Сфінкс без загадкі
![](https://style.bubooker.vip/templ/izobr/18_pl.png)
Шрифт:
Оскар Ўайлд
Сфінкс без загадкі
Аднойчы апоўдні я сядзеў на тэрасе Caf'e de la Paix [1] , назіраючы за раскошай і ўбогасцю жыцця парыжанаў, і пацягваў свой вермут на фоне дзіўнага суседства фанабэрыі і нэндзы, якое бачылі мае вочы, як раптам пачуў, што мяне нехта кліча. Я павярнуўся і пазнаў лорда Мёрчысана. Мы не бачыліся з часоў навучання ў каледжы, ужо гадоў з дзесяць, таму я быў рады зноў сустрэцца з ім, і мы цёпла павіталіся. Мы былі добрымі сябрамі ў Оксфардзе. Я адчуваў да яго вялікую прыхільнасць: ён быў такі прыгожы, жыццярадасны і шляхетны. Усе казалі, што калі б ён не быў такім праўдалюбам, то меў бы больш сяброў, але мне здаецца, што мы акурат і любілі яго за гэтую шчырасць. Я заўважыў, што
1
Caf'e de la Paix (фр.) – вядомая кавярня ў ІХ акрузе Парыжу.
– Я яшчэ недастаткова разумею жанчын, – адказаў ён.
– Мой дарагі Джэралд, – сказаў я, – жанчын не трэба разумець, іх трэба кахаць.
– Я не магу кахаць таго, каму не давяраю, – адказаў ён.
– Мне здаецца, у тваім жыцці ёсць нейкая таямніца, – усклікнуў я. – Раскажы!
– Давай куды-небудзь праедземся, – адказаў ён, – тут занадта шмат людзей. Не, толькі не ў жоўтым экіпажы – давай любога іншага колеру, напрыклад, у гэтым, цёмна-зялёным.
Праз некалькі хвілін мы ехалі па бульвары ў бок царквы Магдаліны.
– Куды мы едзем? – спытаў я.
– Куды захочаш, – адказаў ён. – Можам у рэстаран у Bois [2] . Паабедаем там, і ты мне раскажаш пра сябе.
– Спачатку я хачу, каб ты расказаў пра сябе. Раскрый мне сваю таямніцу.
Ён дастаў з кішэні невялічкі саф’янавы футарал на срэбных засцежках і працягнуў мне. Я адкрыў яго і ўбачыў унутры фотаздымак жанчыны. Яна была высокая і стройная, распушчаныя валасы і вялікія вочы з якімсьці безуважным позіркам рабілі яе нейкай звышнатуральнай і загадкавай. Яна была ахутаная дарагім футрам і нагадвала прарочыцу.
2
Bois (фр.) – маецца на ўвазе Bois de Boulogne – Булонскі лес.
– Як табе яе твар? – спытаў ён. – Шчыры ў яго выраз?
Я ўважліва глядзеў на жанчыну. Мне здавалася, чалавек з такім тварам хавае нейкую загадку, але я не мог сказаць, добрую ці кепскую. Твар быў прыгожы, але гэтая прыгажосць была ў мностве таямніц – гэта была хутчэй псіхалагічная, а не пластычная прыгажосць, і ледзь прыкметная ўсмешка, што грала на вуснах, была занадта няўлоўнай, каб падацца ласкавай.
– Ну, – нецярпліва ўсклікнуў ён, – што скажаш?
– Джаконда ў собалях, – адказаў я. – Раскажы мне пра яе.
– Не цяпер, давай пасля абеду, – сказаў ён і загаварыў пра іншае.
Калі афіцыянт прынёс нам каву і цыгарэты, я нагадаў Джэралду ягонае абяцанне. Ён падняўся, некалькі разоў прайшоў туды і назад па пакоі і, занурыўшыся ў фатэль, расказаў мне наступную гісторыю:
– Аднойчы ўвечары, – пачаў ён, – каля пятай гадзіны, я шпацыраваў па Бонд-стрыт. Недалёка на дарозе была аварыя, і рух экіпажаў амаль спыніўся. Каля тратуару стаяў невялікі жоўты экіпаж, які чамусьці прыцягнуў маю ўвагу.
Калі я праходзіў міма, то ўбачыў у экіпажы той твар, які паказваў табе на здымку. Ён адразу ж зачараваў мяне. Я думаў пра яго ўсю ноч і ўвесь наступны дзень. Я блукаў туды-сюды па гэтай праклятай Роў [3] , зазіраючы ў кожную каляску ў чаканні жоўтага экіпажу, але ніяк не мог знайсці ma belle inconnue [4] і ўрэшце пачаў думаць, што гэта быў толькі сон. Недзе праз тыдзень пасля гэтага мадам дэ Растай запрасіла мяне на вячэру. Вячэра была прызначаная на восем гадзін, але яшчэ а палове дзявятай мы чакалі ў гасцёўні. Урэшце лёкай кінуўся адчыняць дзверы і паведаміў, што прыйшла лэдзі Элрай. Гэта была тая самая жанчына, якую я шукаў. Яна ўвайшла вельмі павольна, у шэрых карунках, нібыта месяцовы прамень, і, на маю вялікую радасць, мяне папрасілі слугаваць ёй за вячэрай. Калі мы селі за стол, я нібыта прастадушна заўважыў: “Здаецца, я нядаўна бачыў Вас, лэдзі Элрай, на Бонд-стрыт”. Яна пабляднела і ціха прашаптала: “Прашу Вас, не гаварыце так
3
Роў – (анг. Row) маецца на ўвазе Rotten Row – дарога ўздоўж паўднёвага боку Гайд-парку.
