеў смяяцца. Выцiскаў з сябе смех, бо ўсё скаваў страх, новы, невядомы. О, жорсткае жыццё! Нiякай радасцi i гэтулькi пакут! Ён праклiнаў той час i мiг, калi яму прыйшла ў галаву гэтая дзiўная думка - пазабаўляцца з ёй, адпомсцiць за свой спалох у першы дзень.
Месяц ён вадзiў яе ў кiно, у тэатр i гаварыў, гаварыў, гаварыў. Пра ўсё на свеце ён ведаў. Заходзiў проста ў iнтэрнат, пакiдаючы ў строгай каменданткi свой заводскi пропуск.
Яна ведала, што не вызначаецца прыгажосцю. Але дзявочае сэрца перамагло розум, нараджаючы адвечную наiўную iлюзiю. Хiба адны прыгожыя падабаюцца? Славiк пакарыў тым, што не саромеўся паказацца з ёй на людзi - у кiно, у тэатры, знаёмiў са сваiмi знаёмымi, прыгожа апранутымi хлопцамi i дзяўчатамi, i рабiў гэта, здавалася ёй, з гонарам. Для простай дзяўчыны, якая была яшчэ ў палоне вясковых уяўленняў, гэта з'яўлялася найвышэйшым доказам яго кахання. Магчыма, было i другое: цяга чалавека, якi жыў у беднасцi i нястачы, да прыгажэйшага, вышэйшага, лепшага.
У тую нядзелю ён з'явiўся ў iнтэрнаце ранiцай i запрасiў яе на дзённы сеанс. А калi выйшлi з кiно, прапанаваў зайсцi да яго дадому. Нiнка на мiг сумелася, але не ўтрымалася ад спакусы паглядзець, як ён жыве. Увогуле, як жыве пiсьменнiк? Хiба гэта не цiкава? Адначасна мiльганула патаемная дзявочая думка, што хлопец хоча паказаць яе сваiм бацькам. Славiк не прызнаўся, што дома нiкога няма. Бацькi разам з Ярашамi паехалi на дачу садзiць нейкiя адмысловыя дэкаратыўныя кусты, па якiя "стары конь" ездзiў ажно на Ўкраiну. Iра з курсам у калгасе, паехалi выбiраць бульбу.
Славiк адчынiў дзверы i сам "здзiвiўся", што ў кватэры нiводнай душы жывой. Ён паказаў ёй бiблiятэку, бацькавы кнiгi. Потым уключыў радыёлу i ўсё ставiў "нярасейскiя пласцiнкi". Пад гукi прыгожай i незразумелай музыкi выставiў на стол доўгую i тонкую пляшку, таксама не нашу. Вiно Нiнцы не спадабалася - кiсляцiна. Але яна ведала, што ўсе iнтэлiгенты п'юць чамусьцi кiслае, а не смачнае салодкае вiно, а таму асушыла два высокiя келiхi. I ёй стала хораша i весела. Яна сама прапанавала:
– Давай патанцуем.
Яна любiла танцаваць, а Славiк не. Ён хадзiў з ёй усюды, толькi на танцы ў заводскi Дом культуры не пайшоў нi разу.
Яны закружылi ў кабiнеце вакол маленькага столiка, паўз шкляныя шафы, з якiх глядзелi на iх маўклiвыя i суровыя кнiгi.
Славiк пацалаваў дзяўчыну. Нiнка шчаслiва засмяялася. Яна заўсёды так смяялася, калi ён цалаваў яе. Праходзячы мiма канапы, Славiк "спатыкнуўся" i... павалiў дзяўчыну на канапу. Пачаў цалаваць прагна вусны, шчокi, шыю.
– Славiчак... Родненькi... не трэба, Славiчак... Пасля, пасля... даражэнькi...
– шаптала яна, цалуючы з такой жа прагнасцю, балюча.
Ён быў у тым узросце, калi снiў пра гэта. I думаў бясконца. I шукаў.
Але адбылося зусiм не так, як у сне i ў думках... Калi праз хвiлiну наступiла працверазенне, ён замест задавальнення адчуў нешта зусiм супрацьлеглае - сорам само сабой, але яшчэ агiду, да гэтага, да сябе, да яе. Раптам убачыў, якая яна непрыгожая, Нiнка. I адразу чамусьцi ўспомнiў Машу, якую даўно не бачыў, але не забываў. Зашчымела сэрца. Нясцерпна захацелася, каб побач была Маша, каб яе рукi абдымалi, яе залатыя валасы датыкалiся яго шчок. I ўсё больш расла непрыязь да Нiны. Нават злосць... Чаму яна так лёгка аддалася? Можа, ён не першы?.. Як лашчыцца!..