Так сказаў Заратустра (на белорусском языке)
Шрифт:
"Уставай, - казаў Заратустра, - падымайся, зладзюжка, гультаiны кавалак! Што? Табе абы толькi пацягвацца, пазяхаць, уздыхаць ды падаць у глыбокiя крынiцы?
Ды хто ты ў мяне? О душа мая!" (I тут ён спалохаўся, бо сонечны прамень упаў яму на твар.)
"О неба над мною, - сказаў ён, уздыхаючы, падняўся i сеў, - гэта ты глядзiш на мяне? I слухаеш, што кажа мая дзiвосная душа?
Калi ты вып'еш гэтую кроплю расы, што ўпала на ўсё зямное, калi вып'еш ты гэтую старую душу маю,
– о крынiца вечнасцi! О светлая паўдзённая
Так сказаў Заратустра i падняўся з-пад дрэва, быццам ачуўшыся пасля нейкай дзiўнай п'янасцi: i што ж! Сонца, як i раней, стаяла проста над галавою. I з гэтага можна было справядлiва вывесцi, што гэтым разам Заратустра спаў нядоўга.
Вiтанне
Толькi пад вечар пасля доўгiх i марных пошукаў i блуканняў Заратустра вярнуўся да сваёй пячоры. Але калi ён быў ад яе не больш за дваццаць крокаў, здарылася нешта такое, чаго ён зусiм не чакаў: ён зноў пачуў моцны крык на дапамогу. I - чыстае дзiва! Гэтым разам крык ужо чуўся з пячоры. Гэта быў працяглы, дзiўны, жудасны крык, i Заратустра ясна пачуў, што крычалi адразу некалькi галасоў, хоць зводдаль яму здавалася, быццам крык быў з адных вуснаў.
Заратустра кiнуўся да пячоры, i што ж! Вось што ён убачыў: у пячоры поплеч сядзелi ўсе тыя, каго ён спаткаў за цэлы дзень, - правы кароль i левы кароль, стары чарадзей, Папа, жабрак-дабрахот, цень, сумленнiк духам, змрочны вяшчун i асёл: а сама брыдкi чалавек усклаў на сябе карону i аперазаўся двума пурпуровымi паясамi, бо, як усе агiдныя, любiў строiцца i прыхарошвацца. I Заратустраў арол таксама быў сярод гэтай панылай кампанii, увесь натапыраны i ўстрывожаны, бо яму даводзiлася адказваць за шмат чаго такога, на што гонар ягоны не меў адказу; а мудрая змяя абвiвала яго за шыю.
З вялiкiм здзiўленнем глядзеў Заратустра на ўсё гэта; потым з дабрадушнай цiкаўнасцю пачаў разглядаць сваiх гасцей, чытаючы ў кожнага ў душы, i зноў здзiўляўся. Тым часам усе паўставалi i багавейна чакалi, што ён iм скажа. I Заратустра сказаў так:
"Вы, паняверцы! Вы, дзiвосныя! Дык гэта ваш крык на дапамогу я чуў? Цяпер я ведаю, дзе знайсцi таго, каго я марна шукаў цэлы дзень - вышэйшага чалавека,
– у маёй пячоры сядзiць ён, гэты вышэйшы! Але з чаго я дзiву даюся! Цi ж не сам я завабiў яго мядоваю ахвяраю i хiтрай прынадай свайго шчасця?
Аднак здаецца мне, што вы, якiя клiчаце на дапамогу, блага пасуеце адзiн аднаму, седзячы тут разам, i будзiце ўзаемную варожасць у вашых сэрцах. Трэба, каб спярша прыйшоў нехта,
– нехта, здольны прымусiць вас зноў смяяцца, - добры вясёлы блазнюк, неслух, скакун i ветрагон, якi-небудзь стары шалапут: а вы што на гэта скажаце?
