Танцавальны марафон
Шрифт:
Усхваляваны Сiўцоў па-гусiнаму цягнуў доўгую шыю, сiлiўся чытаць, што пiша сталiчны следчы.
– Вось, – Хмара паклаў на лiсткi самапiску i выцягнуў з кiшэнi грошы. – Гэта распiска i грошы за абед.
У Сiўцова ажно скiвiца адвiсла, ён за ўсё жыццё не бачыў i не чуў такога.
– Н-не трэба, – толькi i змог выдыхнуць iмгненна працверазелы гаспадар i замахаў рукамi.
– Распiсвайцеся! – узвысiў голас Хмара i паблажлiва дадаў: – Яшчэ як трэба, а апраўданнi пакiньце для Папругi.
– Я хацеў сказаць, што гэта зашмат, – кiўнуў на грошы знiякавелы Сiўцоў i таропка, дрыжачай рукой напiсаў пад сваiм прозвiшчам тры першыя лiтары. Цяпер
– Вось i добра, – засмяяўся Хмара, – будзем лiчыць, што я паабедаў у рэстаране.
Папруга на ўсялякi выпадак запiсаў нумар «Жыгулёў», на якiх прыехаў сталiчны следчы, i ў чаканнi ўладкаваўся на лаўцы, што тулiлася ля плота. У справе з шафёрам ён, канечне, дапусцiў пэўныя хiбы, але ж у якiх справах iх няма. «Я што – зусiм дурань, каб вешаць на сябе злачынства, якое нiколi не будзе раскрыта? – шукаў апраўдання Папруга. – Шафёр ва ўсiм вiнавацiў сябе. Калi папраўдзе, то i да гэтага часу мне не ўсё зразумела ў той справе, але навошта цiснуць на шафёра? Ён нi на кога не скардзiўся, нiкога не вiнавацiў, а каяўся i прасiўся. Дык што, я павiнен быў прымусiць бедалагу пiсаць заяву аб злачынстве? Яшчэ i невядома, цi было там тое злачынства…»
Калi брамка рыпнула, i на вулiцу таропка выйшаў лейтэнант, Папруга ўжо ведаў, з чаго пачынаць размову са сталiчным шчаўлiкам. Ён быў перакананы ў сваёй праваце, вось толькi прэзерватывы… Калi селi ў машыну, Папруга ўпэўнена прапанаваў:
– Я прапаную пакiнуць усё як ёсць…
– Не разумею, – шчыра здзiвiўся Хмара.
– Вы пацвердзiце вынiкi маёй праверкi – i мы квiты.
– А я нешта Вам вiнен? – зноў здзiвiўся лейтэнант.
– Справа ў тым, што Ваш прыезд не застанецца непрыкмечаным. Пра тое, што Вы прымусiлi Сiўцова ладзiць застолле, я павiнен далажыць свайму начальству. Пiлi гарэлку цi не, я не бачыў, а вось Сiўцоў, канечне, гэта пацвердзiць.
Хмара здагадваўся аб ролi Сiўцовых у хiтрамудрым плане Папругi, прадбачыў магчымыя папрокi з боку ўчастковага, але каб вось так, адразу шантажыраваць… Лейтэнант заглушыў рухавiк i, не хаваючы злосцi, крутнуўся да маёра:
– Вы, Генадзь Барысавiч, – вялiкi iнтрыган, але ў дадзеным выпадку перахiтрылi самога сябе, – Хмара дастаў распiску Сiўцова. – Другi экзэмпляр папрашу прышпiлiць да рапарта, у якiм будзеце паведамляць аб маiм злоўжываннi службовым становiшчам. Бачыце подпiс Сiўцова? Гэты затурканы чалавек узяў з мяне за абед грошы. Думаю, значэнне дакумента тлумачыць не трэба. Цяпер што тычыцца гарэлкi. Абяцаю, як толькi прыеду ў Мiнск, прайду наркалагiчны агляд. Заключэнне абавязкова прышлю цi сам прывязу. А цяпер – асноўнае: Шапавалаў памёр, i ёсць падставы меркаваць, што не сваёй смерцю. Вы юрыст i разумееце, чым рызыкуеце, калi будзеце ўтойваць праўду. Думаю, без службовага разбору ўжо не абысцiся, але Ваш намер i надалей ставiць палкi ў калёсы следству цягне за сабой крымiнальную адказнасць.
На нейкi момант у машыне запанавала цiшыня, пад магутным целам участковага зарыпелi спружыны, вочы яго акруглiлiся, твар спалатнеў.
– Вы што, сур’ёзна ўспрынялi мае словы? – нечакана ўскрыкнуў Папруга i ляпнуў далонямi сябе па каленях. Машына захiсталася. – Я ж пажартаваў. Дай, думаю, устрою праверку сталiчнаму калегу. А Вы, лейтэнант, маладзец – не з пужлiвых.