4
Ma belle inconnue (фр.) – мая прыўкрасная незнаёмка.
Назаўтра я прыехаў на Парк-лэйн акурат у прызначаны час, але лёкай сказаў, што лэдзі Элрай толькі што сышла. Я пайшоў у клуб, няшчасны і заклапочаны, і пасля доўгіх ваганняў напісаў ёй ліст, у якім запытваў дазволу наведаць яе ў іншы дзень. Некалькі дзён адказу не было, але ўрэшце я атрымаў цыдулку, у якой лэдзі Элрай пісала, што будзе дома ў нядзелю а чацвертай гадзіне. Унізе быў нейкі дзіўны пастскрыптум: “Калі ласка, не пішыце мне больш на гэты адрас. Пры сустрэчы я Вам усё растлумачу”. У нядзелю яна прыняла мяне і была надзвычай прыязная, але калі я збіраўся сыходзіць, яна папрасіла мяне, калі я зноў збяруся пісаць ёй, адрасаваць ліст на Ўітакерскую бібліятэку на Грын-стрыт, для місіс Нокс.
– Ёсць прычыны, – сказала яна, – з якіх я не магу атрымліваць лісты ў сябе дома.
У наступныя месяцы мы з ёй часта сустракаліся, але гэтая атмасфера таямнічасці ніколі не пакідала яе. Часам мне здавалася, што яна ва ўладзе нейкага іншага мужчыны, але яна выглядала такой недасяжнай, што я не мог паверыць у гэта. Мне сапраўды было складана зразумець хаця б нешта, бо яна нагадвала тыя крышталі ў музеі, што ў адзін момант здаюцца зусім празрыстымі, а ўжо праз імгненне – цьмянымі. Урэшце я наважыўся папрасіць яе выйсці за мяне замуж: я ўжо стаміўся ад гэтай вечнай загадкавасці, што ахінала кожнае наша спатканне і мае лісты да яе. Я напісаў ёй праз бібліятэку, што хацеў бы спаткацца ў панядзелак а шостай. Яна згадзілася, і я быў на сёмым небе ад шчасця.
Я быў закаханы ў яе да шаленства, нягледзячы на гэтую таямнічасць, а цяпер я разумею, што дзякуючы ёй. Не, я кахаў яе саму, а гэтая таямнічасць трывожыла мяне і даводзіла да вар’яцтва. І чаму лёс навёў мяне на той след?
– Дык ты разгадаў яе? – ускрыкнуў я.
– Баюся, што разгадаў, – адказаў ён. – Мяркуй сам.
У панядзелак, калі я ішоў абедаць да свайго дзядзькі, каля чацвертай гадзіны я апынуўся на Мэрылебан-роўд. Калі ведаеш, мой дзядзька жыве ля Рыджэнтс-парк. Я хацеў трапіць на Пікадылі і вырашыў пайсці найкарацейшай дарогай – праз мноства гэтых убогіх вулачак. Раптам я пабачыў наперадзе лэдзі Элрай: закрыўшы твар вэлюмам, яна ішла вельмі шпарка. Падыходзячы да апошняга дома на вуліцы, яна паднялася на ганак, дастала ключ і ўвайшла ўсярэдзіну. “А вось і таямніца”, – сказаў я сабе і паспяшаўся агледзець дом. Здавалася, гэта такі дом, у якім звычайна здаюць пакоі. На ганку ляжала хусцінка, якую яна ўпусціла. Я падняў яе і паклаў у кішэню. Потым пачаў разважаць, што мне рабіць. Я прыйшоў да высновы, што не маю права шпіёніць за ёй, і паехаў у клуб. А шостай я прыйшоў да яе. Яна ляжала на канапе ў сваёй улюбёнай серабрыстай сукенцы з ядвабу, зашпіленай на гузікі з нейкіх дзіўных месяцовых камянёў. Яна выглядала вельмі прывабнай.
– Я так рада Вас бачыць, – сказала яна. – Я цэлы дзень сядзела дома.
Я кінуў на яе ўражаны позірк, дастаў з кішэні яе хусцінку і падаў ёй.
– Сёння апоўдні Вы ўпусцілі яе на Камнар-стрыт, лэдзі Элрай.
Я сказаў гэта вельмі спакойна. Яна ў жаху паглядзела на мяне, але нават не паспрабавала ўзяць хусцінку.
– Што Вы там рабілі? – спытаў я.
– А якое Вы маеце права дапытваць мяне? – сказала яна.
– Я маю права закаханага мужчыны, які прыйшоў прасіць Вашай рукі, – адказаў я.