Танцавальны марафон
Шрифт:
Маўчалi доўга. Хмара чакаў, пакуль гаспадыня памые кубачкi i зноў зварыць сабе кавы. Калi маўчанне зрабiлася зусiм невыносным, лейтэнант цiха спытаўся:
– А праўда, што Сiдоркiну пад шэсцьдзесят?
– Праўда, – кiўнула Казакова i з нейкiм жалем дадала: – Пашэнцiла з iм Галiне, канечне, калi дурнiцай не будзе…
– Пашэнцiла? – здзiвiўся лейтэнант. – Ён жа стары для яе.
– Што вы, маладыя, разумееце? – усмiхнулася Казакова. Раздражнёнасць знiкла, па яе твары блукаў загадкавы цень, вочы блiшчэлi хцiвымi агеньчыкамi. – Багаты мужчына старым не бывае!..
Хмара ўсё зразумеў, зрэшты, i пытанняў да Казаковай больш не
– Позна, – цiха ўздыхнула гаспадыня, – i пытаннi ў Вас скончылiся.
– А Вы дзе працуеце? – нечакана для сябе спытаў Хмара.
– Часова ў фiрме «Венера», – з сумам адказала жанчына i працяжлiва дадала: – Кан-суль-тан-там…
– Разам з Александровiч?
– Так.
– Чамусьцi нiхто не пацвердзiў месца працы Галiны Вiктараўны.
– І не пацвердзяць. Мы з Галiнай прайшлi перападрыхтоўку i з тэрапеўтаў пераквалiфiкавалiся ў сексапатолагаў. Цяпер працуем у «Венеры» пазаштатнымi кансультантамi, пакуль атрымаем лiцэнзii на самастойную практыку.
– А што, тэрапеўты сталi менш патрэбныя? – з’едлiва спытаў Хмара, але, убачыўшы вочы Казаковай, адразу пашкадаваў аб неабачлiвай вольнасцi. Толькi было позна, гаспадыня адрэагавала iмгненна, сцебанула наводмаш i з вiдавочнай асалодай:
– Калi такая жанчына, як я, напалохала Вас – справа дрэнь. Вам, малады чалавек, абавязкова трэба звярнуцца да сексапатолага. І чым хутчэй, тым лепш.
Лейтэнант нечакана ўсё зразумеў.
– Колькi ж каштуе кансультацыя?
– Вам не па кiшэнi.
– А Баране?
– Ведаеце, чым адрознiваецца мiлiцыянер ад доктара? – прапускаючы мiма вушэй пытанне Хмары, у сваю чаргу пацiкавiлася Казакова.
Хмара адмоўна пахiтаў галавой.
– Праўда для доктара – выратаванне для пацыента, а праўда, сказаная мiлiцыянеру, звычайна заканчваецца лаўкай падсудных.
– Цiкавая фiласофiя, – усмiхнуўся Хмара, – толькi я не разумею…
– Зараз зразумееце, – перапынiла лейтэнанта Казакова. – Яшчэ адзiн рэбус: а чым падобныя доктар i мiлiцыянер? – жанчына перавяла дыханне i, не даючы следчаму часу на роздум, сама ж адказала: – Тым, што i аднаму, i другому трэба гаварыць праўду i толькi праўду, бо iнакш не дапаможаш… А цяпер – рэзюме: мне не падыходзiць нi першае, нi другое, а толькi трэцяе: спытайцеся ў самога Бараны…
9
Лейтэнант Хмара суха i лаканiчна дакладваў Мiкулiчу пра падзеi мiнулага дня. Праўда, засталося за кадрам тое, як ён ледзь не трапiў у ложак да Казаковай, але гэтая недарэчнасць да справы Шапавалава не мела нiякiх адносiн, i Хмара не ўзгадваў учарашнюю прыгоду. Канечне, паводзiны Казаковай i тым больш напаўлегальная праца ў «Венеры» заслугоўвалi ўвагi, але, як лiчыў Хмара, не следчага камiтэта, а мiлiцыi нораваў. Падчас даклада лейтэнант не без задавальнення для сябе адзначаў, што Мiкулiч расчараваны. Хмара быў перакананы, што Мiкулiч усумнiўся ў ягонай прафесiйнай годнасцi, i гэта закранула за жывое, балюча сцебанула па самалюбстве. Лейтэнант трыумфаваў i нават не хаваў празмернай радасцi, якая бруiлася з вачэй, вусны не-не дый крывiла скептычная ўсмешка. Вопытны Мiкулiч бачыў i разумеў прычыну ўзнёслага настрою падначаленага, яму iмпанавала тое, што Хмара – не сляпы выканаўца, мае гонар i прафесiйную злосць у добрым сэнсе гэтага слова.
