Сэрца на далонi (на белорусском языке)
Шрифт:
Яму хацелася закрычаць ад роспачы, укусiць самога сябе, калi ўбачыў iх побач, параўнаў. Просценькi, зямны, мiзэрненькi "дзятлiк" з пачырванелым носам - i Маша!
Калi хвiлiны ўтрапення мiнулi i Славiк вярнуў сваю самаўпэўненасць i дасцiпнасць, ён кiнуўся як у вiр, як матыль на агонь. Запрасiў усiх у буфет. Частаваў з купецкiм размахам. Талерку эскiмо. Ешце, хоць пуза расперажыце. Паўкiло "Мiшак".
Як? У гэтым буфеце яшчэ знайшлося шампанскае? Ура гаргандлю! Давайце шампанскае!
Пратэставаў Тарас. Сарамлiва адмаўлялася Нiнка. Ён прымушаў iх сiлком есцi i
Тарас нахмурана маўчаў. Хутка пачала разумець i Нiна, што да чаго. Прыгледзелася, прыслухалася - i стала вiдушчая. Дурная, дурная! Як яна магла падумаць, што Славiк пакахаў яе? Спадзявалася, верыла, марыла. Хiба так кахаюць! I хiба такая, як яна, простая кранаўшчыца, патрэбна яму? Яму вось якая краля трэба! Модная, нафарбаваная! Абражаная, пакрыўджаная, Нiнка, якую спачатку Славiкавы жарты смяшылi, сцiшылася, замкнулася, адступiла за круглым столiкам ад Славiка да Тараса. Пашкадавала брыгадзiра: перажывае. Сябе не шкадавала. Сябе карала: так табе i трэба, авечка! Кiўнуў табе пальцам, i ты пабегла следам. Як на экране кiно, хутка змянялiся пачуццi, выбухалi адно за адным то боль, то бязгучны горкi смех, то роспач, ад якой хацелася па-бабску завыць на ўвесь буфет, на ўвесь кiнатэатр. Не, яна трымалася. Яна нiводным рухам не выдасць сябе. А вось яны... яны страцiлi ўсялякi сорам.
– Праўда. Мне штоноч сняцца марсiянкi. Яны падобныя на цябе.
– Я ўжо чула пра гэта. Ты не арыгiнальны.
– А што ў гэтым свеце арыгiнальнае? Мой бохан неяк сказаў адзiную разумную iсцiну: усё новае - даўно забытае старое.
– Ты выдумаў сам.
– Каб я мог такое выдумляць, то не завiнчваў бы гайкi пад наглядам маэстра Ганчарова. Я слаўлю цябе, Тарас! Вып'ем. За што? За рыжых. Згода?
– За рыжых я вып'ю. Яны - няшчасныя.
– Ты няшчасная? Паглядзi на буфетчыцу. Вунь дзе няшчасная.
– Яна не рыжая. Нафарбаваная.
– Твае бацькi прадбачылi моду.
– Не вярзi, Славiк. Ты - п'яны.
– Ад тваiх вачэй.
– Ад маiх вачэй цверазеюць.
– Як хто.
– Ты цверазеў. Я гэта бачыла.
– А цяпер - нямею...
"Няўжо яны сустракалiся?
– Тарас з натугай пракаўтнуў шампанскае, недарма яно завецца сухое.
– Няўжо яна можа хлусiць?"
"Чаго яна смяецца?
– паморшчылася Нiна.
– Нiчога смешнага няма. Колькi часу яны знаёмыя, што так размаўляюць? Ён пра ўсё расказваў. Толькi пра гэтую рыжую нi слова. Прытворшчыкi!"
Тарас не вытрымаў:
– Ты хоць бы цiшэй гаварыў. Людзi слухаюць.
– Слухаюць, бо цiкава. Чытаў бы я лекцыю пра спаборнiцтва - нiхто i вуха не натапырыў бы. Ты, Маша, слухала б?
– Я ўсё слухаю.
– Тарасаў уплыў. Раней ты была больш пераборлiвая.
– Да чаго?
– Да лекцый. I да людзей.
"Каб як у нас, у вёсцы, Тарасу трэба даўно даць яму па мордзе". У чарговую ўспышку злосцi Нiнка пашкадавала, што ўсё гэта адбываецца не ў iх вёсцы, дзе размова вялася прасцей, а дзейнiчалi хлопцы з большай рашучасцю. "Тарас перадавы, яму нельга".
