Так сказаў Заратустра (на белорусском языке)
Шрифт:
Ты гняцеш, ты ўцiскаеш мяне.
О! Ты ўжо блiзка!
Прэч! Прэч!
Ты чуеш дыханне маё,
Ты падслухоўваеш сэрца,
Ты, раўнiвец! Да чаго ж ты раўнуеш мяне?
Прэч! Прэч!
А гэтая лесвiца - навошта яна табе?
Хочаш пранiкнуць
У сэрца?
У схаваныя думкi?
Бессаромны зладзюга!
Што ты намыслiў украсцi?
Што спадзяешся выведаць?
Што спрабуеш выпытаць?
Кат!
Бог тартураў i смерцi!
Альбо мушу я, як сабака,
Поўзаць
I цалкам аддацца табе, вiляючы хвастом?
Дарэмна! Укалi ж мацней,
Сама жорсткае джала!
Не, я не сабака твой, я - твая дзiчына,
Жахлiвы лоўчы!
Я - сама горды з палонных тваiх,
Схаваны хмарамi разбойнiк!
Гавары ж,
Схаваны ў маланках!
Засаднiк пiльны на дарогах!
Што табе трэба, Невядомы?
Што? Ты выкупу хочаш? Што магу табе даць?
"Зышчы многа", - раiць гонар!
Будзь стрыманы", - кажа гонар другi!
Ха-ха!
Мяне - хочаш ты? Мяне?
Мяне ўсяго?..
Ха-ха! катуеш мяне,
О, неразумны, ты прынiжаеш мой гонар!
Дай мне любовi - хто сагрэе мяне?
Хто мяне яшчэ любiць?
Дай мне цяпла тваiх рук,
Дай жару астыламу сэрцу!
Дай самотнiку лёду!
Бо сем зледзянелых покрываў
Навучылi мяне сумаваць па ворагах,
Скарыся мне, лiхамыснiк!
Дай мне - сябе!
Памчаўся прэч!
Пакiнуў мяне, адзiны, апошнi сябар,
Першы непрыяцель,
Нязведаны Бог, Бог, тартураў i смерцi!
– Не! Вярнiся!
Вярнiся з усiмi пакутамi!
Вярнiся да апошняга самотнiка!
Патокi слёз маiх цякуць за табою
I полымя сэрца!
О вярнiся!
Мой нязведаны Божа!
Мой боль!
Маё апошняе шчасце!
2
Але тут Заратустра ўжо не мог стрымацца, схапiў кiя i штосiлы пачаў бiць зарумзанага чарадзея. "Перастань!
– усклiкнуў ён са злым смехам.
– Перастань ты, камедыянт! Утры нюнi! Фальшываманетчык! Зацяты хлус! Я бачу цябе наскрозь!
Вось зараз я табе ўвалю, подлы чарадзей, гэта я ўмею - разаграваць такiх спруцянелых, як ты!"
"Кiнь!
– крыкнуў стары i ўскочыў з зямлi.
– Не бi мяне больш, о Заратустра! Я толькi пацвялiў цябе!
Гэта - адна выява майстэрства майго; я хацеў выпрабаваць цябе, падсiлiць цябе гэтай спакусе! I сапраўды, ты раскусiў мяне!
Але i сам ты - нямала даў мне ўведаць пра цябе: ты жорсткi, мудры Заратустра! Моцна б'еш сваiмi "iсцiнамi", i твая доўбня выбiла з мяне гэтую iсцiну!
"Не лiжыся, - адказаў Заратустра, усё яшчэ гневаючыся, i змрочна зiрнуў на яго, - не лiжыся мне, зацяты блазен! Ты хлус: цi табе гаварыць пра iсцiну!
Ты, паўлiн над паўлiнамi, ты, мора славалюбства, што разыгрываў ты перад мною, у каго павiнен быў паверыць я, калi ты размазваўся перад мною так нiкчэмна?"
"Я прытвараўся тым, хто каецца духам, - сказаў стары, - iм я прытвараўся: ты сам выдумаў калiсьцi гэты выраз,
– паэта i чарадзея, якi канчае тым, што паварочвае дух свой супроць сябе самога, я разыгрываў пераўтворанага, якi замярзае ад свайго няведання i благога сумлення.
I прызнайся ж, Заратустра: не адразу разгадаў ты мае хлусню i прытваранне! Ты паверыў у гора маё, калi аберуч падтрымлiваў маю галаву.
– i я чуў, як ты жалiўся: "Яго надта мала любiлi, надта мала любiлi!" I тайна радавалася злосць мая, што здолеў я так спрытна цябе абдурыць".
"Ты ашукваў i больш празорлiвых за мяне, - рэзка адказаў Заратустра.
– Я не баюся падманшчыкаў, я павiнен жыць без асцярожлiвасцi: так хоча мая доля.
А ты - павiнен падманваць: настолькi я ведаю цябе! Твае словы павiнны заўсёды мець два, тры, чатыры i болей сэнсаў. I тое, у чым ты прызнаваўся цяпер, не было да канца нi праўдай, нi хлуснёю!
Ты, подлы фальшываманетчык, хiба можаш iнакш? Ты i хваробу сваю замажаш грымам, калi давядзецца табе паказацца голым свайму лекару.
Так i цяпер прыхарошыў ты перад мною сваю хлусню, кажучы: "Я назнарок разыгрываў гэта!" У гэтым было i нешта сур'ёзнае, i ў табе самым ёсць нешта ад таго, хто каецца духам!
Я добра разгадаў цябе: ты аблытаў чарамi ўсiх, але на сябе самога ў цябе ўжо не засталося нi маны, нi хiтрасцi - ты сам у сабе расчараваны!
Ты жнеш агiду як адзiную тваю iсцiну. Усё, што сыходзiць з вуснаў тваiх, хлусня i фальш, i толькi самыя вусны - адзiнае, што засталося ў табе сапраўднага, бо агiда прылiпла да вуснаў тваiх".
"Хто ты такi, каб так гаварыць са мною, найвялiкшы з жывых?" - пагардлiва сказаў стары чарадзей, i зялёная маланка блiснула з яго вачэй на Заратустру. Але ён тут жа панiк i сумна сказаў:
"О Заратустра, я стамiўся, мне брыдка за маё майстэрства, мне яно агiднае, я не вялiкi - навошта прыкiдвацца! Але табе добра вядома - я шукаў велiчы!
Я толькi хацеў паказаць вялiкага чалавека i многiх пераканаў у сваёй велiчы: але мана аказалася вышэйшай за мае сiлы. На ёй я паламаўся.
О Заратустра, усё - мана ўва мне, але што я паламаўся, крушэнне маё - гэта праўда!"
"Гэта робiць табе гонар, - змрочна сказаў Заратустра, гледзячы ў зямлю! Гэта робiць табе гонар, што шукаў ты велiчы, але гэта сама i выдала цябе. Ты не вялiкi.
Ты - гаротны стары чарадзей, гэта i ёсць сама лепшае i праўдзiвае ў табе, i я шаную цябе за тое, што ты стамiўся ад самога сябе i сам прызнаў, што не вялiкi.
За гэта я паважаю цябе як таго, хто каецца духам: хай хоць адно iмгненне, але ты быў праўдзiвы!
А скажы, чаго шукаеш ты тут, сярод скалаў i ў маiх лясах? I калi дзеля мяне ты ляжаў на дарозе, у чым ты хацеў выпрабаваць мяне?