Але даруйце мне, о паняверцы, што я кажу такiмi нiкчэмнымi словамi, сапраўды нявартымi вас, высокiх маiх гасцей! Аднак вы не адгадаеце, што бадзёрыць маё сэрца:
– гэта вы самыя i выгляд ваш, даруйце ж мне гэта! Бо кожны бадзёрыцца, як толькi зiрне на паняверку; i кожны лiчыць сябе дастаткова моцным, каб суцешыць яго.
Мне самому далi вы сiлу - добры дарунак, о высокiя мае госцi! Добры дарунак за гасцiннасць! Ну што ж, не гневайцеся, калi я прапаную вам свой.
Тут царства маё i валадарства маё: i хай усё маё ў гэты вечар i ў гэтую ноч будзе ваша. Звяры мае паслужацца вам: мая пячора хай будзе вам на адпачынак!
У мяне, у маiм доме, нiхто не павiнен паняверыцца, у сваiх валоданнях я абараню кожнага ад дзiкiх звяроў ягоных. I першае, што прапаную я вам, бяспека!
А другое - мой мезенец. Як толькi мой мезенец будзе ў вас, вы схопiце i ўсю руку, ат, воля ваша!
I сэрца ў дадатак! Прашу вас, госцi, дарагiя госцейкi!"
Так сказаў Заратустра, смеючыся ад любовi i гневу. Пасля гэтага вiтання госцi спачатку пакланiлiся i пачцiва маўчалi, а кароль справа адказваў яму ад усiх.
"Па тым, як ты склаў вiтанне i падаў нам руку, мы пазнаём у табе Заратустру. Ты прынiзiўся перад намi; ты мала не зганьбiў наша пашанаванне:
– але хто здолеў бы, як ты, прынiзiцца так годна? I гэта бадзёрыць нас i дае радасць вачам i сэрцу.
Каб пабачыць такое, мы ахвотна паднялiся б на больш высокiя горы, чым гэтыя. Бо з прагаю да вiдовiшчаў прыйшлi мы сюды, мы хацелi пабачыць, што прасвятляе журботны пагляд.
I вось - наш крык на дапамогу ўжо адгучаў, мiнуўся. Ужо расхiнулiся i напоўнiлiся захапленнем нашыя пачуццi i сэрцы. Яшчэ крыху, i мужнасць нашая стане дзёрзкасцю.
Не расце на зямлi, Заратустра, нiчога больш радаснага, чым высокая моцная воля: яна - найпрыгажэйшая раслiна. Такое дрэва ацаляе ўсю мясцовасць.
Да кедра прыпадобню таго, о Заратустра, хто вырастае падобны да цябе: гонкi, маўклiвы, суровы, самотны, велiчны, гнуткi i пругкi, шляхетны,
– раскiдзiста-галiнасты над валоданнямi сваiмi; адважны субяседнiк вятроў, i бураў, i ўсяго, што адвеку блiзкае да вышыняў,
– i яшчэ больш адважны адказчык, валадар i пераможца: хто б не падняўся на высокую гару, каб пабачыць такiя дрэвы?
Тут, каля твайго дрэва, о Заратустра, ажывае нават змрочны i бязрадны: гледзячы на цябе, супакойваецца непастаянны, i гоiцца сэрца ягонае.
I сапраўды многiя позiркi звяртаюцца сёння да тваёй гары i твайго дрэва; узнiкла вялiкая туга, i многiя пытаюцца: хто такi Заратустра?
I ўсе, у чый слых ты калiсьцi па кропельцы ўлiваў сваю песню i свой мёд, усе, што адышлi ад свету, пустэльнiкi i тыя, хто самотны ўдвух, пачалi гаварыць сэрцу свайму:
"Цi жывы яшчэ Заратустра? Няварта жыць далей, усё адно ўсё марнае: альбо мы павiнны жыць з Заратустрам!"
"Чаму не прыходзiць ён, хто так даўно абвясцiў пра сябе?
– так пытаюцца многiя.
– Цi адасобленасць паглынула яго? Цi мы самi павiнны прыйсцi да яго?"