Стары чалавек i мора (на белорусском языке)
Шрифт:
Вырваўшы румпель са стырна, ён бiў i цяў iм, трымаючы той аберуч, перыў акул зноў i зноў. Але яны падабралiся ўжо да носа лодкi, налятаючы на рыбiну то паасобку, то гурмой, iрвучы кавалкi мяса, i стары чалавек бачыў, як тыя кавалкi блiшчалi ўнiзе ў вадзе, калi акулы заварочвалiся, каб рвануць сваю ахвяру яшчэ раз.
Нарэшце адна падплыла i ўсадзiла зубы ў галаву рыбiны, i стары чалавек падумаў: усё, па змаганнi. Ён гваздануў румпелем туды, дзе акулiны зубы завязлi ў цвёрдай галаве марлiна, не могучы тую пашкуматаць. Стары чалавек стукнуў раз, два i тры разы. Ён пачуў, як трэснуў румпель, i тады
Стары чалавек з цяжкасцю дыхаў i адчуваў у роце дзiўную нейкую, з прысмакам медзi саладжавасць. На момант ён устрывожыўся, але саладжавасцi гэтай было небагата.
Ён сплюнуў у акiян i сказаў:
– Ешце гэта, gаlaпоs, i хай вам трызнiцца, што вы забiлi чалавека.
Ён разумеў, што разбiты канчаткова i непапраўна, i пайшоў назад на карму. Уставiўшы ў адтулiну стырна няроўны зламаны канец румпеля, ён пераканаўся, што зможа больш-менш няблага кiраваць стырном. Стары чалавек акрыў мяшком плечы i ўзяў ранейшы курс. Зараз ён плыў лёгка, а ў галаве ягонай не было анi пачуццяў, анi думак. Нiчога ўжо яго не абыходзiла, i ён вёў свой човен дадому, да прыстанi, пiльна i ўмела, як толькi мог. Уночы акулы накiдвалiся на шкiлет, усё адно як прыбiралi са стала крошкi. Стары чалавек не зважаў нi на iх, нi на што яшчэ апрача стырнавання. Ён адно заўважыў, як лёгка i плаўна кiруе зараз човен, калi побач з iм няма вялiзнага цяжару.
"Яна спраўная*, - падумаў ён.
– Цэлая i зусiм не пашкоджаная, калi не лiчыць румпеля. Але той няцяжка змянiць".
* Для старога чалавека човен - разумная iстота жаночага роду.
Стары чалавек адчуваў, што зараз ён усярэдзiне плынi, адсюль яму былi вiдаць агнi паселiшчаў уздоўж берага. Стары чалавек ведаў, дзе ён, адгэтуль было рукой падаць дадому.
"Вецер - вось хто наш сябра, - падумаў ён.
– Часамi, - дадаў ён.
– I вялiкае мора з нашымi прыяцелямi i ворагамi, i пасцель. Пасцель будзе найвялiкшай асалодай. Як лёгка пераможанаму, - падумаў ён.
– Я нiколi не ведаў гэтага. I што ж цябе перамагло?" - задаў ён сабе пытанне.
– Ды нiчога, - вымавiў ён уголас.
– Проста я занадта далёка заплыў.
Калi ён заходзiў у маленькую бухту, агнi на "Тэрасе" ўжо не гарэлi, i ён ведаў: усе спяць. Вятрыска доўга набiраў сiлу i цяперака моцна дзьмуў. Аднак у гаванi было спакойна, i ён падплыў да малой лапiны галькi пад скаламi. Навокал не было нiкога, каб яму дапамагчы, дык ён i павеславаў, як мага далей. Пасля ён выйшаў з лодкi ды прывязаў яе да скалы.
Стары чалавек выцягнуў мачту, скруцiў ветразь i завязаў яго. Узвалiўшы мачту на плечы, пачаў караскацца ўгору. Толькi тады ён уведаў усю глыбiню свае стомы. Стары чалавек прыпынiўся на момант i зiрнуў назад, i ўбачыў у водблiску вулiчнага святла вялiзны хвост рыбiны, што ўздымаўся за кармой чоўна. Ён убачыў белую голую лiнiю ягонай хрыбетнiцы, цёмную масу галавы, з якой тырчала дзюба, усю галiзну рэшты.