«Разумны, толк будзе», – у думках ухвалiў падначаленага Мiкулiч, а ўголас нечакана для лейтэнанта спытаў:
– Вы думаеце, што мне няма чаго рабiць, калi прымусiў правяраць i пераправяраць даўно вядомае?
– У нейкi момант я i сапраўды пачаў схiляцца да таго, што смерць Шапавалава – не недарэчнасць, а хiтра спланаваная акцыя, – зноў ухiлiўся ад прамога адказу Хмара.
– Цiкава, цiкава, – задаволена крактануў у кулак падпалкоўнiк. – Напэўна, знойдзеныя ў нябожчыка семсот долараў пасеялi сумненнi?
– І не толькi, – Хмара завёўся з паўабарота. – Прымусiла ўсумнiцца Александровiч, якая падчас допыту вяла сябе не зусiм шчыра. Па-першае, схiтравала – прамаўчала пра свайго новага палюбоўнiка Сiдоркiна. Александровiч, як вядома, заявiла, што Шапавалаў – ейны каханак i без пяцi хвiлiн муж. Выходзiць, манiла?! І рабiла гэта наўмысна, каб выгарадзiць Сiдоркiна. Разлiк просты: нiхто не павiнен западозрыць, што смерць Шапавалава магла быць вынiкам звычайнай разборкi на глебе рэўнасцi. Як-нiяк, а мужыкi праз яе пабiлiся. Што, калi мiлiцыя дакапаецца?
– Лагiчна, – падахвоцiў следчага Мiкулiч.
– Цяпер – другое, i асноўнае. Александровiч утаiла, што яна ўрач-тэрапеўт i месцам працы пазначыла сумнiцельную фiрму. Не памылюся, калi скажу, што яна разлiчвала на нашу iнертнасць, што капаць глыбока не будзем. Дарэчы, так i здарылася. Псiхалагiчна разлiчыла правiльна: навошта турбаваць сяброўку нябожчыка, амаль нявесту? Чалавеку i без гэтага хапiла лiха. А цяпер, таварыш падпалкоўнiк, дадзiм юрыдычную адзнаку дзеянням доктара (падкрэслiваю: доктара!) Александровiч. Няма сумнення ў тым, што яна разам з Шапавалавым пiла гарэлку, шампанскае, яна падбухторыла мужыка на дваццацiхвiлiнныя скокi «танцавальнага марафона». Заўважце, што Александровiч ведала i пра шалёныя дозы антыбiётыкаў падчас лячэння запалення лёгкiх, i пра хворае сэрца палюбоўнiка. Як урач, а тым больш тэрапеўт, ведала i пра пэўныя абмежаваннi ў пiтве, ежы, фiзiчных нагрузках i магла прадбачыць развiццё падзей з такiм букетам хвароб, – Хмара замаўчаў, яму чамусьцi здалося, што Мiкулiч зараз пасмяецца з ягоных падазрэнняў, якiя, дарэчы, сам i пасеяў у душы. – Канечне, гэта толькi мае асабiстыя меркаваннi, i цяпер яны нiякага значэння не маюць. Вядома, што Шапавалаў пайшоў у клуб «Каму за трыццаць» па грошы, праўда, ягонага даўжнiка мы не знайшлi. Сустрэўся ў клубе з Александровiч, а вось выпадкова цi з яе боку быў нейкi зламысны намер – таямнiца. Што здарылася потым, не падпадае нi пад адзiн артыкул крымiнальнага кодэкса. Шапавалаву сiлком гарэлку не ўлiвалi, усё астатняе таксама ён рабiў не пад прымусам.
– У нечым ты маеш рацыю, – Мiкулiч прыхiльна паглядзеў Хмару ў вочы i нечакана спытаў: – А што скажаш пра судова-медыцынскае заключэнне? Калi так расклаў на лапаткi Александровiч, думаю, i экспертызу не абышоў стараной.
– Я не эксперт, – ужо дакараючы сябе за празмерную балбатлiвасць, панура ўздыхнуў Хмара, – але заключэнне медыкаў не канкрэтызавана. Мы не ведаем, што ў большай ступенi справакавала алергiчную рэакцыю, а што ў меншай: гарэлка, шампанскае, антыбiётыкi цi перабольшаная фiзiчная нагрузка? У дакуменце пазначана, што ўсё пералiчанае ў сукупнасцi выклiкала алергiчную рэакцыю.