Хмара спадылба зiрнуў на маёра. Весёлая бравада Папругi здавалася шчырай, але ён больш не верыў гэтаму чалавеку.
– А з якiм iмпэтам Вы сказалi пра палкi ў калёсы i крымiнальную адказнасць! – зарагатаў
12
Маёр Кудзiн быў начальнікам следчага аддзела Маскоўскага РАУС, i прыезд падпалкоўнiка без папярэдняй дамоўленасцi быў больш чым нечаканы. Высокi, хударлявы Кудзiн сваiм доўгiм кручкаватым носам, вострым падбародкам i асаблiва кадыком, якi ўвесь час рухаўся на шыi, нагадваў нейкую драпежную птушку.
Мiкулiч не спяшаўся раскрываць мэту вiзiту, разлiчваць, што маёр з радасцю ўспрыме ягоныя падазрэннi наконт смерцi сястры Шапавалава, было, па меншай меры, наiўна. Асцярожны Мiкулiч пачаў бадзёра i здалёк:
– Сяргей Iванавiч, мэта майго вiзiту – не на цябе палюбавацца…
– Здагадаўся, – кадык у Кудзiна нервова тузануўся, быццам ён нешта пракаўтнуў.
– Прывяла смерць Казаковай… – Мiкулiч не адводзiў вачэй ад маёравай шыi. У нейкi момант яму здалося, што кадык тузаецца таму, што Кудзiн нешта глытае. Гэта раздражняла. – Я расследую смерць Шапавалава, стрыечнага брата Казаковай.
Каля гадзiны Мiкулiч расказваў пра Шапавалава, а напрыканцы засяродзiў увагу на вiзiце Хмары да Казаковай, узгадаў участковага Барану.
– А цяпер пакумекай, – падвёў рысу падпалкоўнiк, – якая жанчына на ноч гледзячы мые вокны? Можа, твая жонка? Мая то не.
Галоўная задача Мiкулiча была ў тым, каб пасеяць сумненнi ў правiльнасцi афiцыйнай версii смерцi Казаковай. Кудзiн успрыняў пачутае знешне спакойна, але надоўга задумаўся, i толькi кадык па-ранейшаму тузаўся i цяпер не тое што раздражняў, ён даводзiў падпалкоўнiка да шаленства.
Кудзiн быццам адчуў, што нечым раздражняе Мiкулiча, паспешлiва ўстаў, заклаў рукi за спiну i зашпацыраваў па пакоi. Пачуўшы, як за спiнай рыпнулi маснiчыны, Мiкулiч уздыхнуў вальней i нечакана падумаў: «Як мала трэба чалавеку: знiк з вачэй iндычы сутаргаваты кадык – i дыхаць стала лягчэй».
Пытаннi Мiкулiча трапiлi ў самае яблычка. Кудзiн у першую хвiлiну знаёмства са справай Казаковай таксама пытаўся пра тое, чаму пацярпелая мыла вокны ноччу.
«Мая жонка ў любы час сутак можа не толькi прыбiрацца ў кватэры, але i перасоўваць мэблю», – не задумваючыся, спаслаўся на «бясспрэчную iнстанцыю» дзяжурны следчы, што выязджаў на месца здарэння.
Аб няшчасным выпадку сведчыла суседка з нiжэйшага паверха. Праўда, моманту падзення яна не бачыла, але прызналася, што за некалькi хвiлiн да здарэння яны з Казаковай сварылiся. Казакова, мыючы акно, бруднай вадой заплюхала бялiзну, вывешаную на балконе, i суседка ўзнагародзiла яе даволi гучнымi i непрыстойнымi эпiтэтамi. Гэта таксама чулi iншыя суседзi, i ўсе яны сцвярджалi, што Казакова была на падпiтку. Фотаздымкi з месца здарэння дапаўнялi карцiну i поўнасцю пацвярджалi версiю няшчаснага выпадку.
Кудзiн чакаў, што яшчэ скажа хiтры Мiкулiч, але паўза зацягвалася, i трэба было прымаць нейкае рашэнне. Але не Казакова ў гэтыя хвiлiны яго турбавала – з ёй было ўсё зразумела i проста. Па-сапраўднаму ўсхваляваў участковы Барана. Кудзiн ведаў, што маёр сябруе з начальнiкам аддзела Белым, а гэта неймаверна ўскладняла сiтуацыю. Ён не мог дапусцiць, каб менавiта ад яго, Кудзiна, пайшлi кампраметуючыя Барану звесткi, ды яшчэ не правераныя. «Пацвердзяцца падазрэннi Мiкулiча цi не – адказваць мне, – раздражнёна пакусваючы вусны, думаў Кудзiн. – Чаму ты прыпёрся да мяне, а не да Белага? Круцiся цяпер…»