Стары чалавек стаў караскацца зноў, але каля вяршынi ўзгорка ўпаў i колькi часу ляжаў, з мачтай
Урэшце стары чалавек паклаў мачту на дол i ўстаў. Падняў мачту, узвалiў на плячо i папхнуўся па дарозе ўгору. Ён мусiў пяць разоў сядаць аддыхвацца, пакуль дабраўся да свайго жытла.
У халупе ён прыставiў мачту да сцяны, у цемры адшукаў бутэльку з вадой i трохi глынуў з яе. Пасля ўлёгся на ложак. Стары чалавек нацягнуў коўдру на сябе i заснуў, лежачы тварам на газетах, выпрастаўшы рукi далонямi ўгору.
Ён спаў, калi хлопчык зазiрнуў ранiцою ў дзверы. Дзьмула гэтак моцна, што на дрэйфуючых лодках* нельга было выходзiць у мора, i хлопчык позна спаў, а пасля прыйшоў, як i кожнае ранiцы, у хацiну старога чалавека.
* Лодкi з адмысловымi сеткамi, у якiя падчас прылiву заплывае рыба.
Увачавiдкi пераканаўшыся, што стары чалавек дыхае, хлопчык убачыў ягоныя рукi i заплакаў. Ён асцярожна выйшаў з халупы, каб прынесцi старому чалавеку трохi кавы, i ўсю дарогу, iдучы, плакаў.
Багата рыбакоў стоўпiлася вакол чоўна, разглядаючы тое, што было да яго прывязана. Адзiн, закасаўшы порткi, залез у ваду i мераў шкiлет кавалкам шнура.
Хлопчык не спусцiўся ўнiз. Ён пабываў там раней, i адзiн з рыбакоў па ягонай просьбе глядзеў за лодкай.
– Як ён маецца?
– нехта з гурту гукнуў хлопчыку.
– Спiць, - абазваўся той. Хлопчык не саромеўся, што людзi бачаць, як ён плача.
– Хай нiхто яго не турбуе.
– Ейная даўжыня ад носа да хваста была васемнаццаць футаў, - апавясцiў рыбак, якi мераў шкiлет.
– Пэўна ж, - адказаў хлопчык. Ён прыйшоў да "Тэрасы" i папрасiў бляшанку кавы.
– Гарачай, i каб у ёй было многа малака i цукру.
– Што-небудзь яшчэ?
– Не. Потым пабачым, што ён мог бы з'есцi.
– Якая была рыбiна!
– сказаў карчмар.
– Свет гэткае не бачыў. Тыя дзве, што ты злавiў учора, таксама нiчога.
– Да д'ябла мае рыбы!
– сказаў хлопчык i зноў пачаў плакаць.
– Можа, вып'еш якога трунку?
– Не, - адмовiўся хлопчык.
– Скажы, каб не турбавалi Сант'яга. Я яшчэ прыйду.
– Перадай, я вельмi яму спачуваю.
– Дзякуй, - адказаў хлопчык.
Ён занёс гарачую бляшанку кавы ў халупу старога чалавека i сядзеў там, каля яго, пакуль той не прачнуўся. Аднаго разу хлопчыку здалося, што стары чалавек прачынаецца. Але ён зноў упаў у цяжкi сон, i хлопчык хадзiў цераз дарогу пазычыць трохi дроў, каб падагрэць каву.
Нарэшце стары чалавек прачнуўся.
– Не, не сядай, - сказаў хлопчык.
– Выпi гэта.
– Ён налiў крыху кавы ў шклянку.
Стары чалавек узяў шклянку i выпiў.
– Яны пабiлi мяне, Маналiн, - сказаў ён.
– Ушчэнт пабiлi мяне.
– Не ён пабiў цябе. Не марлiн.
– Не. Сапраўды не. Гэта здарылася потым.
– Педрыка глядзiць за лодкай i начыннем. Што ты мяркуеш зрабiць з галавою?
– Хай Педрыка пасячэ яе ды скарыстае ў пастках на рыбу.
– А кап'ё?