Так сказаў Заратустра. Кніга ўсім і нікому
Шрифт:
Дык жа адгадайце загадку, якую бачыў я, растлумачце мне сэнс відзежаў самотніка!
Бо то былі відзежы і прадбачанне: што бачыў я ў гэтым сімвале? І хто той, які мае прыйсці?
Хто той пастух, якому ў горла запаўзла змяя? Хто той чалавек, якому ўсё сама цяжкае, сама чорнае запаўзае ў горла?
І пастух паслухаўся майго крыку і ўпіўся ў змяю зубамі. Прэч, далей ад сябе выплюнуў ён змяіную галаву — і ўскочыў.
І вось — ні пастуха, ні чалавека: нехта ператвораны,
О браты мае, я чуў смех — нялюдскі смех, — і з таго часу цісне мяне неспатольная прага, грызе маркота і ніколі не аціхае.
Прага гэтага смеху точыць мяне: о, як мне жыць далей! І як бы я мог цяпер памерці!»
Так сказаў Заратустра.
Пра шчасце супроць волі
З такімі загадкамі і гаркотаю ў сэрцы плыў Заратустра па моры. А як ужо быў за чатыры дні дарогі ад шчасных выспаў і ад сваіх сяброў, ён перабароў свой смутак — пераможна, цвёрдымі нагамі ўцвердзіўся ў сваім лёсе. І такія словы сказаў свайму радаму сумленню:
«Зноў я адзін і хачу быць адзін — сам-насам з ясным небам і вольным морам; зноў вакол мяне полудзень.
Калісьці папалудні я ўпершыню здабыў сваіх сяброў, тады ж я здабыў іх і другі раз — у гадзіну, калі супакойваецца ўсякая светлыня.
Бо што засталося ад шчасця і што на паўдарозе паміж небам і зямлёй, — тое шукае сабе прыстанку ў чыёй-небудзь светлай душы: а сёння ж усякае святло паспакайнела ад шчасця.
О паполудню жыцця майго! Калісьці і маё шчасце сышло ў даліну шукаць сабе прыстанку — і знайшло гэтыя шчырыя, гасцінныя душы.
О паполудню жыцця майго! Усё я аддаў бы за адно: гэтыя жывыя пасевы маёй думкі і ранішнюю зару найвышэйшай надзеі!
Калісьці стваральнік шукаў спадарожнікаў і дзяцей сваёй надзеі: і вось — выявіў ён, што не здабыць іх інакш, як папярэдне стварыўшы іх.
Так я чыню сваю справу, калі іду да сваіх дзяцей і вяртаюся ад іх: дзеля сваіх дзяцей Заратустра павінен удасканальвацца.
Бо ўсім сэрцам любяць толькі сваё дзіця і сваю справу; і калі любоў да самога сябе вялікая, дык гэта прыкмета цяжарнасці: так заўважаў я.
Яшчэ мае дзеці цвітуць сваёй першай вясной; стаяць яны поруч, хістаюцца на ветры, дрэўцы майго саду, найлепшае з маіх набыткаў.
І праўда! Там, дзе растуць такія дрэвы, там шчасныя выспы!
Але сваім часам я выкапаю іх і пасаджу ў розных мясцінах: каб навучыліся яны адзіноце, упартасці і асцярожнасці.
Гузавата і крыва, але гнутка і цвёрда няхай стаяць яны каля мора, як жывы маяк непераможнага жыцця.
Там, дзе буры ападаюць у мора і горы спатольваюць сваю прагу, дзень і ноч яны будуць стаяць на варце, каб выпрабаваць і зведаць сябе.
Выпрабавана
— каб зрабіцца калі-небудзь маімі спадарожнікамі, якія твораць і святкуюць разам са мною, тымі, хто напіша маю волю на маіх скрыжалях. — «Усё існае хай удасканальваецца».
І дзеля іх і падобных на іх я сам павінен дасягнуць дасканаласці; таму я цяпер ухіляюся ад майго шчасця і перадаю сябе ўсім няшчасцям — каб выпрабавацца і зведаць сябе апошні раз.
І праўда, мне пара было ісці; і цень вандроўніка, і працяглы спакой, і цішыня — усё маўляла мне: «Даўно пара!»
Вецер свістаў мне ў шчыліну замка і казаў: «Ідзі!» Дзверы хітра адчыняліся і запрашалі: «Ідзі!»
Але я ляжаў, прыкаваны любоўю да сваіх дзяцей: жаданні любові закавалі мяне ў кайданы, ад любові хацеў я зрабіцца здабыткам сваім дзецям і страціць сябе дзеля іх.
«Пажадаць» — у мяне гэта азначае «страціць сябе». У мяне ёсць вы, дзеці мае!» У гэтым валоданні ўсё павінна быць упэўненасцю, каб не заставалася жадання.
Але сонца маёй любові горача апаліла мяне, у сваім соку варыўся Заратустра; і тады над мною праляцелі цень і сумненне.
Я прагнуў ужо зімы і марозу: «О, калі б зіма і мароз прымусілі мяне ляскаць зубамі і дрыжаць ад сцюжы!» — уздыхаў я. І вось, — падняліся ад мяне ледзяныя туманы.
Маё мінулае разграбло свае магілы, прачнуліся смуткі, пахаваныя жыўцом, — яны толькі драмалі, схаваныя ў саванах.
І ўсё клікала мяне ў знаках і азнаках: «Пара!» Але я не чуў, пакуль, нарэшце, не скаланулася мая бездань, пакуль не апякла мяне думка.
О думка мая, што прыйшла з бездані! Калі ж хопіць у мяне сілы чуць, як ты ўстаеш са сваёй магілы, і не дрыжаць пры гэтым?
Да самага горла даходзяць удары майго сэрца, калі адчуваю, як ты паўстаеш ува мне! Ад самога твайго маўчання ў мяне зацінае дух, калі ты маўчыш, бяздонная!
Ніколі я не адважваўся клікаць цябе на святло: годзе ўжо і таго, што насіў я цябе ў сабе! Яшчэ бракавала мне сілы на апошнюю мужнасць ільва, на найвышэйшую адвагу ягонае волі.
Шмат жахлівага было мне ў тваім цяжары: але калі-небудзь я здабуду яшчэ сілу і ільвіны рык, які выкліча цябе з мяне!
І толькі адолеўшы ў сабе гэта, я адолею і большае: і перамога будзе пячаткаю маёй дасканаласці!
А пакуль што я вандрую па невядомых морах; дагаджае мне выпадак. Я гляджу наперад і назад — і не бачу канца.
Не настала яшчэ гадзіна маёй апошняй барацьбы: магчыма, яна ўжо блізка? Жыццё і мора навокал вабяць мяне падступнай — сапраўды падступнай — прыгажосцю!
О паполудню жыцця майго! О надвячорак шчасця! О прыстань у бурлівым моры! О мір і спакой сярод невядомага! Як мала я вам давяраю!