Так сказаў Заратустра. Кніга ўсім і нікому
Шрифт:
«Я служу, ты служыш, мы служым» — так моліцца служоная дабрачыннасць каля падножжа ўладара: каб заслужаная зорка прычапілася, нарэшце, да запалых грудзей!
Але як месяц абарочваецца вакол усяго зямнога, так і ўладар абарочваецца вакол сама зямнога, што толькі ёсць: а гэта — золата гандляроў.
Бог воінстваў — гэта не Бог залатых зліткаў: князь думае, а гандляр кіруе!
У імя ўсяго ў табе светлага, моцнага, добрага, о Заратустра, плюнь на гэты горад гандляроў і вярніся назад!
Тут у кожнага ў венах шумуе гнілая і
Плюнь на горад задушаных душ і запалых грудзей, зайздрослівых вачэй і ліпкіх пальцаў,
— на горад настырнікаў, блудадзеяў, пісакаў, крыкуноў і расшаленых гардзеяў,
— дзе ўсё сапсаванае, смярдзючае, заганнае, змрочнае, трухлае, прышчавае, падступнае сабрана разам;
— плюнь на вялікі горад і вярніся назад!»
Але тут Заратустра спыніў апантанага блазна і заткнуў яму рот.
«Перастань, нарэшце! — крыкнуў ён. — Мне ўжо даўно збрыдлі і прамовы, і выхілкі твае!
Навошта ты жыў так доўга ў балоце, што і сам зрабіўся жабай?
Ці не цячэ цяпер і ў тваіх жылах гнілая шумоўная балотная кроў, калі ўжо ты навучыўся так спрытна квакаць і ліхасловіць?
Чаму ты не сышоў у лес? Альбо не араў зямлі? Хіба мала ў моры зялёных астравоў?
Я пагарджаю пагардай тваёй; і калі ты асцерагаеш мяне, чаму ты не асцярог самога сябе?
З адной толькі любові залунаюць мая пагарда і птушка, якая нясе асцярогу, — але не з балота!
Цябе завуць маёй малпай, ты апантаны блазен: я ж называю цябе сваёй рохкай свіннёю; рохканнем ты ганьбіш хвалу, якую я ўзношу блазноце.
Але чаго ты пачаў рохкаць? Таму, што табе мала ліслівілі, — вось і сеў ты каля гэтага сметніка, каб мець прычыну рохкаць,
— і дзеля вялікае помсты! Бо помста — вось тваё шумавінне, славалюбны дурань, я раскусіў цябе!
Але твае дурныя прамовы шкодзяць мне, нават калі ты вымаўляеш правільныя словы! І хай нават тысячу разоў справядлівыя словы Заратустры — у тваіх вуснах яны заўсёды будуць шкодныя і несправядлівыя!»
Так сказаў Заратустра; паглядзеўшы на вялікі горад, ён уздыхнуў і доўга маўчаў. І нарэшце сказаў так:
«Не толькі гэты дурань агідны мне, але і горад ваш.
Ні з тым, ні з другім нічога не зробіш: іх нельга ні палепшыць, ні пагоршыць.
Гора гэтаму вялікаму гораду! Хацеў бы я пабачыць той вогненны слуп, у якім ён згарыць!
Бо слупы полымя павінны папярэднічаць Вялікаму Полудню. Але ўсё мае свой час і лёс.
Аднак жа такую навуку я дам табе на развітанне, дурань: дзе нельга болей любіць, трэба прайсці міма!»
Так сказаў Заратустра і прайшоў міма блазна і міма вялікага горада.
Пра адступнікаў
Ах,
Усе маладыя сэрцы ўжо пастарэлі, і не так пастарэлі, як стаміліся, спошліліся, супакоіліся — яны называюць гэта так: «Мы зноў зрабіліся пабожнікамі».
Яшчэ нядаўна бачыў я, як на світанку смела ішлі яны па дарозе сваёй; але здарожыліся іхнія ногі пазнання, і вось плявузгаюць яны цяпер на смеласць сваёй зары!
І праўда, быццам у скоках, калісьці лёталі іхнія ногі, пад ухвальны смех маёй мудрасці; а цяпер яны адумаліся. Толькі што я бачыў, як, угнуўшыся, паўзуць яны да крыжа.
Вакол свету і свабоды пырхалі яны калісьці, нібы камары і маладыя паэты. І вось, крыху пастарэўшы, крыху памаладзеўшы, яны ўжо запечныя лежні, цемрашалы і дэвоты.
Магчыма, таму панікла іхняе сэрца, што адзінота, быццам кіт, праглынула мяне? Магчыма, пакутліва доўга, але марна ўчувалася іхняе вуха ў поклічы маіх сурмаў і веснікаў?
Шкада! Заўсёды знаходзіліся і такія, чыё сэрца не разлучаецца з мужнасцю і дзёрзкасцю, чый дух цярплівы і вытрывалы. А астатнія — баязліўцы.
Астатнія — гэта заўсёды большасць, штодзённасць, многія мноствы, лішнія: усе яны баязліўцы!
Хто падобны на мяне, таму на долю выпадуць перажыванні, падобныя на мае, так што першымі яго прыяцелямі будуць блазны і нябожчыкі.
А другія — тыя, што назавуць сябе ягонымі вернікамі: ажыўлены натоўп, шмат любові, шмат шаленства, шмат дзіцячага шанавання.
Хай жа не прылепіцца да іх сэрцам той, хто падобны да мяне; не паверыць у гэтую вясну і цвіценне лугу той, хто ведае чалавечы род, — непастаянны і душою малы!
Калі б яны маглі інакш, яны і хацелі б інакш. Тое, што напалавіну, заўсёды руйнуе. Калі лісце жаўцее — на што ж тут скардзіцца!
Хай яны ляцяць і падаюць, пакінь іх, Заратустра, і не шкадуй! Лепей зрывай іх бурнай віхурай — зрывай гэтае лісце, Заратустра, каб адляцела прэч ад цябе ўсё завялае!
«Мы зноў сталі пабожныя», — прызнаюцца гэтыя адступнікі, а многія з іх яшчэ і баяцца прызнацца.
Я гляджу ім у вочы, проста ў румянец іх шчок: вы тыя, хто зноў моліцца!
Але гэта ганьба — маліцца! Ганьба не ўсім, а мне, табе і кожнаму сумленнаму. Ганьба табе — маліцца!
Ты добра ведаеш: твой баязлівы дэман у табе, што так любіць малітоўна складваць рукі або трымаць іх на каленях і ўвогуле любіць спакой, — гэты баязлівы дэман кажа табе: «Ёсць Бог!»