Так сказаў Заратустра. Кніга ўсім і нікому
Шрифт:
Заратустра кінуўся да пячоры, і што ж! Вось што ён убачыў: у пячоры поплеч сядзелі ўсе тыя, каго ён спаткаў за цэлы дзень, — правы кароль і левы кароль, стары чарадзей, Папа, жабрак-дабрахот, цень, сумленнік духам, змрочны вяшчун і асёл: а сама брыдкі чалавек усклаў на сябе карону і аперазаўся двума пурпуровымі паясамі, бо, як усе агідныя, любіў строіцца і прыхарошвацца. І Заратустраў арол таксама быў сярод гэтай панылай кампаніі, увесь натапыраны і ўстрывожаны, бо яму даводзілася адказваць за шмат чаго такога, на што гонар ягоны
З вялікім здзіўленнем глядзеў Заратустра на ўсё гэта; потым з дабрадушнай цікаўнасцю пачаў разглядаць сваіх гасцей, чытаючы ў кожнага ў душы, і зноў здзіўляўся. Тым часам усе паўставалі і багавейна чакалі, што ён ім скажа. І Заратустра сказаў так:
«Вы, паняверцы! Вы, дзівосныя! Дык гэта ваш крык на дапамогу я чуў? Цяпер я ведаю, дзе знайсці таго, каго я марна шукаў цэлы дзень — вышэйшага чалавека,
— у маёй пячоры сядзіць ён, гэты вышэйшы! Але з чаго я дзіву даюся! Ці ж не сам я завабіў яго мядоваю ахвяраю і хітрай прынадай свайго шчасця?
Аднак здаецца мне, што вы, якія клічаце на дапамогу, блага пасуеце адзін аднаму, седзячы тут разам, і будзіце ўзаемную варожасць у вашых сэрцах. Трэба, каб спярша прыйшоў нехта,
— нехта, здольны прымусіць вас зноў смяяцца, — добры вясёлы блазнюк, неслух, скакун і ветрагон, які-небудзь стары шалапут: а вы што на гэта скажаце?
Але даруйце мне, о паняверцы, што я кажу такімі нікчэмнымі словамі, сапраўды нявартымі вас, высокіх маіх гасцей! Аднак вы не адгадаеце, што бадзёрыць маё сэрца:
— гэта вы самыя і выгляд ваш, даруйце ж мне гэта! Бо кожны бадзёрыцца, як толькі зірне на паняверку; і кожны лічыць сябе дастаткова моцным, каб суцешыць яго.
Мне самому далі вы сілу — добры дарунак, о высокія мае госці! Добры дарунак за гасціннасць! Ну што ж, не гневайцеся, калі я прапаную вам свой.
Тут царства маё і валадарства маё: і хай усё маё ў гэты вечар і ў гэтую ноч будзе ваша. Звяры мае паслужацца вам: мая пячора хай будзе вам на адпачынак!
У мяне, у маім доме, ніхто не павінен паняверыцца, у сваіх валоданнях я абараню кожнага ад дзікіх звяроў ягоных. І першае, што прапаную я вам, — бяспека!
А другое — мой мезенец. Як толькі мой мезенец будзе ў вас, вы схопіце і ўсю руку, ат, воля ваша!
І сэрца ў дадатак! Прашу вас, госці, дарагія госцейкі!»
Так сказаў Заратустра, смеючыся ад любові і гневу. Пасля гэтага вітання госці спачатку пакланіліся і пачціва маўчалі, а кароль справа адказваў яму ад усіх.
«Па тым, як ты склаў вітанне і падаў нам руку, мы пазнаём у табе Заратустру. Ты прынізіўся перад намі; ты мала не зганьбіў наша пашанаванне:
— але хто здолеў бы, як ты, прынізіцца так годна? І гэта бадзёрыць нас і дае радасць вачам і сэрцу.
Каб пабачыць такое, мы ахвотна падняліся б на больш высокія горы, чым гэтыя. Бо з прагаю
І вось — наш крык на дапамогу ўжо адгучаў, мінуўся. Ужо расхінуліся і напоўніліся захапленнем нашыя пачуцці і сэрцы. Яшчэ крыху, і мужнасць нашая стане дзёрзкасцю.
Не расце на зямлі, Заратустра, нічога больш радаснага, чым высокая моцная воля: яна — найпрыгажэйшая расліна. Такое дрэва ацаляе ўсю мясцовасць.
Да кедра прыпадобню таго, о Заратустра, хто вырастае падобны да цябе: гонкі, маўклівы, суровы, самотны, велічны, гнуткі і пругкі, шляхетны,
— раскідзіста-галінасты над валоданнямі сваімі; адважны субяседнік вятроў, і бураў, і ўсяго, што адвеку блізкае да вышыняў,
— і яшчэ больш адважны адказчык, валадар і пераможца: хто б не падняўся на высокую гару, каб пабачыць такія дрэвы?
Тут, каля твайго дрэва, о Заратустра, ажывае нават змрочны і бязрадны: гледзячы на цябе, супакойваецца непастаянны, і гоіцца сэрца ягонае.
І сапраўды многія позіркі звяртаюцца сёння да тваёй гары і твайго дрэва; узнікла вялікая туга, і многія пытаюцца: хто такі Заратустра?
І ўсе, у чый слых ты калісьці па кропельцы ўліваў сваю песню і свой мёд, усе, што адышлі ад свету, пустэльнікі і тыя, хто самотны ўдвух, пачалі гаварыць сэрцу свайму:
«Ці жывы яшчэ Заратустра? Няварта жыць далей, усё адно ўсё марнае: альбо — мы павінны жыць з Заратустрам!»
«Чаму не прыходзіць ён, хто так даўно абвясціў пра сябе? — так пытаюцца многія. — Ці адасобленасць паглынула яго? Ці мы самі павінны прыйсці да яго?»
І вось цяпер сама адасобленасць сатлела і разбураецца, нібы магіла, якая рассыпаецца і ўжо не можа трымаць мерцвякоў сваіх. Паўсюль відны ўваскрэслыя.
Усё вышэй і вышэй уздымаюцца хвалі вакол тваёй гары, о Заратустра. І якая высокая яна ні ёсць, многія дойдуць да тваёй вышыні: нядоўга яшчэ човен твой будзе заставацца на сушы.
І што мы, спанявераныя, прыйшлі цяпер у тваю пячору і ўжо вызваліліся ад няверства — гэта ёсць азнака, папярэдняя азнака таго, што лепшыя за нас цяпер у дарозе да цябе,
— бо ўжо ў дарозе да цябе апошняе, што засталося ад Бога сярод людзей, менавіта: усе людзі вялікай тугі, вялікай агіды, вялікай перанасычанасці,
— кожны, хто не хоча жыць іначай, як навучыўшыся зноў спадзявацца, навучыўшыся ад цябе, Заратустра, вялікай надзеі!»
Так гаварыў кароль справа, а пасля схапіў за руку Заратустру, каб пацалаваць у яе; але Заратустра ўхіліўся ад гэтага знаку павагі і спалохана адступіўся назад, раптоўна і моўчкі, быццам знік у глыбокай далечыні. Але адразу ж зноў быў з гасцямі сваімі, глядзеў на іх ясным, выпрабавальным позіркам і гаварыў: