Так сказаў Заратустра (на белорусском языке)
Шрифт:
– у чым спакушаў ты мяне?"
Так гаварыў Заратустра, i яго вочы блiшчалi. Стары чарадзей памаўчаў крыху i адказаў: "Хiба я цябе спакушаў? Я толькi шукаю.
О Заратустра, я шукаю каго-небудзь праўдзiвага, шчырага, простага, недвухсэнсоўнага, шукаю чалавека, сумленнага ва ўсiм, праведнiка пазнання, сасуд мудрасцi, вялiкага чалавека!
Хiба ты не ведаеш гэтага, Заратустра? Я шукаю Заратустру".
I тады настала доўгае маўчанне, i Заратустра глыбока задумаўся, так што нават заплюшчыў вочы. А пасля, калi
"Ну што ж! Там, угары, - дарога, якая вядзе да Заратустравай пячоры. У ёй i шукай, каго ты хацеў знайсцi.
I спытайся парады ў маiх звяроў - у арла i ў змяi: яны дапамогуць табе ў тваiх пошуках. А пячора мая вялiкая.
Праўда, сам я нiколi яшчэ не бачыў вялiкага чалавека. Грубыя вочы яшчэ нават у сама празорлiвых на ўсё вялiкае. Сёння пануе чэрня.
Я ўжо сустракаў многiх, якiя цягнулiся ўгору i надзiмалiся, а народ крычаў: "Глядзiце, вось вялiкiя людзi!" Але якi толк у кавальскiх мяхах! Урэшце паветра выходзiць з iх.
Зрэшты, лопаецца i жаба, якая надта доўга надзiмалася, i паветра выходзiць з яе. Па-мойму, неблагая штука - тыцнуць у жывот надзьмутаму. Паслухайце ж мяне, дзеткi!
Усё сённяшняе належыць чэрнi: хто сёння ведае, дзе вялiкае, дзе малое? У каго пошукi велiчы ўвянчалiся поспехам? Толькi ў бязглуздых: iм дадзена гэта шчасце.
Ты шукаеш вялiкага чалавека, дзiўны блазен? хто навучыў цябе гэтаму? Хiба цяпер наспеў час на гэта? О ты, нiкчэмны шукальнiк, навошта спакушаеш мяне?"
Так сказаў Заратустра, суцешаны ў сэрцы сваiм, i, смеючыся, пайшоў далей сваёй дарогай.
У адстаўцы
Па доўгiм часе пасля таго, як Заратустра пазбавiўся ад чарадзея, ён раптам убачыў, што зноў нехта сядзiць на дарозе, якою ён iшоў, - нейкi высокi чалавек у чорным, з бледным, змардаваным тварам. Заратустра вельмi засмуцiўся, убачыўшы яго. "Шкада, - сказаў ён сэрцу свайму, - вось сядзiць яно, пераапранутае жальства; падобна, што чалавек гэты з пароды святароў: што iм трэба ў царстве маiм?
Што?! Толькi што пазбыўся я чарадзея, i вось яшчэ адзiн чарнакнiжнiк на дарозе маёй,
– нейкi чарадзей з уладаю накладання рук, цёмны цудадзей, асвечаны божаю мiлатою i памазаны паклёпнiк на жыццё, каб яго чорт скруцiў!
Але чорта няма на месцы якраз тады, калi ён найбольш патрэбен: ён заўсёды з'яўляецца занадта позна, гэты пракляты кульгавы карлiк!"
Так, страцiўшы цярплiвасць, сам сабе лаяўся Заратустра, прыкiдваючы, як яму збочыць i прашмыгнуць мiма чорнага чалавека, але ўсё абярнулася iначай. Той, што сядзеў на дарозе, адразу ўбачыў Заратустру, падхапiўся на ногi, быццам радасць раптам апантала яго, i кiнуўся да яго.
"Кiм бы ты нi быў, дарожнiк, - усклiкнуў ён, - памажы старому, якi заблудзiўся i стамiўся ад пошукаў, памажы старому, з якiм так проста можа стацца бяда!
Незнаёмыя i чужыя мне гэтыя землi, i выццё дзiкiх звяроў чуецца мне; i няма больш таго, хто баранiў мяне.
Я шукаў апошняга пабожнага чалавека, святога i пустэльнiка, адзiнага, хто ў сваiм лесе не чуў таго, што сёння ведае кожны".
"Што ж сёння ведае кожны?
– спытаўся Заратустра.
– Цi не тое, што няма больш сярод жывых старога Бога, у якога калiсьцi верыў цэлы свет?"
"Вось i ты сказаў гэта, - журботна адказаў стары.
– Я ж служыў гэтаму старому Богу да апошняй ягонай хвiлiны.
А цяпер у адстаўцы, без гаспадара, а ўсё ж не свабодны, i смутак не пакiдае мяне нi на хвiлiну, а радасць прыходзiць толькi ва ўспамiнах.
Таму i падняўся я ў гэтыя горы, каб, нарэшце, зладзiць сабе свята, як яно належыць апошняму Папу i Айцу царквы: бо ведай - я апошнi Папа! I гэта будзе свята пабожных успамiнаў i набажэнства!
Але памёр i ён, той самы пабожнiк, святы, якi жыў у лесе i якi ўвесь час славiў Бога малiтвамi i спевамi.
Самога яго я не знайшоў: а калi ўбачыў хацiну, толькi два ваўкi сядзелi ў ёй i вылi па смерцi яго; бо яго любiлi ўсе звяры. I я падаўся ўпрочкi.
Няўжо дарма прыйшоў я ў гэтыя горы i лясы? I тады я рашыў у сэрцы сваiм, што пачну шукаць iншага, сама пабожнага з божых нявернiкаў, - я рашыў шукаць Заратустру!"
Так казаў стары i ўважлiва прыглядваўся да таго, што стаяў перад iм; а Заратустра ўзяў апошняга Папу за руку i доўга здзiўлена разглядваў яе.
"Што я бачу, шаноўны! Якая далiкатная рука!
– сказаў потым Заратустра. Гэта рука чалавека, якi нястомна раздаваў добраславеннi. I вось - цяпер моцна трымае яе той, каго ты шукаў, бо я - Заратустра.
Гэта я, бязбожнiк Заратустра, якi сказаў: "Хто бязбожнейшы за мяне, каб парадавацца мне, вучню ягонаму?"
Так сказаў Заратустра, пранiкаючы позiркам у думкi i патайныя намыслы апошняга Папы. I той нарэшце сказаў:
"Той, хто найболей любiў Яго i валодаў Iм, таму Ён цяпер i страчаны канчаткова,
– вось, глядзi, хто з нас сёння бязбожнейшы? Цi не я? Але толькi хто з гэтага парадуецца?"
"Ты служыў Яму да канца, - задуменна сказаў Заратустра пасля даўжманага маўчання, - табе вядома, як Ён памёр? Цi праўду кажуць, што Яго задушыла спагада,
– калi Ён убачыў чалавека, якi вiсеў на крыжы, i не вынес вiдовiшча, калi любоў Яго да чалавека зрабiлася пеклам, а пад канец i смерцю?"
Але апошнi Папа нiчога не адказаў на гэта, толькi адвёў убок вочы з выразам смутку i паныласцi на твары.
"Хай будзе так, - сказаў Заратустра, падумаўшы нейкi час i гледзячы старому ў вочы.
Хай будзе так, з iм кончана. Але хоць i сведчыць пра гонар твой тое, што кажаш ты толькi добрае пра гэтага мёртвага, i табе, i мне добра вядома, кiм Ён быў i якiмi дзiвоснымi шляхамi хадзiў".