А Славiк, круцячы ў руках пустую шклянку, ужо чытаў нейкiя вершы.
Я ругаю все напропалую,
А друзьям-товарищам грублю.
И меня такого не целует
Женщина, которую люблю.
Нiнка запомнiла iх i падумала, што Славiк сачынiў сам. Зноў-такi - як бы для iх, а ў сапраўднасцi для Машы, каб сказаць яшчэ раз, што любiць яе. Яна праверыла:
– Гэта ты сам напiсаў?
– Мой сябра.
– У цябе ёсць сябры маскоўскiя паэты?
– з iронiяй спытаў Тарас.
– У мяне ўсё ёсць. I нiчога няма.
Жанчына, якую ён любiць, не цалуе яго, i нiчога ў яго няма - гэта на нейкi мiг суцешыла Нiнку, вярнула надзею.
Пазванiлi. Клiкалi ў залу.
Яны падымалiся па крутой лесвiцы першыя - Славiк i Маша. Зноў яны забылiся на ўсё, нават на тое, хто з кiм прыйшоў i павiнен сядзець. Не, на парозе залы яна, рыжая, успомнiла-такi пра гэта.
Але як Славiк цягнуўся за ёй позiркам! I калi сеў на месца, то ўвесь час глядзеў у той бок, дзе селi яна i Тарас. I калi патухла святло i пачалася карцiна, Нiнцы здавалася, што ён глядзiць не на экран, а ўсё туды ж...
Бяда гераiнi расчулiла дзяўчыну. Больш яна не думала пра тое, каб утрымаць Славiка, прымусiць яго жанiцца. Дзякуй Богу, што хоць усё добра абышлося, не здарылася таго, чаго яна падсвядома хацела - каб паставiць хлопца перад фактам - i баялася, баялася, не менш, чым i Славiк. Цяпер яна прымала гэта як кару за сваю даверлiвасць i дурноту. "Так табе i трэба! Так табе i трэба!" бязлiтасна ўпiкала яна сябе i... плакала, смаркалася, выцiрала хусцiнкай вочы. На яе нават азiрнулiся з пярэдняга рада.
Славiк дзiвiўся, што яе так расчулiла трагедыя гераiнi. Яму смешна стала, бо яго асабiста ўся кiнагiсторыя не ўсхвалявала нi на грам, не кранула нiводнай стрункi душы. Банальная драма. Ён нават адчуваў некаторую няёмкасць перад суседзямi, што яго дзяўчына такая "дзярэўня".
Маша i Тарас сядзелi блiжэй да выхада i, калi сеанс скончыўся, выйшлi першыя. Як ён iрваўся, Славiк, каб дагнаць iх. Лез на людзей, расштурхоўваў. Абражаная Нiна засталася ззаду, хацела схавацца ў натоўпе. Ён спахапiўся, пачакаў яе каля дзвярэй. Але яўна быў незадаволены, што Маша з Тарасам знiклi. Можа, таму доўга iшоў моўчкi, панура наставiўшы каўнер. Нiнка таксама маўчала. Вулiцы, па якiх яны iшлi, хутка апусцелi. Горад засынаў. Але недалёка быў вакзал, i там бесперапынна стомлена пыхкалi i зрэдку злосна крычалi паравозы.
На пешаходным мосце цераз чыгунку, вузкiм i высокiм, Нiнка спынiлася i глядзела, як унiзе iшоў доўгi таварны састаў. Маленькiя вагоны з чырвонымi дахамi, доўгiя пульманы з белымi люкамi, пляцоўкi з трактарамi, з лесам. Цягнiк прайшоў. Мiма зялёных i чырвоных нерухомых агнёў стрэлак i святлафораў плыў-хiстаўся, аддаляючыся, чырвоны стоп-сiгнал. Нiнка праводзiла яго сумным позiркам, быццам у тым цягнiку ў запламбаваным пульмане цi, можа, на адкрытай пляцоўцы павезлi яе шчасце. Але, павезлi. Хто? Куды? Славiк стаяў побач, навалiўшыся грудзьмi на парэнчы, i... пляваў унiз, з дзiцячай свавольнасцю цэлячыся ў сiгнальны слупок стрэлкi.