Так сказаў Заратустра. Кніга ўсім і нікому
Шрифт:
Яны хацелі даведацца, ці жывы яшчэ Заратустра. А праўда, ці жывы яшчэ я?
Мне небяспечней сярод людзей, чым сярод звяроў, небяспечнымі сцежкамі ходзіць Заратустра. Няхай жа вядуць мяне звяры мае!» Сказаўшы гэта, згадаў ён словы святога старца ў лесе, уздыхнуў і прамовіў сэрцу свайму:
«Я хацеў бы стаць разумнейшым! О, калі б я стаў такі ж мудры, як мая змяя!
Але я немагчымага прагну: прашу гордасць сваю, каб яна заўсёды ішла з маёй мудрасцю разам.
І калі мая мудрасць пакіне мяне — а яна так любіць мяне пакідаць, — хай тады
Так пачаўся захад Заратустры.
Заратустравы казані
Пра тры пераўтварэнні
Я скажу вам пра тры пераўтварэнні духу: як дух зрабіўся вярблюдам, вярблюд — ільвом і, нарэшце, леў — дзіцём.
Шмат цяжкага выпала духу, моцнаму духу, трываламу, здольнаму да шанавання: найцяжэйшага, найневыноснейшага прагне ягоная моц.
«Што ёсць цяжкае? — пытаецца трывалы дух, становіцца, як вярблюд, на калені і хоча, каб яго добра наўючылі.
Героі, што ёсць найцяжэйшае? — пытаецца трывалы дух. — Ці не тое, што я магу ўзняць на сябе і радавацца сваёй сіле?»
Ці не азначае гэта: прынізіцца, каб убольваць сваю пыху? Ці прымусіць заззяць сваю дурасць, каб пасмяяцца з мудрасці?
Альбо гэта азначае: пакінуць сваю справу, калі яна якраз святкуе перамогу? Альбо ўзысці на высокую гару, каб змусціць змусціцеля?
Альбо гэта азначае: карміцца жалудамі і травой пазнання і дзеля праўды трываць душэўны голад?
Альбо гэта азначае: хварэць і адганяць суцешнікаў і запрыязніцца з глухімі, якія ніколі не чуюць, чаго ты хочаш?
Альбо гэта азначае: увайсці ў брудную ваду, калі яна ёсць вада праўды, і не аганяцца ад халодных жаб і цёплых жаб?
Альбо гэта азначае: любіць сваіх пагрэбнікаў і падаць руку здані, якая хоча нас запалохаць?
Усё найцяжэйшае бярэ на сябе дух трывалы: падобніцца цяжка наўючанамі вярблюду, які спяшаецца ў пустыню; спяшаецца ў сваю пустыню і ён.
А там, у пустэльнай пустыні, адбываецца другое пераўтварэнне: там дух робіцца ільвом, каб здабыць сабе волю, ён хоча зрабіцца і гаспадаром сваёй пустыні.
Там ён шукае свайго апошняга ўладыку: ён хоча быць яму ворагам, апошняму Госпаду і Богу свайму, да пераможнага канца хоча змагацца з вялікім цмокам.
Хто ж ён, той вялікі цмок, якога дух больш не хоча прызнаваць за Госпада і Бога? Завецца той цмок — «Ты-павінен». Але дух ільва гаворыць «я хачу».
Звер «Ты-павінен» ляжыць на дарозе ў яго, залатою лускою ільсніцца, і на кожнай лусчынцы золатам блішчыць «Ты павінен»!
Бляск тысячагадовых каштоўнасцяў на гэтай лусцэ, і магутны цмок кажа так: «Каштоўнасці ўсіх рэчаў блішчаць на мне сваім бляскам».
«Ужо ўсе каштоўнасці створаны, і ўсе яны — гэта я. Сапраўды, не павінна больш быць «Я хачу!» — так кажа цмок.
Братове мае, навошта патрэбен леў у духу? Ці не даволі толькі ўючнай жывёлы, пакорлівай
Ствараць новыя каштоўнасці не можа яшчэ і леў; але стварыць свабоду дзеля новай творчасці можа ягоная сіла.
Стварыць сабе свабоду і паставіць свяшчэннае «Не» вышэй за абавязак — вось навошта патрэбен леў, братове мае.
Забраць сабе права ствараць новыя каштоўнасці — вось чаго найболей баіцца трывалы і пачцівы дух. Сапраўды, рабункам, вартым драпежнага звера, здаецца яму ўсё гэта.
«Ты павінен» калісьці было ў яго найвышэйшай святыняй, і ён любіў яе; а цяпер ён мусіць убачыць у ёй памылку і сваволю, каб здабыць сабе свабоду ад сваёй любові, — вось навошта леў патрэбен.
Але скажыце мне, братове мае, што можа дзіця зрабіць такога, што не даецца ільву? Навошта драпежнаму зверу рабіцца яшчэ і дзіцём?
Дзіця — гэта нявіннасць і забыццё, новы пачатак і гульня, кола, якое само па сабе коціцца, першы рух, свяшчэннае «Так».
Бо свяшчэннае «Так» патрэбна ў гульні стварання, братове мае: сваёй волі цяпер прагне дух, свой свет здабывае страчаны светам.
Я назваў вам тры першыя пераўтварэнні духу: як дух зрабіўся вярблюдам, потым — ільвом, нарэшце — дзіцём.
Так сказаў Заратустра. У той час ён спыніўся ў горадзе, які называўся Пярэстая Карова.
Пра кафедры цноты
Заратустру нахвальвалі аднаго мудраца, які вельмі добра ўмеў разважаць пра сон і цноты; за гэта яго высока шанавалі і шчодра дарылі, і ўсе вучні багавейна сядзелі перад кафедрай. Падышоў да яго і Заратустра і разам з усімі сеў перад кафедрай. І сказаў мудрэц:
«Гонар і сорам сну! Гэта першае! І цурайцеся тых, хто кепска спіць і чувае ўначы!
Перад абліччам сну нават злодзей саромеецца: нячутна крадзецца ён у змроку начным. Але няма сораму ў начнога вартаўніка, ён трубіць у дудку і не саромеецца.
Не абы-якая штука — умець спаць: бо на тое трэба чуваць цэлы дзень.
Дзесяць разоў на дзень ты павінен перасільваць сябе: гэтая перасілка дае табе прыемную стому і душы тваёй будзе сонным макам.
Дзесяць разоў на дзень ты павінен зноў замірацца з сабою, бо перасілка — гэта горыч, і кепска спіць той, хто не замірыўся.
Дзесяць праўд ты павінен знайсці за дзень, іначай шукацьмеш праўду ўначы, і душа твая застанецца галодная.
Дзесяць разоў на дзень смейся і весяліся, каб уначы не мець клопату з жыватом — гэтым бацькам маркоты.
Мала хто ведае гэта: трэба мець усе цноты, каб добра спаць. Хіба ж буду я сведчыць ілжыва? Хіба буду чыніць пералюбы?
Хіба дазволю сабе пажадаць рабыню блізкага майго? Не, не паспрыяла б такое добраму сну.
І нават калі ў цябе ёсць усе цноты, не забывайся яшчэ аднаго: умей у свой час паслаць спаць усе свае цноты.